Вы тут

Што галоўнае ў рэалізацыі любой грамадзянскай ініцыятывы


На Гомельшчыне ў раёнах рыхтуюцца да правядзення чарговага конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Цяпер ён пройдзе ўжо з улікам абноўленага Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, які ўступіць у сілу ў верасні. У рэгіёне на рэалізацыю мясцовых ініцыятыў зарэзервавана 200 тысяч рублёў: на парытэтных асновах з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Сёння ў раёнах нацэленыя на значную работу па вылучэнні новых ідэй жыхароў населеных пунктаў на конкурс. Старшыні раённых Саветаў дэпутатаў Гомельшчыны тэме рэалізацыі ініцыятыў прысвяцілі традыцыйны навучальны семінар, што прайшоў на тэрыторыі Добрушскага раёна. Карэспандэнт «Звязды» паехала туды разам з дэпутатамі, каб убачыць вопыт, які варта пераняць і ў іншых рэгіёнах.


Працоўная тэрапія

Дэпутаты наведалі Добрушскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ва ўстанове рэалізоўваюць некалькі праектаў працоўнай тэрапіі для людзей з інваліднасцю. На 3D-прынтары спецыялісты і іх падапечныя навучыліся друкаваць адаптыўныя сродкі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта трымальнікі для алоўкаў, лыжак і відэльцаў, кубкаў. Вырабы пратэсціраваны і ўхвалены спецыялістамі-рэабілітолагамі. Адаптыўныя сродкі, вырабленыя тут, распаўсюджваюцца не толькі сярод наведвальнікаў цэнтра, але накіроўваюцца для патрэб дамоў-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ў раёнах Гомельскай вобласці Як растлумачыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Добрушскага раёна Алена Алейнікава, для працоўнай тэрапіі наведвальнікаў набытыя швейнае абсталяванне і прылады для нанясення сублімаваных выяў. Спецыялісты і іх падапечныя наносяць малюнкі на футболкі, упрыгожваюць такім чынам і фарфоравыя кубкі. Акрамя таго, наведвальнікі цэнтра вырошчваюць кветкі і гародніну ў цяпліцах, робяць выпечку.

Юныя музейшчыкі

У аграгарадку Карма дэпутаты наведалі знакамітую праваслаўную святыню — добрушскі Свята-Іаана-Кармянскі манастыр. Насельніцы манастыра падтрымліваюць і актыўна дапамагаюць у розных ініцыятывах вучням і педагогам кармянскай школы, якая знаходзіцца побач з манастыром.

Ва ўстанове адукацыі сіламі калектыву настаўнікаў, вучняў і іх сем’яў створаны музей. Яго багатая экспазіцыя расказвае аб гісторыі быту вяскоўцаў, выдатных ураджэнцах і жахарах Кармы. Экскурсіі па музеі праводзяць самі школьнікі.

Адпачыць каля Сізоўкі

У аграгарадку Леніна, што за 45 кіламетраў ад Добруша, сёння пражывае каля 700 чалавек. Дэпутаты змаглі ацаніць вынікі ўвасаблення ў жыццё грамадзянскай ініцыятвы мясцовых жыхароў. Менавіта праект вяскоўцаў па добраўпарадкаванні сажалкі Сізоўка, што ў цэнтры аграгарадка, стаў адным з пераможцаў мінулага абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятываў. Ідэю рэалізавалі пры падтрымцы Банка развіцця Рэспублікі Беларусь і Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. 

На месцы выкарчаванага хмызняку каля сажалкі вяскоўцы залажылі фруктовы сад, пабудавалі альтанку, устанавілі лаўкі. Цалкам змяніў свой вонкавы выгляд і сам вадаём. Яго ачысцілі, паглыбілі, зарыбілі.

— Практычна кожны жыхар вёскі паўдзельнічаў у добраўпарадкаванні зоны адпачынку, якую мы назвалі, як і саму сажалку — «Сізоўка». Неацэнную дапамогу нам таксама аказалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, сельгаспрадпрыемства «Завідаўскае», — адзначыла старшыня Ленінскага сельвыканкама Добрушскага раёна Тамара Буйкевіч.

На рэалізацыю згаданай ініцыятывы у межах абласнога конкурсу было выдзелена шэсць тысяч рублёў, 1700 рублёў сабралі самі жыхары.

Шанаваць, што зроблена

Увогуле ў Добрушскім раёне на працягу года рэалізавана 16 грамадзянскіх ініцыятыў. У асноўным яны датычацца добраўпарадкавання сацыяльна важных тэрыторый у населеных пунктах.

Як нагадала старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч, падчас першага конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў, які прайшоў летась у рэгіёне, у цэлым было заяўлена 68 праектаў, абраныя найлепшымі і рэалізаваныя 17 з іх.

— Галоўная задача семінара з удзелам дэпутатаў — прааналізаваць рэзервы, якія ёсць у рабоце па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, — звярнула ўвагу лідар дэпутацкага корпуса Гомельшчыны. — Маё вялікае перакананне: самае галоўнае ў рэалізацыі любой ініцыятывы — гэта не фінансы, а сама ідэя. Яна, як правіла, зараджаецца на месцы — у пасёлку, вёсцы, на тэрыторыі сельсавета ці раёна. Гэтыя ідэі зыходзяць ад нашых людзей. Вядома, фінансавая дапамога адыгрывае немалаважную ролю. Пры гэтым важна, каб частка сродкаў на ўвасабленне ў жыццё ідэі накіроўвалася і самімі жыхарамі. Людзі шануюць тое, што было створана іх рукамі.

Як нагадала Кацярына Зенкевіч, сёння, безумоўна, ёсць запыт у жыхароў населеных пунктаў на ажыццяўленне грамадзянскіх ініцыятыў. Такая дзейнасць цяпер будзе адлюстравана ў заканадаўчых нормах. Так, сёння на абласным узроўні праводзіцца работа па зацвярджэнні заканадаўчых дакументаў, якія дазволяць у далейшым працаваць над рэалізацыяй праектаў.

— Перакананая, што конкурсы грамадзянскіх ініцыятыў павінны праводзіцца не толькі на абласным, але і на раённым узроўні. Для заахвочвання людзей і далейшай папулярызацыі падобнай работы органы мясцовай улады, дэпутацкі корпус павінны актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі інфармавання і падтрымкі зваротнай сувязі, месенджары і сацыяльныя сеткі, — звярнула ўвагу старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».