Вы тут

Як жыве вёска Чаравачыцы, якую 80 гадоў таму спалілі акупанты


У лістападзе споўніцца 80 гадоў трагедыі вёскі Чаравачыцы. Партызаны адзначылі гадавіну Кастрычніка ўзрывам варожага эшалона. А Чаравачыцы аказаліся найбліжэйшым ад чыгункі населеным пунктам, і злосць фашыстаў абрынулася на галовы ні ў чым не павінных людзей. Многім тады ўдалося выратавацца, уцячы, а 56 жыхароў вёскі былі забітыя, 18 сядзіб з усёй маёмасцю згарэла. У Чаравачыцах яшчэ жыве сведка падзей ваеннага часу.


Дзіця вайны, ветэран калгаснай працы

Анатолю Сцяпанавічу Хамічуку-Валасюку сёлета пайшоў 92-гі год. Калі пачалася вайна, яму было дзевяць. Мужчына добра памятае дзень, калі ў вёсцы з’явіліся немцы:

— 22 чэрвеня з ночы пачалі бамбіць, было чуваць выбухі, а недзе перад абедам яны з’явіліся ў нас у садзе. Было, вядома, страшна. Яны гаварылі паміж сабой на незразумелай мове. З намі, дзецьмі, праўда, спрабавалі жартаваць, гаварылі, напрыклад: «Москаў, капут». Гэта былі салдаты рэгулярнай арміі. Яны жылі ў нас некалькі дзён, а потым раптам падняліся і з’ехалі па трывозе, забыліся нават некаторыя рэчы. Так мне дастаўся бінокль, у які я назіраў за небам, бачыў, якія самалёты ляцяць. Калі з чырвонай зоркай — значыць, нашы, калі з чорным крыжам — значыць, нямецкія. Не раз бачыў паветраныя баі, як падалі нашы самалёты.

У 1942 годзе ў акрузе з’явіліся партызаны, тады немцы сталі ўсяляк душыць мясцовае насельніцтва. Гэта ўжо былі карнікі, спецыяльныя падраздзяленні... У той дзень мы спалі дома: бацькі, мае дзве сястры і я. Не ведаю, чаму, потым казалі, лёс злітаваўся над сям’ёй, але я прачнуўся ў тры гадзіны ночы і ўбачыў праз акно агонь. Гарэлі суседнія хаты. Разбудзіў усіх, мы выскачылі на двор, нават карову паспелі выпусціць з хлява. Наўкола — жах: хаты гараць, страляюць, а стрэхі з саломы — дастаткова запальнай куляй трапіць у дах, як хата пачынала гарэць... Людзі бягуць, па іх страляюць. Па нас таксама стралялі, але не трапілі ў цемры, а сям’ю суседзяў забілі ўсю: мужа з жонкай, чацвярых дзяцей, старую маці. Мы з’ехалі ў Жабінкаўскі раён, доўгі час жылі ў чужых. Нагараваліся, адным словам, — падсумоўвае пажылы чалавек.

Анатоль Хамічук-Валасюк

Анатоль Сцяпанавіч расказвае, як пасля вызвалення жывыя вярталіся ў вёску, будавалі, як маглі, хаціны, наладжвалі жыццё. Пасля вайны жылі бедна, згадаў, як хадзіў у падраных штанах, бо не было за што справіць абнову. Потым ужо, калі стаў калгас, пакрысе пачало паляпшацца жыццё.

Спачатку ён працаваў паляводам, хадзіў у брыгаду. Памятае, як ездзілі падводай у Баранавічы па шыфер. Гаспадарцы патрэбны быў будаўнічы матэрыял. А іншага транспарту, акрамя каня з возам, не было. Вось і выправіліся восем падводаў, тры дні ехалі. А сена нарыхтоўваць для калгаснага статка ездзілі, напрыклад, за дваццаць кіламетраў. Спрытнага, талковага працаўніка паляводчай брыгады спачатку накіравалі на курсы трактарыстаў, а потым вывучыўся на вадзіцеля. Трыццаць гадоў у жніво працаваў камбайнерам.

— Такія ўмовы і такія ўраджаі, як цяпер, нам і не сніліся, — гаворыць ветэран працы. — Калі мы збіралі 700 кілаграмаў збожжа з гектара, гэта быў добры вынік. 

Царква, мемарыяльная дошка

А цяпер па тэлевізары чую, з гектара збіраюць па тры-чатыры тоны. Машыны якія цяпер, зарплаты ў механізатараў якія! А я памятаю, як у першыя калгасныя гады разам з 200 грамамі збожжа за працадзень я атрымаў у канцы года 18 рублёў. Купіў тады сабе новую ватоўку.

Некаторы час я працаваў на камбайне і грузавіку адначасова. Ехаў на поле машынай, потым сядаў на камбайн, змалачу бункер ці два, памочнік кіруе камбайнам, я падводжу машыну, ссыпаю збожжа і адвожу на ток. Вось так працавалі, быў час, — працягвае ўспаміны калгасны ветэран.

У свой час Анатоль ажаніўся, выгадавалі з жонкай дваіх дзяцей. Трымалі вялікую гаспадарку, дзве каровы, свінні, птаства. Як перадавіку вытворчасці калгас выдзеліў так званы фінскі домік. Па яго аж у Маскву ездзілі. Прывезлі зборна-шчытавую канструкцыю, тут склалі амаль за дзень. Тады шмат такіх дамоў было, іх мог дазволіць сабе толькі заможны калгас.

Цяпер Анатоль Сцяпанавіч жыве ў тым жа доме з сям’ёй дачкі Святланы. Па стане здароўя ён мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, з-за чаго Святлане нават давялося пакінуць работу. «Да 86 гадоў за рулём сядзеў, маіх дачок у школу адвозіў, са школы сустракаў. Без працы ніколі не быў да той пары, пакуль хвароба не ўсадзіла ў інваліднае крэсла», — гаворыць Святлана Анатольеўна.

Чаго шкада з ранейшага жыцця?

У такім жа фінскім доме жывуць паважыныя пенсіянеры, вясковыя актывісты Ізбіцкія. Яўгенія Пятроўна і Рыгор Мікалаевіч, хоць нарадзіліся ў суседніх Агародніках ды Літвінках, жывуць тут паўвека, так што лічаць сябе карэннымі жыхарамі.

— Наша галоўная славутасць — гэта наша царква, — гаворыць Яўгенія Пятроўна. — Мы з задавальненнем дапамагаем на царкоўным падворку, упрыгожваем, прыбіраем. Гэтая царква новая, ёй прыкладна 30 гадоў. А старая згарэла ў 1973 годзе пры загадкавых абставінах. Усе ведалі пра падпал, але так і не дазналіся, хто вінаваты. Была таксама версія, што храм стаў ахвярай палітыкі дзяржаўнага атэізму.

...І толькі ў 90-я спахапіліся, што трэба не шукаць вінаватых, а выпраўляць памылкі, будаваць новую царкву. Пабудавалі, і вось ужо тры дзесяцігоддзі кожную нядзелю ідзе служба, на кожнае свята ў храме збіраецца многа народу. Ці ж не нагода для радасці?! У Батчах, напрыклад, царквы няма, а ў нас ёсць.

— Цяпер мы на пенсіі, — расказваюць, дапаўняючы адно аднаго сужэнцы Ізбіцкія. — Усё жыццё працавалі ў калгасе, мелі сваю гаспадарку, з якой упраўляліся пасля работы, часам да цямна. Але жылі з аптымізмам, не заўважалі стомы. Ведаеце, чаго больш за ўсё мне шкада з ранейшага жыцця? — гаворыць гаспадыня. — Узаемадапамогі, сяброўства, добразычлівасці. Жылі бедна, але разам адзначалі святы, спявалі, дапамагалі адно аднаму. Нават бульбу капаць збіраліся талакой. Сыходзіліся суседзі, сваякі: за дзень выкапалі, селі і паспявалі. Альбо, памятаю, даяркі ідуць кароў даіць да рэчкі, згадваюць: сёння свята, назад ідуць — ужо пяюць. Куды дзелася тая добразычлівасць, весялосць, я не ведаю, не знаходжу для сябе адказу.

Яўгенія І Рыгор Ізбіцкія

Сёння нават пры жывых-здаровых дзецях, здараецца, старыя маці жывуць недагледжаныя, да іх рэдка прыязджаюць, не дапамагаюць. Хіба гэта нармальна? Каб усе так глядзелі сваіх бацькоў, як Света глядзіць нашага суседа Сцяпанавіча (Хамічука-Валасюка. — Аўт.), то было б добра. Думаю, што маладзейшаму пакаленню трэба ўсё ж больш крытычна да сябе ставіцца, а не толькі патрабаваць. Больш трэба добразычлівасці, увагі адно да аднаго.

Сацкультбыт

— У Чаравачыцах зарэгістравана 35 чалавек, пастаянна пражывае каля двух дзясяткаў, большая частка — пенсіянеры, — расказвае старшыня Батчынскага сельскага Савета Святлана Гангала. — Гандлёвае абслугоўванне наладжана добра, тры разы на тыдзень прыходзіць аўтакрама. Гэта сапраўдная крама на колах, новы яе ўзор: пакупнікі заходзяць унутр фургона і могуць выбраць тавар. Асартымент даволі вялікі, а па заяўках прывозяць любыя прадукты. Яшчэ два разы прыходзіць гандлёвая машына індывідуальнага прадпрымальніка. Прыватныя прадаўцы вельмі ўважлівыя да пакупнікоў. Бывалі выпадкі, калі ў апошняй з вёсак не хапала хлеба, дык яны вярталіся на хлебазавод і падвозілі прадукты. Такім чынам, пяць дзён на тыдзень у вёсцы вядзецца гандаль.

Медыцынскае абслугоўванне ажыццяўляе Батчынскі ФАП. З гэтага года вёску наведвае перасоўны медыцынскі комплекс. Урач праводзіць абследаванне, вядзецца забор матэрыялу для аналізаў, праводзяць ЭКГ. Людзі задаволены магчымасцю пабываць на прыёме мабільнага доктара. Пошта таксама мабільная, паштовыя паслугі вяскоўцы атрымліваюць своечасова.

Да 80-годдзя трагедыі вёскі Чаравачыцы рыхтуем жалобнае мерапрыемства. Будуць задзейнічаны школа, Дом культуры. Прыняць удзел выказалі намер работнікі пракуратуры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Усе разам прыйдзем да памятнага знака, аддадзім даніну павагі і памяці землякам — ахвярам вайны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Кобрынскі раён

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.