Вы тут

Ганна Садоўская: Хочацца перадаць сваё адчуванне краявідаў


Два гады, як наша гераіня скончыла аддзяленне станковага жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў. Гэта час, калі выпускнікі, як правіла, шукаюць сябе, але дзяўчына ўжо атрымала персанальную выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі!


Амаль цэлы месяц наведвальнікі маглі аглядаць яе «Шляхі творчасці» — у экспазіцыі аб’ядналася каля 30 карцін мастачкі. Прапанову выставіцца ў галоўным музеі краіны яна атрымала пасля пленэру «Святло зямлі беларускай» — тады на творы Ганны звярнулі ўвагу і прапанавалі ёй зрабіць выстаўку пейзажаў. Пра любімы жанр і ўлюбёную справу ішла наша размова з маладой мастачкай:

— У нашай краіне вельмі сур’ёзная пейзажная школа. Немагчыма не ўлічваць гэты факт у развіцці маладых аўтараў. А я ў пейзажы адчуваю сябе ўпэўнена і больш свабодна, чым у іншых жанрах. Бо пейзажам займаюся даволі даўно, першыя сур’ёзныя спробы былі падчас вучобы ў акадэміі мастацтваў. З таго часу, як у нас былі выязныя пленэры, калі мы малявалі прыроду — лавілі яе стан, адзначалі колер, — імкнулася перадаць паветра і настрой. Важнай часткай працы было стварэнне пейзажа — вялікай карціны.

Калі звярнуцца да студэнцкай пары, то розныя творы эксперыментальнага характару заўсёды мелі месца, але да пейзажа я звярталася часцей за ўсё. У мяне часам здараюцца партрэты, часам — нацюрморты, але калі вяртаюся да прыроды, калі імкнуся прапрацаваць эцюды, створаныя на пленэрах, то ўсё атрымліваецца больш проста: значна лягчэй ідзе думка, хочацца эксперыментаваць, гуляць з памерам. Гэта, дарэчы, можна адчуць на выстаўцы, бо тут прадстаўлены адзін з самых маштабных маіх твораў — трыпціх «Блакіт». Ён распавядае пра тры самыя вялікія водныя сістэмы Беларусі — Заходнюю Дзвіну, Блакітныя азёры і балота Ельня.

Гэта работа не давала мне спакою некалькі гадоў. Толькі кажуць, што галоўнае — прыдумаць вобраз і пачаць — а далей само пойдзе. Насамрэч спатрэбілася шмат часу і цярплівасці, бо хацелася паказаць непаўторную прастору, што аб’яднала сіняву вады, сінь неба, даляў. Хацелася стварыць вобраз Беларусі, якая не толькі на словах, а па сутнасці сінявокая краіна. Хацелася перадаць адчуванне высокага палёту над гэтай прасторай. Таму ўзнік трыпціх — і яго добра прынялі дзякуючы камандзе музея. Калі складалася экспазіцыя, творы вырашылі размясціць не на адной сцяне, а на трох, каб з розных бакоў гледача атачаў гэты блакіт.

— Яшчэ адметнасць — выстаўка разбіта на зоны…

— Такое рашэнне каманды Нацыянальнага мастацкага для мяне было нечаканасцю, але аказалася ўдалай знаходкай. Можа, і выпадкова, але скампанавалі прынцыповыя моманты, калі ў адной зоне прадстаўлены пейзаж, які быў створаны ў 2017 годзе, калі я была студэнткай другога курса, а побач вісіць твор 2023 года. Відавочная розніца ў падыходах, у тэхнічных момантах, нават у назвах. Тады былі першыя спробы, а цяпер — сінтэз працы на пленэрах, у майстэрні, еднасць выхаду творчай энергіі і мастацкай задумы.

Адна работа — з калекцыі літаратурнага музея Якуба Коласа. Яны ладзілі пленэр у рамках «Славянскага базару ў Віцебску», які быў прысвечаны Якубу Коласу і Янку Купалу. Твор нарадзіўся літаральна за дзень, пры тым, што зусім не маленькі па памеры. Ён прысвечаны любімым мясцінам Якуба Коласа — Акінчыцам, Мікалаеўшчыне... Гэта мясціны каля нашага магутнага Нёмана — а там заўсёды асаблівы настрой: высокія берагі, цяжкія аблокі. Ёсць работа пад назвай «Нёман. Разліў» — перадае той час, калі рака выходзіць з берагоў, становіцца шырокай. Калі да Мікалаеўшчыны прыехаць не ў сезон, то Нёман, хоць і крутая ды хуткая рака, але падаецца невялікай рачулкай. А калі Нёман ідзе ў разліў — гэта вясна, восень ці калі ідуць летнія ліўні, — ён становіцца паўнаводным, і гэта ўражвае. У такі час і была створана гэтая карціна.

— А ў вас ёсць любімыя мясціны?

— Найбольш любімая — Мінская вобласць (віцебскі напрамак), Стаўбцоўскі і Валожынскі раёны, мясціны Налібокскай пушчы. Мне вельмі даспадобы асаблівая атмасфера балота Ельня — нейкія быццам касмічныя пейзажы. На мой погляд, у нас столькі адметных мясцін, што глядзець — не пераглядзець. Я не раблю акцэнт на канкрэтных геаграфічных пунктах, значна больш цікавіць стан, уласцівы пейзажу, хочацца ўлавіць яго настрой, перадаць сваё адчуванне краявідаў.

Але праца над эцюдам на прыродзе — толькі частка ў стварэнні вялікага пейзажу ці вялікай карціны. А калі прыязджаю ў майстэрню, то ўключаю ўсе свае эмоцыі, каб выявіць вобраз, які адчула. Бо ў эцюдах не стаўлю задачу перадаць убачанае дакладна, а ў першую чаргу — даць адчуванне паветра, неба, вялікай вады. Ці, наадварот, адлюстраваць больш камерны стан. Таму мае эцюды — гэта кардонкі памерам крыху больш за далонь. Але яны — падмурак для вялікай карціны, якая можа набыць памер 100 на 280 сантыметраў.

Ужо ў майстэрні ідзе працэс прыняцця няпростых рашэнняў: выбар фармату, творчага прыёму, тэхнічных магчымасцяў. І не самае апошняе значэнне ў рабоце над творам адыгрывае выбар яго назвы, бо яна шмат у чым вызначае настрой. Гэта не вельмі проста для мяне, таму часта працэс зацягваецца. Але вершы прыходзяць на дапамогу! Вершы нашых беларускіх аўтараў — у іх можна сустрэць шмат прыгожых апісанняў прыроды, непаўторных метафар, удалых словазлучэнняў.

Мне гэта дапамагло нават пры выбары назвы выстаўкі. Разам з куратарам Кацярынай Запека мы вырашылі, што трэба выкарыстаць слова «шляхі». Таму што ў многіх карцінах адлюстравана дарога ці сцяжынка альбо ёсць вобраз пераадолення шляху: «Да хаты» ці «На іншым беразе», напрыклад, у творы «Зімовы карунак» адлюстравана халодная рака, якая прабіраецца праз белізну дрэў: яна нібыта ўваходзіць у зіму. Вырашылі, што будуць «шляхі», але чаго? Селі гартаць вершы Якуба Коласа. Пакрысе прыйшлі да выразу «Шляхі творчасці». Так і ёсць, бо выстаўка аб’яднала мае творы розных гадоў, ад самага пачатку знаёмства з жанрам пейзажа.

— Маладыя мастакі на нейкім этапе могуць знаходзіцца пад уплывам творчасці сваіх выкладчыкаў. Што вы ўзялі ад настаўнікаў, а ў чым хочаце быць сабой?

— Не магу не адзначыць сваіх выкладчыкаў, найперш Паўла Уладзіміравіча Масленікава. Гэта вядомы пейзажыст, адзін з прадстаўнікоў вядомай мастацкай дынастыі, якая адыграла вялікую ролю менавіта ў існаванні пейзажнага жанру ў Беларусі, пачынаючы ад Паўла Васільевіча Масленікава. А Уладзімір Паўлавіч цяпер з’яўляецца загадчыкам кафедры станковага жывапісу ў Беларускай акадэміі мастацтваў, нядаўна адзначаны званнем заслужанага дзеяча культуры. Прадстаўнік трэцяга пакалення — Павел Уладзіміравіч — быў маім выкладчыкам каля 15 гадоў, як ён сам падлічыў, — яшчэ з часоў вучобы ў гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка. Павел Уладзіміравіч вёў маю дыпломную працу ў акадэміі. Дыплом атрымаў найвышэйшую адзнаку і пасля пераехаў у Музей гісторыі горада Мінска — так пачаўся мой выхад у шырокі мастацкі свет.

Адзначаючы беларускую школу пейзажа, не магу не сказаць пра сваіх выкладчыкаў па простай прычыне: я шчыра лічу іх вялікімі майстрамі. Прычым не толькі ў жывапісе, але і ў педагогіцы. Такія асобы, як Павел Уладзіміравіч Масленнікаў, Антон Аляксандравіч Вырва, Ганна Уладзіміраўна Конанава, адыгралі важную ролю ў маім выхаванні праз раскрыццё сутнасці і задач класічнага жывапісу, яго сродкаў, рашэнняў. Некаму гэта, магчыма, падаецца кансерватыўным. Але я таксама крыху мастацтвазнаўца (вучуся ў аспірантуры ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук) і магу сказаць, што гэта трывалая глеба, на якой трымаецца ў тым ліку і сучасны жывапіс, — як з пункту гледжання выкарыстання колеру, так і з пункту гледжання канцэптуальнага і філасофскага рашэння.

— А хто паспрыяў, каб вы прыйшлі ў выяўленчае мастацтва?

— У маёй гісторыі ад самага пачатку адыграла вялікую ролю сям’я: у бацькоў было разуменне, што дзіця павінна чымсьці займацца. Ні спорт, ні музыка мяне не захапілі. Але я была тым дзіцем, якому можна было даць расфарбоўку з алоўкамі і такім чынам заняць на некалькі гадзін — мне гэта вельмі падабалася. Тут узнікае страшная лічба: я займаюся жывапісам каля 20 гадоў! Гэта калі пачаць лічыць са школы. У маім выпадку ўсё склалася арганічна: не магу прыгадаць сітуацыі, калі б мяне прымушалі. Вядома, былі дзіцячыя капрызы — як жа без гэтага?! Але не магу прыгадаць сваіх калег, якія прыйшлі ў розныя творчыя прафесіі ў дзяцінстве, — у прыватнасці ў музыку, балет, — каму б не прыходзілася на нейкім этапе сябе дысцыплінаваць дзеля мэты. Але склалася ўдала, што сям’я да мяне прыглядзелася і адчула мае жаданні.

Гэтая выстаўка для мяне — важны і знакавы момант, але і вельмі адказны. Хацелася б спадзявацца, што я апраўдала надзеі тых, каму абавязана сваім шляхам, таксама адчуваю адказнасць перад музеем. Бо выйсці на такую пляцоўку — вялікі гонар для любога мастака, не толькі для пачаткоўца. Таму што ў гэтым музеі выстаўляюцца мэтры, творы якіх я хадзіла глядзець, — хоць бы краем вока, з-за спінаў наведвальнікаў. З гэтымі творамі мы знаёміліся на занятках як з класікай беларускага жывапісу, і я маю на ўвазе не толькі пейзаж. І цяпер адчуваю адказнасць яшчэ і сама перад сабой — за той шлях, што ёсць і будзе далей.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.