Студэнцкі атрад — гэта не толькі часовыя працоўныя брыгады, але і выдатная школа падрыхтоўкі будучых высакакласных спецыялістаў, база для духоўнага і творчага развіцця маладога пакалення беларусаў. Менавіта гэтыя словы сталі лейтматывам прэс-канферэнцыі «Студатрады летам 2023. Дзейнасць і жыццё».
«Вынікі трэцяга працоўнага семестра мы падводзім восенню. У кастрычніку будуць папярэднія вынікі ў штабах працоўных спраў устаноў вышэйшай адукацыі, тэрытарыяльных, абласных штабах студэнцкіх атрадаў. Закрыццё трэцяга працоўнага семестра папярэдне плануем на лістапад», — распавяла камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Анастасія Яленская. Якія ж папярэднія вынікі гэтага сезона працоўнай актыўнасці моладзі?
Увогуле, з пачатку года часова працаўладкавана больш за 40 тысяч юнакоў і дзяўчат, паведаміла начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алёна Дакукіна. Ключавыя напрамкі, дзе яны праяўлялі сябе актыўна, — сфера паслуг, сельскагаспадарчыя работы, дробны рамонт у школах і пашыў школьных вырабаў.
Яна зазначыла, што часовая занятасць моладзі ў Беларусі арганізоўваецца на працягу ўсяго года, але найбольш актыўна моладзь выказвае жаданне працаваць менавіта ўлетку. «Матывацыя на спалучэнне працоўнай дзейнасці і навучання ў моладзі заключаецца не толькі ў дадатковым заробку, але і ў набыцці вопыту першай працы».
Паводле слоў Алёны Дакукінай, сёлета міністэрства падышло да арганізацыі часовай занятасці ў новым фармаце. У маі быў арганізаваны кірмаш вакансій. «Больш за дзве тысячы наймальнікаў адгукнуліся і былі гатовы ўзяць на работу моладзь. Заяўлялася каля 30 тысяч свабодных рабочых месцаў». Яна таксама расказала, што для хлопцаў і дзяўчат, якія не змаглі або не паспелі наведаць кірмаш вакансій, на партале службы занятасці была створана асобная ўкладка, дзе моладзь знаёмілася з вакансіямі. На сёння наймальнікамі з розных куткоў Беларусі заяўлена каля 12 тысяч працоўных месцаў.
Алёна Дакукіна таксама нагадала, што дзеці могуць займацца толькі лёгкімі відамі работ, якія не шкодзяць іх здароўю. У час канікулаў дзеці з 14 да 16 гадоў могуць працаваць 4 гадзіны 36 хвілін у дзень, а ад 16 да 18 гадоў — 7 гадзін. У час вучобы яны таксама маюць магчымасць працягваць працаваць. Так, працоўны дзень падлетка з 14 да 16 гадоў складзе 2 гадзіны 18 хвілін, з 16 да 18 гадоў — 3 гадзіны 30 хвілін.
Уласна ў студатрадах у Беларусі працаўладкаваны ўжо больш як 35 тысяч маладых людзей. І гэтая лічба будзе павялічвацца, таму што занятасць круглагадовая. Але асноўнае працаўладкаванне праходзіць у перыяд трэцяга працоўнага семестра, паведаміла камісар Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Анастасія Яленская.
«У гэтым годзе студатрадаўскаму руху спаўняецца 60 гадоў. Гэта для нас вельмі знакавая падзея. Упершыню ў 1963 годзе 2,5 тысячы студэнтаў выехалі ва Уральскую вобласць на сваю першую цаліну, і дагэтуль мы падтрымліваем гэтую традыцыю. Прыемна, што на працягу ўсіх гэтых 60 гадоў студатрадаўскі рух ні на год не спыняўся. І мы гэтым, вядома, вельмі ганарымся».
Камісар нагадала, што ў трэцім працоўным семестры 2023 года рэалізоўваюцца такія працоўныя праекты, як «Атлант», «Трактарабудаўнік» у ААТ «МТЗ», «Аўтазаводзец» у ААТ «МАЗ», «Палессе» ў ААТ «Гомсельмаш», «Медыкус», «Горад маладосці». Традыцыйна студатрады выехалі і за межы краіны. «Самае галоўнае, што студэнцкі атрад — гэта не проста працаўладкаванне. Гэта работа ў камандзе, атрыманне вопыту, вялікая камісарская работа, — адзначыла Анастасія Яленская. — Хочацца адзначыць, што дзякуючы намаганням дзяржавы і асабіста Прэзідэнта Беларусі, Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ, арганізацый, якія прымаюць, мы падыходзім да высокіх і якасных паказчыкаў у гэты юбілейны год».
Якія кірункі работы студатрадаў найбольш запатрабаваны ў моладзі? Па словах Анастасіі Яленскай, традыцыйна на працягу некалькіх гадоў самая вялікая іх колькасць — у сэрвісным кірунку: гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, работа ў сферы аказання паслуг. Далей ідзе сельскагаспадарчы і педагагічны кірунак. Усе астатнія профілі размяркоўваюцца ў роўнай колькасці.
Намеснік начальніка аператыўнага штаба па арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў БДУ Антон Купчын расказаў, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі часовай занятасці навучэнцаў. «Ужо не першы год ідзе работа па папулярызацыі студатрадаўскага руху. І прыемна разумець, што гэта работа прыносіць вынік. У 2023 годзе штабам па арганізацыі работы студэнцкіх атрадаў БДУ было арганізавана 69 атрадаў колькасцю 1096 навучэнцаў», — адзначыў ён.
Сёлета студэнты БДУ працавалі ў розных профілях. «Найбольш папулярнымі з'яўляюцца сэрвісныя: афіцыянты, работнікі кол-цэнтраў, абслуговы персанал. На другім месцы педагагічныя атрады — выхавальнікі ў аздараўленчых лагерах. Далей — вытворчыя атрады (работа ў цэхах вядучых прадпрыемстваў нашай краіны). І з імі на ўзроўні сельскагаспадарчыя атрады: праполка раслін, уборка ўраджаю».
Сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ БНТУ Аляксей Балыш паведаміў, што ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце было створана 37 студатрадаў агульнай колькасцю больш як 1,5 тысячы чалавек. «У гэтым годзе нашы студэнты ў складзе студэнцкага атрада прынялі ўдзел у Рэспубліканскім працоўным праекце «Аўтазаводзец-2023», працавалі на будоўлі функцыянальнага комплексу на скрыжаванні вуліцы Кірылы Тураўскага і праспекта Незалежнасці, будавалі гандлёвы цэнтр», — сказаў ён.
Дар'я Лукашэвіч, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ БДПУ імя М. Танка, адзначыла, што ў сувязі са спецыфікай ва ўніверсітэце найбольш папулярныя педагагічныя атрады. «Так, нашы педагагічныя атрады працуюць у найлепшых установах адукацыі. Атрад «Сузор'е» — у Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня».
Паводле яе слоў, у ВНУ таксама ёсць вытворчыя атрады, якія працавалі на заводзе электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт». Сэрвісныя атрады прыводзілі ў парадак інтэрнаты. А таксама сёлета Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт арганізаваў сэрвісны атрад на базе мемарыяльнага комплексу «Хатынь», дзе студэнты гістарычнага факультэта працавалі экскурсаводамі.
Сакратар першаснай арганізацыі БРСМ Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Ірына Шалыгіна падкрэсліла, што ва ўніверсітэце займаюцца не толькі ўладкаваннем у студатрады, але таксама індывідуальным працаўладкаваннем. «У гэтым годзе ў нас працуе 24 атрады колькасцю 370 чалавек. Наш будаўнічы атрад «Тытан» выехаў у Варонеж, дзе працаваў на будаўніцтве школы. Акрамя таго, кожны год мы шчыруем у рамках рэспубліканскіх працоўных праектаў — гэта «Атлант», «Аўтазаводзец», «Трактарабудаўнік».
Як моладзь забяспечваюць бяспечнымі працоўнымі месцамі, растлумачыў дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Семіч. Ён адзначыў, што першы вопыт работы павінен быць станоўчы.
«Важны элемент дастойнай працы — бяспека. Работа па гарантаванні бяспекі аб'ектаў, на якіх будуць працаваць будатрады, пачынаецца зімой, калі на сайтах мясцовых выканаўчых распарадчых органаў з'яўляецца інфармацыя аб арганізацыях, што плануюць прыняць студэнцкія атрады», — сказаў дырэктар Дэпартамента.
Паводле яго слоў, у 2019 годзе паміж Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Федэрацыяй прафсаюзаў было падпісана пагадненне па пытаннях стварэння бяспечных і здаровых умоў працы і прафілактыкі вытворчага траўматызму, у якім прапісана гарантаванне бяспекі тых аб'ектаў, дзе будуць працаваць студэнцкія атрады.
«Умоўна арганізацыі дзеляцца папалам паміж міністэрствам і прафсаюзамі, і да пачатку лета ўсе яны павінны быць абследаваны або дзяржаўнай інспекцыяй працы, або тэхнічнай інспекцыяй працы прафсаюзаў», — распавёў Аляксандр Семіч. Наступны этап — накіраванне Дэпартаментам інфармацыйнага ліста ўсім зацікаўленым. «У ім расказваецца, як правільна арганізаваць працу менавіта з улікам работы з моладдзю. Бо многія з хлопцаў і дзяўчат яшчэ непаўналетнія, што накладвае абмежаванні як па відах выкананых работ, так і па іх працягласці.
Пасля на працягу лета Дэпартамент сумесна з прафсаюзамі імкнецца мінімум па адным разе наведаць усе аб'екты, на якіх працуюць студэнты. «У асноўным мы выяўляем такія парушэнні: прыцягненне моладзі да работ, бяспечнаму выкананню якіх яны не навучаны, і незабеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны або непрымяненне гэтых сродкаў. Большасць такіх парушэнняў устараняецца яшчэ непасрэдна ў ходзе рэйду мабільнай групы або правядзення маніторынгу».
Сяргей РАСОЛЬКА
Фота: БелТА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.