Вы тут

Як праходзяць навучанне курсанты авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі


Учарашнія курсанты Ваеннай акадэміі ўжо прыступілі да выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Наваспечаныя афіцэры нясуць службу ў розных воінскіх часцях і злучэннях Беларусі. На змену ім у галоўную кузню ваенных кадраў краіны прыйшлі хлопцы і дзяўчаты, якія толькі пачынаюць свой шлях да афіцэрскіх пагонаў. Зусім няшмат да запаветнай мары засталося будучым лётчыкам і верталётчыкам — прадстаўнікі ваеннай авіяцыі даўжэй, чым усе астатнія, праходзяць навучанне. Афіцэрскія шэрагі яны папоўняць толькі ў лістападзе, але ўжо цяпер большую частку свайго часу курсанты праводзяць у воінскіх падраздзяленнях — у іх стажыроўка.


На базе 50-й змешанай авіяцыйнай базы практыку праходзяць будучыя верталётчыкі. За тым, як «ставяць на крыло» курсантаў авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі вопытныя авіятары, паназіралі карэспандэнты «Звязды».

На роўных

Раніцай каля кантрольна-прапускнога пункта, праз які можна трапіць на тэрыторыю воінскай часці, шматлюдна. Ваеннаслужачыя і цывільны персанал авіябазы спяшаюцца прыступіць да выканання службовых абавязкаў. Іх калегі пакідаюць тэрыторыю часці — начное дзяжурства падышло да завяршэння. Курсанты прыбываюць да месца практычнага навучання дакладна ў тэрмін. Пунктуальнасць — адна з галоўных якасцяў авіятараў. Да таго, што спазняцца да месца службы нельга, іх прывучаюць яшчэ з курсанцкай парты.

Хлопцы апрануты па форме. Адрозніць практыкантаў ад лётнага складу цяжка. Ды і ніхто тут іх не лічыць за чужых. Сваіх курсантаў-верталётчыкаў сталыя авіятары ведаюць добра і з самага першага знаёмства адносяцца як да калег. І гэта без перабольшання. Па заканчэнні навучальнай установы гэтыя хлопцы папоўняць афіцэрскія шэрагі авіябазы. Ужо цяпер маладыя людзі выконваюць пастаўленыя перад імі задачы.

За тры гадзіны да палёту эскадрылля збіраецца ў поўным складзе. Камандзір даводзіць ваеннаслужачым, сярод якіх і курсанты, задачы на надыходзячы дзень, каторы раз нагадвае меры бяспекі падчас эксплуатацыі тэхнікі. Лётны склад праходзіць трэнажы — так авіятары называюць практыкаванні па ўдасканаленні прафесійнага майстэрства. Затым рыхтуецца авіяцыйная тэхніка. Пасля запуску верталёта экіпаж ажыццяўляе праверку параметраў усіх прыбораў — і баявая машына ўзлятае. Тыя, хто застаўся на зямлі, удасканальваюць свае веды ў тэорыі, адпрацоўваюць пазаштатныя сітуацыі ў небе на авіятрэнажоры, вырашаюць іншыя пастаўленыя камандзірамі задачы.

Яшчэ да таго, як прыйсці ў воінскую часць афіцэрам, практычна кожны курсант авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі мае каля 200 гадзін налёту. Перад тым як сесці за штурвал баявога верталёта, маладыя людзі лятаюць у аэраклубах на планерах.

Пераадоленне псіхалагічнага бар'ера

Большую частку свайго часу авіятары, сярод якіх і курсанты, праводзяць на аэрадроме. Паветраных асаў, дарэчы, можна ўбачыць не толькі за штурваламі сваіх жалезных птушак, але і проста ў небе. Падчас нашага візіту на авіябазу мы заўважылі некалькі парашутыстаў, якія адзін за адным пакідалі ваенны борт. Як высветлілася, гэта былі не дэсантнікі.

— Кожны лётчык і верталётчык штогод павінен ажыццявіць па два скачкі з парашутам, — расказвае пілот верталёта «Мі-24». — Пачынаючы з першага курса Ваеннай акадэміі, праходзяць праз гэтае выпрабаванне і курсанты. Дэсантаванне адбываецца як з борта ваеннага самалёта, так і з верталёта. Гэта патрэбна не толькі для адточвання дзеянняў па вымушаным пакіданні авіямашыны, але і для фарміравання псіхалагічнай устойлівасці ваеннаслужачых. У выпадку пэўнага тэхнічнага збою, калі прыйдзецца пакідаць кабіну, афіцэр павінен быць гатовы пераадолець псіхалагічны бар'ер.

У пілота верталёта «Мі-24», з якім мы размаўляем, — 820 гадзін налёту. І гэта за няпоўныя 13 гадоў службы, калі не лічыць перыяд навучання ў Ваеннай акадэміі. У шматлікія абавязкі авіятара ўваходзіць і ажыццяўленне палётаў з курсантамі. «Працэс навучання курсантаў уключае ў сябе тэарэтычную і наземную падрыхтоўку, — расказвае камандзір экіпажа. — Толькі пасля таго, як маладыя людзі паляталі на ўсіх трэнажорах, дзе навучыліся дзеянням у розных выпадках, і здалі ўсе залікі, іх дапускаюць да сапраўдных палётаў».

Вядома, лятаюць курсанты з інструктарамі, якія з'яўляюцца вопытнымі авіятарамі. Так будзе на працягу некалькіх гадоў — каб стаць камандзірам экіпажа, лётчыку-штурману давядзецца правесці ў небе нямала часу, а таксама прадэманстраваць свае найлепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці. «Кожны лётчык павінен падтрымліваць натрэніраванасць і ўдасканальвацца, — заўважае пілот верталёта «Мі-24». — Чым больш ён праводзіць у небе, тым больш упэўнена адчувае сябе ў кабіне».

Любоў да авіяцыі з дзяцінства

Курсант авіяцыйнага факультэта Іван Чараватаў прызнаецца, што, трапіўшы на авіябазу, адчувае сябе ў знаёмым асяроддзі. Падчас навучання ў акадэміі маладыя людзі рэгулярна бываюць у воінскай часці. Больш за тое, пачынаючы з першага курса, курсанты знаёмяцца з лётчыкамі і верталётчыкамі, якія выпускаюцца перад імі, а таму ўжо многіх ведаюць.

«Вельмі важна, што ёсць старэйшыя таварышы, якія не супраць дапамагчы, — адзначае Іван. — У іх больш вопыту, што датычыцца тэхнікі і выканання палётаў. Усе дапамогуць, падкажуць, як дзейнічаць у незразумелай сітуацыі».

Палёты курсанты ажыццяўляюць з рознымі інструктарамі. І, як падкрэслівае Іван Чараватаў, добра, што яны мяняюцца. «Адзін інструктар не можа ў поўнай меры ацаніць здольнасці курсанта як штурмана, так і лётчыка, — лічыць малады чалавек. — Для аб'ектыўнай ацэнкі здольнасцяў ваеннаслужачага павінна быць меркаванне некалькіх інструктараў, што мы і назіраем. Гэта правільна. Параіўшыся паміж сабой, нашы больш вопытныя таварышы могуць скласці агульнае меркаванне аб канкрэтным верталётчыку».

Курсант Іван Чараватаў асвойвае самы сучасны верталёт, які стаіць на ўзбраенні беларускай арміі, — «Мі-8 МТВ-5». «Гэты верталёт шматфункцыянальны: эвакуацыя, дэсантаванне, баявое прымяненне, пошукава-ратавальныя работы — гэта яшчэ не ўвесь спектр прымянення баявой машыны, — расказвае будучы афіцэр. — Калі «Мі-24» пазіцыянуецца вытворцам як баявы верталёт, то ў «Мі-8» вялікая кабіна — сюды нават можна загрузіць УАЗ або медыцынскі модуль, які неабходны пры эвакуацыі параненых».

Іван Чараватаў родам з Кобрына. Лятаць марыў з дзяцінства. Прыкладам для хлопца быў дзядуля — ваенны лётчык, які спачатку лятаў на самалётах, а потым асвоіў «Мі-8». Гледзячы на дзеда, цягнуўся да авіяцыі і Іван. Любіў фільмы пра лётчыкаў, калекцыянаваў часопісы «Сусветная авіяцыя». Бліжэй да заканчэння школы ў маладога чалавека канчаткова сфарміравалася разуменне, чаго ён хоча ад жыцця, — у выніку паступіў у Ваенную акадэмію на верталётчыка. Як прызнаецца малады чалавек, цяжкасцяў пры паступленні не было: балаў хапала, па здароўі таксама прайшоў.

На маё пытанне, чаму выбраў лятаць на верталётах, а не на самалётах, Іван Чараватаў адказваць не спяшаўся. Аказваецца, у многіх пакаленняў курсантаў Ваен-
най акадэміі пастаянная спрэчка: што складаней асвоіць — верталёт або самалёт? «Верталёт, напэўна, больш складаны ў плане тэхнікі пілатавання, бо дыяпазон хуткасцяў — ад нуля і вышэй, — кажа малады чалавек. — Для самалёта характэрныя высокія хуткасці».

Кожны лётчык памятае свой першы палёт. Курсант Чараватаў — не выключэнне. Дэбютны палёт ён ажыццяўляў на планеры. Гэта было на першым курсе.

— Не баяліся? — удакладняю ў без пяці хвілін верталётчыка.

— Я ж з інструктарам быў, навошта мне баяцца?! — здзіўляецца ён пытанню. — Першы палёт заўсёды азнаямляльны. Ты не прымаеш удзел у кіраванні, а толькі атрымліваеш асалоду ад убачанага. А вось падчас першага палёту на «Мі-8» думкі былі аб тым, што гэта вельмі сур'ёзная тэхніка, а таму адносіцца да будучай службы трэба адпаведна.

Несур'ёзных, нядобрасумленных людзей, якім не ўласціва пачуццё адказнасці, у авіяцыі проста не бывае. Курсант авіяцыйнага факультэта Кірыл Дзедуль таксама з дзяцінства марыў быць пілотам. Малады чалавек натхніўся аповедамі пра афіцэрскія будні свайго дзеда-верталётчыка, якога не застаў. «Бабуля расказвала пра ваеннае жыццё дзеда, мне было вельмі цікава, таму пасля 7 класа я вырашыў паступаць у Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча, — расказвае курсант. — Падчас навучання мы наведвалі адну з ваенных авіябаз, назіралі за палётамі лётчыкаў — і маё жаданне звязаць сваё жыццё з авіяцыяй толькі мацнела».

У Кірыла — 190 гадзін налёту. Ён упэўнена адчувае сябе ў небе і гатовы прыступіць да выканання пастаўленых задач. Па яго меркаванні, вельмі важна, каб экіпаж (а гэта камандзір, лётчык-штурман і бартавы тэхнік) думаў у адзіным кірунку. «Добра, каб паміж членамі экіпажа склаліся даверлівыя адносіны: ад маральнага настрою шмат што залежыць — гэта ж каманда, — перакананы Кірыл Дзедуль. — Нягледзячы на тое, што ў кожнага — свае абавязкі, за палёт адказвае ўвесь экіпаж».

Маладым людзям нават не верыцца, што навучанне ў акадэміі практычна завершана. Наперадзе ў іх — доўгачаканае афіцэрскае жыццё. Аднак калі яны думаюць, што будуць толькі лятаць, то памыляюцца. Лётчык вучыцца ўсё жыццё. Ад таго, як авіятар падрыхтуецца да палёту на зямлі, будзе залежаць яго работа ў небе.

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.