Вы тут

У Магілёўскім раёне бум на нерухомасць за адну базавую


Сімвалічная плата за дом — 37 рублёў на сённяшні дзень, лічы, бонус ад Указа № 116. Закон ствараўся для таго, каб навесці на вёсцы парадак з пустымі дамамі. Спачатку былі складанасці з яго прымяненнем. Але як толькі ўсё стала на свае месцы, працэс пайшоў.


Гэты дом ужо знайшоў сабе гаспадароў

Да старшыні Семукацкага сельсавета Тамары Укружскай сёння ездзяць па перадавы вопыт. Вельмі спрытна ў яе атрымліваецца знаходзіць для дамоў новых гаспадароў.

— На пачатак года ў рэестры пустых жылых дамоў налічвалася 73 будынкі, — расказвае яна. — На сённяшні дзень прададзены 21 дом, чатыры знесены, яшчэ 16 рыхтуюцца пад знос. З бюджэту пад гэта ўжо выдзелены грошы. Па астатніх працуем у судовым парадку.

Вядома, што нічога само па сабе не робіцца, трэба шукаць гаспадароў, якія гадамі не прыязджаюць на сваю сядзібу, весці з імі перапіску, умець дамаўляцца.

— Прасцей, калі дом зарэгістраваны ў Агенцтве па нерухомасці і зямельным кадастры, — расказвае суразмоўніца. — У такім выпадку знайсці ўласніка не праблема. Цяжэй, калі дом вымарачны і ў яго няма ні ўласніка, ні спадчынніка. Але мы знайшлі выйсце і тут. Апытваем суседзяў, мясцовых жыхароў. Дастаткова знайсці аднаго члена сям’і, астатнія потым самі дадуць аб сабе знаць.

Бывае, што спадчыннікі паводзяць сябе вельмі легкадумна і не спяшаюцца ўступаць у правы. Калі на працягу паўгода пасля смерці былога гаспадара дома спадчыннік не ўзаконіўся, прыходзіцца рабіць тое ўжо ў судовым парадку. А гэта дадатковыя выдаткі.

У Семукацкім сельсавеце 29 населеных пунктаў, па 27 з іх пытанне з пустымі хатамі ўжо цалкам вырашана. Самае цікавае, што жадаючыя на безгаспадарную маёмасць хутка знаходзяцца. Адпаведная інфармацыя размяшчаецца на сайце сельсавета, і яе адсочваюць.

— Мы з задавальненнем дапамагаем усім тым, хто да нас звярнуўся, знайсці найбольш падыходзячы варыянт, — расказвае старшыня сельсавета. — Для людзей, у якіх няма асабістага транспарту, вельмі моцная прывязка да грамадскага. І мы гэта абавязкова ўлічваем. Вось звярнулася да нас шматдзетная сям’я з Магілёва. На жаль, той дом, які яны прыглядзелі, ужо забралі. Я ім прапанавала іншы. У дарозе высветлілася, што яны збіраюцца ездзіць сюды з Магілёва аўтобусам. Улічваючы што сям’я вялікая — бацькі і пяцёра дзяцей, паездкі маглі б уляцець ім у капеечку. Я прапанавала разглядзець варыянты з прывязкай да больш таннага чыгуначнага транспарту. Паказала ім адзін дом 1976 года пабудовы, ім спадабаўся.

І гэты таксама знайшоў

Вядома, што 37 рублямі (адной базавай) справа не абмяжоўваецца. Трэба яшчэ аформіць дом на сябе, а гэта каля 800-850 рублёў. Але такая сума ўносіцца на працягу паўгода — па ходу ўступлення ў правы. А спачатку ўносіш адну базавую — і можна спраўляць наваселле.

— Прыемна, што да нас вельмі часта звяртаецца моладзь да 35 гадоў, — кажа Тамара Укружская. — Для іх 30-40 кіламетраў ад горада да вёскі — не адлегласць. Нядаўна паказвала сям’і домік на беразе Друці. Ён невялічкі, але жывы і ўтульны ўнутры. Мужчына, калі зайшоў у яго, нават не стрымаў эмоцый: «Няўжо не дарэмна жыў». Вельмі спадабалася хата. Яшчэ адна маладая сям’я была ў захапленні ад доміка на ўскрайку вёскі. Ад яго дарога ідзе проста ў лес.

Суразмоўніца кажа, што заўсёды прапануе суіскальнікам нерухомасці зайсці ўнутр дома і ацаніць яго энергетыку. Быў выпадак, калі пакупнік, адчуўшы нейкае трапятанне, спытаўся: «А хто тут жыў?». Яму хата падалася вельмі цёплай і роднай, быццам бы тут прайшло жыццё блізкага яму па духу чалавека.

Попыт на маёмасць у магілёўскай глыбінцы ёсць і ў расіян. Так, жанчына з Архангельскай вобласці купіла спачатку кватэру ў Магілёве, а потым прыглядзела нерухомасць у Магілёўскім раёне. Яе скарыў маленькі домік з бярвення. Купляюць сабе дамы і самі сяляне. Прычыны розныя. Камусьці надакучала жыць у казённай маёмасці, захацелася мець сваё асабістае. Нехта купляе дом побач, напрыклад, з бацькамі. Каб больш зручна было даглядаць.

А гэты яшчэ ў пошуку

— Адзіны недахоп, які ёсць у законе, — адсутнасць выразнай фармулёўкі наконт адказнасці для тых, хто не паспеў прывесці у адпаведнасць з патрабаваннямі атрыманую за адну базавую велічыню нерухомасць, — адзначае дэпутат. — На тое чалавеку даецца год. Гэта значыць, што на працягу дадзенага перыяду, фасад дома павінен набыць прыстойны выгляд. Як і тэрыторыя вакол яго.

Тамара Укружская прызнаецца, што выпадкаў, калі шчаслівы ўладальнік доміка ў глыбінцы не спраўляецца са сваімі абавязацельствамі, няшмат, але яны ёсць. Прыходзіцца ўвесь час іх штурхаць у плечы, нагадваць, што дом можа вярнуцца ў рэестр пустых. Але прасцей было б уздзейнічаць, калі б такі момант быў прапісаны ў законе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Семукацкага сельсавета

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.