Вы тут

Якія спецыяльнасці цікавілі абітурыентаў і што з сёлетніх навацый захаваецца праз год?


Сёлетняя ўступная кампанія амаль завершана, больш за 50 тысяч абітурыентаў 1 верасня зойме месцы ў студэнцкіх аўдыторыях. Яшчэ амаль 40 тысяч выпускнікоў школ паступіла ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Завяршаецца прыём дакументаў ва ўстановы прафтэхадукацыі, якія прапануюць больш за 250 прафесій. Пра асаблівасці сёлетняй уступнай кампаніі і яе вынікі расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.

Рост цікавасці да педагагічнай прафесіі і традыцыйна высокі конкурс у медыцынскія ВНУ

Кіраўнік ведамства адзначыў, што прыёмная кампанія праводзілася з улікам пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач па стварэнні справядлівых, роўных і празрыстых умоў для паступлення. Быў праведзены комплекс мерапрыемстваў, які дазволіў убачыць матываваных, адораных і таленавітых абітурыентаў і стварыць для іх шэраг умоў для паступлення на абраныя спецыяльнасці і спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай.


Нагадаем, што агульны план прыёму сёлета складаў 52,2 тысячы выпускнікоў школ, у тым ліку 28,4 тысячы планавалася прыняць за кошт сродкаў бюджэту, а 23,8 тысячы — на платную форму навучання. У параўнанні з 2022 годам план прыёму сёлета на бюджэтную форму павялічаны на 600 месцаў, а вось на платную форму скараціўся на 1,5 тысячы.

Такім чынам, у 44 дзяржаўныя ВНУ залічана 27,1 тысяча абітурыентаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Сярэдні конкурс па краіне склаў 1,4 чалавека на месца. Кантрольныя лічбы прыёму выкананыя на 98 %. Прыём на завочную форму за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе праведзены з 15 лістапада да 30 снежня. Плануецца прыняць каля 700 чалавек.

У параўнанні з мінулым годам выраслі прахадныя балы па большасці спецыяльнасцяў. Максімальныя прахадныя балы зафіксаваныя па такіх спецыяльнасцях, як «Міжнароднае права» ў БДУ (398), «Стаматалогія» ў БДМУ (395), «Праграмная інжынерыя» ў БНТУ і БДУІР (394), ІT-спецыяльнасці традыцыйна карысталіся вялікім попытам.

— Назіралася павышэнне цікавасці ў абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцяў, што пацвярджаецца павелічэннем конкурсу, прахадных балаў, ростам колькасці выпускнікоў педагагічных класаў, якія паступілі на гэтыя спецыяльнасці. Традыцыйна вялікая колькасць абітурыентаў падала дакументы ў медыцынскія ВНУ. У іх у сярэднім конкурс склаў больш за два чалавекі на месца, а па некаторых спецыяльнасцях дасягаў 12. Адзначана і павышэнне балаў, напрыклад, на «Стаматалогію» ў БДМУ парог склаў 395 балаў, — расказаў Сяргей Пішчоў.

У ВНУ — праз універсітэцкую алімпіяду

Сёлета былі пашыраны магчымасці для паступлення адораных і матываваных абітурыентаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у школе. Дарэчы, у ВНУ падало дакументы больш за 3,3 тысячы медалістаў. Сёлета таленавітыя выпускнікі маглі паўдзельнічаць і ва ўніверсітэцкіх алімпіядах, перамога ў якіх давала права на залічэнне ў ВНУ. Іх правялі 18 рэгіянальных ВНУ, а 369 пераможцаў сталі студэнтамі.

— Каля 30 % з такіх абітурыентаў паступіла на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, каля 50 % пераможцаў скончыла школы раённых цэнтраў і сельскай мясцовасці, 62 % маюць сярэдні бал атэстата вышэй за 9 і каля 75 % пераможцаў паступіла ў ВНУ свайго рэгіёна, — прывёў лічбы Сяргей Пішчоў. — Усё гэта сведчыць пра неабходнасць і ў будучым праводзіць універсітэцкія алімпіяды. Таксама разглядаецца магчымасць пашырэння пераліку спецыяльнасцяў для залічэння іх пераможцаў.

Адным з новаўвядзенняў сёлетняй прыёмнай кампаніі стаў новы фармат для паступлення мэтавікоў. Гэта і павелічэнне квот на вылучэнне мэтавых месцаў, і зняцце тэрытарыяльных абмежаванняў для арганізацый-заказчыкаў, і вынясенне тэрмінаў дадзенай кампаніі за рамкі асноўнага прыёму. Адпаведны прыём ажыццяўляўся з 1 да 16 чэрвеня ў 30 ВНУ. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі залічана каля 3,5 тысячы абітурыентаў пры плане прыёму 4,5 тысячы (план прыёму выкананы на 77 %).

Фота Лізаветы Голад.

Адметна, што педагагічныя, медыцынскія, а таксама ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў у галіне культуры, спорту і фізічнай культуры, выканалі мэтавы прыём на
90—100 %. У крыху меншых аб'ёмах справіліся сельскагаспадарчыя і транспартныя ВНУ.

— Мы бачым прамую залежнасць матывацыі абітурыента ад ўзроўню прафарыентацыйнай работы заказчыкаў кадраў. Такую работу неабходна развіваць і налета, — дадаў прадстаўнік Міністэрства адукацыі.

Стаматалогія і праграмаванне — самыя запатрабаваныя ў платнікаў

На платную форму навучання сёлета прымала абітурыентаў 49 ВНУ. Планавалася залічыць 23,8 тысячы чалавек, аднак фактычна прынялі крыху менш — план выкананы на 93,5 %. Пры гэтым некаторыя ВНУ правялі залічэнне і звыш кантрольных лічбаў прыёму. Максімальныя прахадныя балы на платную форму зафіксаваныя на спецыяльнасць «Стаматалогія» БДМУ (381), «Праграмная інжынерыя» ў БДУІР (361), «Міжнародныя адносіны» ў БДУ (357). На платнай форме навучання сёлета таксама адзначаўся рост конкурсу і прахадных балаў.

Максімальныя балы — у юрыдычным каледжы

Для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета можна было абраць 156 навучальных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 37 іншых навучальных устаноў, якія працуюць па такіх праграмах. Залічэнне адбывалася на аснове сярэдняга бала атэстата. Планавалася прыняць 39,6 тысячы чалавек, у тым ліку 27,4 тысячы — за кошт бюджэту, 12,2 тысячы — на платнай аснове, што складае каля 92 % ад плана прыёму мінулага года. Максімальныя конкурсы зафіксаваныя на спецыяльнасцях «Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя» і «Дызайн» (больш за 4 чалавекі на месца), «Архітэктурнае праектаванне» (больш за 2,5 чалавека на месца).

А вось максімальныя прахадныя балы склаліся ў юрыдычным каледжы БДУ на спецыяльнасць «Правазнаўства» (ад 9,8 да 10 балаў) і філіяле БДУІР па спецыяльнасці «Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм» Мінскага радыётэхнічнага каледжа (каля 10 балаў).

Найбольшая ж колькасць бюджэтных месцаў запланавана па такіх профілях, як інжынерная, апрацоўчая, будаўнічая галіны, ахова здароўя, сацыяльная абарона, сельская, лясная, рыбная гаспадаркі, ветэрынарыя, педагогіка. Гэтыя спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя ў заказчыкаў кадраў.

Асаблівасцю бягучага года стаў і прыём на дыстанцыйную форму навучання.

У навучальныя ўстановы, якія рэалізоўваюць праграмы прафтэхадукацыі, прыём сёлета вядуць 159 устаноў адукацыі, у тым ліку 154 каледжы, чатыры ВНУ і Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Ажыццяўляецца прыём дакументаў на атрыманне адукацыі па больш чым 250 прафесіях. Найбольшая колькасць месцаў вылучана па такіх профілях, як інжынерная, апрацоўчая, будаўнічая галіны, сельская, лясная і рыбная гаспадаркі, ветэрынарыя. Спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі ў структуры прыёму складаюць каля 75 %.

— Міністэрства адукацыі сумесна з зацікаўленымі рэалізавала комплекс мерапрыемстваў, які дазволіў убачыць абітурыентаў, што маюць матывацыю, адораныя і добра падрыхтаваныя. Прапанаваныя навацыі дазволілі вырашыць задачу па прыцягненні абітурыентаў у ВНУ з улікам іх пераваг, а таксама па патрэбах арганізацый — заказчыкаў кадраў. Праводзяцца сустрэчы па абмеркаванні вынікаў уступнай кампаніі, праведзены круглыя сталы і дыялогавыя пляцоўкі з прадстаўнікамі ВНУ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, арганізавана анкетаванне абітурыентаў, бацькоў, педагогаў, каб выпрацаваць рэкамендацыі па ўдасканаленні прыёмнай кампаніі наступнага года, — рэзюмаваў Сяргей Пішчоў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.