Вы тут

Сігнал з 41 года. Як па ваенных фотаздымках шукалі загінулых байцоў


Гісторыя ў некаторай ступені містычная. Ва ўсялякім разе для кіраўніка пошукавага атрада «Бацькаўшчына» Аляксандра Дударонка. Яму трапілі ў рукі нямецкія фотаздымкі першых тыдняў вайны.


Беларускія пошукавікі знайшлі фотаздымкі на архіўным інтэрнэт-аўкцыёне. За кожны прыйшлося заплаціць парадку 30 еўра. На адным відаць, што савецкія салдаты ляжаць на адхоне каля царквы, побач стаяць згарэлыя машыны. На іншым — яма, куды палонныя чырвонаармейцы нясуць на плашчпалатках целы сваіх загінулых таварышаў.

Пад адным з тых здымкаў стаяў подпіс: «Дарога ад станцыі Азярніца да вёскі Азярніца пасля начной атакі рускіх» і дата 2.7.41. Гэту лічбу Аляксандр Дударонак назваў знакавай. Бо роўна праз 82 гады, 2.7.23, да яго трапілі тыя нямецкія здымкі. Пошукавік прызнаўся, што не верыць у выпадковыя супадзенні, і стаў уважліва вывучаць на мясцовасці той ваенны ландшафт.

— Мы знайшлі дарогу дзе было відаць на фотаздымку целы забітых салдат, зрабілі лакацыю і правялі інструментальную разведку. Калі ёсць сігнал, гэту мясцовасць правяраем і пры знаходжанні астанкаў работу спыняем, афармляем інфармацыйны ліст у райвыканкам, ваенкамат і далей адпрацоўваем пункт, — расказвае аб алгарытме дзеянняў кіраўнік пошукавай групы «Бацькаўшчына».

Вось такая незвычайная гісторыя стала нагодай для пачатку раскопак на тэрыторыі Зэльвенскага і Слонімскага раёнаў Гродзеншчыны. Сёлета «Вахта памяці» набыла міжнародны статус, бо аб'яднала ваеннаслужачых 52 асобнага спецыялізаванага пошукавга батальёна Узброеных Сіл Беларусі, групу «Бацькаўшчына» пад кіраўніцтвам Аляксандра Дударонка, а таксама членаў грамадскага аб'яднання «Айчына» з Татарстана і Архангельскага абласнога аб'яднання імя Валерыя Кычава Расійскай Федэрацыі.

Работа вялася на працягу тыдня, і кожны дзень зямля выдавала новых ахвяр нямецкай агрэсіі. У вёсцы Азярніца Слонімскага раёна падняты астанкі 43 чалавек. Меркавана, яны загінулі пры прарыве падчас акружэння ў чэрвені — ліпені 1941 года. На некаторых знойдзены смяротныя медальёны, але значная частка ўкладышаў сатлела. Ёсць верагоднасць знайсці рэшткі асабістых дакументаў. Менавіта па іх удалося ўстанавіць асобу Данілы Канстанцінавіча Зюзева з вёскі Касы Брод Свярдлоўскай вобласці.

З фрагментаў знойдзеных у кішэні дакументаў атрымалася сабраць кавалак квітанцыі на здачу асабістай маёмасці чырвонаармейца Івана Новікава. Але прозвішча па бацьку было сцёртым, удалося разабраць толькі дзве літары — «Ст». Дакладна ўстанавіць асобу дапамог чыгуначны білет па маршруце Шліпава — Сухінічы Маскоўска-Кіеўскай чыгункі.

Справа ў тым, што ў Сухініцкім раёне лічыліся зніклымі без вестак у чэрвені — ліпені 1941 года Новікаў Іван Сцяпанавіч (па руску — Степанович) 1920 года нараджэння з вёскі Міхалевічы і Новікаў Іван Стэфанавіч 1921 года нараджэння з вёскі Валодзіна.

— Высветлілася, што станцыя Шліпава, якая пазначана на білеце, знаходзіцца ўсяго за 5,5 кіламетраў ад вёскі Валодзіна, а вёска Міхалевічы знаходзіцца побач з Сухінічамі. Карацей кажучы, у Міхалевічы прасцей трапіць з Сухініч. Таму, па ўсёй бачнасці, гэтым воінам можа быць Іван Стэфанавіч Новікаў, які прызваны другога мая 1941 года. На правільнасць гэтага выбару ўказвае і аналіз прызыву мая 1941 года па Сухініцкім раённым ваенкамаце. Аказалася, што вялікая колькасць прызыўнікоў майскага прызыву была накіравана на службу ў Беластоцкую вобласць. А ў Азярніцы мы якраз і падымалі хлопцаў, якія загінулі пры прарыве з акружэння пад Беластокам, — расказаў Аляксандр Дударонак.

Рэчаў з уласнымі імёнамі знаходзіцца нямала. Але часам складана даведацца, каму яны належалі. Напрыклад, пры падняцці 9 воінаў і 2 мірных грамадзян знойдзены грэбень з надпісамі Лёня і Барадзенкаў Аляксей, а таксама лыжка, пазначаная літарамі «Б. Ж.» Іншых носьбітаў інфармацыі, якія дазволілі б устанавіць асобы загінулых, не аказалася. У наступны раз пры даследаванні яшчэ 10 астанкаў была знойдзена толькі бяспечная брытва з выдраным надпісам LODZ і Я. Ляўковіч.

Але сустракаюцца рэчы, па якіх удаецца даведацца аб тых, каму яны належалі. Так, на астанках аднаго з чырвонаармейцаў знойдзены медаль ВДНГ 1939 года «Перадавік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі» за нумарам 13 203. Гэта дазволіла ўстанавіць яе ўладальніка — Івана Пятровіча Астахава, яфрэйтара, 1919 года нараджэння, з Кізлярскага раёна, вёскі Тушылаўка. У Расійскай Федэрацыі ўдалося знайсці і яго родных.

Па медальёне ўстаноўлена асоба Васілія Цімафеевіча Пяркова, 1921 года нараджэння, радавога, з Краснадарскага краю. Яго родныя цяпер ведаюць, дзе загінуў член іх сям'і, якога лічылі прапаўшым без весткі.

Таксама пошукавы батальён у вёсцы Азярніца выявіў астанкі 5 грамадзянскіх асоб — дваіх дарослых і 3 дзяцей, загінулых ад рук нямецкіх захопнікаў. Астанкі забраныя пракуратурай і следчым камітэтам у рамках расследавання справы аб генацыдзе грамадзян Беларусі нямецкімі захопнікамі.

У Зэльвенскім раёне за два дні знойдзена 7 астанкаў. Мяркуецца, што ўсе яны загінулі ад рук фашысцкіх захопнікаў пры спробах прарвацца з акружэння ў чэрвені — ліпені 1941 года. Таую выснову зрабілі пошукавікі ў адпаведнасці з амуніцыяй салдат: каскі «халхінголкі», рыштунак, фрагменты абутку.

— У сярэдзіне верасня адбудзецца ўрачыстая цырымонія перапахавання астанкаў сямі чырвонаармейцаў. На жаль, ніводзін з іх не ўстаноўлены. Вядома толькі прозвішча Голуб, а хто ён такі — невядома. Магчыма, будзе весціся работа з базай даных «Мемарыял». Бо ёсць некалькі варыянтаў, якія трэба адпрацаваць, — паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Іна Талерчык.

Паводле яе слоў, астанкі будуць перапахаваны ў Чырвоным сяле, бо тут знаходзяцца самыя блізкія ад раскопак воінскія могілкі. Гэта будзе маштабнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня народнага адзінства.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота zelwa.by і з архіва Аляксандра ДУДАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.