Вы тут

На палях Гомельшчыны аграрыі сустракалі актывістак Беларускага саюза жанчын


На Гомельшчыне, нягледзячы на напружанасць уборачнай, у гаспадарках знаходзяць час на маленькія святы для душы. На палях і зернесушыльных комплексах аграрыі гэтымі днямі сустракалі актывістак Беларускага саюза жанчын. Падарункі і віншаванні гучалі ў адрас усіх працаўнікоў сяла, каго аб'яднала рэспубліканская акцыя «Хлеб на далонях жанчыны». Асаблівыя словы падзякі працаўніцам, якія шчыруюць не на перадавой у полі, а ў тыле падтрымліваючы мужчын-аграрыяў у гаспадарках.


Паляводы Алена Язерская, Алеся Нікалаенка, Наталля Кезікава і Наталля Магер.

Важней за ўсё...

— Працуем кругласутачна: у дзве змены — з сямі да сямі і так па крузе. За адну змену прасушваем каля 130 тон збожжа, — сустракае загадчыца зернесушыльнага комплексу аддзялення «Грабаўка» ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Гомельскага раёна Ала Плашкова.

Гэта заслуга яе каманды — ідэальная чысціня на тэрыторыі збожжатока. Парадак не менш важны, чым стабільная работа самога зернесушыльнага комплексу. З сярэдзіны ліпеня да канца жніўня на гэтым участку — самая адказная пара.

— Збожжа праходзіць ачыстку і сушку, закладваецца на захоўванне, — тлумачыць Ала Плашкова. Тое, што ад іх працы залежыць якасць збожжа, яго захаванасць, дакладна разумеюць супрацоўнікі яе звяна.

На комплексе шэсць сховішчаў для высушанага зерня. Цяпер ужо чатыры з іх запоўненыя. Пазней, у верасні, на комплекс будуць прывозіць і зерне кукурузы.

— Збожжа на тэрыторыі зернесушыльнага комплексу паступае ў завальную яму, потым у сартавальную машыну, дзе чысціцца ад сцябловых рэшткаў, а пасля накіроўваецца ў печ для прасушкі. За гэтым працэсам сочаць аператары. Адпраўляем збожжа на захоўванне з вільготнасцю 14 працэнтаў. Вельмі адказная праца на ўсіх этапах у плане вядзення дакументацыі, — тлумачыць вагаўшчыца зернесушыльнага комплексу аддзялення «Грабаўка» ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Ала Салодкая.

Акрамя загадчыцы і дзвюх вагаўшчыц, якія працуюць пазменна, важнае звяно ў жаночым складзе супрацоўнікаў комплексу — паляводы.

— Мы — за чысціню! — эмацыянальна прадстаўляюцца работніцы. Прызнаюцца: першы раз у жыцці даюць інтэрв'ю, але дыктафона не пужаюцца, гавораць бойка.

— Праца складаная, але адносна, — упэўненыя паляводы Наталля Кезікава, Наталля Магер, Алена Язерская і Алеся Нікалаенка.

Наталля Кезікава і Алена Язерская ў гаспадарцы — з канца 1980-х гадоў. «З мінулага стагоддзя», — смяюцца.

Другая Наталля і Алеся працуюць паляводамі каля дзесяці гадоў. Алеся Нікалаенка пераехала з Гомеля жыць і працаваць у вёску і знайшла сябе менавіта ў сельскай гаспадарцы.

У паляводчай брыгадзе жанчыны задзейнічаны ў розных работах у залежнасці ад сезона.

— Праца падчас уборачнай на збожжатоку адказная. Трэба глядзець, каб розныя сарты не змешваліся, каб збожжа ляжала кампактнымі кучамі. Пасля загрузкі ў коўш пагрузчыка, які транспартуе зерне ў завальную яму, неабходна падграбаць яго шуфлямі. Сочым і за чысцінёй тэрыторыі тока, — тлумачаць працаўніцы.

Палявод аддзялення «Грабаўка» ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Гомельскага раёна Алеся Нікалаенка задзейнічана падчас уборачнай на зернесушыльным комплексе гаспадаркі.

Каманда рупліўцаў на зернесушыльных комплексах — складаны механізм. Кожны працаўнік — важнае звяно.

— Без мужчынскага пляча тут — нікуды, — падкрэсліваюць жанчыны.

На самых складаных участках зернесушыльнага комплексу задзейнічаны мужчыны. Працуюць непасрэдна з зернесушыльным абсталяваннем, абслугоўваюць механічную частку слесары, адказваюць за сушку аператары. Пагрузка і выгрузка збожжа — зона адказнасці вадзіцеляў і трактарыстаў.

Словы падзякі

На працоўным месцы, на зернесушыльным комплексе аграрыі прымалі падарункі і віншаванні ад Гомельскага раённага Савета дэпутатаў і аб'яднання прафсаюзаў, раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын».

— Мне прыемна знаходзіцца на вашым сельгаспрадпрыемстве з ганаровай місіяй — ушанаваць чалавека працы. Дзякуючы вам, на сталах беларусаў будзе ляжаць духмяны хлеб, — звярнулася старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў, лідар раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вікторыя Ладуцька. — У разгар уборачнай кампаніі вам даводзіцца працаваць нават ноччу. І пры гэтым знаходзіце час і сілы на хатнія справы, падрыхтоўку дзяцей да школы. Шчыра захапляемся вашымі працавітасцю і адказнасцю.

Праца на зернесушыльных комплексах патрабуе максімальнай дысцыпліны і адказнасці, захавання тэхнікі бяспекі, звярнула ўвагу старшыня Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік.

— Для работнікаў нашых гаспадарак заўсёды важна, што праца іх бяспечная, а на працоўных месцах забяспечана ўсё неабходнае для супрацоўнікаў, — дадала прафсаюзны лідар Гомельскага раёна.

Лічбы

Найлепшыя ў раёне паказчыкі па сушцы збожжа паказалі аператары зернесушыльнага комплексу «Птушкафабрыкі «Рассвет» — Міхаіл Кісялёў, Дзмітрый Нікіцін, Аляксандр Кашчэеў. Гаспадарка ў гэтую ўборачную кампанію па аб'ёмах высушанага збожжа — першая ў Гомельскім раёне і ў лідарах па вобласці. Іх паказчык больш за пяць тысяч тон высушанага збожжа.

— У раёне ўбрана 95 % плошчаў зерневых і зернебабовых культур. Пяць гаспадарак у раёне ўжо завяршылі ўборку збожжавых, каласавых і рапсу. У цэлым ва ўборачнай кампаніі ў сельгасарганізацыях задзейнічаны 57 экіпажаў. Шэсць вадзіцеляў перавезлі больш за тысячу тон збожжа, а на рахунку вадзіцеля ААТ «Агракамбінат «Паўднёвы» Ігара Марозава — больш за тры тысячы тон збожжа. Гэта найлепшы вынік у вобласці, — адзначыў старшыня Гомельскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Грынькоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.