Вы тут

Жыццёвая філасофія Галіны Гулінскай, якая ўдастоена медаля «За працоўныя заслугі»


Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца пазней. Але віншаванні Галіна Гулінская ўжо прымае — навіна хутка абляцела Гродзенскую гароднінную фабрыку, дзе яна працуе не адно дзесяцігоддзе. Для яе самой такое высокае ўшанаванне стала прыемным сюрпрызам, хоць з года ў год Гулінская ў ліку лідараў свайго прадпрыемства.


Экалагічныя таматы

Галіна Анатольеўна сустракае мяне каля свайго 3-га ўчастка і вядзе на працоўнае месца. Па тым, як вітаюцца з ёй калегі, зразумела: яна не толькі паважаны, але і сяброўскі чалавек. Падчас размовы жанчына не хавае эмоцый, шчыра расказвае пра сваю працу, сям'ю, раскрывае сваю жыццёвую філасофію. А яна, гэта філасофія, аказалася надзвычай простай. Яе сэнс — у працы.

Здаецца, што тут асаблівага? На гэту формулу скіраваны многія. Але ў лёсе маёй суразмоўніцы ёсць адметны акцэнт — вернасць сваёй справе. Яна 35 гадоў працуе агароднікам на фабрыцы. Напачатку на агурковым участку, потым — на таматным. Сюды і прыйшлі мы падчас размовы.

Гродзенская гароднінная фабрыка — бадай самая вялікая цяплічная гаспадарка рэгіёна. Гадоў 13 таму тут адбылося аднаўленне, пабудаваны новыя энергаэканомныя цяпліцы, штогод вядуцца эксперыменты па вырошчванні новых сартоў. Сёлета эксперымент закрануў і таматны ўчастак. Наколькі ён сябе апраўдаў, пакажа канчатковы збор ураджаю, які завершыцца на пачатку лістапада. У мінулым годзе Галіна Гулінская са свайго ўчастка здала больш за 60 тон таматаў.

— Мы хочам атрымаць добры ўраджай, адправіць як мага больш гародніны спажыўцам, — кажа суразмоўніца, — і хачу запэўніць, што наша прадукцыя экалагічная, можа, нават чысцейшая, чым у агародзе. Чаму? Таму што ў зямлі ідзе назапашванне розных шкодных рэчываў, а тут грунт кожны год мяняецца, ён чысты, угнаенняў амаль няма, таму мы самі не баімся даваць і дзецям, і ўнукам сваім нашу гародніну. Магчыма, смак у цяплічнай прадукцыі не такі, як з агарода, затое яна экалагічна чыстая. Нашы памідоры ідуць як на знешні рынак, так і за мяжу, па большай частцы ў Расію.

Для апрацоўкі раслін закупляюцца спецыяльныя насякомыя, якія паядаюць шкоднікаў — белакрылку, кляшча. Гэта робіцца для таго, каб лішні раз не апрацоўваць расліны. Для лепшай завязкі іх апыляюць чмялі, якія жывуць у спецыяльных каробках і раз-пораз вылятаюць «на працу». Калі памідор не апыліць, не будзе добрай завязі.

Працоўны стаж — фабрычны

Доўгім тэрмінам на адным месцы могуць пахваліцца далёка не ўсе працаголікі. Галіна Гулінская — з тых, хто усё жыццё звязаў з адным прадпрыемствам.

— Я прыйшла сюды адразу пасля другога дэкрэтнага адпачынку, мне тады было 25 гадоў. Гэта быў канец 80-х. Выбрала гэту працу па дзвюх прычынах — добрая зарплата і любоў да раслін. Памятаю, што за першую 13-ю зарплату купіла спальню «Медуніца». Гэта была папулярная даволі марка, — успамінае жанчына.

Але галоўную ролю ўсё ж адыграла яе любоў да раслін. «Гэта мая стыхія, — кажа яна. — Мой свет, дзе я адчуваю сябе на сваім месцы».

— А як жа меркаванні псіхолагаў, якія кажуць, што трэба мяняць від дзейнасці кожныя 6-7 гадоў? — пытаюся ў яе.

—- Вы любіце працаваць з раслінамі? — рэагуе на пытанне Галіна Анатольеўна. — А я люблю. І гэта ў мяне нядрэнна атрымліваецца.

Але і ў дадзенай справе ў яе ёсць свае перавагі. Напрыклад, больш падабаецца працаваць з таматамі, чым з агуркамі. Усе тонкасці ведае дасканала. З нормамі сваімі спраўляецца, хаця за час работы яны выраслі больш чым удвая. Гэта сведчыць аб тым, што павялічыліся аб'ёмы вытворчасці, адпаведна і большым стаў ураджай.

Раз-пораз усё ж звяртаю ўвагу на такі працяглы стаж работы. Бо так ці інакш імкнуся прымераць на сябе гэту сітуацыю, але ўкласці такі факт у свядомасць ніяк не атрымліваецца. Надта манатоннай падаецца гэта работа на першы погляд. Галіна Анатольеўна імкнецца развеяць гэта ўражанне.

Па яе словах, работа не такая і манатонная. Жанчына, як і іншыя агароднікі, вядзе ўвесь працэс росту плантацыі — ад пасадкі да збору ўраджаю. На кожнага — па 11 сотак.

Прыемна бачыць, як з'яўляюцца плады, растуць. Праўда, для гэтага трэба прыкласці нямала намаганняў. Тут і абрэзка, і падвязка. Асаблівая адказнасць пачынаецца падчас збору ўраджаю. А тут яшчэ ў спёку шкляныя аб'екты моцна праграваюцца. Каб аблегчыць працу, кіраўніцтвам прадпрыемства зменены графік работы — з 6 гадзін раніцы да 2-3 гадзін дня.

Збор ураджаю вядзецца на спецыяльных электрапад'ёмніках. Яны падымаюць ажно да столі цяпліцы і рухаюцца па калейцы. Выбіраюць памідоры праз дзень. У іншыя дні вядзецца падрыхтоўка плантацый. У змену Галіна Гулінская збірае 1,2 тоны таматаў.

— Калі з раслінамі працуеш, хочацца, каб быў ураджай, — прызнаецца суразмоўніца. — У гэтым плане таксама ёсць канкурэнцыя. Але ў асноўным адносіны з усімі роўныя, кожны заняты сваёй справай. Для настрою музыку ўключыў — і працуеш. Хачу сказаць, што цяпер навічкам вельмі дапамагаюць, а калісь проста прыйшлі, паказалі участак — і разбірайся тут. Тады была на агурках на плёначных цяпліцах. Потым перайшла на гэтыя, больш сучасныя.

«Штосьці трымае мяне тут»

Сёлета Галіна Анатольеўна адзначыла 60-гадовы юбілей. Кажа, што за ўсё жыццё ніводнага разу ні была ні ў санаторыі, ні на моры. Свае працоўныя адпачынкі праводзіць на вясковых сотках альбо ў хатніх клопатах.

— У мяне мама адна была, я бачыла, як яна стараецца ўсюды паспець. Даяркай працавала ў Брэсцкай вобласці. Я і сваіх дзяцей прывучала да працы. Яны сталі дапамагаць з дзяцінства, калі іх бабуля жыла. Прыязджалі палоць буракі. Увесь час потым жартавалі, што ў іх адпачынак летні быў на полі. Але добра, што прывыклі да працы. Сын і цяпер дапамагае вельмі, ніякай работы не баіцца. І ў вёску прыязджае, і на дачу, — дзеліцца суразмоўніца.

Вясковы ўчастак у Гулінскіх не сказаць што малы. Цэлых 50 сотак зямлі, дзе вырошчваюць бульбу, ягады, гародніну. Ёсць і хатняя жыўнасць — свінні, куры, трусы, авечкі. За гаспадаркай сочыць муж Галіны Анатольеўны. А вось кветнік — толькі яе справа. Жанчына, як і дзеці, прыязджае ў вёску па выхадных. Кажа, што жыццё там цяпер адраджаецца. Усе дамы выкуплены, ніводзін не пустуе.

— Працы хапае. Але яна мне знаёмая, гэта як звычка. Хаця дзеці і ўнукі мне раяць ужо ісці на адпачынак. Кажуць: хопіць працаваць. І муж іх падтрымлівае. Тым больш што працаваць трэба і на сваіх сотках. Але пакуль нешта трымае мяне тут, на фабрыцы, — кажа жанчына.

Такім чынам, гаворка зноў скіроўваецца на вытворчасць. Па словах Гулінскай, ёй трэба сабраць яшчэ каля 20 тон таматаў да тых 40 тон, што ўжо ёсць. Пытаюся, ці ёсць запас сіл для гэтага?

— Цяпер мне 60, і адчуваю, што стала цяжэй. Здаецца, рукі не такія спрытныя, як раней, таму трэба быць больш уважлівай. Але ў мяне яшчэ такі характар — імкнуся зрабіць як мага лепш, гэта для мяне важна. Што запланавана, павінна быць выканана. Каб і расліны былі дагледжаны, і ўсе патрэбныя маніпуляцыі праведзены, і ўраджай сабраны. Інакш не змагу ні спаць, ні есці. І дома так павінна быць — поўны парадак.

Вось такое жыццё ў нашай гераіні, якая ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагароды стане ў шэрагу самых важных падзей яе лёсу. Галіна Анатольеўна ўжо рыхтуецца: плануе купіць новы касцюм, абутак, зрабіць прычоску і манікюр. Вельмі прыемна, калі ёсць яшчэ адна падстава адчуць сябе прыгожай жанчынай.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.