Вы тут

Наспеў час збору не толькі яблыкаў, але і не менш цудоўных пладоў — сліў


Гэты фіялетавы, сонечна-жоўты ці чырвоны плод быў любімым сезонным ласункам многіх беларусаў, калі бананы і ківі яшчэ не ляжалі на прылаўках у любы час года. І сапраўды, хто ў дзяцінстве не залазіў на гэтае дрэва, якое расце практычна ў кожным садзе, не абрываў з яго галін салодкія, з кіслінкай, плады? А памятаеце варэнне са сліў, якое на дачы варыла мама ў эмаляваным тазе, адганяючы вос-ласух і здымаючы вялікай лыжкай смачную плеўку?


 pixabay.com

Калій плюс магній — для сэрца і нерваў

Але давайце пакінем настальгію па дзяцінстве і разбярэмся, чым жа карысная сліва. Перш за ўсё, гэта скарбніца нутрыентаў, а таксама харчовых валокнаў і рэчываў, якія памяншаюць рызыку тромбаўтварэння — кумарынаў. Пад пругкай сіняй альбо залацістай скуркай, у мядова-жоўтай мякаці ўтрымоўваюцца вітаміны групы В, Е, С і А, а таксама калій, жалеза, цынк, кальцый. Антыаксіданты ў сліве здольныя дапамагчы ў прафілактыцы анкалогіі, а таксама ў захаванні маладосці скуры.

З мікраэлементаў найбольш багаты плод каліем. У адной буйной сліве змяшчаецца амаль 200 мг гэтага рэчыва, якое ўмацоўвае здароўе сэрца. Кісла-салодкі плод з сямейства Ружовых дапаможа справіцца з дэпрэсіяй, прычым не толькі дзякуючы цудоўнаму густу і водару. У сліве змяшчаюцца магній і вітамін В6, карысныя для нервовай сістэмы, а трыптафан паляпшае настрой, спрыяючы выпрацоўцы сератаніну.

Усім вядомая ўласцівасць слівы ўзмацняць перыстальтыку кішэчніка, дзякуючы харчовым валокнам і пекцінам. Пры гэтым адбываецца мяккае ачышчэнне арганізма, нармалізуецца ўзровень халестэрыну, у якасці бонуса — расставанне з лішняй вагай. Сліва мае мяккі мачагонны і жоўцегонны эфект, абараняе печань ад уздзеяння таксінаў.

Каліт і дыябет? Не налягайце на сліву

На слівавую рознакаляровасць лепш не спакушацца тым, хто пакутуе на хваробы страўніка і кішэчніка — язвы гэтых органаў, гастрыт, каліт. Прычына — высокае ўтрыманне ў сліве арганічных кіслот. Зрэшты, пару пладоў у дзень пасля прыёму ежы ў гэтым выпадку наўрад ці нашкодзяць. Не ешце багата слівы, калі такія станы, як метэарызм і ўздуцце жывата, знаёмыя вам не па чутках. Пры камянях у нырках і жоўцевым пухіры кісла-салодкі плод таксама не рэкамендуецца, паколькі змяшчае аксалаты — солі шчаўевай кіслаты, якія могуць пагоршыць захворванне. Павышанае ўтрыманне ў сліве цукру патрабуе асцярожнасці і разумных абмежаванняў у выпадку цукровага дыябету.

Што прыгатаваць і як захаваць?

З духмянай садавіны вараць варэнне, джэмы, гатуюць павідла і мармелад, канфіцюр і жэле, а таксама начынне для пірагоў, піражкоў, блінцоў. Хатнія пірагі са слівай, кубак чаю ці кавы за столікам на дачнай верандзе, у коле сям’і — незабыўныя ўспаміны аб шчодрым жніўні сагрэюць вас зімовымі вечарамі.

Вядома, свежая сліва, з’едзеная ў сезон, прынясе вашаму здароўю найвялікшую карысць. Каб захаваць набытыя ці знятыя з дрэва плады як мага даўжэй, захоўвайце іх у халадзільніку, але абавязкова забяспечце ім доступ паветра — у закрытым пластыкавым пакеце слівы хутка страцяць свае смакавыя і карысныя якасці.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.