Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Падкрэсліванне белых палос»


Жыццё ва ўсіх паласатае. Не было б у нас чорных палос, не было б і белых, іх бы проста ніхто не заўважыў. Была б шэрая, тужлівая, без фарбаў і ценяў прастора. Хто ведае, як бывае па-іншаму? Па-іншаму — гэта ўжо не наш, а хутчэй за ўсё паралельны Сусвет.


Фота: pixabay.com

Ганну абурала, чаму ў яе такія шырокія чорныя палосы і такія тоненькія, як нітачкі, белыя. Яна ўспомніла дзяцінства, як начавала ў хляве на дровах, накрыўшыся старой коўдрай, і глядзела ў маленькае акенца на зорнае неба. Месяц быў тоненькі і яркі — маладзік. У хляве было цёпла ад дыхання жывёл, а на двары — белы хрумсткі рассыпісты снег.

П’яны бацька бушаваў, маці ўцякла да суседзяў на іншую вуліцу, а яна схавалася ў хляве. Хацелася есці. Здавалася — чорная паласа, але яна ўспамінае дзяцінства з любоўю, значыць, гэта была белая паласа. Затым была чорная, яна не хацела пра яе ўспамінаць... так і чаргаваліся. 

Цяпер шэрая паласа, хацелася б, каб не перайшла ў чорную. Ганна ведала, што ўсё залежыць ад яе ўспрымання, тым не менш турбавалася. Сябар трапіў у бальніцу, а яна не можа вярнуцца. Яе месца пакуль тут, у дачкі, пакуль унучка пойдзе ножкамі. Кот застаўся дома адзін, папрасіла маму прыгледзець за катом. 

Мама выказала столькі незадаволенасці... Паддаўшыся змрочнаму настрою, Ганна дзень нервавалася, разбіла кубак, зачапілася за ножку стала і ўпала з унучкай на руках. Ледзь паспела ўхіліцца, каб хутка пакласці, амаль кінуць дзяўчынку на канапу.

Дзякуй Богу, дзіця «прыканапiлася» мякка, не заплакала, затое ў Ганны сіняк на паўнагі, локаць прыпух, рэбры баляць і дробныя непрыемнасці пайшлі. Шмат дробных. Як у Рамана Карцава — «вялікія, але па 5, сёння маленькія, але па 3». Дык вось, па тры, але шмат. 

Увечары неспадзявана села на новыя акуляры. Iх купіла ёй дачка. Яна прыняла падарунак з удзячнасцю, апошнім часам бачыла паўсвету, а ў іх свет цалкам, у фарбах, тонах, паўтонах, хоць і за шклом. Калі бачыш увесь свет — гэта і ёсць белая паласа. І ўсе разборкі на працы, разбіты кубак... у параўнанні са зрокам, не паласа, хіба што кропка. 

Ганна старалася пераключыцца на пазітыўную хвалю, каб увайсці ў белую паласу. Выкінула пабіты кубак, выйшла на балкон. Абсыпаная зоркамі бясконцасць і тоненькі маладзік глядзелі на яе ва ўпор. Па інэрцыі падумала: «Калі маладзік, ранкі будуць доўга гаіцца», але хутка адагнала неканструктыўную думку: «Усё добра. Я шчаслівая, я з дзецьмі, люблю іх, і яны любяць мяне. Акуляры адвязем у рамонт».

Легла ў ложак, а думка аб чорнай паласе дакучліва круцілася. Ганна ведала, думкі могуць матэрыялізавацца, і гнала яе. У процівагу намаганням у памяці ўсплыла адна з негатыўных палос. Яна тады вельмі стамілася, усё навалілася адразу, у яе не засталося сіл. 

Гэта здарылася 31 снежня, ёй было 42, а здавалася, што пражыла ўжо 99 гадоў: усё бачыла, перажыла, нічога больш не будзе і быць не можа. Ёй здрадзіла сяброўка, апошняя сустрэча з каханым пакінула пякучую крыўду, якая запаўняла ўсе яе клеткі нясцерпнай стомленасцю і асуджанасцю. Але дома дзеці і маці, і трэба рыхтавацца да сустрэчы Новага года. 

З працы адпусцілі з абеду — перадсвяточны дзень. Яна зайшла ў краму, купіла прадукты, каля дома сустрэла дзяцей. Тыя паведамілі, што сыходзяць сустракаць Новы год з аднакласнікамі, і неяк груба ёй адказалі. Можа, гэта было і не груба, яна ўжо дакладна не памятала, але ёй было крыўдна. Крыўда збіралася, расла, перапаўняла яе.

На кухні зноў з’явіліся прусакі, іх было ніяк не вытруціць. Яна паглядзела на прусака, які нахабна крочыў па стале, і апусціла рукі. Зайшла маці і стала папракаць, што Ганна дрэнна выхоўвае дзяцей, яны сышлі сустракаць Новы год і будуць бескантрольныя... Пачуццё крыўды перапоўнілася, Ганна моўчкі паднялася і пайшла з хаты.

Перабудова, загінуў муж, заробку не хапае. Яна выбівалася з сіл, каб пракарміць сям’ю, каб дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі, і маці было лёгка і добра. Цяпер Ганна разумела, што ўсё было не так дрэнна тады. Праблема была з успрыманнем. Крыўда закрыла свет.

Ганна заўсёды лічыла самагубцаў хворымі людзьмі. Разумова здаровы чалавек не стане перарываць сваё жыццё. Заўсёды ёсць выйсце, не можаш жыць у горадзе, жыві ў тундры, там таксама жыццё, і не вядома, дзе лепш, сярод каменных джунгляў або дрэў. Ва ўсім свае плюсы і мінусы.

Часам проста святло зоркі напаўняе чалавека шчасцем. Часам музыка кружыць і нясе да зорак. Рай жыцця і пекла не звонку, яны ў нас, у тым, як мы ўсе ўспрымаем, бачым, разумеем, адчуваем. Свет кожнага з ім нараджаецца і з ім знікае. 

Ганна ўсё гэта ведала і любіла гэты свет. Любіла пахкае ад кветак поле, пчол, росныя травы і шолах лістоты. Яна любіла жыццё, умела бачыць кветку, улавіць водар, адчуць пяшчоту мора. Калі плывеш, яно лашчыць цябе, а ты гладзіш яго. 

Але тады крыўда засланіла свет. Раптам Ганна апынулася ў яйку, унутры яйка, як жаўток. Усё вакол было невыразна-шэрае, як у прыцемках або ў сне. Яйка мела сваю ўнутраную шэрую прастору, яно на паўтара метра адыходзіла ад контуру Ганны, а за яйкам суцэльная цемра. Ганна ішла, яе атачала яйка, а яна была яго жаўтком, цёмна-шэрым жаўтком.

Ведала, вакол людзі і дамы, але іх не бачыла. Свет адхіліўся ад яе гэтак жа, як яна адхілілася ад свету. Яна была не тут і не ў сне, а ў мікра-сусвеце яйка, і складалася з болю і крыўды. Захацелася знікнуць, не быць. Яе несла невядома што і невядома куды. Зніклі: час, гукі, святло, было толькі невыразна-шэрае і цемра. Яна проста ішла ў ліхалецце.

Раптам убачыла ўнізе бурлівую чорную ваду. Ганна стаяла на плаціне і глядзела ўніз. Зіма не мела ўлады над равучай плынню, тут не было лёду. Унутраная прастора яйка пашырылася, яна захоплівала ўжо і ваду ўнізе. Вада вабіла, прыцягвала і сама цягнулася да Ганны.

Пацягнула прыгнуць у гэтую бездань. Ганна ведала, пяць хвілін будзе вельмі балюча. Адчула некалi гэты боль, калі лёгкія раздзірае ўдушша, ёй калісьці не пайшла анестэзія у бальніцы. Памятала адчуванні. 

«Дзеці, — падумала яна, але яны так яе пакрыўдзілі. Яны мяне не любяць. Я ім не патрэбна. Мама? Я ніколі не была ёй патрэбная». Вада настойліва цягнулася да Ганны, запрашаючы ў нірвану нябыту. «Мне нават не будзе халодна, будзе ніяк. Усё скончыцца: боль, крыўда. Нічога не хачу», — думала яна. 

Ганна глядзела на ваду — зараз яна пералезе праз парэнчы і ўсё, толькі ўсплёск і кругі. Яна была гатовая і ўсё вырашыла: «Усяго пяць хвілін». Ганна ўсміхнулася і бясконцы спакой запоўніу яе. Як добра, калі запаўняе спакой.

Раптам разанула — яна вінная грошы кампаньёну па бізнесе. Ён ніколі не падвёў і цалкам ёй давярае. Паверыў на слова, унёс у справу зберажэнні ўсёй яго сям’і, грошы, сабраныя сумленнай працай за ўсё жыццё. Калі яна вось так сыдзе, грошы яму ніхто не верне, у яго нават не засталося дакументаў... Не магла яна так падвесці чалавека, які верыў ёй. Ён не пры чым, і зрабі яна так, гэта была б не яна.

У секунду знікла яйка і цемра, яна ўбачыла, што яшчэ свеціць сонца і іскрыцца снег, і здзівілася. Яна стаяла ля плаціны, побач з нагой ляжаў апельсін. Дагэтуль яна яго не бачыла. Нахілілася падняць, але ад дотыку апельсін хіснуўся і зваліўся ў ваду. Закалыхалася жоўтая плямка і пайшлі кругі па вадзе. Ёй стала зябка, адступіла назад. Вада ўжо страціла свой магічны дар прыцягнення, Ганна пайшла дадому.

Было нязвыкла светла, снег храбусцеў пад нагамі. Як яна сюды прыйшла? Колькі часу ішла ў цемры? Яна ўбачыла людзей, якiя мітусяцца ў перадсвяточнай спешцы: хтосьці цягнуў елку, хтосьці апельсіны, шампанскае. Ля ўваходу ва ўнівермаг было шмат людзей, у апошні момант куплялі навагоднія падарункі.

Ганна ішла доўга, хоць магла даехаць на транспарце. Перасекла некалькі вуліц з інтэнсіўным рухам. Як яна сюды прайшла і ні з кім не сутыкнулася? Не патрапіла пад машыну? Што яе вяло? Што спыніла? Доўг? 

Дома забіты прусак ляжаў пад сталом, маці гатавала вячэру, яна з трывогай паглядзела на дачку: «Дзеці прыйдуць у адзінаццаць, сустрэнуць з намі Новы год, а потым сыдуць з аднакласнікамі на ёлку. Прасілі запрасіць Дзіміну маму, а то яна адна». Аня патэлефанавала Дзімінай маме і запрасіла. 

У адзінаццаць прыйшлі дзяўчаткі, Дзіма і яго мама. І толькі за сталом, калі сабраліся ўсе, яна адчула: яе любяць дзеці, шкадуе маці, і яна іх усіх любіць. Дзякуй кампаньёну, што даверыў ёй грошы, доўг яе спыніў. Кажуць, калі чалавек спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, ён абавязкова гэта зробіць. Але з ёй гэтага не здарыцца, яна вельмі любіць жыццё, дзяцей, неба і гэты свет. 

Прабілі куранты, Ганна расчыніла акно і запрасіла ўвайсці Новы год, падзякавала старому. Потым закрыла акно і спытала: «Вы бачылі? Дзед Мароз кінуў нам пад акно падарункі!» Усе засмяяліся і пабеглі ў двор забіраць пад акном падарункі. 

Дзеці былі ўжо практычна дарослымі, але чакалі Дзеда Мароза. Яны ведалі, што гэта мама хавае падарункі, але хацелі верыць у казку. Пасля бою курантаў пайшлі званкі і віншаванні, і яна адчула, што зусім не кінутая. Акрамя таго, ён патэлефанаваў самы першы.

Яна нікому не сказала, што была на парозе цемры. Яе вяла непадуладная ёй сіла, гэтая сіла сама ўсё вызначала, пасля гэтага яна на многае памяняла свой погляд. Чаму яна ўспомніла? Гэта было так даўно. Падумала: «Я тады была маладой і закаханай. Не, гэта не была чорная паласа. У жыцці больш белых палос, а чорныя — гэта падкрэсліванне белых».

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?