Вы тут

ІІ Міжнародны антыфашысцкі кангрэс сабраў прадстаўнікоў больш як 30 краін


Вялікая колькасць удзельнікаў, сярод якіх прадстаўнікі абаронных ведамстваў і міжнародных арганізацый, дыпламаты і вучоныя, эксперты і прадстаўнікі духавенства, сведчыць аб высокім узроўні форуму і цікавасці да яго тэмы — «У імя будучыні чалавецтва, сумеснымі намаганнямі спынім неафашызм!». Па відэа-канферэнц-сувязі за дыскусіяй, якая разгарнулася на пляцоўцы Цэнтральнага дома афіцэраў у Мінску, таксама назіралі замежныя лідары меркаванняў, члены антыфашысцкіх арганізацый, прафесарска-выкладчыцкі склад і курсанты з 38 ваенных ВНУ Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, навучэнцы шэрагу навучальных устаноў Беларусі. Галоўная ўвага — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, малалетнім вязням фашызму. Яны прысутнічалі ў зале і ў фармаце відэазвароту перадалі пасланне нашчадкам, у якім папярэдзілі цяперашнія і будучыя пакаленні аб небяспецы распаўсюджвання нацызму.



​Па выніках ІІ Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса была прынята рэзалюцыя


«Мы заўсёды выступаем за мір, раўнапраўе і дыялог народаў»

Прывітанне Прэзідэнта Беларусі ўдзельнікам ІІ Міжнароднага антыфашысцкага кангрэса агучыў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. «На нашых вачах Злучаныя Штаты Амерыкі і іх сатэліты, спрабуючы захаваць сусветную гегемонію і затармазіць развіццё краін, якіх яны лічаць сваімі канкурэнтамі, разбураюць сістэму глабальнай бяспекі, тыражуюць «каляровыя рэвалюцыі» і ўзброеныя канфлікты на ўсіх кантынентах, груба ўмешваючыся ў справы незалежных дзяржаў, — гаворыцца ў прывітанні. — Імі перапісваецца гісторыя Другой сусветнай вайны, а на ўзроўні еўрапейскіх структур прымаюцца рэзалюцыі і пастановы, якія апраўдваюць нацысцкіх ваенных злачынцаў і перакладаюць на СССР віну за развязванне гэтай вайны, што стала самай крывавай бойняй у жыцці чалавецтва».

«Наш народ, які страціў кожнага трэцяга ў гады Вялікай Айчыннай вайны, добра ведае, што такое вайна, таму мы заўсёды выступаем за мір, раўнапраўе і дыялог народаў, — сказана ў прывітанні. — І сёння ўсе беларусы разам з удзельнікамі Другога антыфашысцкага кангрэса рашуча гавораць: «Не вайне! Не фашызму і неакаланіялізму!»

«Нам вайна не патрэбная!»

У сваім выступленні падчас пленарнага пасяджэння міністр абароны Віктар Хрэнін звярнуў увагу на вырашальны ўклад народаў Савецкага Саюза на вызваленне Еўропы і свету ад фашызму. Па яго словах, цалкам заканамерна, што месцам правядзення маштабнага міжнароднага антыфашысцкага кангрэса стала Беларусь, зямля якой прасякнута крывёй абаронцаў Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асобна кіраўнік абароннага ведамства Беларусі спыніўся на выкліках новага тысячагоддзя. Гэтыя выклікі звязаны з адраджэннем фашызму, спробамі не проста перапісаць гісторыю, а павярнуць гістарычны працэс назад.

«Заходнія палітычныя эліты актывізавалі ўжыванне фашысцкіх інструментаў утрымання ўлады, — падкрэсліў Віктар Хрэнін. — Лічачы сябе гаспадарамі жыцця, якім дазволена ўсё, дэманструючы ўсім сваю беспакаранасць, заходняя эліта зноў спрабуе фарматаваць свет, насаджаючы ўсім тым, каго яны лічаць «джунглямі», парадак, заснаваны на правілах. І выкарыстоўваюць для гэтага фашысцкія «лякалы», выкраеныя заходняй цывілізацыяй. Сёння неафашызм, які культывуецца элітай шэрагу дзяржаў свету, не апрануты ў карычневыя ці чорныя кашулі і боты. Ён прыкрываецца шырмай барацьбы за «дэмакратыю» і «правы чалавека», «абаронай сваіх нацыянальных інтарэсаў» ва ўсіх краінах свету. Арыйскія стандарты яны замянілі на ліберальныя дэмакратычныя каштоўнасці. Фільтраванне народаў ажыццяўляецца на адпаведнасць новаму эталону праз палітычны ціск і шантаж, нелегітымныя санкцыі, «каляровыя рэвалюцыі», мяцяжы і проксі-войны».

Міністр абароны заклікаў заходнія палітычныя эліты спыніцца і адумацца. «Нам вайна не патрэбная! — падкрэсліў ён. — Свет ведае прыклады, калі нават у самыя цяжкія перыяды гісторыі лідары дзяржаў, якія супрацьстаялі адна адной, знаходзілі шляхі вырашэння вострых праблем метадамі дыпламатыі. І тыя геапалітычныя праблемы, якія сёння «іскраць» ва ўсім свеце, таксама неабходна вырашаць толькі за сталом перагавораў. Наша гасцінная беларуская зямля заўсёды гатова падтрымаць крокі, накіраваныя на дээскалацыю напружанасці і супярэчнасцяў».

«У антыфашысцкага руху — вялікі патэнцыял»

Першы намеснік генеральнага сакратара СНД Леанід Анфімаў, аналізуючы характар і ўзровень сучасных пагроз, робіць выснову, што большасць з іх бярэ свой пачатак у скажэнні і фальсіфікацыі гістарычных падзей, звязаных з нашым агульным гераічным мінулым, адмаўленнем вырашальнага ўкладу народаў СССР у разгром фашысцкай Германіі і звяржэннем нацысцкай ідэалогіі. «Час, які прайшоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, паказаў, што за мір, бяспеку і гуманістычныя ідэалы чалавецтва павінна змагацца і адстойваць іх, — звярнуў увагу першы намеснік генеральнага сакратара СНД. — Для дасягнення гэтых стратэгічных мэт патрабуецца аб'яднанне намаганняў максімальна магчымай колькасці міжнародных арганізацый, іх працоўных органаў і спецыялізаваных структур, прадстаўнікоў навукова-экспертнай супольнасці і рэлігійных канфесій, дзейнасць якіх накіравана на барацьбу з неафашызмам і нацызмам».

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі канстатаваў, што наша дзяржава сутыкнулася з пагрозамі, ідэалагічнымі рызыкамі і выклікамі нацыянальным інтарэсам, якія здольныя падарваць псіхалагічную і духоўную абстаноўку ў краіне, свеце і грамадстве. У сувязі з гэтым узнікла пытанне аб неабходнасці прыняцця эфектыўных мер для ўмацавання традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа, якія разглядаюцца з пазіцыі нацыянальнай бяспекі.

«Яшчэ некалькі гадоў таму толькі хворае ўяўленне магло ўявіць, што ў год святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі ў краіне, якая страціла кожнага трэцяга ў гады вайны, атрымала магчымасць выхоўваць пакаленні, што не ведалі вайны, знойдуцца механізмы перавярнуць свядомасць у напрамку да самаразбурэння, зрабіць сімвалам беларускага народа сцяг, які як мінімум выклікае гістарычныя спрэчкі і асацыюецца з калабарацыянізмам у Беларусі, — нагадаў пра падзеі 2020 года намеснік міністра. — І толькі нездаровая фантазія магла ўбачыць у сваёй будучыні, як нашчадкі Вялікай Перамогі з фанатычным энтузіязмам гэтым сцягам пакрываюць стэлу «Мінск — горад-герой».

«Барацьба з нацызмам — адна з найбольш вострых праблем сучаснасці»

Прывітанне ўдзельнікам кангрэса ад кіраўніка расійскага ваеннага ведамства Сяргея Шайгу перадаў намеснік міністра абароны Расійскай Федэрацыі — начальнік Галоўнага ваенна-палітычнага ўпраўлення Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі Віктар Гарамыкін. Ён заўважыў, што кангрэс у Мінску праходзіць на фоне найскладанейшай абстаноўкі ў свеце. «Калектыўны Захад працягвае нашпігоўваць дзеючы кіеўскі рэжым зброяй, робіць усё для зацягвання эскалацыі канфлікту, — паведаміў намеснік міністра абароны Расійскай Федэрацыі. — У карных акцыях і баявых дзеяннях прымаюць удзел тысячы замежных наймітаў. НАТА выкарыстоўвае ўкраінскі крызіс як падставу для нарошчвання сваіх груповак. Запушчаны чарговы этап пашырэння альянсу. Ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе мадэрнізуецца ваенная інфраструктура, размяшчаюцца ўдарныя ўзбраенні. Аб узмацненні ваеннай прысутнасці каля граніц Беларусі і Расіі заявіла генеральнае камандаванне Польшчы».

Як канстатаваў начальнік упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння Узброеных Сіл Арменіі Сярожа Сцепанян, аблічча сучаснага фашызму стала занадта варыятыўным. «Эфектыўна прымяняюцца сродкі яго маскіроўкі, — дадаў ён. — Распазнаць сучасныя мадыфікацыі фашызму становіцца ўсё больш праблематычна. Фашызм — не канкрэтна гістарычная з'ява, а фундаментальны, адрасаваны ўсяму чалавецтву выклік».

Што такое фашызм, на ўласным вопыце ведае Герой Расійскай Федэрацыі, удзельнік спецыяльнай ваеннай аперацыі Іван Дадосаў, які расказаў на пляцоўцы кангрэса аб тым, хто і за якія ідэалы змагаецца на сучасным полі бою. Малады чалавек прызнаўся, што са школьнай парты ведае аб гераізме беларускага народа, праяўленым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён упершыню ў Беларусі і вельмі шчаслівы, што атрымаў магчымасць ускласці кветкі да манумента Перамогі — сімвала Вялікай Перамогі над фашызмам. «У мяне няма ніякіх сумненняў у тым, што, выконваючы баявыя задачы, мы змагаемся з сапраўдным нацызмам, — паведаміў малады чалавек. — За апошні год мы яшчэ раз пераканаліся ў надзейнасці расійскай тэхнікі, а яшчэ больш — у надзейнасці экіпажаў і разлікаў, якія кіруюць узбраеннямі і тэхнікай. Нашай перавагай, як і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, застаецца самаахвярнасць і патрыятызм».

«Наш клопат — не дапусціць вайны»

Не толькі людзі ў пагонах, а таксама экспертная і навуковая супольнасць сёння супрацьстаяць праявам нацызму. Задумацца аб тым, што адбываецца навокал, а таксама прыняць меры, каб на нашай зямлі быў захаваны мір, заклікаюць і прадстаўнікі духавенства.

Як перакананы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, усім краінам і народам трэба аб'яднацца ў барацьбе з гэтай небяспекай. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць пытанням патрыятычнага выхавання насельніцтва. «На жаль, чарговы раз чалавецтва сутыкнулася з сітуацыяй неабходнасці барацьбы з фашызмам, — канстатаваў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі. — Чаму так склалася? Чаму аказаліся забытыя жахі і пакуты Другой сусветнай вайны, якая прынесла чалавецтву ідэалогію нянавісці, нацыянальнай і расавай перавагі? Чаму чалавецтва не засвоіла самыя страшныя ўрокі гісторыі? Чаму ўзніклі правалы ў памяці ў многіх народаў? Адказ дастаткова просты: штучна прыкрываючыся лозунгамі дэмакратыі, правоў чалавека, заахвочваецца сучасны нацысцкі рэжым, у тым ліку і ва Украіне».

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адзначыў, што безадказныя сілы ў свеце робяць усё, каб сітуацыю ва Украіне перавесці ў плоскасць рэальнай вайны Захаду з Расіяй і Беларуссю. «Наш клопат — не дапусціць гэтага», — падкрэсліў Мітрапаліт Веніямін і пажадаў, каб падчас кангрэса была выпрацавана тая пазіцыя, якая зможа гуртаваць народы добрай волі.

Сімвалічна, што ўдзельнікі кангрэса наведалі Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь», дзе ўсклалі кветкі і высадзілі дрэвы памяці. Напярэдадні беларуская дэлегацыя, а таксама госці нашай краіны пабывалі ў сталічным раёне «Масюкоўшчына», на месцы масавага знішчэння фашыстамі і іх памагатымі ваеннапалонных («Шталаг 352»), дзе працуе 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны (аб гэтым можна пачытаць на 12-й старонцы). У памяць аб ахвярах генацыду ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых была праведзена малітва-рэквіем.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.