Вы тут

Пра што нагадаюць дзецям, іх бацькам і педагогам напярэдадні 1 верасня.


Набліжаецца да завяршэння летні перыяд, час канікул. Яшчэ крыху — і дзеці пойдуць у школу, зноў сядуць за парты. Займальнае баўленне часу хутка стане прыемным успамінам. Разам з тым за мінулы час вучні, аддаўшыся гульням, маглі забыцца на правілы бяспекі. Але пра іх заўсёды памятаюць дарослыя. Якія мерапрыемствы і акцыі ўжо адбыліся ці плануюцца да 1 верасня з гэтай нагоды? Пра іх расказалі кампетэнтныя спікеры падчас прэс-канферэнцыі «Правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі дзяцей напярэдадні новага навучальнага года».


Бяспечны маршрут «дом — школа — дом»

Пачынаючы з чэрвеня тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі Дзяржаўтаінспекцыі былі абследаваны ўсе дарогі і вуліцы, якія прылягаюць да дашкольных навучальных устаноў, да ўстаноў сярэдняй агульнай адукацыі, а таксама да месцаў збору дзяцей: дзіцячых паліклінік, адукацыйна-творчых цэнтраў, музычных школ. Пра гэта паведаміла журналістам старшы інспектар па асаблівых даручэннях галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Ганна Банадык.

Было выяўлена больш як 5 тысяч недахопаў, большая частка з якіх аператыўна ўстараняецца. Балансатрымальнікам выдадзена 333 прадпісанні на выпраўленні выяўленых недахопаў, выканаць якія трэба да 1 верасня.

Акрамя таго, Дзяржаўтаінспекцыяй быў вывучаны стан больш як 1,5 тысячы школьных аўтобусаў. Устаноўлена, што 160 з іх маюць невялікія недахопы, але пры гэтым не выяўлена фактаў эксплуатацыі школьных аўтобусаў без дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Цяпер дзяцей перавозяць 1508 кіроўцаў. Штоквартальна супрацоўнікі ДАІ праводзяць з імі інструктажы па пытаннях бяспечнай перавозкі дзяцей.

Стрым-семінары з тымі, хто пераступіў закон

Да 1 верасня супрацоўнікі міліцыі абследуюць усе ўстановы агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, асаблівую ўвагу ўдзяляючы правядзенню прапускнога рэжыму, праверцы наяўнасці і спраўнасці ручных сістэм трывожнай сігналізацыі і відэаназірання.

У новым навучальным годзе МУС плануе праводзіць тэматычныя мерапрыемствы і экскурсіі для школьнікаў. Пра гэта распавёў намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Васіль Дземідовіч.

Паводле яго слоў, міліцыянеры прымуць удзел у педагагічных канферэнцыях і бацькоўскіх сходах. На іх педагогам і бацькам раскажуць аб асноўных спосабах уцягвання дзяцей у злачынную дзейнасць, новых відах злачынстваў, якія здзяйсняюць дзеці, прыкметах, што ўказваюць на ўдзел дзіцяці ў незаконным абароце наркотыкаў, а таксама сексуальным гвалце ў адносінах да дзіцяці. Нагадаюць і аб медыцынскіх, прававых наступствах такіх дзеянняў.

Сістэма «Маланка» для аператыўнага рэагавання

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правяло ацэнку стану ўсіх ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Па словах першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі — начальніка ўпраўлення арганізацыі нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіля Сіўчака, выяўлена каля 9 тысяч недахопаў па краіне. Ацэньваліся такія моманты, як наяўнасць спраўнай сістэмы пажарнай сігналізацыі, тэхнічных сродкаў супрацьпажарнай абароны, унутранага і вонкавага супрацьпажарнага водазабеспячэння, стан шляхоў эвакуацыі і веданне адміністрацыяй устаноў адукацыі заканадаўства ў галіне пажарнай бяспекі, а таксама гатоўнасць да дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.

Як распавёў Васіль Сіўчак, не ўсе ўстановы хутка адрэагавалі на выпраўленне недахопаў, а ў дачыненні да 72 кіраўнікоў нават прымаліся меры адміністрацыйнай адказнасці. Таксама ўнесена 13 прадстаўленняў аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню правапарушэнняў, што цяпер ліквідаваны.

«У папярэднія гады ў нас былі праблемы з інтэрнатамі. З 2020 да 2022 года ў адносінах да дзевяці выносіліся прапановы аб прыпыненні іх дзейнасці, але ў гэтым годзе такіх пытанняў няма. Дзеці будуць пражываць у бяспечных умовах», — адзначыў Васіль Сіўчак.

«Разам з выканкамамі і Міністэрствам адукацыі мы працуем над павышэннем узроўню супрацьпажарнай абароны. За апошнія пяць гадоў сістэмамі пажарааўтаматыкі абсталявалі амаль 190 аб'ектаў. Таксама вядзецца работа па абсталяванні ўжо існуючай аўтаматыкі сістэмай «Маланка», якая пры надзвычайным здарэнні напрамую перадае сігнал у нашы падраздзяленні для аператыўнага рэагавання. У краіне засталося 89 аб'ектаў, якія ў найбліжэйшы час будуць аснашчаны спецыяльнымі прыборамі».

Уменне дзейнічаць у крызіснай сітуацыі

Важна ствараць псіхалагічна камфортную прастору для навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. Такім меркаваннем падзялілася кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Наталля Чааб. Паводле яе слоў, адным з аспектаў выхавання культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей з'яўляецца стварэнне ва ўстановах адукацыі псіхалагічна камфортнага асяроддзя і прасторы даверу для атрымання навучэнцамі ведаў, магчымасці развіцця іх творчых здольнасцяў, прафілактыкі булінгу і суіцыдальных паводзін.

У гэтым навучальным годзе, як і заўсёды, вельмі вялікая ўвага будзе аддадзена тэме ЗЛЖ. Выхаваўчыя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі будуць накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў устойлівага навыку здаровага ладу жыцця, выпрацоўку адмоўных адносін да шкодных звычак, умацаванне фізічнага, псіхічнага і маральнага здароўя.

У сучасных сацыяльных умовах асаблівую актуальнасць набывае фарміраванне ў вучняў умення дзейнічаць у крызіснай сітуацыі. «З гэтай мэтай прадоўжыць рэалізацыю факультатыў «Мой псіхалагічны дабрабыт». Асаблівую ўвагу мы ўдзелім навучэнцам, якія прыйдуць ва ўстановы адукацыі першы раз. Шэраг мерапрыемстваў будзе накіраваны на стварэнне максімальна камфортных умоў для іх адаптацыі».

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.

Сям'я і дэмаграфія

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Надзея Ластоўская: Калі ты багацейшы, дапамажы іншаму

Якія прынцыпы закладвае ў выхаванне сваіх дзяцей лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»?

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.