Вы тут

Падчас вучэнняў АДКБ ваенныя лётчыкі паказалі выключны прафесіяналізм


У рамках вучэння АДКБ у Брэсцкай вобласці было адпрацавана пытанне выкарыстання ўчасткаў аўтадарог у якасці запасных аэрадромаў. З зямлі і паветра вайскоўцы правялі зачыстку раёна ад магчымага размяшчэння дыверсійна-разведвальных груп.


Згодна са сцэнарыем, перад пасадкай самалётаў у раён аэрадромных участкаў дарог выйшлі падраздзяленні Узброеных Сіл, у тым ліку сіл спецыяльных аперацый і тэрытарыяльнай абароны. Іх задача — забяспечыць на далёкіх і блізкіх подступах прыкрыццё ад дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка. Паветранае прыкрыццё і разведку мясцовасці выконвае пара баявых верталётаў Мі-24, ад сродкаў паветранага нападу ўмоўнага праціўніка раён аэрадромнага ўчастка дарогі прыкрываюць два знішчальнікі Су-30 СМ.

Адным з асноўных эпізодаў гэтага этапу вучэння стала непасрэдна пасадка ваенных самалётаў Ан-26, Су-25, Як-130 і Су-30 СМ на трасу М1. Прыкрыццё выканання заходаў на пасадку паветраных судоў аказвалі верталёты Мі-24 і самалёт Су-30 СМ. Дарэчы, падчас вучэння ўпершыню на аэрадромны ўчастак дарогі выканана пасадка на самалёце Су-30 СМ. Сярод пілотаў — авіятары, якія ўжо ажыццяўлялі гэты найскладанейшы элемент баявой падрыхтоўкі дагэтуль, а таксама маладыя лётчыкі, якія ўпершыню ажыццяўлялі пасадку на аэрадромны ўчастак дарогі.

Пасля манеўраў міністр абароны Віктар Хрэнін уручыў лётчыкам узнагароды. Як звярнуў увагу кіраўнік абароннага ведамства, па плане вучэнняў адпрацоўвалася адно са складаных пытанняў, якое дазваляе навучаць і трэніраваць лётчыкаў для павышэння жывучасці авіяцыі, яе разгрупавання. Пасадка на авіяцыйны ўчастак дарогі, па яго словах, — вельмі складанае мерапрыемства, што патрабуе засяроджвання, намаганняў усіх структур, якія прымаюць удзел у ім.

У размове з журналістамі міністр абароны заўважыў, што асобныя заходнія палітыкі, выконваючы задачу па дэманізацыі Рэспублікі Беларусь, спрабуюць у вучэннях АДКБ знайсці нейкія канспіралогіі. «Магу адразу сказаць: не трэба шукаць канспіралогіі, гэтыя вучэнні планавыя, адкрытыя, — падкрэсліў ён. — Яны штогод праводзяцца ў адной з краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Асноўная задума, мэта вучэнняў — знайсці шляхі і спосабы процідзеяння выклікам і пагрозам, якія могуць узнікнуць менавіта ў краінах АДКБ».

Па яго словах, сістэма правядзення вучэнняў у адной з краін АДКБ дазваляе войскам рыхтавацца на розных участках мясцовасці: будзе гэта горная, пустынная, стэпавая або лясіста-багністая, як на тэрыторыі нашай краіны, мясцовасць. Міністр абароны ўдакладніў, што падобныя вучэнні праводзяцца ў нашай краіне не першы раз. «Па водгуках саміх удзельнікаў і міжнародных назіральнікаў, якіх мы запрашаем, заўсёды атрымліваем высокую ацэнку, — звярнуў увагу кіраўнік ведамства. — Сёння вучэнні ўсе праходзяць строга ў адпаведнасці з задумай, без якіх-небудзь адхіленняў. Мы, дэманструючы адкрытасць, запрасілі таксама апарат ваенных аташэ, назіральнікаў, дыпламатычны корпус наведаць, паглядзець дадзеныя вучэнні».

Свой удзел у якасці назірання за вучэннямі АДКБ пацвердзілі 19 краін. Тры краіны з іх з'яўляюцца членамі НАТА. Польшча ад запрашэння адмовілася. «Гэта яшчэ раз дэманструе, што яны не хочуць наладжваць нармальныя, добрасуседскія адносіны з намі, — заўважыў міністр абароны. — Мы працягваем руку, яны па ёй б'юць. Гэта іх справа. Мы паглядзім, як яны будуць далей сябе паводзіць».

У той жа час Віктар Хрэнін расказаў, што 17 верасня заяўлены вучэнні ў Польшчы. Пачынаюцца вучэнні НАТА ў Латвіі з прыцягненнем больш за восем тысяч чалавек. «Яны нас не запрашаюць. Мы заўсёды стараемся знаходзіцца на сувязі», — заўважыў ён.

Міністр расказаў, што на мінулым тыдні адбыўся выпадак, калі баявы верталёт узброеных сіл Польшчы парушыў Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь. «Гэта не што іншае, як нізкая падрыхтоўка лётчыка, — рэзюмаваў Віктар Хрэнін. — У нас захоўваецца ўзаемадзеянне ў рамках забеспячэння бяспекі палётаў. Мы бачылі гэты борт, ведалі, з якой мэтай ён ляціць, — гэта патруляванне дзяржаўнай граніцы. Мы цалкам адсочвалі гэты палёт. Нізкая падрыхтоўка лётчыка не дазволіла выверана прайсці па стужачцы. Ён парушыў дзяржграніцу. У адрозненне ад нашых агрэсіўных суседзяў мы не разглядаем і не расцэньваем гэта як правакацыю. Мы не палохаем сваё насельніцтва і не сцягваем войскі і авіяцыю з-за гэтага выпадку. Проста кажам: рыхтуйце сваіх лётчыкаў так, каб яны былі прафесіяналамі».

Пасля цырымоніі ўзнагароджання лётчык Узброеных Сіл Беларусі пад пазыўным «230» распавёў журналістам пра свой палёт: «У рамках вучэнняў выканалі пасадку на аэрадромны ўчастак дарогі экіпажам самалёта СУ-30 СМ. Дадзеная пасадка была выкананая ўпершыню ў Беларусі. Пасадка адбылася штатная, з ацэнкай на «выдатна». Было хвалююча, таму што адбывалася ўпершыню. Гэта — высокая адказнасць. Дзякуючы дакладным дзенням усё было выканана добра».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Брэсцкая вобласць.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.