Вы тут

Чым жыве шматдзетная сям’я, якая сёлета заваявала тытул «Уладар сяла»


Жыла-была звычайная сям’я ў вёсцы Паляцічы Кобрынскага раёна. Будавалі дом, гадавалі траіх дзяцей... І раптам сталі знакамітымі, бо гэтым летам выйгралі тытул «Уладар сяла — 2023». Знаёмства з сям’ёй Шавялёвых паказала, што яны не проста вяскоўцы, а рупліўцы, якія шмат працуюць, шмат падарожнічаюць, увесь час імкнуцца развівацца і спасцігаць новае, словам, жывуць цікава і насычана. Але аб усім па парадку.


Дзесяць гадоў разам

Ірына і Сяргей запрашаюць у свой утульны дом, дзе кухня-сталовая, прасторная, светлая, — мара любой гаспадыні. І пахне свежай выпечкай. Сустрэча наша адбывалася 9 жніўня.

— Заўтра ў нас дзесяцігоддзе вяселля, — гаворыць галава сям’і.

— Адзначым вельмі сціпла, у сямейным коле, — дадае жонка. — І не верыцца нават, что дзесяцігоддзе прайшло. Для мяне ў пэўным сэнсе час спыніўся, як выйшла замуж. Бывае, лаўлю сябе на думцы, што ўспрымаю сябе ўсё той жа, дваццацігадовай. Відаць, таму што гэтае дзесяцігоддзе ўмясціла ў сябе вельмі многа, вось і праляцела імкліва. А калі дзевяцігадовая дачка просіць купіць модную рэч (смяецца), тады ўспамінаю, колькі мне гадоў.

Ірына расказвае, што выраслі яны з мужам амаль у суседніх вёсках, а пазнаёміліся падчас вучобы. Вучыліся ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце на адным факультэце, па адной спецыяльнасці. Ён — на трэцім курсе, яна — на першым. Праз два гады, калі Сяргей заканчваў вучобу, згулялі вяселле. Яна працягвала вучыцца на дзённым аддзяленні. Незадоўга да выпуску нарадзілася дачушка Варвара. Маладая мама здавала апошнюю сесію, рыхтавалася да абароны дыплома, з малой дапамагалі маці і бабуля. А ў дзень абароны даведалася, што чакае другое дзіця. 

І ўжо калі ў сям’і было двое малых, яны прынялі рашэнне будаваць дом.

Абое па спецыяльнасці інжынеры-меліяратары, атрымалі размеркаванне на Кобрынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Спачатку жылі ў бацькоў Ірыны ў Батчах. Родныя прапаноўвалі будаваць кватэру ў Кобрыне, абяцалі дапамогу. Але маладыя муж і жонка вырашылі ўзводзіць свой дом — абое ж выраслі ў вясковых хатах, на прыродзе, на чыстым паветры. Таму ўзялі ўчастак у Паляцічах і ўвязаліся ў будоўлю. Ірына ўжо выйшла з дэкрэтнага, працавала на адным прадпрыемстве з мужам, толькі ён — прарабам, а яна — інжынерам у планавым аддзеле. І недзе бліжэй да завяршэння будаўніцтва дома даведаліся аб тым, што зноў чакаюць дзіця. Дачушку Мірыям з матуляй шчаслівы бацька забіраў з радзільнага дома ўжо ў свой дом.

Іншы ўзровень усведамлення

— Трэцяе дзіця — гэта зусім іншы ўзровень адчуванняў, — расказвае Ірына. — Не магу сказаць, што з Мірай не было цяжкасцяў, бяссонных начэй, гэтых абавязковых колікаў і тэмпературак ад прарэзвання зубоў. Усё было, але яно пралятала неяк амаль непрыкметна. Па-першае, вопыт, навыкі, веданне, што ўсё пройдзе, і не трэба зацыклівацца на любой з маленькіх праблем. З трэцім у цябе ўжо няма страхаў: калі скажа першае слова, калі вылезе зуб, калі зробіць першы крок? Ведаеш, што ўсё прыйдзе ў свой час... А па-другое, толькі з трэцім дзіцем я адчула сапраўдную асалоду, як цяпер кажуць, кайф ад мацярынства.

— Не раз даводзілася чуць, што паўнавартаснай сям’я можа быць толькі з трыма дзецьмі, — падтрымлівае размову муж і бацька. — А чаму так і ці так гэта, хто ведаў? Цяпер становіцца зразумела. З трэцім дзіцем прыходзіць новы ўзровень усведамлення мацярынства і бацькоўства. Ва ўсякім разе, у нас выйшла менавіта так. Мы адчуваем сябе сям’ёй у поўным складзе, нібы нарэшце сабраліся разам і зажылі.

Пра матэрыяльнае і духоўнае

За дзесяць гадоў гэтая сям’я паспела многае: у іх ёсць трое дзяцей, дом, дабрабыт і самае галоўнае — любоў і павага. А яшчэ Ірына сказала, што сям’ю будуюць па біблейскіх прынцыпах. Яны — евангельскія хрысціяне-баптысты. 

Служаць у царкве і дзяцей прывучаюць да веры і жыцця без шкодных звычак, дрэнных слоў і злосці ў адносінах. Цікава, што Ірына вырасла ў сям’і хрысціян-баптыстаў, а Сяргей раздзяліў яе веру напярэдадні ўступлення ў шлюб. Ну а дзеці з самых першых дзён жыцця ўспрымаюць такі лад жыцця як норму. Ірына кажа, што сваёй задачай яны бачаць не прывучыць дзяцей да пэўных рамак у паводзінах, а падвесці іх да ўсведамлення, што шчасліва жыць можна менавіта так. Галоўнае, каб гэта быў іх свядомы выбар, а не абмежаванні ва ўгоду бацькам. Так, прынамсі, было ў яе дзяцінстве. У жыцці насамрэч многа цудоўнага, светлага, да чаго трэба імкнуцца, напрыклад, падарожжы, спасціжэнне новага. Любоў да вандровак — вызначальная рыса гэтай сям’і.

Сям’я Шавялёвых на фінальным этапе конкурсу з групай падтрымкі

— Аднойчы на сваім маленькім сямейным савеце мы прыйшлі да высновы, што трэба не толькі імкнуцца паляпшаць дабрабыт, будаваць, здабываць, але і назапашваць эмоцыі, успаміны, — расказваюць сужэнцы. Так і робім ужо некалькі гадоў. Адкрываем і сваю краіну, і іншыя. Раней падарожнічалі з двума дзецьмі, а цяпер — з трыма. Летась, напрыклад, ляталі ў Грузію ўсе разам. Міры было толькі паўтара года, непакоіліся, як яна перанясе пералёт. А яна спала ў самалёце ўвесь час!

Успаміны і эмоцыі

Сёлета сям’я адправілася на адпачынак у далёкае падарожжа — у Краснадарскі край. Ездзілі машынай, у адзін бок адлегласць склала дзве з паловай тысячы кіламетраў. Адны наўрад ці адважыліся б на такі пераезд, а так сабралася чатыры сям’і аднадумцаў-знаёмых, ну і выправіліся ў дарогу.

— Яшчэ прыводзім у парадак уражанні, эмоцыі, здымкі, — расказвае Сяргей. — Яны самыя найлепшыя. Столькі ўсяго ўбачылі цікавага на экскурсіях, накупаліся ў Азоўскім моры. Дзеці былі проста ў захапленні ад наведвання заапарка. Адразу ўсяго і не раскажаш. Галоўнае, што дзякуючы нашым сябрам усё было дакладна арганізавана. Усе гатэлі на начлег браніравалі загадзя. Ехалі днём, увечары і ноччу адпачывалі, таму за дарогу асабліва не стаміліся ні мы, ні дзеці. Прыдарожны сэрвіс выглядаў цалкам здавальняльна, падсілкавацца свежым і гарачым выпадала заўсёды. Там мы здымалі вялікі пакой на пяць ложкаў — з тэлевізарам, кандыцыянерам, халадзільнікам — у прыватным сектары. Не пяць зорак, але ж чыста і бюджэтна.

Калі прыехалі і падбілі баланс, то высветлілася, што адпачынак абышоўся ў два з паловай разы танней, чым летась з авіяпералётам. Гэта важна, бо пасля адпачынку адразу на парадак дня паўсталі клопаты па падрыхтоўцы старэйшых да школы, малой да садка. Самі ведаеце, што гэта не танна. Але, нягледзячы на вымушаную эканомію — як заўсёды пасля паездкі ў адпачынак, — мы ўжо абмяркоўваем планы на наступнае лета, а зімой пачнём пакрысе адкладваць грошы на новае падарожжа.

Праца як крыніца дабрабыту

Мірыям гэтай восенню пойдзе ў садок, а яе мама — на працу. Ірына сказала, што ніколі не разглядала перспектыву быць хатняй гаспадыняй, хоць пры наяўнасці траіх дзяцей, дома і ўчастка з агародам і садам работы хапіла б. Распарадак дня будзе напружаны, але ў іх ужо ўсё прадумана. Паколькі ў Сяргея работа пачынаецца ў 6.30, то падымаецца ён у 5.30. У Ірыны работа пачынаецца ў восем, але да той пары трэба будзе прыгатаваць сняданак, сабраць і выправіць старэйшых у школу, адвезці малую ў садок і паспець на працу.

— Цяпер я ўстаю пазней, але з пачаткам работы і навучальнага года, думаю, будзем падымацца разам. У нас дзве машыны, я таксама вадзіцель са стажам. А да работы з вёскі ехаць чвэрць гадзіны, так што ўсё паспею. Мы не лянівыя, абое працавітыя. Муж заўсёды бярэцца за любую падпрацоўку, каб зарабіць капейку для сям’і. Свой агарод таксама дае пэўную эканомію. Актыўна робім нарыхтоўкі. Агуркоў шмат ядзім зімой, і памідоры ўжо нарыхтавалі. Свае бульба, цыбуля, морква. Гэтым летам Вара актыўна дапамагала палоць цыбулю і добра спраўлялася. Лічу, што дзеці з малых гадоў павінны прывучацца да працы. Матфей не адыходзіць ад бацькі, калі той завіхаецца каля машыны. Думаю, што асабісты прыклад — найлепшае выхаванне, — разважае Ірына.

Вячэрняя гарбата

Пытаюся, ці лічаць яны сябе строгімі бацькамі. Ірына задумваецца. Кажа, што хутчэй не, чым так: «Стараемся гаварыць, стараемся, каб дзеці разумелі, калі нешта, напрыклад, ім забараняецца. Тлумачым, чаму забаронена, да чаго прывядзе адваротнае. Усяляк бывае. Думаю, ці ёсць наогул такая сям’я, дзе б не павысілі голас альбо не насварыліся на дзяцей, калі тыя сваволяць альбо робяць нешта не так? Усё бывае, але імкнёмся спакойна разрульваць такія сітуацыі. У нас такое сямейнае правіла ёсць: усе крыўды і непаразуменні вырашаць да захаду сонца, то-бок не пакідаць на наступны дзень, а прагаворваць іх да вечара.

Напрыклад, мы з мужам падводзім вынікі кожнага дня. У нас ёсць традыцыя: пасля таго, як дзеці лягуць спаць, мы п’ём вячэрнюю гарбату і размаўляем на кухні. Днём гэта не заўсёды ўдаецца. Часцей за ўсё рытм дня бывае напружаны, у ім многа працы, многа спраў, а гэта гадзіна наша, нікуды не трэба спяшацца, і гэту гадзіну я люблю. Гаворым аб усім. Напрыклад, Сярожа схіляе мяне заняцца іншай справай, напрыклад, кулінарыяй, выпечкай. 

Кажа, што ў мяне гэта атрымліваецца і я б магла развівацца ў гэтым кірунку. Пакуль не адважваюся. Адна справа — пячы пірагі для сям’і, і зусім іншая — адкрыць свой бізнес. Можа, калі і саспею для такога рашэння, а пакуль маю намер выйсці на ранейшую работу.

Каштоўны вопыт

За дзень да дзесяцігоддзя пытаюся, якім яны хацелі б бачыць дваццацігоддзе сумеснага жыцця. Ірына задумваецца, потым гаворыць, што хацелася б скончыць бытавыя клопаты, звязаныя з будоўляй і добраўпарадкаваннем, пачаць збіраць пэўную суму для падтрымкі дзяцей на першым этапе. Бо і ім дапамаглі бацькі, і гэта выглядала вельмі важным. А яшчэ, перакананая, яны будуць шмат падарожнічаць.

Звяртаю ўвагу на кут, дзе складзены каробкі з прадметамі бытавой тэхнікі, новымі рэчамі.

— Гэта ж падарункі за ўсе этапы конкурсу «Уладар сяла», — гавораць гаспадары. Сапраўды, яны выходзілі пераможцамі на раённым, абласным этапах, а затым перамаглі і на фінальным рэспубліканскім аглядзе. Пытаюся, чаму навучыў іх удзел у такой новай для сябе справе.

— Па-першае, пераадолела сваю баязлівасць, — гаворыць шматдзетная мама. — Я па натуры чалавек не публічны, і выйсці на сцэну, тым больш з усёй сям’ёй, для мяне не выглядала простым. Па сваёй ініцыятыве мы дакладна не падалі б заяўку на конкурс. Але перад раённым конкурсам аб гэтым папрасіла старшыня сельвыканкама. Я і не пагадзілася адразу, ды муж аказаўся больш схільны, а ў нас канчатковае рашэнне заўсёды прымае галава сям’і. Словам, мы, як і перад пачаткам любой справы, памаліліся і ўзяліся за падрыхтоўку.

Доўга думалі над тым, як зрабіць цікавай прэзентацыю сям’і. Я не вышываю, у мяне няма ручнікоў, сурвэтак, якімі іншыя сем’і ўпрыгожвалі свае імправізаваныя падворкі. Каб наглядна расказаць пра захапленне сям’і, мы паказалі пікнік. Мы сапраўды часта адпачываем на прыродзе, ходзім у паходы з палаткай. Паставілі палатку, казан, мангал, расклалі прыгожыя бутэрброды, якія гатавалі з чатырох гадзін раніцы. Быў там і мядовы пірог, і іншыя пачастункі. Спецыяльна для гэтага дня я напісала верш, у якім прадставіла сям’ю, яе каштоўнасці і традыцыі. Як бачым, журы ацаніла. Хоць варта сказаць, што ўсе сем’і былі дастойныя.

Цяпер ужо з пазіцыі пэўнага часу бачыцца, што гэта быў таксама карысны вопыт, а яшчэ цікавай аказалася праграма мерапрыемства з экскурсіямі. Асобных слоў падзякі заслугоўвае група падтрымкі, якая ездзіла з намі. Адным словам, будзе што ўспомніць і праз гады.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Кобрынскі раён

Фота з архіва сям’і Шавялёвых

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.