Вы тут

У Оршы адкрылася першая ў паўночным рэгіёне інклюзіўная кавярня


Месяц таму ў Оршы адкрылася першая ў паўночным рэгіёне інклюзіўная кавярня «Добрая кава», у якой працуюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Цяпер на вуліцы Фелікса Дзяржынскага ёсць яркі куток, дзе можна не толькі правесці час за кубкам, але і атрымаць зарад душэўнага цяпла.


Загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў  Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  Аршанскага раёна Ірына Чарняўская з афіцыянтамі.

У 2022 годзе ў спецыялістаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна ўзнікла ідэя стварыць такую пляцоўку, каб ахвотныя наведвальнікі аддзялення змаглі рэалізаваць сябе ў сферы абслугоўвання. Такую прапанову ўнеслі самі людзі, а загадчык аддзялення Ірына Чарняўская разам з кіраўніцтвам цэнтра змагла ў кароткі тэрмін распрацаваць праект. Добрая і як нельга патрэбная ініцыятыва была падтрымана Швейцарскай Канфедэрацыяй у Рэспубліцы Беларусь, і ўжо ў канцы ліпеня гэтага года гуманітарны праект з прыцягненнем бязвыплатнай замежнай дапамогі быў рэалізаваны, кавярня расчыніла свае дзверы для жыхароў і гасцей Оршы.

«У першую чаргу мы ставілі перад сабой мэту стварыць месца, дзе людзі маглі не толькі папіць кавы, але і пагутарыць, правесці час за пазламі і настольным гульнямі. І ўжо цяпер мы заўважаем, што адаптацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў соцыуме ў гэтай атмасферы праходзіць пазітыўна. Хтосьці з наведвальнікаў заводзіць тут новых сяброў, а моладзь цікавіцца іншымі кірункамі работы ТЦСАН», — расказвае Ірына Чарняўская.

Цяпер кавярня працуе ўсяго чатыры гадзіны на дзень: з 10 да 14. Штодзень з нязменнай усмешкай і ветлівасцю гасцей сустракай буфетчыца Аксана Ражанская: прапаноўвае духмяную каву, сокі, фітачаі і салодкія прысмакі. Каля года таму Аксана Ігараўна стала наведваць аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, і калі даведалася, што хутка будзе рэалізаваны такі праект, стала першай у чаргу ахвотных працаваць. «Я па прафесіі прадавец-вытворца паўфабрыкатаў, але з-за трагедыі, якая здарылася са мной 12 гадоў таму, так і не паспела рэалізавацца ў сферы абслугоўвання, якая мне заўсёды падабалася. Спрабавала знайсці месца працы ў горадзе, аднак беспаспяхова. Цяпер нарэшце я магу сказаць, што шчаслівая. Штодзень з вялікай радасцю еду насустрач новым знаёмствам і эмоцыям», — дзеліцца жанчына. Падтрымлівае і радуецца яе поспехам 14-гадовы сын.

У кавярні створана безбар'ернае асяроддзе не толькі для наведвальнікаў, але і для работнікаў. Працоўнае месца — а канкрэтна барная стойка Аксаны Ігараўны — дазваляе ёй свабодна перамяшчацца ў інвалідным крэсле, і гасцям «Добрай кавы» камфортна размяшчацца на сваіх транспартных сродках за каляровымі столікамі. Многім з тых, хто забягае сюды па напоі і добры настрой, падабаецца затрымлівацца ў зоне адпачынку з пазламі. А для тых, хто любіць паразважаць аб жыцці, гледзячы на прыроду, у кавярні абсталяваны мяккі, з каляровымі падушкамі падаконнік. Яркая фотазона з натхняльнымі словамі таксама карыстаецца попытам. Увогуле, гэта месца — сонечны куток горада ў любое надвор'е — так умела падабралі цёплыя жоўтыя колеры пры афармленні залы арганізатары праекта.

Пакуль што тут створана адно спецыялізаванае працоўнае месца для буфетчыка, аднак і афіцыянты з ліку наведвальнікаў аддзялення пачынаюць свае першыя крокі ў прафесію на добраахвотных пачатках у межах працоўнай майстэрні. Па словах Ірыны Чарняўскай, ТЦСАН і Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання ўжо заключылі дагавор аб праходжанні наведвальнікамі двухмесячных курсаў, па выніках якіх людзі з абмежаванымі магчымасцямі атрымаюць спецыяльнасці афіцыянтаў і змогуць працаўладкавацца.

Над стварэннем кавярні, якая стала вынікам агульнай зладжанай работы, разам з кіраўніцтвам рупліва працавалі наведвальнікі пяці майстэрань, якія функцыянуюць пры аддзяленні. Напрыклад, у швейнай майстэрні, якая была і застаецца ў цэнтры самай шматлюднай, рыхтавалі да адкрыцця элементы дэкору і фартушкі, а ў паліграфічнай выраблялі меню, рэкламныя лістоўкі і лагатып. «Добрая кава» стала вынікам работы гуртка «Гаспадынька», дзе людзі вучацца асвойваць кулінарнае мастацтва і весці хатні побыт. Дарэчы, рэалізавана толькі першая частка праекта, арганізатары ўжо распрацоўваюць другую, аднак усе сакрэты пакуль што не адкрываюць. Удалося даведацца, што ў будучыні кавярня хоча прапаноўваць гасцям хлебабулачную прадукцыю ўласнага вырабу, а яшчэ ў планах — падоўжыць час работы.

У месцы, якое размясцілася ў непасрэднай блізкасці ад чыгуначнага вакзала, ніколі не бывае пуста. Сюды на абедзенны перапынак забягаюць гандляры з мясцовага рынку, турысты, суседзі-праваахоўнікі. Сюды прыходзяць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, каб даведацца аб поспехах сваіх таварышаў (ім, дарэчы, у дзень нараджэння тут падаюць кампліменты ад установы). Ёсць у кавярні ўжо свае пастаянныя кліенты. У чым сакрэт? У шчырасці, ветлівасці і, вядома, дабрыні, якую нястомна дораць у кавярні, адпавядаючы свайму прызначэнню.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.