Вы тут

Каранкевіч расказаў пра лічбавізацыю аб’яднання «Белпаліўгаз»


Усе гарады, райцэнтры, пасёлкі, а таксама звыш за 3600 сельскіх населеных пунктаў Беларусі газіфікаваны. За 30 гадоў агульная працягласць газапровадаў краіны павялічылася амаль у пяць разоў і зараз складае каля 67 тысяч кіламетраў, а гэта амаль два віткі вакол Зямлі. Беларусь займае першае месца ў свеце па аб’ёмах здабычы торфу і вырабу паліўнага брыкету. Айчынныя тарфянікі штогод здабываюць каля 2 млн тон тарфяной прадукцыі. Доля торфу ў сістэме выкарыстання мясцовых відаў паліва складае 15 %, што дазваляе штогод замяшчаць каля 450 млн м3 прыроднага газа на выраб энергіі.


Мірыяда, панарама, вяршыня

Па сістэме газаразмеркавання і аказання паслуг газазабеспячэння наша каіна займае адно з лідзіруючых месцаў на постсавецкай прасторы. Работа працягваецца, з’яўляюцца новыя інвестпраекты, скіраваныя на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, расказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч падчас сустрэчы з журналістамі ў Рэспубліканскім дыспетчарскім цэнтры кіравання газаразмеркавальнай сістэмай прадпрыемства «Белпаліўгаз»:

— Асаблівую ўвагу Белпаліўгаз і Мінэнерга надаюць прымяненню новых сучасных тэхналогій, скіраваных на аўтаматызацыю і лічбавізацыю тэхналагічных працэсаў. Дзеля гэтага на базе прадпрыемства «Віцебскаблгаз» было створана спецыялізаванае структурнае падраздзяленне «АйТіГАЗ», дзе працуюць высокакваліфікаваныя праграмісты, якія распрацавалі ўсе праграмы для работы газатранспартнай сістэмы, так што мы абсалютна не залежым ад імпарту. Актыўная фаза распрацоўкі і ўкаранення праграмных прадуктаў цягнецца апошнія пяць гадоў. Усе комплексы працуюць надзейна, з элементамі інфармацыйнай і кібербяспекі. Пры гэтым яны ўдасканальваюцца, распрацоўваюцца іншыя праграмныя прадукты па другіх напрамках, каб максімальна ахопліваць іх тэхналагічныя працэсы.

У Белпаліўгаз, фактычна, створаны лічбавы двайнік газатранспартнай сістэмы, які аб’яднаны ў адзіную аўтаматызаваную сістэму, якая складаецца з трох узроўняў. Базавы ўзровень — мірыяда — уключае праграмы, скіраваныя на аўтаматызацыю і лічбавізацыю тэхналагічных і бізнес-працэсаў. Гэта, у прыватнасці, пытанні складскога ўліку, газаразмеркавальнай сістэмы, функцыі «аднаго акна», абаненцкая служба, тэлеметрыя.

— Структурныя падраздзяленні газазабяспечваючых арганізацый выкарыстоўваюць іх падчас выканання сваіх асноўных функцый. Без гэтага праграмнага комплексу работа ўжо не адбываецца, — запэўніў міністр. — Інфармацыя пра ўсё, што адбываецца: утрыманне, эксплуатацыя, рамонт, уносіцца ў базу даных з выкарыстаннем гэтых праграмных комплексаў.

Сярэдні ўзровень — панарама — комплексная мультымедыйная праграма, якая забяспечвае комплексную ацэнку і аналіз працэсаў эксплуатацыі газатранспартнай сістэмы ў цэлым. У выпадку пазаштатных сітуацый ён дазваляе выбудаваць аптымальны алгарытм дзеянняў пры эксплуатацыі газапроваду.

Верхні ўзровень — вяршыня — акумулюе ўсю аналітычную інфармацыю па краіне. Сама сістэма выдае пэўныя рэкамендацыі і прапановы, якія ў далейшым выкарыстоўваюцца кіраўніцтвам Белпаліўгаз і Міністэрствам энергетыкі для далейшых дзеянняў.

Вочы ў рэжыме рэальнага часу

Пры фарміраванні праграмных працэсаў неабходна ў рэжыме рэальнага часу адсочваць работу газатранспартнай сістэмы, і вачыма гэтай сістэмы з’яўляюцца дыспетчары. Усе газавыя сеткі і аб’екты алічбаваныя, і ў базе даных ёсць уся інфармацыя аб іх дзейнасці.

У краіне працуе 150 аварыйна-аднаўленчых брыгад, якія кругласутачна цягам пяці хвілін гатовы выехаць на вырашэнне любых задач. Штогод выконваецца каля 350 тысяч заяў, удакладніў Віктар Каранкевіч:

— Усе работнікі аснашчаны сучаснай тэхнікай, абсталяваннем, інвентаром, транспартам з GPS-трэкерамі. Гэта дазваляе адсочваць, дзе знаходзіцца машына, а сістэма пры атрыманні заяўкі і фарміраванні задання «падказвае» аптымальны маршрут і пэўную брыгаду з улікам адлегласці і месцазнаходжання работнікаў.

Супрацоўнікі брыгад маюць планшэты, на якія паступае ўся інфармацыя па сфарміраванай заяве. Сістэма па інфармацыі разумее, што патрэбны выезд брыгады на месца і бачыць, дзе знаходзіцца пашкоджанне газаправоду. Праграмны комплекс яшчэ да моманту прыезду брыгады падказвае, што рабіць, якія прылады трэба адключыць, якія спажыўцы пры гэтым часова застануцца без газа, а дзе і ў якім аб’ёме паліва працягне паступаць.

У рэжыме анлайн, дарэчы, адсочваюць і правядзенне планавых работ, у тым ліку па тэхнічным абслугоўванні газавых прылад у насельніцтва. Уся інфармацыя па кожным абаненце ўнесена ў базу даных, таму газавікі дакладна ведаюць, якое абсталяванне маецца ў чалавека. Сістэма дапамагае сфарміраваць для адпаведнага спецыяліста план работы на наступны дзень адпаведна з колькасцю заяў і сфарміраваць аптымальны алгарытм руху для іх выканання і колькасць неабходных спецыялістаў.

Падчас работ кожны супрацоўнік мае праграмныя касы, з дапамогай якіх чалавек можа аплаціць паслугі тэхабслугоўвання карткай, а таксама атрымаць акт выкананых работ і квіток, удакладніў міністр.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.