Вы тут

Чаму, нават калі чалавек не п’е, ён застаецца алкаголікам


Божа, дай мне розум і душэўны спакой прыняць тое, што я не ў сілах змяніць, мужнасць змяніць тое, што магу, і мудрасць адрозніць адно да другога. Такой малітвай пачынаецца сустрэча ананімных алкаголікаў — суполкі, якая аб’ядноўвае мужчын і жанчын, што дзеляцца паміж сабой вопытам, сіламі і надзеямі, каб дапамагчы адно аднаму пазбавіцца ад алкагалізму. Паслухаўшы іх, становіцца зразумелым, што справіцца з залежнасцю яны могуць, толькі калі шчыра прызнаюцца сабе, што яны — алкаголікі і што сапраўды хочуць вырвацца з абдымкаў зялёнага змея. Прычым зрабіць ім гэта настолькі цяжка, што большасць наведвае такія сустрэчы дзесяцігоддзямі, каб ізноў не паддацца спакусе. Бо ўсведамляе: нават калі ты не п’еш, гэта не значыць, што ты выратаваўся.


12 крокаў ратавання

Адзіная ўмова для далучэння да Супольнасці ананімных алкаголікаў (АА) — жаданне кінуць піць. Члены не плацяць ніякіх узносаў — толькі добраахвотныя ахвяраванні.

— У таварыства АА ёсць праграма вылечвання ад алкагалізму «12 крокаў». Рэдка сустракаецца такі чалавек, які б рухаўся па нашым шляху і пацярпеў няўдачу, — зачытаў вядучы сустрэчы Раман (таксама алкаголік на шляху выздараўлення) вытрымку з кнігі «Ананімныя алкаголікі» (яе тут называюць «Вялікая Кніга»). — Не вылечваюцца толькі тыя, хто не хоча або не можа цалкам падпарадкаваць сваё жыццё нашай простай праграме. Звычайна гэта мужчыны і жанчыны, якія арганічна не могуць быць шчырымі самі з сабою. Здаецца, людзі проста нарадзіліся такімі. Яны па натуры не могуць засвоіць і падтрымліваць лад жыцця, які патрабуе няўмольнай шчырасці.

У суполцы ёсць таксама 12 традыцый, якія ствараюць атмасферу адкрытасці і дружалюбнасці ў групе. На пачатку сустрэчы ўсе яе ўдзельнікі па чарзе прагаворваюць і 12 крокаў, і 12 традыцый. Затым настае час хвіліны маўчання па тых, хто хворы, хто памёр ад гэтай спакусы, хто яшчэ шукае дарогу да выратавання. Потым усе прадстаўляюцца, нават калі ўжо знаёмыя, і расказваюць пра шлях свайго выздараўлення — гэта называецца падзяліцца пра радаснае ці балючае, што адбылося ў апошнія дні.

Пасля выбіраецца тэма для размовы. На сустрэчы, на якую трапіла я, тэмай абмеркавання было выбрана супраціўленне і абясцэньванне наведвання групы алкаголікаў.

Вольга, напрыклад, падзялілася тым, што ў яе два дня таму пачалося супраціўленне групам і ёй надакучыла штодня слухаць пра алкаголь. У адзіноце ёй ізноў стала кепска, таму яна вярталася да групы.

Вадзім вырашаў з дапамогай алкаголю ўсе свае праблемы. І ўжо наведваючы групу, ён раз-пораз зрываўся і ішоў «вырашаць праблемы алкаголем». Яго эмацыянальная запальнасць засталася з ім, і ён дагэтуль не кантралюе свае эмоцыі, якія могуць прывесці да злоўжывання, таму працягвае хадзіць у групу, бо больш за ўсё баіцца, што скончыць жыццё пад плотам.

Вікторыя ўспамінае, як яна зайздросціла калегам і злавалася на іх, нават калі ўжо пачала хадзіць на сустрэчы, і адчувала, што зайздрасць хутка яе проста раздавіць. І так было, пакуль яна не дайшла да сёмага кроку праграмы АА вылечвання ад алкагалізму. І цяпер набывае вопыт, як пазбавіцца ад гэтага дэфекту свайго характару, які з часам крыху трансфармаваўся ў жаданне даведацца больш і паспрабаваць нешта іншае, — тое, што адрозніваецца ад яе знаёмай мадэлі паводзін, якая прынесла боль і пакуты.

— Абясцэньванне групы ў мяне здарылася ў першы ж дзень. Аднак калі я дасягнула дна, мне дапамагла менавіта група.

Павел кажа, што ніколі не жыў сваім жыццём, пакуль не ўсвядоміў, што ён алкаголік.

Мікалай падзяліўся меркаваннем, што сустрэчы АА — пажыццёвае ўтрыманне, на якое ён трапіў у 21 год, а ўсё жыццё — недзе па-за межамі групы. Ён шукаў пралаз, каб вырвацца адсюль і выпіць:

— Але ж разава выпіць і расслабіцца не атрымліваецца, падтрымліваць псіхаэмацыянальны стан цвярозым у адзіноцтве вельмі цяжка, і ад разавых выпівак трэба адмовіцца наадрэз, інакш ніяк.

Аляксей хадзіў у групу 2,5 года, не піў, але ж за гэты час, як ён кажа, мала што ўсвядоміў. Было, адмовіўся ад сустрэч, мяркуючы, што цяпер усё ведае, але ж увесь час жыў са страхам:

— Я баяўся за кальцавую выехаць, каб раптам хтосьці не задаў няправільнае пытанне «піць будзеш?», я толькі на работу і назад выходзіў і ўсяго баяўся. Урэшце ізноў прыбег у групу і зразумеў, што я на сваім месцы і трэба ўсё ж разабрацца з гэтымі крокамі. Я ведаю, што адсюль выхаду няма, я народжаны алкаголікам, я «кайфажор», таму я павінен быць тут.

Пакуты не з-за п’янкі

Падобных груп Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Цэнтральная служба Ананімных Алкаголікаў» у Мінску прыкладна 25. Вышэйшае звяно арганізацыі — савет павераных (па адным ад кожнай вобласці) — абіраецца (з алкаголікаў) на канферэнцыі дэлегатамі ад розных груп тэрмінам на два гады. І ёсць павераны класа А — які не з’яўляецца алкаголікам. Плануецца, што з часам сярод павераных такога класа з’явяцца людзі ад розных грамадскіх і прафесійных арганізацый, дзейнасць якіх блізка спалучана з аказаннем дапамогі залежным ад алкаголю людзям ці якія выказваюць шчырую падтрымку дзейнасці Супольнасці ананімных алкаголікаў. Аднак у суполцы АА перавернутая сістэма іерархіі, і найгалоўнейшае месца ў ёй займаюць менавіта групы, для падтрымкі якіх і ствараюцца ўсе гэтыя структуры абслугоўвання Супольнасці ананімных алкаголікаў.

Фота аўтара

Члены АА расказваюць пра сваё існаванне ў турмах, у прымусовых лячэбных установах, і непасрэдна ў гэтых месцах узнікаюць суполкі ананімных алкаголікаў. Андрэй, алкаголік, які не п’е ўжо 18 гадоў, кажа, што найчасцей за ўсё заахвоціць чалавека захацець пазбавіцца ад залежнасці ўдаецца менавіта ў спецыяльных установах. Проста падысці на вуліцы да чалавека з бутэлькай — амаль нулявы варыянт, але і ён не выключаецца, ратаваць спрабуюць усіх. Часта спрацоўвае расклейка аб’яў, асабліва ў маладых раёнах, прынамсі, у сталічнай Каменнай Горцы, дзе групы размясціліся і ў касцёле, і ў праваслаўным храме.

Мой суразмоўца асобна падкрэслівае, што члены Супольнасці ананімных алкаголікаў не звязаны ні з якой сектай, веравызнаннем, палітычным напрамкам, арганізацыяй або ўстановай, не ўступаюць у палеміку па якіх бы там ні было пытаннях, не падтрымліваюць і не выступаюць супраць чыіх бы там ні было інтарэсаў. Галоўная мэта членаў Супольнасці ананімных алкаголікаў — заставацца цвярозымі і дапамагчы іншым алкаголікам здабыць здаровы, цвярозы лад жыцця. Групы і зборы членаў Супольнасці ананімных алкаголікаў праводзяцца ў самых розных месцах, а асноўным крытэрыем для выбару месца з’яўляецца даступнасць для дзейсных членаў супольнасці і тых, хто, магчыма, прыме рашэнне прыняць прапанаваную яму дапамогу ў адмове ад алкагалізму.

— Мы пакутуем не ад таго, што п’ём, а ад таго, што духоўна недасканалыя і не ведаем, як спакойна прымаць жыццё вакол нас, не выкарыстоўваючы алкаголь у якасці рэчыва, якое змяняе наша ўспрыманне, — працягвае Андрэй. Мы выконваем пэўныя працэдуры і першапачаткова пачынаем пазбаўляцца ад адбіткаў нашых негатыўных дзеянняў: злосці, крыўды, зайздрасці і іншага.

Нельга прымусіць выратавацца

Андрэй стараецца штодзённа бываць у групе. Нарадзіўся ён у сям’і атэістаў.

— Алкаголь упершыню я паспрабаваў гадоў у 11 — скраў у матулі 100 грамаў спірту, развёў яго з калінавым сокам, і разам з сябрам выпілі. Ап’янелі, спужаліся, што зараз памром, прылеглі на канапу. Бачым, не паміраем, настрой добры, усталі, пайшлі гуляць у хакей. Вадкасць прыйшла да нас як да сябе дадому. Другі раз напіўся, калі пайшоў катацца на лыжах. У 16 ужо выпіваў раз на месяц, і штораз мне было прыемна. Напрыканцы навучання ў ваенным вучылішчы ўжо стабільна ўжываў кожны тыдзень, і мае сябры былі такімі ж. Упэўнены, многія пазней сутыкнуліся з праблемай алкагалізму. На першым месцы працы я ўліўся ў кампанію маладых людзей, якія ўжывалі штодня... Размовы за «чаркай гарбаты» сталі хіба што не працоўнай неабходнасцю. З часам мой эгаізм узняўся да небывалых вышынь, мне стала здавацца, што дазволена ўсё. І аднойчы мяне паставілі на месца, закрыўшы перад носам вітрыну ларка. Я раз’юшыўся, разбіў шкло... Мяне накіравалі спачатку на гаўптвахту, а пасля — у псіхіятрычнае аддзяленне ваеннага шпіталя. За тыдзень, што я там быў, мяне звольнілі са службы. Пасля выпіскі да мяне прыйшоў мой таварыш, які расказаў мне пра АА. І я пайшоў.

Прымусіць чалавека вызваліцца да алкагольнай залежнасці немагчыма — яго недахопы, якія ўкараніліся ў паўсядзённае жыццё, не будуць пускаць яго ў суполку АА для выздараўлення. Значыць, ён яшчэ не гатовы прыняць прапанову на выратаванне, яшчэ вымушаны пакутаваць, упэўнены мой суразмоўца:

— Калі ў чалавека саспявае думка аб выздараўленні па праграме, ён сам выбірае сабе настаўніка з тых, хто ўжо гатовы дапамагчы іншым, абапіраючыся на свой вопыт у групе. Настаўніка можна ў любы момант змяніць. Пераход чалавека ад кроку да кроку таксама праходзіць па-рознаму і ў пэўны час. У выніку алкаголік на шляху выздараўлення атрымлівае адпаведныя развагі наконт жыцця без алкаголю і самастойны духоўны вопыт.

Былых алкаголікаў не бывае. Любы ўрач скажа, што алкагалізм — хранічнае, смяротнае і прагрэсіўнае захворванне. Менавіта таму на шлях выздараўлення можа стаць толькі той, хто сам сабе ставіць дыягназ «алкаголік». А алкаголік — гэта чалавек, які страціў кантроль над фактам ужывання алкаголю і над дозай напою. Пры гэтым можна піць не кожны дзень, а быць месяц (і нават год!) цвярозым, а пасля ўваходзіць у запой. Чалавек, які пэўны час не ўжывае алкаголь і праходзіць крокі, ужо не з’яўляецца актыўным алкаголікам. Ён той, хто выздараўлівае. Аднак калі ён возьме ў рукі чарку, то сарвецца, бо такія людзі не ўмеюць ужываць умерана. Гэта і ёсць адметная рыса алкаголіка. Аднак некаторыя співаюцца... каб стаць лепш, шчыра перакананы Андрэй. Ён кажа, што на сваім прыкладзе ведае: калі б не стаў алкаголікам, то так і застаўся б «высакамерным падонкам». Нездарма ў кнізе «Ананімныя алкаголікі» напісана: «члены АА або павінны трымацца разам, або яны загінуць паасобку».


Тэлефон даверу Ананімных Алкаголікаў +375 (44) 555-99-40

Сайт.


Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.