Вы тут

Кнігу ўспамінаў 8-га стралковага эстонскага корпуса прэзентавалі ў музеі ВАВ


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны была прэзентавана кніга ўспамінаў байцоў і камандзіраў 8-га стралковага эстонскага корпуса «Так долог путь бойца, ведущий к дому». Яе назва — гэта радкі з песні эстонскага стралковага корпуса. На 80 працэнтаў гэтае воінскае фарміраванне было складзена з эстонцаў, яшчэ 20 былі беларусамі, рускімі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Хтосьці трапіў у эстонскі полк выпадкова, як, напрыклад, маладзенькая дзяўчына, што прарывалася на фронт і ўскочыла ў першы эшалон, у які атрымалася. Нягледзячы на тое што большасць байцоў гаварыла не па-руску, дзяўчына засталася служыць з імі. Былі ў эстонскім палку яўрэі і нават швед. Таму ў кнігу ўвайшлі ўспаміны прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, родаў войскаў і вайсковых прафесій — артылерыстаў, танкістаў, медыкаў, сувязістаў...


— Беларусь — тая краіна, якая панесла найбольшыя страты і па колькасці ахвяр, і па ліку спаленых населеных пунктаў у Вялікай Айчыннай вайне. Таму ў ёй аддаецца асаблівая ўвага па захаванні памяці. Наша арганізацыя таксама імкнецца зрабіць свой унёсак. На жаль, у апошнія гады не прынята казаць пра тых эстонцаў, якія ваявалі ў складзе Чырвонай Арміі, хоць ветэраны, хто яшчэ застаўся жывы, як і раней, працягваюцць ганарыцца тым, які баявы шлях прайшлі, — падзяліўся ўкладальнік кнігі, кіраўнік эстонскага ваенна-гістарычнага аб'яднання Front-Lіne Андрэй Лазурын.

Дарэчы, у савецкія часы многія «карпусныя хлопцы», так сябе называлі ветэраны, у Эстоніі насілі так званыя фрачныя значкі, на якіх былі прадстаўлены знакі іх франтавых падраздзяленняў. Таксама яны шмат ездзілі па мясцінах, праз якія прайшлі ў гады вайны, — не толькі па Эстоніі, але і за яе межы, на Урал, дзе фарміраваўся корпус, у Ленінградскую вобласць (у вызваленні якой ён удзельнічаў), у Вялікія Лукі (бой пад якімі называлі «малым Сталінградам»).

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рыма Рум заўважыла, што з прапановай зрабіць прэзентацыю кнігі да ўстановы звярнулася беларускае пасольства ў Эстоніі:

— Наш музей з задавальненнем падтрымаў ініцыятыву. Нягледзячы ні на якія перашкоды, мы працягваем супрацоўнічаць з нашымі калегамі з краін Прыбалтыкі. Наша агульная справа звязаная з тым, каб захаваць гістарычную памяць, прадухіліць фальсіфікацыю гісторыі і гераізацыю нацызму.

Арганізацыя Front-Lіne, якой налета будзе 20 гадоў, займаецца захаваннем памяці пра ваенныя падзеі. Яе актывісты ўдзельнічаюць у рэканструкцыях на «Лініі Сталіна» і Брэсцкай крэпасці, вядуць пошукавыя работы на месцах баёў, імкнуцца ўстанавіць звесткі пра тых, хто загінуў, і звязацца з іх роднымі. Таксама аб'яднанне дапамагае ветэранам, захоўвае інфармацыю пра помнікі і воінскія пахаванні, збірае ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ужо сабрана больш за 800 успамінаў людзей з розных рэспублік былога Савецкага Саюза. Актывісты паабяцалі перадаць у наш музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запісы ўраджэнцаў Беларусі, тых, хто ваяваў у партызанскіх атрадах, удзельнічаў у абароне і вызваленні рэспублікі.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўвае памяць пра подзвігі і трагедыі ў гады вайны прадстаўнікоў розных народаў. У яго фондах захоўваюцца ў тым ліку і прадметы вайскоўцаў 8-га эстонскага стралковага корпуса, пра што расказаў старшы навуковы супрацоўнік аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Віктар Русецкі. Ён прадставіў фатаграфіі і дакументы дзвюх жанчын-медыкаў — Марыі Акулавай і Антаніны Віснап, якія пасля вайны жылі ў Беларусі. Муж Марыі ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі. Антаніна працавала на заводзе «Інтэграл», стала першай жанчынай электроннай прамысловасці БССР, якая ў 1971 годзе была ўзнагароджана Ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Кнігу ўспамінаў байцоў 8-га стралковага корпуса разам з іншымі выданнямі, звязанымі з захаваннем памяці пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў Эстоніі, Андрэй Лазурын перадаў у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і выказаў надзею, што яна будзе запатрабаваная даследчыкамі.

Ганна ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.