Вы тут

У жніўні пабачыла свет выданне «Гісторыя электрасувязі Беларусі»


У жніўні пабачыла свет навукова-папулярнае выданне «Гісторыя электрасувязі Беларусі». Аўтары тэкста — кандыдат гістарычных навук С. А. Сідарава (гістарычныя раздзелы) і Ю. М. Мацяш (біяграфічныя даныя, інтэрв’ю, раздзел «Сучаснасць»). 


Яе змест ахоплівае перыяд з ХІХ — пачатак ХХ ст. і да сучаснасці. Прачытаўшы кнігу, вы даведаецеся пра вытокі, станаўленне галіны сувязі, пра час іспытаў для галіны ў 1914–1941 гадах, пра дзейнасць сувязістаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, перанясецеся ў 1945–1980 гады — ад перыяду часовай сувязі і да ўзнікнення тэлетайпу, а таксама будзеце ведаць пра самыя значныя вехі ў развіцці гэтай галіны, што прыпалі на 1980–1995-я. Завершыце вандроўку па гісторыі электрасувязі нашымі часамі. У кнізе знойдзеце інфармацыю аб кіраўніках РУП «Белтэлекам», якія былі на працягу ўсёй гісторыі існавання арганізацыі, таксама пра міністраў сувязі ад савецкага часу да сённяшняга дня.

«У выданні знойдуць адбітак ўспамінаў тых, хто імкнуўся хоць крыху, але апярэдзіць свой час: хто з катушкай проваду адпраўляўся ў самыя аддаленыя куткі краіны і разглядаў наваколле з вышыні тэлеграфнага слупа; хто нават пад ударамі варожай авіяцыі заставаўся ля камутатара і ўжо пасля вайны аб’ядноўваў гарады, краіны і кантыненты новымі лініямі; хто ўпершыню пазнаёміў беларусаў з глабальным сецевам Інтэрнэт, каб пасля прыступіць да стварэння лічбавага грамадства», — такія словы адрасаваў чытачам генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Юрый Петручэня.

Улічваючы шматпланавасць і ўнікальнасць кнігі, яна будзе вельмі карысна і студэнтам-сувязістам, і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй станаўлення і развіцця не толькі электрасувязі на тэрыторыі нашай краіны, але і РУП «Белтэлекам» — ключавога тэлекамунікацыйнага аператара Рэспублікі Беларусь.

Выданне багата на ілюстрацыйны матэрыял. На яго мелаваных старонках знайшоў увасабленне вялікі пласт інфармацыі, у тым ліку інтэрв’ю сучаснікаў і статыстычныя даныя. Кніга аздоблена фотаздымкамі, сканамі перыядычных выданняў, мемуарных запісаў, архіўных дакументаў, два з якіх аддрукаваны на паперы-кальцы. У сярэдзіне выдання прымацаваны ўкладыш з асноўнымі вехамі развіцця электрасувязі. 

Перед тым як кніга выйшла з друкарскага станка, была праведзена вялікая работа. У выніку з’явілася сапраўды маштабнае выданне, якое стала вынікам карпатлівай працы розных пакаленняў супрацоўнікаў галіны сувязі. А менавіта гаворка ідзе пра даследаванні, якія дапамагаюць запоўніць белыя плямы ў гісторыі электрасувязі Беларусі.

«Я ўпэўнены, што кніга будзе цікавая шырокаму колу чытачоў, але ў першую чаргу яе з хваляваннем адкрыюць ветэраны і цяперашняе пакаленне «Белтэлекама», — напісаў у прывітальным слове міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган.

Па словах стваральнікаў, да нядаўняга часу не ажыццяўлялася настолькі знакавых спробаў сабраць, абагуліць і прадставіць шырокай грамадскасці кнігу, у якой былі б сістэматызаваны вынікі доўгай архіўнай, навуковай працы. У кнізе ўсё гэта дапоўнена каментарыямі тых, хто штодзённа на працягу многіх гадоў умацоўваў прэстыж прафесіі сувязіста, ствараў традыцыі і перадаваў бясцэнны вопыт наступнаму пакаленню.

Як гавораць фундатары праекта, каштоўнасць кнігі ў тым, што гэта не перадрукоўка пэўных існуючых фактаў і ведаў, а першае комплекснае навукова-папулярнае выданне ў дадзенай галіне.

— Гэта першае выданне, дзе комплексна разгледжана тэма электрасувязі: тэлеграфа, радыё і тэлебачання. Мы знайшлі вялікую колькасць новых фактаў, якія нарэшце занялі сваё месца ў гэтай кнізе, — патлумачыла аўтар, кандыдат гістарычных навук Святлана Сідарава

Навукоўца дадала, што ў кнізе прадстаўлены раней неапублікаваныя факты, дакументы і фотаздымкі, якія доўгі час захоўваліся ў архівах, музеях і прыватных калекцыях. У працэсе працы былі алічбаваныя і захаваны рукапісныя ўспаміны вэтэранаў-сувязістаў, знойдзены аўдыя- і відэадакументы.

У падрыхтоўцы выдання дапамагалі сувязісты. Яны не толькі ўдзельнічалі ў працэсе збірання значнага масіву інфармацыі, але і ўдыхнулі ў яго жыццё. Аўтары кнігі выказваюць удзячнасць вялікай колькасці спецыялістаў, якія зрабілі ўнёсак у важны і амбіцыйны праект. Дзякуючы супрацоунiцтву і энтузіязму кожнага была заданая высокая планка.

Аднак гэта толькі пачатак, лічаць стваральнікі праекта. Працуючы над кнігай, навукоўцы сабралі мноства дакументаў, фотаздымкаў, успамінаў, якія не ўвайшлі ў гэтае выданне, але далі зразумець: яно будзе не апошнім. Наперадзе мусіць быць яшчэ нямала: не ўсе аспекты даследаваны, не паўсюль знойдзены вычарпальныя даныя. Упісаць у кнігу гісторыі неабходна яшчэ шмат радкоў, кажуць стваральнікі праекта. І для плённага супрацоунiцтва цяпер ёсць трывалы фундамент, упэўнены яны.

Надзея ЗУЕВА

Фота дадзена РУП «Белтэлекам»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.