Вы тут

Загадкі для дэтэктываў з рыдлёўкамі


Нягледзячы на тое, што першыя сведчанні пра знаходкі старажытных рэчаў фіксуюцца XVІ стагоддзем, сур'ёзныя падыходы да археалагічных даследаванняў на нашых землях пачалі развівацца толькі з другой паловы ХІХ стагоддзя. Пра тое, што насельніцтву часта трапляліся старажытныя рэчы, сведчаць шматлікія запісы этнографаў, паданні пра «стрэлы Перуна» (так у беларускіх вёсках называлі старажытныя наканечнікі стрэл і каменныя сякеры).


Фота прадастаўлена Маратам Клімавым.

Нездарма кажуць, што археолаг — гэта дэтэктыў, які спазніўся на месца злачынства на некалькі стагоддзяў. Сапраўды, падчас раскопак даследчыкі скрупулёзна супастаўляюць інфармацыю, адкрываюць новыя звесткі пра нашу гісторыю. Не стаў выключэннем і бягучы год. Ён багаты на знаходкі, якія не толькі пацвярджаюць летапісныя крыніцы, але і ставяць перад даследчыкамі новыя пытанні.

Папраўка на сто тысяч гадоў

Так, на возеры Сялява ў Крупскім раёне падчас даследавання мезалітычнага пасялення была знойдзена жылая пабудова, якая, магчыма, адносіцца да ІХ тысячагоддзя да нашай эры. Гэта кундская культура. Дадзены археалагічны помнік, як ніякі іншы, багаты па колькасці артэфактаў, індывідуальных знаходак, якія важныя для інтэрпрэтацыі ды ідэнтыфікацыі комплексу. Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза ўпэўнены, што даследаванні на гэтым археалагічным аб'екце вартыя для ўключэння ў канцэпцыю нацыянальных праектаў, гэтак жа як і на стаянцы каля вёскі Агова. На апошняй падчас комплексных раскопак былі сабраны артэфакты ўзростам каля 200 тысяч гадоў. Гэта пацвярджае версію археолагаў, што першыя людзі пачалі засяляць нашы землі не сто тысяч гадоў таму, як лічылася раней, а ў больш раннія часы.

Міжнародная экспедыцыя каля вёскі Агова праводзілася айчыннымі археолагамі ў супрацоўніцтве з вучонымі Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН (Санкт-Пецярбург) ды Інстытута геаграфіі РАН (Масква) і студэнтамі БДУ. На сёння гэта найстаражытнейшы на тэрыторыі Беларусі і адзін з самых старажытных ва Усходняй Еўропе археалагічны комплекс. Безумоўна, такі гістарычны аб'ект заслугоўвае права на ўключэнне ў нацыянальную канцэпцыю даследаванняў.

Які князь зламаў свістульку?

Ужо не першы год праходзяць даследаванні на тэрыторыі Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў, на так званым мокрым пасяленні. Тут, на Крывіцкім тарфяніку ў залежах торфу зберагліся ўнікальныя артэфакты — без доступу кіслароду захаваліся арганічныя рэчывы, дзякуючы якім можна больш даведацца пра матэрыяльную і духоўную культуру пасялення эпохі неаліту і бронзавага веку. Раскопкі на крывіцкім тарфяніку — адны з самых склаладаных, да іх далучыўся цэнтр дайвінгу «Марскі пегас».

Цікавыя матэрыялы першабытнага часу знойдзены на пасяленні Чырвоная Горка Жлобінскага раёна. Гэта адны з раскопак, у якіх бралі ўдзел школьнікі. Таксама юныя археолагі далучыліся да даследаванняў у Гальшанах і Дзятлаўскім раёне.

Археолагі сочаць за правядзеннем рэстаўрацый і кансервацыйных работ на гістарычных аб'ектах. Так, калі летась у Полацку раскопкі вяліся на Верхнім замку, сёлета яны ідуць на месцы будучай рэканструкцыі полацкага стадыёна. Даследчыкаў уразіла, наколькі магутны культурны пласт тут захаваўся, і тое, што ён насычаны артэфактамі Х—ХІІ стагоддзяў. Рэстаўрацыйныя работы з удзелам археолагаў вядуцца на Навагрудскім і Крэўскім замках, раскопкі вяліся і на валах Мазырскага замка.

Цікавыя адкрыцці былі зроблены ва Ушацкім раёне пад кіраўніцтвам археолага Марата Клімава, дзе ў ХІІ стагоддзі знаходзілася загарадная рэзідэнцыя полацкіх князёў. Знойдзеная там свістулька, хутчэй за ўсё, зламаная яшчэ ў тыя часы. На ёй археолагі заўважылі выяву крыжа і купала. Дадзеная дэталь можа быць сведчаннем таму, што ў гэтых мясцінах бывала Еўфрасіння Полацкая.

Ці з'явіцца археалагічная карта?

Наогул сёлета Нацыянальнай акадэміяй навук было выдадзена 130 дазволаў на правядзенне археалагічных даследаванняў ва ўсіх абласцях Беларусі. Сёння ў Інстытуце гісторыі ў аддзеле археалогіі працуюць 42 спецыялісты, што, бясспрэчна, мала для вырашэння тых задач, якія ставіць дзяржава. Усё ж археолагі займаюцца вывучэннем гісторыі 300 тысяч гадоў: ад першых пасяленняў да больш позніх часоў. Апошнія гады актыўна развіваюцца новыя кірункі — выратавальная археалогія, археалогія ваенных канфліктаў.

Па даручэнні прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі вучоныя падрыхтавалі канцэпцыю фарміравання і рэалізацыі найбольш значных археалагічных праектаў.

Пасля папярэдняй работы з органамі мясцовай улады, універсітэтамі яны ўключылі ў канцэпцыю найбольш цікавыя, важныя для гісторыі беларускай дзяржаўнасці аб'екты. У далейшым пасля ажыццяўлення даследаванняў і правядзення добраўпарадкавання гэтыя помнікі археалогіі маглі б быць запатрабаваныя ў сферы турызму.

Сёння ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны — больш за дзве тысячы помнікаў археалогіі. Вялікая колькасць з іх — гарадзішчы, якія адносяцца да розных гістарычных перыядаў, ад жалезнага веку да эпохі Сярэднявечча. Такія аб'екты добра вылучаюцца, часта знаходзяцца ў маляўнічых мясцінах і прывабліваюць турыстаў. Кожнае гарадзішча — унікальнае, з багатай гісторыяй. З імі звязанае фарміраванне старажытных гарадоў. Пасля даследавання археолагамі, лакалізацыі, здымак, дакладнай GPS-прывязкі, нанясення на карту, добраўпарадкавання і ўстаноўкі інфармацыйных стэндаў яны могуць ператварацца ў турыстычныя і сацыякультурныя аб'екты. Ужо не першы год узнімаецца пытанне аб стварэнні археалагічнай карты, на якой будуць пазначаны гістарычныя аб'екты. Прычым, як заўважыў падчас сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры Вадзім Лакіза, сёння можна рабіць не толькі агульную для ўсёй краіны карту, але і асобныя праекты, прысвечаныя пэўным гарадам. Адной з першых такіх работ магло б стаць стварэнне карты Мінска, дзе можна пазначыць гістарычныя цэнтры, курганы, гарадзішчы.Таксама падобныя праекты трэба рэалізаваць у абласных цэнтрах.

Археалагічная карта і праект, прысвечаны старажытным гарадзішчам, маглі б быць выкарыстаны ў археалагічным турызме. Вучоныя гатовыя працаваць з мясцовымі ўладамі, даваць карысныя рэкамендацыі па ўстаноўцы інфармацыйных стэндаў, распрацоўцы турыстычных маршрутаў.

На аснове карты варта стварыць электронныя і кніжныя выданні з QR-кодамі і спасылкамі на музеі, у якіх можна пазнаёміцца з канкрэтнымі артэфактамі.

Ганна ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.