Вы тут

Фестываль «Алімпія-2023» аб’яднаў больш за 800 юнакоў і дзяўчат


Рэспубліканскі спартыўна-масавы фестываль для працоўнай моладзі «Алімпія-2023» аб’яднаў цягам трох дзён у палатачным гарадку на беразе ракі Іслач ва ўрочышчы Дубы Валожынскага раёна больш за 800 юнакоў і дзяўчат — 21 маладзёжную каманду першасных арганізацый, галіновых камітэтаў БРСМ працоўных калектываў і ведамстваў з усёй краіны.


Фота з сайта БРСМ

Традыцыйна прадстаўніцтва «алімпійцаў» на фестывалі было больш чым сур’ёзнае — зборныя каманды Беларускай чыгункі, Мінсктранса, «БЕЛАЗа», «БМЗ», «Мінскага трактарнага завода», «Магілёўліфтмаша», канцэрна «Беллегпрам», ААБ «Беларусбанк», Мінадукацыі, абласных і Мінскага камітэтаў БРСМ. Здаровую канкурэнцыю падчас спартыўных і творчых спаборніцтваў ім склалі маладзёжныя каманды «Нафтана», «Белаўтамаза», Мінскага электратэхнічнага завода імя В. І. Казлова, слуцкага ААТ «Кранавы завод», Скідальскага цукровага камбіната — навічкі праекта.

Кожны год фестываль праходзіць па пэўнай тэматыцы. Сёлета фэст працоўнай моладзі быў прысвечаны 105-годдзю УЛКСМ. І прайшоў пад агульным слоганам «Не расстануся з камсамолам, буду вечна маладым...» У сувязі з гэтым на «Алімпіі-2023» дзейнічала правіла нашэння любога атрыбута камсамольца, уключаючы значкі, элементы адзення, абутку і іншыя. Яно прымянялася як да каманд-удзельніц, так і да журы і гасцей фестывалю. «Камсамольская» праграма «Алімпіі» была насычана конкурсамі і інтэрактывамі.

Па-за ёй удзельнікі фестывалю маглі здаць нарматывы патрыятычнага фізкультурна-спартыўнага комплексу «Гатовы да працы і абароны!»: чаўночны бег, скачкі ў даўжыню, адцісканні (хлопцы), уздым тулава (дзяўчыны), нахіл тулава наперад, зборка/разборка аўтамата на час, аказанне першай медыцынскай дапамогі, а таксама паўдзельнічаць у спаборніцтвах па міні-футболе і валейболе.

Цэнтральнай падзеяй першага фестывальнага дня стаў адкрыты дыялог «Спадчына ў будучыню» з удзелам «алімпійцаў» і экспертаў — вядомых дзяржаўных дзеячаў, якія атрымалі камсамольскую загартоўку. Па задумцы арганізатараў, дыскусія прайшла ў фармаце камсамольскага сходу са стылізаваным афармленнем атрыбутамі — трыбунай, сталом з чырвоным абрусам і г. д., а акрамя таго — выбраннем ганаровых гасцей у склад прэзідыума, міні-дакладамі на зададзеную тэму, спрэчкамі з удзелам камсамольцаў.

Пры падтрымцы Клуба інтэлектуальных гульняў ААТ «ААБ Беларусбанк» «Плацінавая Сава» ў праграме «Алімпіі» быў пазначаны турнір па інтэлектуальных гульнях «Наш родны камсамол, удзячныя табе за навуку па сумленні жыць» (каманды гулялі адначасова па прынцыпе: «пытанне — „мазгавы штурм“ — адказ») і конкурс на найлепшую аўтарскую песню «Няхай песні раскажуць, якімі мы былі...»

У выніку пераможцам стала каманда галіновага камітэта БРСМ ААТ «ААБ Беларусбанк». На другім месцы размясцілася каманда Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ, трэцім — ААТ «БМЗ — кіруючая кампанія холдынга «БМК».

Арганізатарам рэспубліканскага спартыўна-масавага фестывалю «Алімпія-2023», выступіў БРСМ пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі, спорту і турызму, Мінскага аблвыканкама. Праект рэалізоўваецца з 2004 года па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.