Вы тут

Медсястра Ганна Крываспіцкая першай прыходзіла на дапамогу раненым чырвонаармейцам


31 жніўня Ганна Мікалаеўна адзначыць свае стагоддзе. Яна здзіўляецца, як гэта ёй атрымалася дажыць да такіх паважаных гадоў. Бо нават цяжка падлічыць, колькі разоў за час вайны смерць дыхала ёй у твар. Яна, тады зусім яшчэ юнае дзяўчо, аказалася мацнейшай. «Мне не было часу думаць пра смерць, я ратавала жыцці», — кажа баявая медыцынская сястра. І сэрца замірае ад яе ваенных успамінаў. Ніякія словы не здольны перадаць увесь жах рэчаіснасці, у якую трапіла тады яшчэ 18-гадовая дзяўчына.


З першага класа «ляцела на самалёце»

Гэта адзначае, што Ганна Крываспіцкая (да замужжа Абрамовіч) скончыла да вайны школу на выдатна — у яе атэстаце за сем класаў былі адны пяцёркі па пяцібальнай сістэме. Прычым тут самалёт? У іх школе ў вёсцы Антонаўка Чавускага раёна ў фае вісеў вялікі стэнд, дзе былі намаляваныя самалёт, машына, калёсы і чарапаха. Самалёт сімвалізаваў адзнаку «выдатна», а ўсе астатнія карцінкі, адпаведна, — на бал ніжэй. Да сямігодкі дзяўчынка паспела скончыць пачатковую польскую школу, якая была да вайны ў яе роднай вёсачцы Лапені. У 11 гадоў яна добра ведала польскую мову і магла з лёгкасцю з яе перакладаць. У 1945-м, калі працавала ў польскім шпіталі, ёй гэтыя веды спатрэбіліся.

З дзяцінства засталіся цёплыя ўспаміны пра бацьку. Ён, дарэчы, падчас рэвалюцыі служыў у Петраградзе на «Аўроры», а ў Лапені вярнуўся на пачатку 20-х. Хутка і нявесту там падшукаў — Марыю, прычым з заможнай сям'і. Сам быў сірата, але скарыў бацьку дзяўчыны тым, што быў вельмі працавіты. І хаця дочкам у спадчыну зямля не выдавалася, цесць выдзеліў маладым невялічкую палосачку, а да яе — кароўку і коніка.

— Ураджай спачатку быў кепскі, але бацька ўсю зіму вазіў на гэтую палоску курыны памёт, купляў у яўрэяў на чыгуначнай станцыі Хватаўка, — расказвае суразмоўніца. — І так добра ўгнаіў зямлю, што ўраджаю стала хапаць да наступнага года. Але настаў час калектывізацыі, бацька адмовіўся ісці ў калгас, і пачаліся праблемы. Яго і яшчэ аднаго маладога мужчыну, які таксама не ўступіў у калгас, арыштавалі і павезлі ў турму ў Магілёў. Жонка наведвала яго, і ён вельмі прасіў, каб прывезлі Ганначку пабачыцца. І яго брат рызыкнуў. Зіма, мароз, дзяўчынка замерзла так, што ні рук, ні ног не адчувала. Калі ўбачыла бацьку, кінулася яму насустрач. Ён расхінуў рукі і падхапіў яе.

— Гляджу ў яго твар і не пазнаю — ён увесь сіні ад пабояў, — расказвае суразмоўніца. — Пытаюся: «Татачка, што з табой?» А ён толькі паўтарае: не хвалюйся, Ганначка, усё добра. Хутка пасля гэтага яго расстралялі без суда і следства па рашэнні «тройкі». Тры чалавекі падпісаліся, што бацька супраць савецкай улады, і абарвалі яго жыццё…

Сям'ю раскулачылі і саслалі ў Сібір. Ганна з маці, сястрычкай і брацікам, якому і года не было, трапілі на Валагодчыну. Зіму так-сяк перажылі, а вясной з-за дрэннай вады ў іх пасяленні сталі паміраць дзеці. У выніку было дазволена дзяцей вяртаць на радзіму, калі там яшчэ хтосьці з радні застаўся.

— Па нас прыехаў брат маці, прывёз у вёску і пакінуў каля плота — яго жонка адмовілася нас усіх трох забіраць, — успамінае Ганна Мікалаеўна. — У выніку брат бацькі забраў майго малога брата, а яго сястра, якая жыла ў Ленінградзе, — сястрычку. Я засталася жыць у брата маці. Праз 4 гады вярнуліся з ссылкі дзядуля з бабуляй. Ім, як раскулачаным, не далі зямлі, але дзед Павел быў добры цясляр і забяспечваў сям'ю ўсім неабходным. Яны нас з братам забралі да сябе, а вось сястра так і засталася ў Ленінградзе.

Менавіта цётка з Ленін-града падшукала Ганне двухгадовыя медыцынскія курсы ў Чавусах. Яна і гэтыя курсы скончыла на выдатна. Хірург, які ў іх выкладаў, пацікавіўся, куды здольная навучэнка збіраецца далей паступаць. І вельмі здзівіўся, калі яна адказала: нікуды. Для вучобы былі патрэбны сродкі, а ў яе ні грошай, ні бацькоў, якія б маглі дапамагчы. І ён паабяцаў прыстроіць Ганну ў інстытут і дапамагаць грашыма, пакуль яна не пойдзе працаваць. Але вайна разбурыла ўсе планы.

Лятучка на рэйках

Медыцынскія курсы Ганна Мікалаеўна скончыла ў ліпені 1941 года. Лічы, адначасова атрымала пасведчанне і павестку.

— У ваенкамаце мяне паставілі на ўлік і адправілі дадому збірацца, — успамінае яна. — Я апранула свой святочны чырвоны сарафан і белыя парусінавыя тапачкі. Пайшла як на свята, а трапіла на фронт.

Вайна імкліва набліжалася да Чавус, і раненыя з перадавой у шпіталь паступалі сотнямі. Ганне далі загад суправаджаць машыну з раненымі на чыгуначны вакзал. Паведамілі, што прыбыў цягнік-лятучка і трэба спяшацца. Па дарозе пачалася бамбёжка. Людзі пабеглі хавацца, а следам за імі і вадзіцель, які вёз Ганну з раненымі. Дзяўчына засталася ў машыне і толькі маліла Бога, каб злітаваўся над імі. Калі варожы самалёт знік, усе сталі вяртацца, у тым ліку і вадзіцель. Даехалі да вакзала, а там мітусня, крыкі, лаянка. Раненых столькі, што не пералічыць. І іх усё падвозяць і падвозяць. Ваенны ўрач бегае ўздоўж цягніка і крычыць, каб хутчэй грузілі.

— Унутры нічога не было — адны сцены, — дзеліцца ўражаннямі ад убачанага Ганна Мікалеўна. — Вагоны нямытыя, брудныя. Раненых складвалі як бярвенні, так шчыльна, што не было дзе нагі паставіць. Ляжаць, небаракі, і толькі стогнуць: піць, піць, піць. Цягнік ужо павінен быў адпраўляцца, і я збіралася вярнуцца да машыны, але начальнік прыпыніў: «Куды? А хто за імі глядзець будзе?» Я і паехала. Раненыя піць просяць, а ў мяне ні сумкі, ні бінтоў, ні вады. Толькі на наступнай станцыі падалі ваду.

Меней чым 50 кіламетраў ад Чавус да Крычава лятучка пераадольвала некалькі гадзін. Увесь час цягніку пагражалі нямецкія самалёты. Ён то прыпыняўся, то рухаўся на хуткасці, каб не трапіць пад бомбы. Калі прыехалі ў Крычаў, там была не меншая сумятня, чым у Чавусах. На лятучцы папоўнілі запасы хлеба і вады і раніцай накіравалася ў Бранск. Там цэлую ноч разгружалі раненых і цягалі іх да прыстасаванага пад шпіталь будынка праз лес. Ганна, як магла, дапамагала. Пакуль цягнік разгрузілі, ад яе парусінавага абутку нічога не засталося, а чырвоны сарафан пераўтварыўся ў лахмоцце. Тамтэйшая медсястра пашкадавала дзяўчыну і пагрэла яе ў сваім шынялі. А раніцай Ганне выдалі гімнасцёрку на выраст, боты 42 памеру, шынель. Усё не яе памеру, але ж цяпер яна была апранутая.

Бомба ўзарвалася за некалькі крокаў

У 1942-м у Мічурынску Тамбоўскай вобласці ваенна-санітарны цягнік, на якім ратавала раненых Ганна Мікалаеўна, разбамбілі ўшчэнт.

— Гэта была страшная масіраваная бамбёжка, — успамінае ваенная медсястра. — Узрывы, крыкі, агонь — сапраўднае пекла. На станцыі пачалі ўзрывацца бочкі з палівам, зямля, здавалася, падымалася да неба, паветра дыхала агнём. Жах быў такі, што словамі не перадаць. Бегла, не ведаючы куды і навошта. Быццам бы нейкая сіла штурхала ў плечы.

Раптоўна пачула: сястра, лажыся. Яна кінулася на зямлю, а голас камандаваў: паўзі, хутчэй паўзі. Ганна рабіла ўсё, што казаў незнаёмец. Калі ён загадаў падаць руку, працягнула і ... страціла прытомнасць.

— Калі прачнулася, не зразумела, дзе я, — кажа жанчына. — Вакол — абгарэлыя дрэвы, цішыня і толькі шэры дым сцелецца па зямлі. Усюды ляжаць раненыя і забітыя. Захацела ўстаць, а на мне мёртвы салдат, увесь кулямі пасечаны. Я адразу ж зразумела, што гэта ён загадваў мне лажыцца і паўзці. Мяне закрыў ад куль, а сам загінуў. Ужо ў шпіталі сказалі, што я нарадзілася ў кашулі. Наш цягнік згарэў датла. Разам з раненымі і маімі калегамі. З усёй медбрыгады ў жывых засталася я адна.

У 1944 годзе немцы разбамбілі яшчэ адзін ваенна-санітарны цягнік, на якім працавала Ганна Мікалаеўна. Здарылася гэта на тэрыторыі Украіны каля сяла Белакаровічы.

 

— Едзем, а тут немец вылятае, робіць адзін заход, другі, — зноў перажывае трывожныя хвіліны суразмоўніца. — Мы з дзяўчатамі развіталіся, бо было відаць, што фашыст настроены рашуча. З трэцяга заходу ён стаў нас бамбіць. Узрывы прагрымелі ў хвасце цягніка, галаве і пасярэдзіне, дзе я знаходзілася. Бомба ўпала так блізка ад мяне, што шанцаў не было. Выратавала тое, што лягла на падлогу і закрыла галаву рукамі. Узрыў быў страшны. Калі расплюшчыла вочы, убачыла неба. Ад вагона нічога не засталося, а я жывая. Цуд нейкі. На спіне толькі рэмень перасекла. Сама цэлая, але ад магутнага ўзрыву моцна кантузіла. Некалькі месяцаў была як глухая.

Немцы не абмежаваліся бомбамі — людзей, якія спрабавалі выратавацца, расстрэльвалі з кулямёта. З аднаго боку быў высокі насып, з другога — балота — схавацца недзе. Нехта ад кулі загінуў, нехта патануў у балоце. Раніцай тых, хто ацалеў, падабралі чырвонаармейцы. Са ста чалавек медперсаналу, які быў на той лятучцы, пасля бамбёжкі засталося 13...

Ваенны раман

Неяк сяброўка паведаміла: «Ганначка, прывезлі раненага, вельмі цяжкі, але прыгажун. Я з ходу ў яго закахалася. І што мне цяпер рабіць?» Ганна яе толькі суцешыла: «Тонечка, табе ўсе карты ў рукі. Будзеш яго лячыць, застанецца жыць, бліжэй пазнаёмішся». Але так атрымалася, што менавіта гэты паранены стаў лёсам для медсястры з Чавус. Толькі гэта было потым. А тады Аляксандр застаўся ў шпіталі, а Ганна з'ехала на сваёй лятучцы далей.

Потым яны сустрэліся ў Польшчы, дзе яна працавала ў шпіталі. Дзяўчына добра ведала польскую мову і была запатрабавана яшчэ і як перакладчыца. Яна адразу ж пазнала Аляксандра, калі аднойчы раніцай убачыла яго з кіёчкам. І як толькі ён яе адшукаў? Сказаў, што яму пасля ранення далі 10 дзён водпуску і ён едзе дамоў. Але хацеў яшчэ раз пабачыцца перад ад'ездам. Дзяўчына пажадала яму добрага шляху і папрасіла перадаць прывітанне любым беларускім бярозкам. А праз 10 дзён ён вярнуўся далечвацца. Папрасіўся менавіта ў той шпіталь, дзе яна працавала. Вайна ўжо заканчвалася, але Ганну дадому не адпускалі. Прыйшлося затрымацца на год. І Аляксандр застаўся яе чакаць. Разам пражылі ў Чавусах болей чым 30 гадоў, вырасцілі дачку і сына. Ваенныя гады не прайшлі бясследна, мужны салдат пайшоў з жыцця ў канцы 70-х. Ганна Мікалаеўна засталася вернай сваёй прафесіі і пасля вайны. Паўстагоддзя адпрацавала ў інфекцыйным аддзяленні Чавускай райбальніцы. Дзень Перамогі застаецца для яе самым галоўным святам. Хоць без слёз не абыходзіцца.

— У 1945-м Перамогу сустрэла ў Берліне, — расказвае яна. — Наш шпіталь знаходзіўся на паўночна-ўсходняй яго ўскраіне. Калі Германія аб'явіла капітуляцыю і стала вядома, што мы перамаглі, што тут пачалося! Усе крычаць: «Ура! Перамога», страляюць у паветра, радуюцца. Мы з сяброўкай таксама пабеглі распісацца на рэйхстагу. На сцяне не было свабоднага месца, але мы нешта надрапалі. Ідзём назад вясёлыя, радасныя і раптоўна — бац — і маёй баявой сяброўкі няма. Адкуль вылецела тая куля, невядома. Цяжка было страціць сяброўку, і асабліва ў такую хвіліну. Такім запомнілася мне гэта свята — з болем у сэрцы. Самой страляць на вайне не прыходзілася. Ведала толькі перавязкі, у мяне ўсе чатыры ваенныя гады рукі былі ў крыві. Няма калі было страляць — трэба было ратаваць...

Ганна Мікалаеўна замаўкае, а потым просіць дачку Аляксандру, якая сядзіць побач, падпець ёй яе любімую франтавую песню пра медсястру Анюту.

...Нашу встречу

и тот зимний вечер

не забыть ни за что,

никогда.

Дул холодный,

порывистый ветер,

Замерзала во фляге вода.

Был я ранен,

и капля за каплей,

кровь горячая стыла

в снегу.

Наши близко,

но силы иссякли

и не страшен я

больше врагу...

Нэлі ЗІГУЛЯ,

г. Чавусы

Фота аўтара і з архіва гераіні


P. S.

Самае каштоўнае, што захавалася ў сям'і Ганны Крываспіцкай, гэта ваенныя фота і ўзнагароды. Сярод іх — ордэн Славы ІІІ ступені Аляксандра Крываспіцкага, які ён атрымаў за подзвіг пры наступленні. Менавіта тады ён быў цяжка паранены і трапіў у шпіталь. Баявы шлях ваеннай медыцынскай сястры Ганны Крываспіцкай, тады яшчэ Абрамовіч, адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Польшчы», «За Перамогу над Германіяй».

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.