Вы тут

Адбыўся міжнародны круглы стол, прысвечаны ролі кнігі ў жыцці грамадства


У кантэксце часу, дзе не першы год ідзе супрацьстаянне друкаванага слова з яго лічбавымі аналагамі, па-ранейшаму важна разумець ролю кнігі, пісьменніка ў дадзеным працэсе. Падчас правядзення міжнароднага круглага стала «Роля кнігі ў жыцці грамадства. Мінулае і сучаснасць» прадстаўнікі пісьменніцкіх, кнігавыдавецкіх колаў, а таксама Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнай бібліятэкі разам з калегамі з Расіі і Казахстана разважалі пра актуальныя пытанні сённяшняга дня, напрыклад, як не стаць заложнікамі сучасных тэхналогій, як у пагоні за тэхналагічнымі навінкамі і жаданнем прыбытку не згубіць змест, на чым засяроджвацца ў рабоце з кнігай і падчас яе напісання?


Фота Кастуся Дробава.

Значэнне кнігі не змянілася, бо заўсёды ёсць тыя, хто аддае ёй перавагу. І папяровая кніга была і будзе, таму што менавіта яна выхоўвае і развівае асобу, спрыяе яе мысленчым працэсам. Аднак цяпер як ніколі важна трапляць у запыт аўдыторыі, прапаноўваць чытачу тое, што выкліча ў яго цікавасць і жаданне ўступіць у завочны дыялог з аўтарам.

— Вось ужо трэці год напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы праводзім міжнародныя круглыя сталы, мерапрыемствы з акцэнтам на тое, каб звярнуць увагу шырокай аўдыторыі на кнігу з самых розных ракурсаў. Прычым не толькі пісьменнікаў, выдаўцоў і людзей, якія прадаюць кнігу, а і прадстаўнікоў іншых прафесій, хто любіць кнігу і чытае яе.
І я шчыра спадзяюся, што такога кшталту сустрэчы будуць і надалей стымуляваць падобную дзейнасць і абуджаць да яе інтарэс, — звярнуўся на старце вялікай размовы да прысутных намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

Варта адзначыць, што сёлета ў агульнай дыялогавай пляцоўцы ўдзел бралі людзі з розных лакацый. Да выступоўцаў, якія сабраліся ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, далучаліся іх калегі з Масквы, Віцебска, Ваўкавыска. Адны дзяліліся думкамі з нагоды акрэсленай тэмы, іншыя распавядалі пра культурнае супрацоўніцтва, у выніку якога з'явіліся добрыя кніжныя праекты, што паспрыяла папулярызацыі беларускай літаратуры і яе аўтараў далёка за межамі нашай краіны.

— Сёння, мне здаецца, адна з галоўных задач — вяртанне да нашых духоўных вытокаў. Перад намі стаіць шэраг пытанняў, сярод якіх і супрацьстаянне друкаванай кнігі і інтэрнэт-прадукцыі, і пытанне прыбытку, а галоўнае, як у пагоні за запытам не збіць саміх сябе? Неяк я пачуў пытанне «як прадаць дабро?», і для нас гэта гучыць нібы «як прадаць смех?», але ж пытанне запатрабаванасці кнігі і яе папулярызацыі таксама ніхто не адмяняў, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. — Разам з тым мы не павінны адыходзіць ад таго, што руская і беларуская літаратуры існуюць у свеце, дзе нас спрабуюць адмяніць, выкінуўшы з бібліятэк, з вучэбных праграм, палітызуючы вялікіх класікаў нашых літаратур. Мы гэтаму супрацьстаім, разумеючы, што веліч Дастаеўскага, Пушкіна, Купалы, Коласа такая, што перажыве ўсе гэтыя хваляванні. Але мы не можам проста сядзець і назіраць за тым, што адбываецца. І тут узнікае найважнейшае пытанне, як вірлівы час геапалітычных, палітычных, рэвалюцыйных перамен на планеце адлюстроўваецца ў мастацтве. Што тут можна зрабіць і ці робіцца гэта?

Удзельнікі мерапрыемства неаднаразова сыходзіліся на думцы, што ў наш час вельмі важная наяўнасць добрай літаратуры. Кніг, якія будуць выхоўваць сапраўдных асоб, патрыётаў.

У сваю чаргу, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч сказаў пра вялікую патрэбу сёння ў патрыятычным стаўленні да слова:

— Я згадаў нядаўні сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час. Някніжны свет», дзе мы гаварылі пра тое, што ў мастакоў слова, акрамя ўсіх правоў, ёсць яшчэ і абавязак адстойваць тую кнігу, якая выхоўвае патрыёта. Інакш нельга, бо, як мы бачым, верагодна, штосьці недагледзелі, калі цяпер вакол нас адбываюцца такія трагічныя і драматычныя падзеі. Таму тэма патрыятычнага стаўлення да мастацкага слова для нашых дзвюх краін сёння галоўная.

Падхапіў гэтую думку і празаік, публіцыст, галоўны рэдактар часопісаў «Раман-газета» і «Дзіцячая Раман-газета» Юрый Казлоў, які засяродзіў у сваім выступленні ўвагу на тэме ўзаемадзеяння з пісьменнікамі і патрыятызме ў іх творчасці:

— З аднаго боку, мы зацікаўленыя ў творах, дзе правільна разглядаюць сітуацыю, што склалася ў краіне і свеце. Але тут трэба разумець, што матэрыял, на якім працуюць сёння пісьменнікі, — матэрыял папярэдняга часу, тыя 30 гадоў, што мы перажылі з 1990-х гадоў. Гэта структуруе іх свядомасць, адтуль яны бяруць характары, грамадскія калізіі і сюжэты. Таму паэты, у якіх больш эмацыянальнае ўспрыманне рэчаіснасці, выдаюць добрую патрыятычную паэзію, а вось у прозе ўсё атрымліваецца складаней. Празаік па сваім светаўспрыманні даўжэй усё асэнсоўвае. І прыспешваць гэты працэс, лічу, не варта, бо іначай мы можам атрымаць імітацыю нейкіх патрыятычных момантаў, а той глыбіні, якую чакае чытач, так і не з'явіцца.

Пасля гучалі думкі пра яшчэ не поўнае асэнсаванне многіх падзей мінулага, у тым ліку і нядаўняга, пра тое, што стымуляваць пісьменніцкую работу павінна ў тым ліку дзяржава, што трэба працягваць больш увагі ўдзяляць папулярызацыі чытання сярод маладога пакалення. Бо добрая кніга — гэта фундамент, апора грамадства, а без яе мы рызыкуем у перспектыве страціць людзей, а можа, і дзяржаву. Каб выстаяць сярод сённяшніх выклікаў, трэба актыўна асэнсоўваць і тое, што было, і што маем сёння. Чым больш кніг такога кшталту будзе, тым вышэйшая верагоднасць з'яўлення чагосьці геніяльнага ў літаратуры.

А вось якія яшчэ тэзізы прагучалі на сустрэчы аднадумцаў, можна будзе даведацца з асобнага выдання. Па выніках мерапрыемства Міністэрства інфармацыі запланавала выдаць брашуру з дакладамі заяўленых выступоўцаў, каб азнаёміць з іх важнымі думкамі як мага большую аўдыторыю.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.