Вы тут

Новыя магчымасці і перавагі развіцця электронных паслуг у Беларусі


Сотні дзяржаўных лічбавых паслуг праз Адзіны партал электронных паслуг (АПЭП) у Беларусі атрымліваюць ужо далёка не першы год. На пляцоўцы цяпер сабрана 307 электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур для розных катэгорый грамадзян: бізнесу, людзей, замежнікаў ці іншаземных юрыдычных асоб. У асабістым электронным кабінеце на АПЭП даступна 112 электронных адмінпрацэдур і 195 паслуг. Плануецца, што праз два гады іх колькасць павялічыцца ўдвая, а напрыканцы 2023-га ці ў першай дэкадзе 2024-га запрацуе мабільная праграма, з дапамогай якой можна будзе атрымаць шэраг паслуг і сэрвісаў на партале праз смартфон. Пра асаблівасці і планы развіцця лічбавых сэрвісаў у Беларусі расказалі спецыялісты Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП).


Сэрца адзінага партала

Адзіныя анлайн-пляцоўкі, на якіх сабраныя дзяржаўныя паслугі, існуюць ва ўсіх краінах, якія лічацца найбольш прасунутымі ў плане аказання электронных паслуг (па даследаваннях ААН), накшталт Даніі, Эстоніі, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі, Фінляндыі. Рэалізавана яна і ў Беларусі — гэта Адзіны партал электронных паслуг (АПЭП), які змешчаны па адрасе platform.gov.by, расказала Святлана Караневіч, начальнік аддзела электроннай камерцыі НЦЭП:

— Сэрца партала — электронны асабісты кабінет, аўтарызаваўшыся ў якім карыстальнікі могуць атрымаць доступ да паслуг партала. Летась і АПЭП, і асабісты кабінет былі істотна мадэрнізаваны і пераведзены на новую платформу, дзе ў людзей, у прыватнасці, з'явілася магчымасць прайсці аўтэнтыфікацыю з дапамогай ІD-карткі. Тыя, у каго няма новых дакументаў, могуць аўтарызавацца (прайсці строгую аўтэнтыфікацыю) з дапамогай ключа электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП). Або прайсці нястрогую аўтэнтыфікацыю з выкарыстаннем уліковых запісаў Google ці Facebook, адраса электроннай пошты ці нумара тэлефона, па логіне і паролі. Аднак большасць паслуг на партале патрабуе менавіта строгай аўтэнтыфікацыі, так што перавага будзе на баку ўладальнікаў ІD-картак ці ключа ЭЛП.

Колькасць электронных паслуг на партале раней была большай, чым адмінпрацэдур. Аднак у апошнія гады намецілася тэндэнцыя, што больш карпатлівая работа вядзецца менавіта па пераводзе ў электронны выгляд адміністрацыйных працэдур. Згодна з пастановай прэм'ер-міністра № 119р, вызначаны канкрэтныя спісы адмінпрацэдур пэўных дзяржорганаў, якія неабходна перавесці ў электронны выгляд (з указаннем тэрмінаў і адказных выканаўцаў).

Сістэма Assіst, лічбавы рахунак і пошта

Яшчэ адным новаўвядзеннем асабістага кабінета стала магчымасць аплаты паслуг не толькі праз АРІП, але і з дапамогай сістэмы Assіst, іншымі словамі, з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.

— З'явілася таксама паняцце «лічбавы рахунак». Калі чалавек пры строгай аўтэнтыфікацыі ўваходзіць у свой асабісты кабінет, да яго аўтаматычна прывязваецца лічбавы рахунак, які мае дачыненне толькі да асабістага кабінета. Такі рахунак можна папоўніць і пасля атрымліваць паслугі, грошы за якія будуць спісвацца з гэтага рахунку, — удакладніла начальнік аддзела НЦЭП. — Лічбавы рахунак існуе як для фізічных асоб, так і для арганізацый.

У абноўленым асабістым кабінеце з'явілася электронная пошта, па якой грамадзяне могуць абменьвацца юрыдычна значнай карэспандэнцыяй паміж сабой ці з арганізацыямі.

— Любыя даведкі, выпіскі, звесткі, якія трапляюць у асабісты кабінет чалавека ў выніку аказання адмінпрацэдуры, маюць юрыдычную моц, бо будуць падпісаны ЭЛП адпраўшчыка і атрымальніка, — акцэнтавала ўвагу Святлана Караневіч. — Цэнтр цяпер працуе над стварэннем сэрвісу праверкі валідацыі (сапраўднасці) такіх дакументаў.

Адмінпрацэдуры павінны мець лічбавы эквівалент

Адміністрацыйныя працэдуры — гэта рознага кшталту ўзаемадзеянне грамадзян і бізнесу з дзяржавай. Хочаш зрабіць зварот, каб высеклі дрэва пад акном, трэба запісаць дзіця на чаргу ў садок, неабходна зарэгістраваць станцыю для зарадкі электрамабіляў — усё гэта адмінпрацэдуры. Атрыманне ліцэнзій, сертыфікатаў, пасведчанняў кіроўцы, даведак аб налічэнні пенсіі — таксама адмінпрацэдуры. Таму, чым больш такіх сэрвісаў і ўзаемадзеянняў будзе ў лічбавым эквіваленце, тым лепш, упэўнена Святлана Караневіч:

— Пералік адміністрацыйных працэдур рэгламентаваны заканадаўча: для фізічных асоб — Указам Прэзідэнта № 200, для юрыдычных (суб'ектаў гаспадарання) — пастановай Саўміна № 548. Усе дзеянні, прапісаныя ў згаданых дакументах, лічацца адмінпрацэдурамі. Усё, чаго ў іх няма, — электроннымі паслугамі. У лічбавым варыянце на адзіным партале з 307 электронных сэрвісаў 112 — гэта адмінпрацэдуры, астатнія — электронныя паслугі. Усяго ж у Беларусі звыш тысячы адмінпрацэдур, так што работа па іх алічбоўцы яшчэ вялікая.

Летась у Беларусі было аказана больш за 72,6 мільёна электронных паслуг, а сёлета толькі за 7 месяцаў — ужо звыш 70 мільёнаў, так што цікавасць да лічбавых паслуг у насельніцтва высокая, удакладніла прадстаўніца НЦЭП:

— Чым больш будзе цікавых і запатрабаваных паслуг на партале, тым вышэйшай будзе цікавасць насельніцтва да іх. Магчыма, некаторыя ўладальнікі ІD-картак дагэтуль працягваюць прыходзіць па аказанне паслуг туды, куды прывыклі дагэтуль з папяровым пашпартам: на пошту, у банк, агенцтва нерухомасці… І яны нават не падазраюць, якія магчымасці цяпер ёсць у іх кішэні дзякуючы новаму дакументу, у тым ліку здзяйсненне юрыдычна значных дзеянняў і атрыманне паслуг не выходзячы з дому.

ІD-картка як квіток у лічбавы свет

Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб, якая рэалізавана на адзіным партале, дазваляе дакладна ўпэўніцца ў тым, хто ўвайшоў у сістэму, і верыфіцыраваць асобу ў інфармацыйных рэсурсах і сістэмах з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу. У Беларусі выпускаецца некалькі складана-тэхнічных прылад, якія ўтрымліваюць у сабе лічбавы подпіс. Гэта ключы ЭЛП на класічных носьбітах-флэшках, а таксама прылада eSіgn, якая рэалізавана на чыпе ІD-карткі, расказаў Ягор Воранаў, намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях НЦЭП:

— У праграме пры персаналізацыі карткі асобы ствараецца ключ ЭЛП на ўвесь тэрмін дзеяння ІD-карткі, іншымі словамі, на дзесяць гадоў. Атрымаўшы ІD-картку, не трэба яе спецыяльна актываваць у нейкіх пабочных інфармацыйных сістэмах — яна ўжо валодае ўсімі функцыямі, якія закладваліся ў яе пры стварэнні дакумента. Атрымаўшы ІD-картку, вы набываеце квіток на ўваход у лічбавы свет.

Мабільную праграму распрацавалі з улікам попыту і цікавасці грамадзян пры ўзаемадзеянні з дзяржорганамі і арганізацыямі, удакладніў спецыяліст НЦЭП:

— Прадукт дазваляе аўтарызавацца на партале з дапамогай ІD-карткі. Для гэтага дастаткова прыкласці дакумент да тыльнага боку смартфона. Тэлефон пры гэтым павінен мець NFC-счытвальнік для ўзаемадзеяння з чыпам ІD-карткі, каб атрымліваць з яе неабходную інфармацыю і аўтарызоўваць карыстальніка на партале.

Даведкі з дыспансера, мытныя пасажырскія дэкларацыі

Сярод новых паслуг, якія з'явіліся на партале апошнім часам, — анкетаванне насельніцтва пры праходжанні ім дыспансерызацыі аднаго дня. Раз на год дыспансерызацыю, якая даступная шляхам анкетавання (анкету можна запоўніць самастойна ў асабістым кабінеце або падчас прыёму ва ўрача), павінен прайсці кожны пацыент.

— На падставе звестак з анкеты сістэма сама сфармулюе дакумент, дзе будзе ўказана, ці падвержаны чалавек рызыцы развіцця неінфекцыйных захворванняў сістэмы кровазвароту, анкалагічных хвароб, хранічных абструктыўных захворванняў лёгкіх і цукровага дыябету. А ўрач у залежнасці ад гэтага прызначыць лячэнне ці дадатковае абследаванне, — расказала Святлана Караневіч. — Гэтая анкета алічбавана і даступная ў асабістым электронным кабінеце грамадзяніна бясплатна. Запоўніць яе карысна найперш для самога чалавека, каб зразумець, якой рызыцы ён падвяргаецца ў залежнасці ад свайго ладу жыцця.

У будучыні плануецца з'яўленне паслугі па атрыманні лічбавых звестак з дыспансераў, куды шмат людзей звяртаецца па атрыманне правоў кіроўцы ці дазволу на рэгістрацыю права на нашэнне зброі. Цяпер спецыялісты цэнтра разам з Міністэрствам аховы здароўя вызначаюць, якія віды даведак могуць выдавацца ў электронным выглядзе, бо часта патрабуецца агляд з асабістай прысутнасцю чалавека.

Мяркуецца, што электронны выгляд атрымае і пасажырская мытная дэкларацыя — дакумент, якія запаўняецца на граніцы, і ў якім указваецца бытавая тэхніка пасажыра, што ён правозіць.

— Пры наяўнасці лічбавага аналага дэкларацыю можна будзе запаўняць анлайн загадзя, мытная служба ў сваю чаргу хутчэй з ёй азнаёміцца, і ўсе мытныя працэдуры пройдуць хутчэй, — упэўнена Святлана Караневіч. — Паслугі на партале аказваюцца за грошы, за выключэннем выпадкаў, калі спажывец мае нарматыўна-прававы акт заканадаўчага ўзроўню (законы, указы і дэкрэты), які дазваляе атрымаць паслугу бясплатна. І мытны камітэт якраз плануе змяніць свае заканадаўчыя акты, каб паслугу запаўнення электроннай мытнай пасажырскай дэкларацыі можна было атрымліваць бясплатна.

Напісаць код для пераводу адмінпрацэдуры ў лічбу не так складана і доўга, значна больш часу займае арганізацыйны этап, калі трэба зразумець, якія дакументы можна выдаліць з працэсу аказання адмінпрацэдуры, каб спрасціць яе, за кошт чаго скараціць тэрмін яе аказання. І вельмі важна своечасова ўносіць змены ў нарматыўную базу, падкрэсліла Святлана Караневіч:

— Тэхналогіі часта бягуць наперадзе нарматыўнага рэгулявання. Ніводная лічбавая паслуга не можа быць уведзена ў прадукцыйнае асяроддзе, калі яна будзе супярэчыць заканадаўству. Напрыклад, пакуль МЗС не ўнясе змены ў візавыя правілы і нарматыўна не замацуе паняцце «электронная віза», не з'явіцца паслуга атрымання электроннай
візы на ўезд у Беларусь, над якой працуе цэнтр.

Да канца 2023-га электроннымі мусяць стаць больш як 200 адмінпрацэдур, прыкладна 140 з якіх датычацца сферы зямельна-маёмасных стасункаў. Да 2025-га да сямейства лічбавых паслуг павінна дадацца амаль 450 сэрвісаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?