Вы тут

Бізнес мясцовы — інтарэс дзяржаўны. Прадпрымальніцкі сектар краіны на прыкладзе сталіцы


Мясцовы бізнес адыгрывае найважнейшую ролю ў фарміраванні эканомікі, павелічэнні спектра рэалізаваных тавараў і паслуг, стварэнні здаровага канкурэнтаздольнага асяроддзя не толькі ў асобным рэгіёне, але і ў краіне ў цэлым. Пра тое, як ідуць справы ў прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу ў сталіцы, ішла гаворка на прэс-канферэнцыі «Перспектывы развіцця мясцовага бізнесу і прадпрымальніцтва ў горадзе Мінску» .


Лідары са сталічнай прапіскай

Больш як 40 працэнтаў малых і сярэдніх арганізацый і амаль 30 працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў краіны зарэгістраваны ў Мінску. На сёння 32 працэнты ўсіх занятых у сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а гэта амаль паўмільёна чалавек, маюць сталічную прапіску. Згодна са статыстычнымі данымі, па выніках 2022 года Мінск застаецца абсалютным лідарам па ўзроўні развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва як па краіне ў цэлым, так і па ўкладзе сталічнага малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміку горада. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак. Яна разгледзела развіццё ўсяго прадпрымальніцкага сектара краіны на прыкладзе сталіцы.

Указаныя суб'екты гаспадарання вырабляюць пятую частку ўсёй прамысловай вытворчасці па сектары МСП (малога і сярэдняга прадпрымальніцтва), забяспечваюць прыкладна 36 працэнтаў рознічнага тавараабароту і палову тавараабароту грамадскага харчавання. Суб'екты МСП Мінска фарміруюць больш як 34 працэнты экспартнай выручкі ад продажу тавараў. «Прыведзеныя мной даныя сведчаць аб тым, што малы і сярэдні бізнес сталіцы сёння займае верхні радок у рэйтынгу рэгіёнаў па развіцці прадпрымальніцтва», — пракаментавала прыведзеныя статыстычныя даныя намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі. Па гэтай прычыне абмеркаванню перспектыў развіцця малога і сярэдняга бізнесу і прадпрымальніцтва ўдзяляецца шмат увагі.

Фарміруючы гарадскі бюджэт

Паступленні ад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва фарміруюць значную частку гарадскога бюджэту. «У бюджэт Мінска ад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва па выніках першага паўгоддзя гэтага года паступіла ўжо каля Br3,5 млрд. Удзельная вага гэтых паступленняў у агульных паступленнях горада складае больш як 36 працэнтаў», — расказала начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Ганна Сахарава.

Было адзначана, што развіццю і падтрымцы прадпрымальніцтва ў Мінску ўдзяляецца асаблівая ўвага. Так, сёння ў сталіцы працуюць звыш 111 тысяч суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу, сярод якіх каля 39 тысяч малых і сярэдніх прадпрыемстваў і 72 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. З гэтай колькасці 13 тысяч суб'ектаў гаспадарання вядуць знешнеэканамічную дзейнасць.

З кожным годам колькасць зарэгістраваных камерцыйных арганізацый у сталіцы павялічваецца. Так, у студзені — чэрвені бягучага года зарэгістравана больш як 2,8 тысячы камерцыйных арганізацый — на 530 больш, чым у аналагічны перыяд летась.

Ісці разам плячо ў плячо

Штогод у гарадскім бюджэце Мінска прадугледжваюцца сродкі на падтрымку дзелавой актыўнасці. Сёлета ў Мінгарвыканкам па аказанне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ўжо звярнуліся больш за 20 суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Ганна Сахарава распавяла аб відах і спосабах дзяржаўнай падтрымкі сталічнага бізнесу.

У Мінску, як і ў іншых рэгіёнах краіны, дзейнічае дзяржаўная праграма «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва» на 2021—2025 гады, у рамках якой прадугледжаны шэраг інструментаў падтрымкі. Акрамя гэтага, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, паводле слоў Ганны Сахаравай, дае такія віды дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, як субсідзіраванне працэнтных ставак па крэдытах, лізінгавых плацяжах і затрат на ўдзел у выставачна-кірмашовых мерапрыемствах.

Аказвае сталічная мэрыя і маёмасную падтрымку бізнесу. Горад прымае неабходныя меры па ўстанаўленні плошчаў прамысловых прадпрыемстваў, якія не выкарыстоўваюцца або неэфектыўна выкарыстоўваюцца, а таксама выяўленні рэзерваў, што даюць магчымасць павысіць інвестыцыйную прывабнасць сталіцы. Як растлумачыла Ганна Сахарава, маёмасная падтрымка суб'ектам прадпрымальніцтва ў Мінску аказваецца шляхам выдзялення аб'ектаў нерухомай маёмасці, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, у арэнду, у тым ліку ў бязвыплатнае карыстанне пад аформленыя дагаворам абавязацельствы па стварэнні рабочых месцаў.

Для аказання садзейнічання малому і сярэдняму бізнесу ў Мінску дзейнічае разгалінаваная сетка інфраструктуры. Гэта 21 цэнтр падтрымкі і тры інкубатары малога прадпрымальніцтва. Паслугамі цэнтраў падтрымкі сёлета ўжо скарысталіся больш як 30 тысяч кліентаў, з іх больш як 5 тысяч на бязвыплатнай аснове. З мэтай стымулявання дзелавой ініцыятывы і развіцця адпаведных кампетэнцый у маладзёжным інкубатары малога прадпрымальніцтва «Маладзёжная сацыяльная служба» была арганізавана школа прадпрымальнікаў.

Па словах Ганны Сахаравай, адзін з найбольш важных рычагоў развіцця бізнесу — інфармацыйная падтрымка. На сайце Мінгарвыканкама створаны рэсурс «Бізнес-партал Мінска», дзе сканцэнтраваны і рэгулярна актуалізуюцца пытанні развіцця і падтрымкі прадпрымальніцтва. Навіны бізнесу сталіцы актыўна асвятляюцца ў сацсетках, рэспубліканскіх і гарадскіх СМІ, на сайтах адміністрацый раёнаў Мінска.

Для суб'ектаў гаспадарання ў Мінгарвыканкаме рэгулярна праводзяцца сустрэчы-семінары. У мэрыі ўжо прайшло 12 семінараў па пытаннях падаткаабкладання для суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, рамеснікаў і фізічных асоб. Пракансультавацца суб'екты малога і сярэдняга бізнесу могуць і па прамых тэлефонных лініях.

Пры Мінгарвыканкаме створаны і актыўна функцыянуе Савет па развіцці прадпрымальніцтва, куды ўваходзяць прадстаўнікі сталічнага бізнесу розных відаў эканамічнай дзейнасці. Штомесяц праводзяцца пасяджэнні савета, на якіх абмяркоўваюцца праблемныя пытанні, што хвалююць сталічны бізнес. Па выніках пасяджэння выпрацоўваюцца канкрэтныя рашэнні. Пры неабходнасці Мінгарвыканкам накіроўвае прапановы бізнес-супольнасці ў іншыя ведамствы па кампетэнцыях.

Ганна Сахарава запэўніла, што гарадскія ўлады імкнуцца ісці плячо ў плячо з бізнесам. «Ва ўзаемаадносінах улады і бізнесу не павінна быць якога-небудзь дыскамфорту. Органы дзяржаўнай улады павінны быць для бізнесу партнёрамі. Мы ведаем, што ў бізнесу часта бываюць розныя перыяды, бо прыватны бізнес спалучаны з рызыкамі, таму самае галоўнае ў складаных перыядах — стаць партнёрамі».

Быць флагманам развіцця рэгіёнаў

Намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак адзначыла, што ў развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Беларусі ёсць яўны рэгіянальны дысбаланс. Па гэтай прычыне адным з найважнейшых напрамкаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бягучую пяцігодку з'яўляецца прыняцце мер па згладжванні існуючага дысбалансу і атрыманні дадатковых магчымасцяў для актывізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы ў рэгіёнах. Пры гэтым было падкрэслена, што, маючы на мэце развіццё бізнесу ў рэгіёнах, Мінэканомікі не мае намеру пакідаць сталічны бізнес убаку.

«Размова ідзе аб выбудоўванні збалансаванай сістэмы, пры якой у бізнесу Мінска з'яўляецца асаблівая, вельмі важная місія. Мы гаворым аб тым, што сталіца павінна быць арыентавана на фарміраванне ў цэнтры краіны буйнога навукова-інавацыйнага, адміністрацыйнага і фінансавага ядра, выступаючы флагманам і лакаматывам для развіцця ўсіх астатніх тэрыторый».

Паводле слоў прадстаўніцы Мінэканомікі, у краіне ўжо існуе і паспяхова функцыянуе шэраг напрамкаў па падтрымцы прадпрымальніцкай ініцыятывы. Такую работу праводзяць спецыялізаваныя структуры ў выглядзе Цэнтраў падтрымкі і інкубатараў. Фінансавую падтрымку прадпрымальнікам аказвае Банк развіцця, яе таксама можна атрымаць у рамках дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва».

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.