Вы тут

Святкаваць юбілей Уладзімір Громаў будзе цягам некалькіх месяцаў


Асабісты 50-гадовы юбілей адзначае 23 жніўня народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, саліст нашага Вялікага тэатра. Сёння ён прымае віншаванні ад сяброў, калег і нават ад імя дзяржавы, але віншаванні і вітанні гледачоў для яго прагучаць з пачаткам новага тэатральнага сезона.


Уладзімір Громаў заняты ў вялікай колькасці спектакляў — ён і Беларэцкі ў «Дзікім паляванні караля Стаха» Солтана, і Макбет у оперы Вердзі, князь Ігар у Барадзіна, Кізгайла ў беларускай оперы «Сівая легенда» Смольскага... Але ў верасні-кастрычніку яму будуць прысвечаны тры вечары, тры спектаклі, у якіх можна пачуць барытон Уладзіміра Громава. Напрыклад, 19 верасня ёсць магчымасць ацаніць яго выкананне партыі графа Скарпіа ў оперы Джакома Пучыні «Тоска». Няпростая роля, няпросты герой. Між іншым, усе тры спектаклі, абраныя дзеля святкавання юбілею Громава, менавіта з неадназначнымі персанажамі, калі не сказаць больш рэзка. Вось Рыгор Гразны ў «Царскай нявесце» Мікалая Рымскага-Корсакава, якую можна будзе паслухаць 30 верасня: закаханы герой, якія пляце інтрыгі, гатовы забіваць і нават каханую ён труціць. Герой, зусім не варты захаплення — але ж задача для артыста зрабіць так, каб мы яго менавіта такім убачылі і адчулі, інакш спектакль не дасягне сваёй мэты. Ці Яўген Анегін, пра «складанасць натуры» якога ўсе ведаюць са школы, але опера Чайкоўскага стварае вобраз музычнымі сродкамі, таму вельмі важна, каб партыю спяваў артыст, які «трапляе» у ролю, як гэта робіць Уладзімір Громаў — і па голасу, і па фактуры. Ёсць героі, у вобразах якіх ён вельмі арганічны. Нездарма опера «Яўген Анегін» — адзін з самых любімых спектакляў артыста, у якім мы яго ўбачым яго 3 кастрычніка.

Хто наведвае Вялікі тэатр Беларусі, той добра ведае гэтага спевака, які з’яўляецца салістам оперы больш за 20 гадоў — з 2000 года. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вельмі хутка набыў прыхільнікаў сярод гледачоў і ўжо ў 2008 годзе быў адзначаны медалём Францыска Скарыны — за заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва. У 2018 годзе яго адзначылі Нацыянальнай тэатральнай прэміяй як выканаўцу лепшай мужчынскай ролі ў музычным спектаклі: у оперы Джакома Пучыні «Багема», пастаноўку якой здзейсніў расійскі рэжысёр Аляксандр Цітэль, Громаў выканаў партыю Марселя. Яркі артыст, запатрабаваны не толькі як выканаўца на радзіме, ён удзельнічае ў спектаклях за межамі Беларусі, яго запрашаюць у якасці члена журы міжнародных конкурсаў. Званне народнага артыста Беларусі Уладзіміру Громаву прысвоілі ў 2020 годзе. Так, ён саліст оперы — а яна чамусьці лічыцца ў нас не надта «народным» жанрам, але ўсё мяняецца. У тым ліку дзякуючы харызматычным артыстам, голас якіх хочацца слухаць. Народ мае магчымасць ведаць сваіх герояў культурнай галіны, якія акрамя тэатра часта выступаюць як салісты на вялікіх канцэртах дзяржаўнага ўзроўню.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».