Вы тут

На Парнасе богі, як людзі. Кім быў Канстанцін Вераніцын, і як склаўся яго лёс


«Тарас на Парнасе» ведаюць многія і многія. Ды і змест гэтай, без перабольшання, народнай паэмы шмат у каго на слыху. Таму так добра ведаюць яе нашы сучаснікі. Незалежна ад узросту. Пачынаючы ад вучняў, якія знаёмяцца з «Тарасам на Парнасе» у школе, да іх бацькоў, што некалі далучыліся да яе таксама на ўроках літаратуры. Далей жа атрымліваецца своесаблівая эстафета, што вядзе ад пакалення да пакалення.

Цудоўна былі знаёмы з Тарасам і яго прыгодамі на Парнасе не толькі нашы дзяды, але і прадзеды. Пачынаючы з 1899 года, калі гэты найцудоўнейшы твор упершыню быў апублікаваны ў газеце «Минский листок» (нумар 37 за 16 мая). Пасля многія з задавальненнем распаўсюджвалі тэкст у рукапісах. Не толькі для сябе, а і для іншых. Пазней з’явіліся шматлікія перадрукі. Адна бяда — нявысветленым заставалася пытанне, хто ж аўтар «Тараса на Парнасе». А так хацелася ведаць. Шматлікія пошукі нарэшце прынеслі плён. Дзякуючы «каралю факта»» Генадзю Кісялёву было канчаткова ўстаноўлена, што напісаў гэтую паэму Канстанцін Вераніцын.


Загадак шмат, адгадкі няма

Высвятленне ж аўтарства «Тараса на Парнасе» працягвалася доўга. Не гады заняло, а дзесяцігоддзі. Да свайго роду адысеі пошукаў спрычыніліся многія даследчыкі. Адным з іх і стаў Генадзь Васільевіч. Да яго ж называліся шмат якія імёны тых, хто мог паэму напісаць. І знакамітыя аўтары, і менш вядомыя. Але як хутка з’яўляліся кандыдаты, так неўзабаве і адпрэчваліся.

Напрыклад, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Чаму б яму было не напісаць «Тараса на Парнасе». Чалавек начытаны, у літаратуры цудоўна разбіраецца. Паспеў напісаць і шмат яркіх твораў. Добра ведаў творчасць тых пісьменнікаў, з якімі на Парнасе сутыкнуўся Тарас. Аднак тыя, хто не сумняваўся ў яго аўтарстве, не прымалі пад увагу таго, што яго манера пісьма не адпавядае той, якая назіраецца ў «Тарасе на Парнасе».

Тое самае тычылася і Арцёма Вярыгі-Дарэўскага — паэта, драматурга, публіцыста. А яшчэ і даследчыка фальклору. Апошняе і ўвяло ў зман тых, хто бачыў у ім патэнцыяльнага аўтара. Сапраўды, фальклорная плынь у паэме відавочная, але не такая, якая была харатэрна Арцёму Вярыгу-Дарэўскаму.

Пры ўважлівым знаёмстве з тэкстам «Тараса на Парнасе» высветлілася, што нельга назваць аўтарам і Францішка Багушэвіча. Як і Вікенція Равенскага — паэта, драматурга, аўтара незавершанай беларускай версіі «Энеіды» Івана Катлярэўскага пад назвай «Энеіда навыварат». Яна хоць і цытуецца ў «Тарасе на Парнасе», гэта не доказ праўдзівасці такой версіі. Адмаўленне кандыдатуры Фелікса Тапчэўскага было ў іншым. Здавалася б, ён мог бы ўзяцца за яе як паэт-гумарыст. Але, як пазней высвелілася, гэты твор быў напісаны тады, калі Феліксу Тапчэўскаму было ўсяго 17 гадоў.

Рэдактар жа выдавецтва «Мастацкая літаратура» Пятро Шаўцоў прывёў сямейнае паданне, паводле якога «Тарас на Парнасе» напісаны нейкім беглым дзекабрыстам. Ён хаваўся пад імем Яхіма Крупенькі з Клімавіцкага павета на Магілёўшчыне. Такое паведамленне ў коле літаратуразнаўцаў усе ўспрынялі настолькі скептычна, што ніхто ўсур’ёз гэты варыянт нават не абмяркоўваў.

Кожнаму свой час

Справа зрушылася з месца, калі Генадзь Кісялёў даведаўся ад Максіма Лужаніна, што ў адной з публікацый той пазнаёміўся з успамінамі аднаго з былых даваенных студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па сведчанні яго, выкладчык літаратуры, дэкан філалагічнага факультэта Міхаіл Піятуховіч на адной з лекцый пазнаёміў іх з рукапіснай копіяй паэмы «Тарас на Парнасе». Пры гэтым назваў і аўтара яе, тады нікому невядомага Канстанціна Вераніцына. Гэта і падказала Генадзю Васільевічу кірунак далейшых пошукаў, як і іншым даследчыкам.

Прыгадалася і меркаванне этнографа, фалькларыста, археолага Еўдакіма Раманава, які меркаваў, што аўтар «Тараса на Парнасе» — адзін са студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута (цяперашняя Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). Еўдакім Раманавіч з захапленнем пісаў: «“Тараса” — усё роўна як “Сон Багародзіцы” — знойдзеш ува ўсякай хаце. Пісьменныя шчыра пішуць яго сабе на паперку, цёмныя яшчэ шчырэй вучаць яго на памяць».

Новыя перспектывы для асэнсавання твора і яго аўтарства адкрыла публікацыя Віталя Скалабана «Рукапісы А. Рыпінскага» ў літаратурна-гістарычным зборніку «Шляхам гадоў» (1990). У ёй пад рукапісам гэтай паэмы стаяла памета «Канстанцін Вераніцын. 14.4.1855. Гарадок». Захаваўся і яшчэ адзін твор Канстанціна Вераніцына — паэма «Два д’яблы», датаваная 7 красавіка 1860 года і з тлумачэннем, што напісана ў Маскве. Аднак, што ён калі-небудзь жыў там, даследчыкамі не ўстаноўлена. Затое ў Маскве пражываў яго брат Іван. Магчыма, будучы ў яго ў гасцях, і пісаў гэты твор. Ці дапрацоўваў тэкст яго з чарнавіка, а пасля зрабіў копію.

Сумненні ў аўтарстве «Тараса на Парнасе» адпалі. Заставалася знайсці звесткі пра яе аўтара.

Быў «нічым», стаў «усім»

Нарадзіўся Канстанцін Верацінын 13 чэрвеня 1834 года. Але не ў цяперашнім раённым цэнтры Гарадку, а ў вёсцы Астраўляны, якая ў той час адносілася да Віцебскага павета аднайменнай губерні. Паселішча знаходзілася на востраве пасярод возера. З-за гэтага і пачалі вёску называць Астраўляны. Паводле легенды, возера называлася Лянэ. Па імені дачкі ўладальніка навакольных мясцін. Чаму ў яе было такое дзіўнае імя, невядома. Але сёння назва возера іншая.

Не Вераніцыным быў ад нараджэння, а Васільевым, а па бацьку Васільевічам. Яго маці належала да так званых дваровых людзей памешчыка Васіля Бондырава, які жыў у маёнтку Астраўляны. Ён валодаў вёскамі Макарава, Заходская, Сухарукава, Рыбакова, Шніцяны і Астраўляны, у якіх пражывала 267 сялянскіх душ. Па сённяшніх меркаваннях, уладальнік іх быў не з горшых паноў. Асабліва спагадліва ставіўся да Канстанціна, яго брата Івана і іх сястры, імя якой даследчыкі не ўстанавілі.

Вольную яны атрымалі яшчэ да таго, як было адменена прыгоннае права. Напрошваецца пытанне: чаму да іх Васіль Бондыраў ставіўся так спагадліва? Ды прычына ў тым, што прыхільна адносіўся да іх маці. Па-рознаму гэта можна ўспрымаць. Чулым быў, уважлівым, чалавечным… Якія хочаш эпітэты падбірай. Усе будуць праўдзівыЯ. Толькі асноўную прычыну так і не раскрываюць, бо чужая душа — поцемкі. Але, відаць, роднымі яны яму былі, таму так і ставіўся да іх. Разумеў, што ад яго залежыць — выб’юцца ў людзі ці паўтораць лёс шматлікіх бязбацькавічаў, да якіх нікому ніякай справы.

Вольную Канстанцін атрымаў у 11-гадовым узросце, а праз шэсць гадоў з падтрымкай Васіля Бондырава запісаўся ў мяшчане. Тады і памяняў сабе прозвішча, стаў Вераніцыным. Нязменная падтрымка ўладальніка маёнтка, а таксама тое, што ў далейшым аб яго лёсе кла­паціліся яго родныя, лішні раз сведчыць, што быў для іх не чужым чалавекам.

Дарэчы, у прыходскай школе ў Гарадку вучыўся, калі яшчэ быў прыгонным. Стаўшы вольным, паступіў у Віцебскую губернскую гімназію. Потым была Пецярбургская медыка-хірургічная акадэмія. Аднак у ёй правучыўся толькі два гады. Паступіў на трэці курс Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Скончыў яго паспяхова, а атрымаўшы прафесію агранома, абараніў дысертацыю «Аб беларускай гаспадарцы».

За якія сродкі жыў — невядома. Магчыма, не абыходзілася і без падтрымкі Васіля Бондырава. Пасапраўднаму стаў на ногі, уладкаваўшыся пасля заканчэння інстытута ўпраўляючым аднаго з маёнткаў у Магілёўскай губерні. А ў 1874—1879 гадах працаваў выкладчыкам настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне. Недзе ў гэты час ажаніўся з удавой губернскага сакратара Лізаветай Поль. Невядома, ці былі ў іх дзеці. Ды вядо­ма, што затым перабраўся ў Пецярбург. У Міністэрстве шляхоў зносін даслужыўся да стацкага дарадцы. Гэта быў пяты клас па рангу з 14, што існавалі ў Расійскай імперыі.

Шлях у вечнасць

Пайшоў з жыцця 26 жніўня 1903 года ад кровазліцця ў мозг у Лясным пад Пецярбургам. І раней пахваліцца здароўем не мог. З-за тыфу і запалення лёгкіх звольніўся з працы ў настаўніцкай семінарыі. Між іншым, у Пецярбургу жыў у тым доме, дзе раней пражывалі Мікалай Някрасаў, Мікалай Чарнышэўскі, Іван Тургенеў. Рускую літаратуру ведаў добра. Гэта відаць і па тым, што на Парнасе галоўны герой сустракаецца з Аляксандрам Пушкіным, Міхаілам Лермантавым, Васілём Жукоўскім і іншымі пісьменнікамі. Адметна і тое, з якой павагай ставіцца да сялян. Невыпадкова, што ў творы багі падобны на іх.

Тым не менш, чыноўнік высокага рангу і пісьменнік у яго асобе існавалі як бы самі па сабе. З-за гэтага своеасаблівага раздваення нікому не прызнаваўся, што яго не толькі вабіць прыгожае пісьменства, але і сам нешта напісаў. Ва ўсякім разе ніякіх сведчанняў наконт гэтага не засталося. Гэта пры тым, што кантактаваў з многімі.

У чым прычына — адназначна не высветліш. Найбольш верагодна, што ўплыў аказвала штодзённая праца. Меркаваў, што захапленне літаратурнай творчасцю яго, чыноўніка высокага рангу, не ўпрыгожвае. Хоць, вядома, было нямала і пісьменнікаў-службоўцаў. Магчыма, давала аб сабе знаць звычайная сціпласць.

Ды загадкі загадкамі, а прыемна ўсведамляць, што ў беларускай літаратуры ёсць такі выдатны твор, як «Тарас на Парнасе». У не меншай ступені радуе і тое, што цікавасць да жыцця Канстанціна Вераніцына, яго твор­часці не памяншаецца з боку не толькі чытачоў, але і даследчыкаў. У тым ліку і маладзейшага пакалення.

Творчасць Канстанціна Вераніцына працягвае жыць. Пра гэта сведчаць не толькі рэгулярныя перавыданні яго неўміручай творчасці — невялікай па колькасці, а такой значнай па мастацкай якасці, але і розныя мерапрыемствы, прысвечаныя яму. Як і трэба было чакаць, тон у гэтым задаюць яго землякі. Пра гэта засведчылі Вераніцынскія чытанні на Гарадоччыне, а з 1998 года праходзіць свята «Гарадоцкі Парнас». Як і звычайна ў падобных выпадках, актыўны ўдзел у ім прымаюць пісьменнікі. Знаходзіцца месца і ўдзельнікам мастацкай самадзейнасці. Паколькі побач Расія, ахвотна наведваюцца і калектывы з Расійскай Федэрацыі — зямлі, гасціннасць якой, працуючы ў Пецярбургу, адчуў і Канстанцін Вераніцын.


Святкаванне на яго радзіме ХХХ Дня беларускага пісьменства — яшчэ адно пацвярджэнне таму, што яго паэзія жыве. Усе, хто далучыцца да мерапрыемстваў, яшчэ лепш адчуюць, наколькі непаўторны паэтычны свет, у які трапіў «Тарас, што палясоўшчыкам служыў». А таму такі ён, свет гэты, а не іншы, што ў беларускай літаратуры заўсёды працавалі, працуюць і будуць працаваць сапраўдныя таленты.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота з сайта nlb.by.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.