Вы тут

«Вершы ўдала апрацаваны з мастацкага боку». Што прапаноўваў беларускі кнігагандаль 90 гадоў таму


Зусім нядаўна мы адсвяткавалі Дзень беларускага пісьменства — свята ўсіх, хто мае дачыненне да слова, — пісьменнікаў, выдаўцоў, навукоўцаў і, зразумела, распаўсюджвальнікаў кнігі. Кожнае такое свята дэманструе, як на дзяржаўным узроўні беларускай кнізе дапамагаюць дайсці да чытача, шукаюцца новыя шляхі папулярызацыі найлепшых твораў айчынных пісьменнікаў. А тым самым працягваюцца традыцыі, якія былі закладзеныя папярэднікамі. Як прадстаўнікі беларускага кнігагандлю дзевяноста гадоў таму дапамагалі кнізе дайсці да чытача, мы можам прасачыць па старонках газеты «Дэкаднік (інфармацыйна-аператыўны бюлетэнь кнігагандлю Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі»), якая выходзіла ў 1930-х. У ёй распавядалі пра кніжныя навінкі, а таксама разважалі пра папулярызацыю беларускай кнігі. «Дэкаднік» рассылаўся па ўсёй сетцы кнігагандлю па развёрстцы. Рэдакцыя знаходзілася ў Мінску, па адрасе Плошча Свабоды, 5, наклад на студзеньскім нумары 1932 года пазначаны 1500 асобнікаў.


Давайце разам пагартаем старонкі «Дэкадніка», каб убачыць будні беларускага кнігагандлю дзевяноста гадоў таму і фактычна зрэз эпохі — якія кнігі выдаваліся, што лічылася запатрабаваным, якія метады ўжывалі для прапаганды кнігі, успомнім і лёсы аўтараў.

«З мэтаю політэхнічнага выхавання»

Студзень 1932 года. Звесткі пра ўсе выданні ў «Дэкадніку» падзеленыя на рубрыкі, першай ідзе «Партмаспалітсэктар». Тут выданні палітычныя, Ленін, Сталін, антырэлігійная літаратура. Вядома, маё вока найперш шукае раздзел літаратурна-мастацкага сектара. Даюцца назвы кніг, што выйшлі, і тых, што рыхтуюцца да друку, да кожнай — кароткая анатацыя, закліканая зацікавіць. Адразу сустракаем сярод кніжных навінак «Лынькоў М. Апошні зьверыядавец. Кніжка дае малюнак жыцця на гуце», і «Крапіва. Хвядось-Чырвоны нос. Казка Крапівы высмейвае багему ў літаратурным жыцці». Нагадаю, што сюжэт паэмы Крапівы пераклікаецца з «Клапом» Маякоўскага, а правобраз галоўнага героя, які так перапіў, што заспіртаваўся і ачомаўся ў шкляной скрынцы ў музеі праз сто гадоў — Паўлюк Шукайла, паэт і крытык, з якім Крапіва варагаваў. Падцвельваецца ў паэме і Цішка Гартны, які «Дзеля справы, дзеля славы ў выдавецтве ціснуў «сокі». Маецца на ўвазе раман Гартнага «Сокі цаліны», які лічылі даўжэзным ды нудным. Даецца анатацыя і на кнігу Барыса Мікуліча «Чорная вірня». Сярод навінак — пераклад з рускай мовы вядомага рамана Мікалая Ляшко «Доменная печ», пра аднаўленне зруйнаванай у Грамадзянскую вайну вытворчасці.

У спісах літаратуры, якая рыхтуецца да выдання, ёсць і імя Юлія Таўбіна з паэмай «Таўрыда». У наступным «Дэкадніку», які выйшаў 20 студзеня, да назвы дадаўся анонс: «Паэма. Дае малюнак жыцця працоўнае яўрэйскае беднаты ў былой Расейскай Імперыі, эміграцыі беднаты ў Амерыку і потым жыццё ў яўрэйскай камуне».

Праз год Юлія Таўбіна арыштуюць, ягоныя творы надоўга апынуцца пад забаронай. Прычынай арышту паслужыў ліст ад цёткі, якая пераехала ў Амерыку.

Рыхтаваліся да друку два зборнікі Янкі Купалы — «Адплата кахання» і «Было гэта», чацвёртае выданне баек Крапівы, а таксама «Гоман зарніц» Цішкі Гартнага — зборнік, у якім «тры групы апавяданняў: а) жыццё рабочых; б) калектывізацыя вёскі і в) жыццё замежных пралетарыяў». Зборнік вершаў Янкі Бобрыка называецца «Рэспубліка кліча». А вось гэтая кніга сёння забытая: «Райсін — «Непакорныя». Апавяданне разглядае вельмі цікавае пытанне, яшчэ не закранутае ў беларускай літаратуры — «Віленскую трагедыю», калі група камуністаў і камсамольцаў, выкарыстаўшы ўсе сродкі абароны прымушана была скончыць самагубствам». Дадаецца каментарый: «Апавяданне цікавае і карыснае. Кожнаму камсамольцу і юнаку, чытаецца з цікавасцю і дарослымі».

Яшчэ адзін раздзел — «Юнацка-дзіцячы сэктар». Відаць, што літаратуры для дзяцей надавалася важнае значэнне: яе выдавалася шмат. І пра ўцёкі з царскай высылкі, і пра тое, як самому зрабіць радыёпрыёмнік, і пра канструкцыі самалётаў... З тых, што рыхтаваліся, — дзве кнігі Янкі Маўра, «Чалавек ідзе» і «Савецкая кватэра», а таксама брашура для дзяцей пра Гомсельмаш «з мэтаю політэхнічнага выхавання».

У гэтым выпуску «Дэкадніку» даецца рэклама — з 1 студзеня 1932 года пачынае выходзіць «новая часопісь» кніжнай справы, бібліяграфіі і прапаганды кнігі «Кніга масам». Выданне Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і кніжнай палаты пры Белдзяржбібліятэцы.

Два мільёны кніжак для вёскі

У наступным нумары ад 30 студзеня галоўная тэма — распаўсюджванне сельскагаспадарчай літаратуры. Да веснавой сельскагаспадарчай кампаніі сектару кнігагандлю належала выдаць адпаведны каталог, сачыць, каб у кнігарнях з'яўлялася літаратура з улікам гаспадарчага профілю рэгіёнаў, выязджаць на месцы. «2.000.000 экз. кніжок масава-арганізацыйна-палітычнай і с-гаспадарчага характару, разлічаныя на шырокія саўгасныя і калгасныя масы павінны быць своечасова даведзены да кожнага калгасніка, рабочага саўгаса, МТС і аднаасобніка-бедняка і серадняка».

Да распаўсюджвання кніг патрабавалася прыцягнуць хатнікаў (адпаведнік рускаму «избач» — загадчык «избы-читальни»), аграномаў, дактароў, настаўнікаў, вучнёўскія арганізацыі. Друкуюцца рэкамендацыйныя бібліятэчкі сельскагаспадарчай літаратуры.

Што датычыцца літаратурнага сектара, паведамляецца, што выйшлі з друку нарыс «Асінстан» Іларыёна Барашкі пра будаўніцтва Асінаўскай электрастанцыі «вершамі і прозаю», «Брыгадзіравы апавяданні» Кузьмы Чорнага і паэма «Арка над акіянам» Пятра Глебкі («Спроба адлюстраваць у мастацкай форме класавае змаганне і сацыялістычнае будаўніцтва. Напісана цікава».)

Нумар 20 лютага таксама выходзіць пад лозунгам «За масавую баявую навукова-папулярную сельска-гаспадарчую кнігу». «Мы яшчэ не навучыліся гандляваць кнігаю, як гэта патрэбна: слаба разбіраюцца работнікі кніжнага прылаўку з тэматыкаю літаратуры, з яе кароткім зместам, характарам і г. д.» — заўважае аўтар перадавіцы і ўносіць шэраг прапаноў: брыгады раённых газет павінны прапагандаваць кнігі на месцах, не забывацца пра рэцэнзіі як у цэнтральных газетах, так і ў раённых.

Адметнасць нумара — абвестка: «Гэтымі днямі пачынае выходзіць 10-дзённая газета органу Федэрацыі аб'яднанняў савецкіх пісьменнікаў і Галоўмастацтва БССР «Літаратура і мастацтва». Указваецца адрас рэдакцыі, куды можна слаць матэрыялы: Мінск, вул. Савецкая, 68.

«Налівайся колас» і «Белы ікол»

«Дэкаднік» прапаноўвае «абменьвацца практыкаю лепшых і горшых кнігарняў, практыкаю ўдарнікаў кнігі пра метады і спосабы прасоўвання, пра гандаль кнігаю... патрэбна даваць месца водгукам чытачоў». Каб кніга не залежвалася ў раённых кнігарнях, неабходныя рэальныя папярэднія планавыя заказы, «тады мы даб'ёмся таго, што папера не будзе марнавацца, не давядзецца накіроўваць назад цэлыя тоны паперы замакулатураных кніг».

Пяройдзем да анонсаў... Рыхтуецца да выхаду паэма Пятра Глебкі «Арлянка», аповесць Платона Галавача «Спалох на загонах», п'еса Гурскага «Качагары», у раздзеле «Юндзетсэктар» — «Сын вады» Янкі Маўра, пераклад Джэка Лондана «Белы ікол» і кніга Уліцкага «Консэрвы для кароў», як рабіць сілас і які ўдзел у гэтай справе могуць узяць дзеці.

Вось яшчэ адметныя выданні: «Хацкевіч. Налівайся колас. (Вершы) 8 арк. Падыходзіць да кампаніі веснавой сяўбы, бо вершы прысвечаны, галоўным чынам, сельска-гаспадарчым кампаніям (вясна-восень). Напісаны бадзёра і жывою моваю. Могуць дэкламавацца ў сувязі з правядзеннем веснавое сяўбы. Шыдлоўскі. На граніцы. (Апавяданне). 1 арк. Даецца малюнак здзекаў белапалякаў з беларускіх сялян пад Польшчаю, здзекаў настаўнікаў з школьнікаў беларусоў у польскіх школах, што прымушаюць дзяцей уцякаць у савецкую Беларусь. Паказана, як яны чыталі ў падпольнай літаратуры, што ў нашых школах беларуская мова ў пашане, што дзецям даюць гарачае снеданне, абутак і не б'юць іх. Тэма актуальная. Чытаецца з захапленнем».

Зборнічак Віталіна «Будзем жыць» з анатацыяй «Вершы ўдала апрацаваны з мастацкага боку. Маюць значную палітычна-грамадскую вартасць» таксама змушае задумацца. Праз год пасля выхаду гэтага, першага, зборніка паэта арыштавалі. Адбыў высылку, ваяваў на фронце, на Беларусь не вярнуўся — тут былі ўпэўненыя, што Змітрок Віталін загінуў. Потым адкрылася, што ён пражыў доўгае жыццё далёка ад дому і пісаў вершы пад іншым прозвішчам.

«Правільны» крытык узброены аглобляй

У «Дэкадніку» за 29 лютага 1932 года гучыць заклік арганізаваць на фабрыках і заводах часовыя кніжныя шафкі і кніжныя вітрыны для продажу літаратуры. Беларуская кніга павінна была не проста прысутнічаць паўсюль — на кожнай фабрыцы, заводзе, у кожнай вёсцы і канторы — паўсюль нехта павінен быў гэтую кнігу прапагандаваць.

У літаратурна-мастацкім сектары сярод анонсаў — другая частка рамана Змітрака Бядулі «Язэп Крушынскі». За гэты раман Бядулю моцна даймала «аглабельная крытыка», таму ён яго перарабляў і дапісваў на іх капыл. А вось і галоўныя прадстаўнікі тае крытыкі — «Бэндэ і Кучар. Творчы рост Андрэя Александровіча. Першая спроба даць характарыстыку творчасці аднаго з буйнейшых пролетарскіх паэтаў. Першая кніжка ў нашай крытыцы, дзе даецца даволі правільна бальшавіцкі аналіз нашае літаратурнае сучаснасці і найбольш характэрных яе праяў. Першы ўклад у серыю твораў беларускае пралетарскае крытыкі, якая толькі пачынаецца».

І яшчэ адзін твор таго ж Бэндэ: «Янка Купала (Крытычны нарыс). Даецца правільны аналіз творчасці і складанага творчага шляху народнага поэты Савецкай Беларусі. Нарыс дапаможа выкладчыку літаратуры і ўсім, хто цікавіцца развіццём беларускае савецкае літаратуры, вывучыць гэту літаратуру, прааналізаваць яе паасобныя плыні, асаблівасці, паасобныя поспехі і перамогі».

Так, мы ўсе ведаем, як Бэндэ зацята «перавыхоўваў» Янку Купалу, абвяшчаючы ўсе ягоныя дарэвалюцыйныя шэдэўры накшталт «Кургана» і «Бандароўны» варожымі...

Пра існаванне душы і зберажэнне нерваў

10 сакавіка 1932 года «Дэкаднік» выйшаў з заклікам «Ажыццёвім кантроль рублём у кніжных кіёсках». Аўтар нататкі Мазо прапаноўвае практыку: кніжкі выдаваць кіяскёрам для продажу на тую суму, на якую прадалі.

А вось нечаканка: пятая частка «Прыгодаў удалага ваякі Швэйка» ў перакладзе з рускай мовы Тодара Кляшторнага і Змітра Астапенкі выходзіць у аўтарстве не Гашака, а Ванака. Тлумачэнне з анатацыі выдання: «Як было паказана ў чацьвертай частцы кніжкі, Яраслаў Гашэк памёр 1 студзеня 1923 году, сарака год ад нараджэння, не дапісаўшы да канца гэтай часткі. Працу Гашэка, паводле матэрыялаў нябожчыка, скончыў яго блізкі сябра, літаратар Карэл Ванэк».

У «Дэкадніку» за 20 красавіка 1932 года падводзяцца вынікі за квартал: сетка ДВБ рэалізавала ўласных выданняў на 329 р. —- 78,3 %. Прычына прарыву — філіялы і кнігарні не перабудавалі работу адпаведна пастановы ЦК УКП(б) і «ажыццяўлення 6 гістарычных умоў т.Сталіна)». Змяшчаецца рэкамендацыйны спіс літаратуры да 1 мая, а таксама «астача літаратуры па юнацка-дзіцячым сектары», дзе сярод іншага можна сустрэць кнігі Дрожджына «Ці ёсць у чалавека душа» і «Ці стаіць зямля на трох кітах», «Глыбіню Маракста» Конан-Дойла і «На канцавоссе па паветры» Лебядзінскай.

«Масавая работа з кнігаю павінна быць пастаўлена так, каб ніводная гаспадарча-палітычная кампанія не прайшла без актыўнага ў ёй удзелу філіялаў і кнігарняў». 10 чэрвеня «Дэкаднік» паведаміў пра «Вечар кнігі» ў Бабруйску з удзелам брыгады беларускіх пісьменнікаў. Паведамляецца і пра выхад 6-га тома Збору твораў Янкі Купалы, даецца спіс санасветнай літаратуры, накшталт «Чаму крычыць дзіця», «Работніца, будуй грамадскае харчаванне» і «Як трэба берагчы свае нервы».

30 чэрвеня «Дэкаднік» абвяшчае, што сектар кнігагандлю далучаецца да ўсебеларускага агразоатэхпаходу. Таксама даецца спіс літаратуры да 12-годдзя вызвалення Усходняй Беларусі ад белапалякаў. У літаратурна-мастацкім сектары анансуюцца кнігі Куляшова «Па песню, па сонца», Сяргея Дарожнага «Пракосы на памяць» і Сымона Баранавых «Чужая зямля».

Нумар за 20 верасня прысвечаны школьным падручнікам. «Кнігарням трэба пільна сачыць за тым, каб не трапіў у школу ніводзін састарэлы або палітычна нявытрыманы падручнік». Сярод рэкамендацый — падручнік па літаратуры для 5 класа Бэндэ. Дарэчы, навучальная літаратура выпускаецца на беларускай, яўрэйскай, літоўскай і польскай мовах — усе яны былі дзяржаўнымі ў БССР таго часу.

Цікава, што ў сектары літаратуры і мастацтва з'яўляюцца і ноты: М. Аладаў. «Мы людзі сонца і машыны» на словы Ул. Барашкі, «Творчы наступ» Пукста «для мяшанага хору» на словы Аркадзя Куляшова.

Назвы кніг, імёны аўтараў... Многія знаёмыя, многія забытыя... Штосьці заслужана забытае, штосьці — не. Шмат якія з тых кніг, што анансаваліся ў «Дэкадніку», не былі знаёмыя чытачу, а сёння сталі класікай. Несумненна адно — і дзевяноста гадоў таму на Беларусі клапаціліся пра беларускую кнігу, і гэтая традыцыя працягваецца.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.  

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».