Вы тут

Шлюб з іншаземцам — здзяйсненне мары ці выпрабаванне на трываласць?


Іншаземцы займаюць адзін з верхніх радкоў рэйтынгу жаніхоў для жанчын, якія мараць аб прынцы. Але ці лёгка ўжывацца дарослым людзям у інтэрнацыянальным шлюбе?


«Ты не ведаеш жыцця там»

У пятнаццаць гадоў Лера дакладна ведала: яна хоча жыць за мяжой. У якой менавіта краіне, не замарочвалася. Зрэшты, яна нічога і не ведала ні аб якіх іншых краінах. Яе сям’я нікуды не выязджала з Мінска.

Маладосць супала з адкрыццём меж. І тады Лера пачала падарожнічаць. Заўсёды ў складзе тургрупы і абавязкова каб было аll іnclusіve. Гэта давала ёй магчымасць адчуць сябе гаспадыняй, якую абслугоўваюць. Але ўсе гэтыя тургрупы сяліліся ў гатэлі з былымі савецкімі грамадзянамі. 

А знаёмствамі з барменамі і аніматарамі Лера, зразумела, грэбавала.

Яна выйшла замуж на радзіме — за перспектыўнага бізнесмена, мяркуючы, што ён таксама захоча з’ехаць за мяжу. Калі іх дачцэ споўнілася два гады, завяла пра гэта размову, на што муж адказаў: мне і тут нядрэнна. Праз некалькі гадоў сям’я распалася.

Тым часам Лера паспяхова рухалася па кар’ернай лесвіцы, і неяк яе адправілі разам з калегамі за мяжу на невялікую стажыроўку. «Трэба ж, каб сярод гэтых курыц хоць хтосьці ведаў замежную мову», — не без гонару казала Лера. Яна сапраўды валодала трыма замежнымі мовамі, якія вывучала ў надзеі на пэўную перспектыву.

Па заканчэнні стажыроўкі быў прыём у гонар гасцей. Вось там Лера і пазнаёмілася з Патрыкам. Раман успыхнуў імгненна! Неўзабаве Патрык прыехаў у Мінск, потым запрасіў да сябе Леру. Мары спраўджваюцца, радавалася яна. У Патрыка меліся апартаменты ў еўрапейскай сталіцы і загарадная віла са штатам абслуговага персаналу. Яго дачка ад першага шлюбу радавалася, што ў бацькі пачало складвацца асабістае жыццё.

Справа ішла да вяселля... Патрык тым часам абзавёўся знаёмствамі, купіў у Мінску элітную кватэру. «Правільна, не спыняцца ж у маёй двушцы», — думала Лера.

Удар чакаў яе пасля вяселля. Шлюбны кантракт не моцна здзівіў. (Што казаць аб замежніках, калі і нашы ўжо не саромеюцца такой практыкі.) Уразіла Леру тое, што Патрыку спадабалася жыць у Мінску, і ён вырашыў тут застацца. Вёў свае справы дыстанцыйна, а пры неабходнасці ездзіў дадому. Лера яго суправаджала, але…

«Рабіць бізнес трэба там, дзе выгадна, а жыць там, дзе зручна. І потым, тут ты сама паважаны спецыяліст, а ў нас, падумай, колькі сіл трэба будзе прыкласці, каб пацвердзіць дыплом і працаваць па спецыяльнасці, пры гэтым ты будзеш адставаць ад сваіх калег-аднагодкаў», — тлумачыў ёй муж.

Ён яшчэ часта казаў: маўляў, ты не ведаеш жыцця ў Еўропе. Экскурсія — гэта вітрына, як і пяцізоркавыя гатэлі, дзе спыняюцца турысты.

У шлюбе Лера і Патрык ужо 12 гадоў. Збоку ўсё выглядае выдатна: 3-4 вандроўкі на год, фірменнае адзенне, дарагія ювелірныя ўпрыгожванні, паходы ў тэатры, памочніца па хатняй гаспадарцы. Вось толькі Лерыну мару жыць за мяжой не падзяляе нават яе дарослая дачка. Як некалі яе бацька, гаворыць, што ёй і тут добра.

Лера гадзінамі «вісіць» на тэлефоне, размаўляе з сяброўкамі: кажа, стамілася ад замежнай мовы. Муж, з якім раней было так цікава, раздражняе ўсё больш. Але і развод не выйсце, таму што прывыкла яна да цяперашняга ладу жыцця і мяняць яго ў 52 гады няма жадання. Усе яе мары разбіліся. Нават калі Патрык вырашыць вярнуцца ў Еўропу, яна зможа жыць у апартаментах мужа толькі да яго смерці. Такі шлюбны кантракт: кожны застаецца пры сваім. Наогул, яе ўсё яшчэ дзівіць гэта еўрапейская мода: як спаць, дык разам, а як дзяліць маёмасць, дык кожнаму сваё.

Тут чужая і дома не свая

Да 43 гадоў у актыве Жанны было два разводы і адна дачка. Жанчына расчаравалася ў мужчынах, як яна казала, айчыннай вытворчасці. Лайдакі і не ўмеюць дагаджаць жанчыне — яе асноўныя прэтэнзіі. А яшчэ мама «пілавала», маўляў, старэйшая дачка ўдала выйшла замуж, а ты?..

Пасля школы Жанна скончыла ВНУ. Праўда, па дыпломнай спецыяльнасці працавала нядоўга, бо вельмі мала плацілі. Жанчына пайшла ў сферу абслугоўвання, каб хоць у нечым не адставаць ад сястры. (Маўляў, і ў мяне таксама ёсць футра.)

Канешне, яна спрабавала «паляваць» на багатых мужчын. Але дзе? Паходы ў тэатр з сяброўкай вынікаў не прынеслі, паездкі ў санаторыі поспехам не ўвянчаліся.

А тут такая ўдача — сярод яе кліентак аказалася Жазі, пенсіянерка з Еўропы. Дама нядрэнна гаварыла па-руску і ў мінулым была звычайнай швачкай. Выйшаўшы на пенсію, Жазі падарожнічала. У Мінск прыязджала на 3-4 месяцы. Казала, што тут шыкоўна жыве за сваю пенсію. Зняць кватэру — танна, медыцына, касметалогія, грамадскае харчаванне, забавы — танна. У наш Вялікі тэатр яна хадзіла два разы на тыдзень. Вакол Жазі тусавалася кампанія замежнікаў — яны разам забаўляліся. І ў іх было правіла: мець у кампаніі хаця б аднаго чалавека, які гаворыць па-руску. Жанна, даведаўшыся, што ў Жазі вялікая кампанія, старалася быць карыснай для замежніцы ў надзеі пазнаёміцца з іншымі — а раптам там ёсць вольны мужчына. Усё атрымалася так, як задумвалася. Яна пазнаёмілася з Максам, які меў сваю транспартную фірму. Да таго ж мужчына аказаўся ўдаўцом — жонка памерла некалькі гадоў таму. Жанна пусціла ў ход усе свае чары. Месяц яны пражылі разам у Мінску, а з’язджаючы, мужчына абяцаў даслаць ёй запрашэнне, каб ужо яна прыехала да яго ў госці.

Пасля гэтага візіту пара вырашыла аформіць адносіны. Стаўшы законнай жонкай, Жанна зрабіла непрыемнае адкрыццё: фірма ў Макса невялікая, часам ён сам садзіцца за руль аўтамабіля. Яна думала, што Макс як дырэктар працуе ў офісе, а ён, па нашых мерках, аказаўся іпэшнік.

Прыбраць, прыгатаваць — гэта займала ў Жанны пару гадзін. А што далей? Мова спачатку давалася з цяжкасцю. Ратавала тое, што Макс жыве ў маленькім горадзе, як наш райцэнтр, дзе эмігрантаў было, мусіць, больш, чым карэнных жыхароў. На працу Жанна ўладкавалася ў тую ж сферу абслугоўвання. Кліенткамі абзавялася ў асноўным рускамоўнымі. Мясцовыя, па мерках Жанны, за сабой мала сочаць: галоўнае, каб зручна было.

Сямейнае жыццё аказалася сумным. Неўзабаве ўсе размовы з мужам, які крыху ведаў рускую мову, звяліся да абмеркавання рахункаў. Зрэшты, паклаўшы руку на сэрца, нешта з яе летуценняў споўнілася. Муж выглядаў цалкам рэспектабельна, і калі на радзіме яна завіхалася на маміным лецішчы, то тут за садам раз на тыдзень глядзеў садоўнік, генеральную ўборку ў катэджы рабіла клінінгавая фірма, а яна сама падтрымлівала парадак. Дома ў яе была толькі пральная машынка, а тут і сушыльная, і прасавальная. Цэлы пакой для ўсякіх гаспадарчых спраў. Гэта табе не бацькоўская кватэрка ў «хрушчоўцы». Ды і катэдж у Макса ўласны, хоць, вядома, не такі вялікі, як у Жаннінай сястры.

Да жанчыны перыядычна прыязджала дачка Дзіна. Неяк у дарозе дзяўчына пазнаёмілася з маладым чалавекам, таксама замежнікам. Неўзабаве пазнаёміла яго з Жаннай і паведаміла, што выходзіць замуж. Маладыя проста зарэгістравалі шлюб, без усялякага вяселля. Жанна і асабліва яе маці былі ў шоку: дачка зусім непатрабавальная, выйшла замуж за простага рабочага! Адзінае, што радавала, — жывуць маладыя ў вялікім горадзе. Але дзяцей пакуль не плануюць. Зяць працягвае вучыцца, будзе інжынерам.

У іх там крыху іншая сістэма навучання: мала лекцый, у асноўным практыка. Дзінка таксама вызначылася, кім ёй быць. Трэба крыху падцягнуць мову, і таксама пачне вучыцца. Жывуць яны ў здымнай кватэры і нават не думаюць збіраць грошы на сваю. Маўляў, будзем мяняць жыллё па меры неабходнасці. Увогуле, дачка неяк хутка прыняла «іх» правілы.

А ў Жанны не атрымліваецца... За шэсць гадоў яна так і не прывыкла да тутэйшых традыцый у харчаванні. Яна тут чужая і дома ўжо не свая. Усё радзей стэлефаноўваецца з прыяцелькамі: адлегласць не спрыяе сяброўству. Тут сябровак, каб пагаварыць па душах, няма і не прадбачыцца, хоць жанчына нядрэнна засвоіла мову. Макс шмат часу аддае відэазванкам сыну і ўнуку, якія жывуць у іншай краіне. У кожнага сваё жыццё…

Прысмак расчаравання

— У аснове старажытных, эвалюцыйна сфарміраваных механізмаў псіхікі жанчыны ляжыць патрэба ў бяспецы тых, каму яна дае жыццё. Гэта, натуральна, падштурхоўвае шукаць адказнага партнёра, з якім будзе надзейна і камфортна, — кажа Таццяна Шаранда, сямейны псіхолаг. — Але ў прапанаваных гісторыях інстынкт бяспекі набыў гратэскавы выгляд — мужчына разглядаўся толькі як інструмент для паляпшэння свайго жыцця. У жанчын спрацаваў стэрэатып: за мяжой усе мужчыны — багатыя бізнесмены.

Абедзве жанчыны ўзялі шлюб з замежнікамі, калі ім было 40+. Магчыма, што мужчыны яшчэ старэйшыя. Гэта значыць, кожны з іх — асоба, якая склалася, са спецыфічнымі асаблівасцямі, сфарміраванымі пад уздзеяннем свайго асяроддзя. Тое, што яны з розных краін, скажам так, абцяжарвальная акалічнасць: розны менталітэт і культура са сваімі, характэрнымі толькі для іх, каштоўнаснымі арыенцірамі, якія часта не супадаюць. Дадайце да гэтага хаця б на пачатковым этапе моўны бар’ер і адсутнасць агульных мэт і інтарэсаў. Ужо складаецца сумная карціна, якая ў далейшым дапаўняецца неапраўданымі чаканнямі, бо кожная з жанчын разлічвала, што жыццё за мяжой лепшае, чым дома. У абедзвюх гісторыях адчуваецца прысмак расчаравання.

Тым не менш, па меркаванні сямейнага псіхолага, перспектыва у гэтых шлюбаў ёсць. Яны захаваюцца, таму што хай не ўсё спраўдзілася, але дзякуючы мужчынам жыццё жанчын змянілася, прынамсі, з’явіўся большы дастатак, спрасціліся побытавыя пытанні — гэта па-першае. 

А па-другое, за скасаваннем шлюбу часта стаяць вялікія праблемы як псіхалагічнага характару, так і матэрыяльнага, і не факт, што жанчыны з гэтым змогуць справіцца. Хутчэй за ўсё яны самі гэта разумеюць і будуць імкнуцца захаваць сваё становішча.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».