Вы тут

Першакурснікі Ваеннай акадэміі прынялі Прысягу


Будучыя афіцэры са зброяй у руках, перад тварам сваіх таварышаў, родных і блізкіх атрымалі права насіць курсанцкія пагоны і ганаровае званне абаронцы Айчыны. Ваенную прысягу прынялі больш як 600 учарашніх школьнікаў, гімназістаў і сувораўцаў, якія папоўнілі шэрагі курсантаў галоўнай ваеннай ВНУ краіны.


Перш чым надзець курсанцкія пагоны, першакурснікі прайшлі паглыблены прафесійна-псіхалагічны адбор, уступныя іспыты і курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, асвойваючы асновы ваеннай справы. Спачатку хлопцаў і дзяўчат вучылі падшываць каўнерыкі і засцілаць вайсковыя ложкі, хадзіць страявым крокам, пазней яны прайшлі абкатку танкам і здзейснілі першыя стрэльбы са стралковай зброі.

У Беларусі створана ўласная ваенная школа. Сёння падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл ажыццяўляецца ў Ваеннай акадэміі і на шасці ваенных факультэтах — у БДУ, БДМУ, БНТУ, БДУІР, БелДУТ, ГрДУ імя Янкі Купалы, МГВАК. З прыняццем Ваеннай прысягі будучымі афіцэрамі можа параўнаць хіба што атрыманне запаветных лейтэнанцкіх пагонаў. Гэта знамянальная падзея — свята не толькі для саміх курсантаў, але і для іх родных і блізкіх.

Прыняцце ваеннай Прысягі начальнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Генадзь ЛЯПЕШКА назваў першым крокам на шляху да афіцэрскіх зорак. «У нашай краіне абарона Радзімы была і будзе ў руках моцных духам і адважных людзей, — падкрэсліў ён, звяртаючыся на першакурснікаў. — Выбраўшы для сябе шлях служэння Айчыне, вы зрабілі высакародны выбар — узялі на сябе адказнасць за мір і бяспеку на роднай зямлі. Знамянальна, што вы пачынаеце свой шлях служэння Радзіме ў Год міру і стваральнай працы, што з’яўляецца галоўнымі ўмовамі развіцця беларускай дзяржавы. Таму, прыносячы Ваенную прысягу перад абліччам сваіх таварышаў, перад роднымі і блізкімі, кожны з вас публічна пацвярджае сваю гатоўнасць і імкненне сумленна выконваць воінскі абавязак, дае клятву вернасці нашаму беларускаму народу».

І вось прагучаў доўгачаканы загад: «Курсантаў 1-га курса Ваеннай акадэміі да Ваеннай прысягі прывесці!». Шматгалоссем загучалі ўрачыстыя словы: «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь...», «Клянуся годна выконваць свой воінскі абавязак!», і гучнае рэха разносіла іх над пляцам.

Вымавіў запаветныя словы клятвы і курсант Ілья Матус. «Напярэдадні сённяшняй урачыстасці вельмі хваляваўся, бо прыняцце Ваеннай прысягі — гэта вялікая адказнасць, — заўважыў юнак. — Але цяпер хваляванне змянілася гонарам, з гэтага часу я — паўнапраўны абаронца Айчыны».

Малады чалавек — з маленькага мястэчка Зэльва, што ў Гродзенскай вобласці. Яго прадзядуля — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і ордэнам «Айчыннай вайны II ступені». Стрыечны брат Ільі служыць ва Узброеных Сілах, таму тое, што ён абраў для сябе ваенны шлях, — абсалютна лагічна і свядома.

У завяршэнні мерапрыемства курсанты хорам, зладжана і натхнёна выканалі пад акампанемент ваеннага аркестра Дзяржаўны гімн. Наперадзе ў курсантаў — цяжкая, але цікавая вайсковая дарога. За гады вучобы яны набудуць новыя веды, уменні і навыкі, стануць мацнейшымі духам і целам, умацуюцца ў веры ў свае сілы і вернасці Айчыне. Першыя крокі на гэтым шляху ўжо зроблены. Шчаслівай службы вам, будучыя лейтэнанты!

Алег НЯКАЛА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.