Вы тут

Пачалося вучэнне АДКБ «Баявое братэрства — 2023»


Цырымонія адкрыцця вучэння адбылася ў Брэсцкай крэпасці. Ваеннаслужачыя нацыянальных воінскіх кантынгентаў Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Таджыкістан, якія прымаюць удзел у манеўрах, ушанавалі памяць абаронцаў гераічнай цытадэлі хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да Вечнага агню.


Генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў, які таксама прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прывітаў удзельнікаў вучэння і выказаў удзячнасць Міністэрству абароны Беларусі за вялікую падрыхтоўчую работу, стварэнне ўмоў для правядзення гэтага важнага мерапрыемства. Ён адзначыў, што «Баявое братэрства — 2023» праводзіцца ў складаным міжнародным становішчы. Асаблівасцю вучэння ў гэтым годзе з'яўляецца яго комплекснасць.

«Сёння для паспяховай рэалізацыі аперацый недастаткова выкарыстання ваеннага кампанента: неабходны сістэмны падыход, які прадугледжвае цесную сувязь і ўзаемадзеянне цэлага спектра сіл і сродкаў, — перакананы генсек АДКБ. — Новыя выклікі і пагрозы бяспецы шмат у чым абумовілі фармат мерапрыемства. Ва ўмовах нарастання геапалітычнай напружанасці намаганні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання з'яўляюцца найважнейшай умовай абароны жыццёва важных інтарэсаў і забеспячэння бяспекі дзяржаў — членаў Арганізацыі, выбудоўвання сістэмы адзінай, непадзельнай бяспекі на рэгіянальным узроўні».

Генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетаў падчас ускладання кветак.

Сумеснае аператыўна-стратэгічнае вучэнне «Баявое братэрства — 2023» праходзіць на тэрыторыі Беларусі з 1 да 6 верасня. Яно праводзіцца ў адпаведнасці з Планам сумеснай падрыхтоўкі органаў кіравання і фарміраванняў сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы на 2023 год. У яго рамках спланавана правядзенне чатырох вучэнняў: «Узаемадзеянне-2023» (сумеснае вучэнне з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ), «Пошук-2023» (спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі разведкі ўзброеных сіл дзяржаў — членаў АДКБ), «Эшалон-2023» (спецыяльнае вучэнне з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Войск (Калектыўных сіл) АДКБ) і «Бар'ер-2023» (спецыяльнае вучэнне з сумесным фарміраваннем радыяцыйнай, хімічнай, біялагічнай аховы і медыцынскага забеспячэння АДКБ).

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч назваў сімвалічным, што ўрачыстая цырымонія адкрыцця сумеснага аператыўна-стратэгічнага вучэння праходзіць у «Брэсцкай крэпасці-героі». «Тут кожны метр зямлі напоены крывёй, — нагадаў ён. — Абарона крэпасці — гэта легендарны подзвіг сыноў народа, якія бязмежна любілі сваю Радзіму і аддалі за яе жыццё. Мы памятаем і ніколі не забудзем, якой цаной сумесных намаганняў нашы дзяды і прадзеды заваявалі магчымасць жыць і працаваць пад мірным небам. Таму вельмі важна ў цяперашніх няпростых ваенна-палітычных умовах, якія складваюцца вакол нашых краін, захаваць гістарычную памяць, нашу агульную гераічную гісторыю і сумеснымі намаганнямі гарантаваць бяспеку нашых дзяржаў».

Старшыня Брэстцкага аблвыканкама Юрый Шулейка падчас ускладання кветак.

Па словах кіраўніка вучэння генерал-маёра Андрэя Маціевіча, «Баявое братэрства — 2023» уваходзіць у актыўную фазу. «Штабы прыступілі да планавання сумеснай аперацыі, войскі працягваюць удасканальваць сваю баявую вывучку, — паведаміў ён. — У ходзе актыўнай фазы вучэння мы мяркуем адпрацаваць шэраг спецыяльных задач, якія ў папярэднія гады не адпрацоўваліся. У першую чаргу гэта пытанні ўсебаковага забеспячэння аэрадромнага ўчастка дарогі па падрыхтоўцы да паўторнага прымянення авіяцыі. Разгрупаванне авіяцыі, захаванне яе жывучасці — гэта ключавое пытанне для любой групоўкі войскаў. Да таго ж зводным фарміраваннем войскаў РХБ-абароны медыцынскага забеспячэння будуць адпрацаваны пытанні па арганізацыі раёна каранціну. Тэма дастаткова актуальная з улікам павышэння рызыкі біялагічных пагроз. Для вырашэння гэтых задач прыцягваюцца не толькі ваенныя спецыялісты, але і спецыялісты цывільных вышэйшых навучальных устаноў».

Акрамя таго, падраздзяленнямі будуць адпрацаваны пытанні правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на адным з аб'ектаў жыццядзейнасці насельніцтва. Усе пастаўленыя падчас вучэння задачы плануецца выканаць у поўным аб'ёме.

Паводле БелТА і Мінабароны

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.