Вы тут

Што трэба ведаць тым, хто збіраецца ў лес


У лясах краіны пайшлі грыбы — а значыць, на гарачую лінію МНС актыўна паступаюць званкі з просьбай аб пошуку чалавека. Нярэдка губляюцца кампаніямі. Пошукі могуць працягвацца не адзін дзень. Для некаторых ціхае паляванне заканчваецца зусім не хэпі-эндам.

Дарогу дадому з лясных сцяжын, як правіла, не знаходзяць тыя, хто не разлічвае свае сілы і заходзіць на вялікія адлегласці. Іншыя шукаюць грыбы ў незнаёмых месцах або там, дзе збіралі лясныя дары раней, не ўлічваючы той момант, што лес змяніўся.


Фота: МНС

Грыбнікоў шукаюць штодзень

Грыбнікі губляюцца ў беларускіх лясах кожны дзень. Увечары 7 жніўня ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў лясным масіве паблізу вёскі Ліпск Докшыцкага раёна згубілася сям’я. Як потым высветлілася, сужэнцы і іх чатырохгадовы сын, якія жывуць у сталіцы, пайшлі ў лес у грыбы. Тое, што заблудзіліся, яны зразумелі, калі вярталіся назад. Тады мужчына патэлефанаваў у службу ратавання. Сувязь са згубленымі падтрымлівалася па мабільным тэлефоне. Літаральна праз гадзіну сям’я выйшла з лесу на сігнальна-гукавую прыладу аўтацыстэрны.

У той жа дзень, але ўжо бліжэй да ночы, лепельскім ратавальнікам паступіла паведамленне ад пажылога грыбніка, якога ў лесе напаткала непагадзь. Дрэвы пападалі на лясныя дарогі, і пенсіянер не змог выбрацца з гушчару. У пошукавых мерапрыемствах былі задзейнічаны тры адзінкі тэхнікі і дзесяць чалавек. Праз некаторы час мужчына самастойна вярнуўся дадому. У медыцынскай дапамозе ён патрэбы не меў.

Днямі двое пенсіянераў заблукалі ў Магілёўскай вобласці. Адзін не змог самастойна выбрацца з лесу ў Горацкім раёне. У грыбы мужчына адправіўся з таварышам. Скончыўшы ціхае паляванне, яны вярнуліся да машыны. Аднак пенсіянер вырашыў вярнуцца ў лес і праверыць яшчэ адзін узлесак. Праз чатыры гадзіны ён зразумеў, што згубіўся, і патэлефанаваў ратавальнікам.

У пошуках удзельнічалі шэсць адзінак тэхнікі і 20 работнікаў МНС, дапамагалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ляснік. Як расказаў начальнік Горацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казлоў, пашанцавала, што пенсіянер быў на сувязі. «У нейкі момант ён убачыў квартальны слуп і паведаміў нам лічбы, якія на ім размешчаны, — так мы яго і знайшлі», — удакладніў ратавальнік.

Тым жа вечарам пошукавыя работы разгарнуліся ў лясным масіве ў Асіповіцкім раёне, дзе згубілася жанчына 1940 года нараджэння. Трывогу забілі сваякі: пенсіянерка пайшла ў лес па ягады раніцай у лёгкім адзенні, а днём пачалася навальніца. Да бабулі спрабавалі датэлефанавацца: тэлефон, які знаходзіўся пры ёй, быў недаступны.

«Прачэсвалі лясны масіў, дзе жанчына магла знаходзіцца, пешшу і на квадрацыкле, — расказаў намеснік начальніка Асіповіцкага раённага ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Мікалай Ярмоленка. — Праз 2,5 гадзіны пошукаў нам пашанцавала: у бабулі пачала лавіць мабільная сувязь, і мы да яе датэлефанаваліся. Ужо праз гадзіну знайшлі пацярпелую па костачку ў балоце і з прыкметамі пераахаладжэння». Жанчыну шпіталізавалі ва ўстанову аховы здароўя для абследавання.

Дзве жанчыны з дзецьмі звярнуліся да ратавальнікаў, калі зразумелі, што не могуць адшукаць дарогі дахаты ў Віцебскім раёне. Кампанія збірала грыбы. Да месца паведамлення адразу ж выехала найбліжэйшае падраздзяленне МНС. У дарозе ратавальнікі звязаліся з пацярпелымі па тэлефоне.

«Адна з жанчын паведаміла, у якім месцы яны прыкладна заходзілі ў лес, — згадаў абставіны пошукавага мерапрыемства ратавальнік Віталь Высоцкі. — Мы даехалі да поля, там стаялі людзі, якія паказалі, у які бок ехаць. Дабраліся да балоцістай мясцовасці, далей праехаць было немагчыма. Мой таварыш Уладзімір Бойка пачаў падаваць сігнал гучнагаварыцельнай прылады цыстэрны, а я ў гэты час тэлефанаваў тым, хто згубіўся. Яны сказалі, што чуюць сігнал аддалена. Каб вызначыць максімальна блізкую да іх адлегласць, мы пераязджалі ў розныя пункты, падавалі сігнал цыстэрны і стэлефаноўваліся з імі. Вызначыўшы месца, дзе яны чулі нас лепш за ўсё, я, надзеўшы гарнітур і застрахаваўшыся вяроўкай, якую трымаў мой таварыш, адправіўся ў лес і ўвесь час клікаў іх, а яны адказвалі. Праз некаторы час убачыў пацярпелых, якія разгублена стаялі і баяліся ісці, таму што вакол было балота».

Па чарзе супрацоўнік МНС дапамог жанчынам і дзецям выйсці на небалоцістую мясцовасць. Усе разам яны пакінулі лес. Пацярпелыя знаходзіліся ў нармальным стане, іх здароўю нічога не пагражала.

Аб тым, што патрэбна дапамога ў пошуку мужчыны, які згубіўся ў лясным масіве Барысаўскага раёна, днямі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паведаміла яго жонка. Раніцай мужчына разам са сваім сабакам пайшоў у грыбы. У абед яму паспрабавала патэлефанаваць жонка, але сужэнец на сувязь не выйшаў — мабільны тэлефон адключыўся. Зрабіўшы некалькі спроб звязацца з мужам, жанчына патэлефанавала ў МНС. Ратавальнікі, якія аператыўна прыбылі на прыблізнае месца пошуку, працавалі на водгук, але на сваё імя чалавек, якога яны шукалі, не адгукаўся. Мужчыну знайшлі ў глыбіні лесу. У пошукава-ратавальнай аперацыі ўдзельнічалі дзевяць чалавек. Вечарам пацярпелы быў знойдзены, у медыцынскай дапамозе патрэбы не меў.

Ідзяце ў лес — папярэдзьце родных

Перш чым ісці ў лес, ратавальнікі рэкамендуюць падрыхтавацца. Па-першае, важна прадумаць, у чым вы пойдзеце. Незалежна ад надвор’я (на працягу некалькіх гадзін яно можа кардынальна памяняцца) апраніце на сябе вопратку, якая не прамакае. Абавязкова паклапаціцеся аб тым, каб у вашым адзенні быў яркі элемент (напрыклад, чырвоная куртка або аранжавая кепка, сіняя хустка) — калі вы раптам згубіцеся, ратавальнікам будзе прасцей вас заўважыць. Па-другое, нават калі вы разлічваеце, што ідзяце ў лес ненадоўга, у любым выпадку вазьміце з сабой вады, штосьці з ежы. Добра, калі ў кішэню пакладзяце компас і — абавязкова! — зараджаны мабільны тэлефон. Людзям, якія маюць пэўныя праблемы са здароўем, ціхага палявання ўвогуле варта пазбягаць. Калі ўсё ж такі адважыліся пайсці ў лес, вазьміце з сабой лекі, якія пастаянна прымаеце.

Варта ўстрымацца ад лясных падарожжаў пажылым людзям. Менавіта гэтая катэгорыя грамадзян, адпраўляючыся ў грыбы ці ягады, часцей за ўсіх самастойна не вяртаецца дадому. Калі ж вы ўпэўнены ў сваіх сілах, не ідзіце на далёкія адлегласці і выбірайце знаёмыя шляхі. Дзецям у лесе можна знаходзіцца толькі ў прысутнасці дарослых. Ніякіх гульняў у лясным масіве быць не павінна!

— Абавязкова папярэдзьце родных, што ідзяце ў лес, а таксама раскажыце ім, у якім месцы збіраецеся заходзіць, па якім маршруце плануеце ісці і калі мяркуеце вярнуцца, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Пры адсутнасці сваякоў паведаміце аб сваіх планах знаёмым або суседзям. Калі вы дрэнна арыентуецеся на мясцовасці, лепш у лес увогуле не хадзіць. Вырашылі пайсці — запрасіце з сабой таго, хто добра ведае лясны масіў.

Заблукаць у лесе можа кожны. Прычым нават там, дзе ўсе сцяжынкі вядомыя. А колькі было выпадкаў, калі людзі губляліся ў мясцінах, дзе ўсё жыццё хадзілі. Таму вельмі карысная парада для тых, хто любіць лясныя падарожжы: варта запамінаць, з якога боку зайшлі ў лес і дзе ў гэты момант знаходзіцца сонца. Гэта абавязкова спатрэбіцца, калі будзеце вяртацца назад.

Не панікуйце, калі ў лесе вас заспела навальніца. У такім выпадку трымайцеся далей ад высокіх дрэў, якія стаяць асобна. Не размяшчайцеся каля вогнішча: слуп гарачага паветра з’яўляецца добрым правадніком электрычнасці. Часцей за ўсё маланка ўдарае ў дубы, таполі і вязы, радзей — у бярозу і клён. Схавацца лепш паміж нізкарослымі дрэвамі з густымі кронамі. Выбіраючы сабе прытулак, звярніце ўвагу, каб побач не было расшчэпленых дрэў, у якія раней трапіла навальніца. Справа ў тым, што зямля на такім участку мае высокую электраправоднасць, ёсць верагоднасць таго, што ўдар маланкі можа сюды трапіць яшчэ раз.

Што рабіць, калі вы заблукалі ў лесе:

  • не панікуйце;
  • прыслухайцеся — гукі могуць дапамагчы вам высветліць, што знаходзіцца побач, ідзіце на іх. Шум трактара звычайна чуваць за 3–4 кіламетры, брэх сабакі — за 2–3 кіламетры, цягнік — за 10 кіламетраў;
  • шукайце лініі электраперадач, прасекі і сцяжынкі — прытрымлівайцеся іх, і абавязкова выйдзеце да населеных пунктаў;
  • калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па цячэнні — яны заўсёды прывядуць да людзей;
  • патэлефануйце ў МНС (па нумары 101 або 112) і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце па баках. Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, супакойцеся і настройцеся на добры зыход;
  • калі пачынае цямнець, сарыентуйцеся на мясцовасці і падумайце, дзе арганізаваць начлег. Для начлегу можна выкарыстаць яму ад вывернутага з коранем дрэва. Зрабіце з галін сховішча накшталт шалаша і посцілку з падручных матэрыялаў. Ліст газеты, засунуты пад адзенне, у два разы зменшыць цеплааддачу. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад адзенне. Паспрабуйце знайсці ваду. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся аб тым, каб тыя, хто будзе вас шукаць, не прайшлі міма: дзеля прыцягнення ўвагі павесьце на кусты кепку, хустку або ліст паперы, абламайце галінкі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?