Вы тут

Адрадзіць традыцыю і напісаць сваю гісторыю


Здымкі поўнаметражнай кінастужкі «Кіношнікі» ад рэжысёра Кірыла Халецкага летам стартавалі на «Беларусьфільме». У працэсе стварэння новай беларускай камедыі сышліся вопыт і маладосць, і работа над праектам ідзе на студыі маладзёжнага кіно «Смолка». Чым сёння жыве гэтае падраздзяленне і што адбываецца за кулісамі здымачнага працэсу, мы змаглі даведацца, трапіўшы на запуск фільма.


— У нас галоўны герой — малады спецыяліст, які па размеркаванні прыйшоў на «Беларусьфільм». Таму, хоць у нас і 12 разоў перапісваўся сцэнарый, але тая акалічнасць, што ўся гісторыя адбываецца на кінастудыі, думаю, надасць будучаму фільму асаблівага шарму. Атрымаецца кінастужка пра стваральнікаў кіно непасрэдна на вытворчасці. Шмат у тым будзе праўды жыцця, бо мы паказваем, якія этапы рэжысёр-дэбютант праходзіць у сваёй рабоце. Гэта вельмі цікавы працэс, — распавёў Кірыл Халецкі.

Адпаведна са сцэнарыем, гледачы ўбачаць вынік паглыблення ў прафесію ў канцы аповеду. А сам фільм дасць нам магчымасць зазірнуць, так бы мовіць, у закуліссе кінакухні. Паказаць на экране рэальнасць стварэння кіно было для каманды стваральнікаў адным з прынцыповых момантаў. Ім хацелася, каб там было ўсё — і нечаканыя сітуацыі, і праблемы, і гумар, без якога ў рабоце няпроста. Аднак, па словах рэжысёра, не абмінулі яны і актуальную сёння тэму выкарыстання штучнага інтэлекту ў здымачным працэсе, узнялі пытанне атрымання адукацыі ва ўніверсітэце ў кантэксце папулярных анлайн-курсаў.

— Усё гэта ў нас знойдзе адлюстраванне, прычым у вельмі цікавай форме. Што да тэмпаў, то мы стартавалі і працуем у зладжаным рытме, — дзеліцца рэжысёр. — У нас сабралася паўнавартасная каманда. Напрыклад, аператар Уладзімір Казятка літаральна нядаўна атрымаў свой чырвоны дыплом УДЗІКа. А гукарэжысёр Анастасія Панасевіч — выпускніца нашай Акадэміі мастацтваў. Акрамя маладых спецыялістаў, працуюць з намі і прафесіяналы з вопытам. Асабліва хацелася б адзначыць нашага мастака-пастаноўшчыка Ігара Хруцкага. Гэта яго далёка не першы фільм, і адчуваецца майстэрства. Мне вельмі падабаецца, што ў нашай камандзе сышліся маладыя і вопытныя людзі і мы разам вучымся працаваць у гармоніі.

Цяпер актыўна ідуць здымкі, а вось падрыхтоўка да старту была працяглай. Так, работа над сцэнарыем ішла месяцамі. У прыватнасці, шмат рэдактуры спатрэбілася для сцэн, дзе прысутнічае гумар. Бо ён — рэч суб’ектыўная, а «кіношнікам» было важна як пасмяяцца, так і нікога не пакрыўдзіць. У ходзе спрэчак і абмеркаванняў усё ж дасягнулі жаданых кампрамісаў.

Невыпадковы і жанр камедыі для будучага фільма. На думку рэжысёра, плакаць чалавека прымусіць проста, а вось рассмяшыць не кожнаму і не заўсёды ўдаецца. Аднак, лічыць Кірыл Халецкі, пачынаць лепш з камедыі, бо гэты жанр прадугледжвае гумар, дынамічнасць, яркасць, што адчуваецца і па разнастайнасці касцюмаў, лакацый, па тэмпе аповеду ў кадры.

Аптымістычна настроены малады творца і адносна таго, што фільм дэбютны. Па-першае, таму што новае выклікае інтарэс, а па-другое, кіно такога кшталту мае сваю нішу на розных кінафестывалях. А значыць, можна будзе заявіць аб сабе не толькі беларускай аўдыторыі.

Здымкі праходзяць на лакацыях кінастудыі «Беларусьфільм», дзе ў распараджэнні здымачнай каманды ўсе магчымасці: напрыклад, цэхі святла, гуку, касцюмаў. Па сакрэце сказалі, што не абыдзецца і без зорных гасцей. А галоўных герояў на экране ўвасобяць Станіслаў Пякарскі, Лаліта Табарко і Аляксандр Асіпец.

— У мяне роля асвятляльніка Жэні, простага 20-гадовага хлопца, які хоць і балбатун, але, як умее, выконвае сваю задачу, — дзеліцца акцёр Уладзіслаў Соладаў. — Гэта не першая мая работа ў кіно, але мяне вельмі падкупіла, што фільм — дэбют Кірыла Халецкага і працуе над ім маладая каманда. 

А гэта заўсёды новае бачанне, сучасная карцінка. Цікава быць часткай такога працэсу. З людзьмі, занятымі на фільме, мы практычна ўсе равеснікі. Думаем і жартуем на пляцоўцы аднолькава. І ў нас творчая атмасфера, як і павінна быць у такой рабоце, хоць і не заўсёды так складваецца ў вопытных рэжысёраў. Свабода творчасці дазваляе працаваць у задавальненне.

Таксама акцёр адзначае, што рэжысёр кінастужкі, нягледзячы на свой малады ўзрост, паводзіць сябе на пляцоўцы вельмі прафесійна: «Трэба аддаць Кірылу належнае, што прыслухоўваецца да нас, дае прастору для творчасці. На здымачнай пляцоўцы ён тактоўны і заўсёды кажа правільныя рэчы. Мяркую, у гэтага рэжысёра вялікая будучыня, калі ўсё тое ён захавае ў сабе».

А вось акцёр Станіслаў Пякарскі (ураджэнец Магілёва), выканаўца ролі таго самага маладога рэжысёра-дэбютанта, расказаў, што з Кірылам Халецкім яны знаёмыя па супрацоўніцтве ў ранейшых праектах:

— Кастынг-дырэктар даслала мне прапанову запісаць самапробы. І гэта быў першы этап, пасля я прыязджаў у Мінск. Потым доўга чакаў, ці зацвердзяць мяне на ролю. Але вось ужо праект стартаваў і, на шчасце, са мной у галоўнай ролі, — дзеліцца акцёр. — Мой герой Мікалай, мабыць, падобны на мяне толькі вонкава, а ў астатнім, хутчэй, мая супрацьлегласць. Ён таленавіты, сканцэнтраваны і, можна сказаць, такі непрызнаны геній. Аднак гэты хлопец у добрым сэнсе жыве марай зняць сваё кіно. Прычым не проста зрабіць фільм, а добрую, якасную, нават геніяльную кінастужку, якой яна павінна быць у яго ўяўленні.

На пытанне, як акцёру іграць рэжысёра, артыст спачатку жартуе, што гэта максімальна прыемна, бо ты адчуваеш уладу, а пасля дадае:

— Я маю рэжысёрскі вопыт, няхай гэта былі проста кароткія метры студэнцкай пары. Але арганізоўваць людзей на здымачнай пляцоўцы і ў кадры для мяне не ў навіну. Калі казаць пра Мікалая, то ён вельмі ранімая натура, і такія людзі вельмі баяцца быць не прынятымі. Разам з тым на здымачнай пляцоўцы ён нібыта ператвараецца ў машыну, якая ў сваёй стыхіі і можа ўсё.

Даведаліся мы і пра тое, што, як і любая камедыя, «Кіношнікі» не абыдуцца без прыгожай гісторыі кахання. І назву фільму выбралі невыпадкова. Бо «кіношнікамі» людзі кіно называюць сябе паміж сабой. А гісторыя галоўнага героя пакажа гледачу, што адбываецца ў гэтай суполцы, калі нараджаецца чарговая кінастужка, серыял, дакументальны фільм. Калі ж казаць пра тэрміны і дату прэм’еры «Кіношнікаў», то яны пакуль толькі прыкладныя. Так, здымкі плануюць завяршыць да канца жніўня. А вось прэзентаваць фільм гледачу хацелі б паспець зімой будучага года. Зрабіць тое ў кантэксце 100-годдзя беларускага кіно будзе вельмі сімвалічна.

Увогуле гісторыя галоўнага героя «Кіношнікаў» можа натхніць гледача на пошук паралеляў з асобай самога рэжысёра. Кірыл Халецкі размеркаваўся на «Беларусьфільм» якраз у той час, калі там сфарміравалі студыю маладзёжнага кіно «Смолка». І згадваючы свае ўражанні таго перыяду, малады чалавек кажа, што галоўным было адразу зразумець, што аўтарскае кіно, якое робіш з сябрамі, і кінавытворчасць — гэта дзве розныя рэчы. У першым выпадку вы працуеце сіламі некалькіх чалавек і амаль без бюджэту, «за ідэю». А калі гэта кінавытворчы працэс, то там адзін рэжысёр нічога не зможа без каманды. Такі пасыл таксама знойдзе сваё месца ў сюжэце.

Калі ж казаць пра студыю маладзёжнага кіно «Смолка», там цяпер з’явілася прастора для творчасці маладых і крэатыўных спецыялістаў самых розных напрамкаў. Для кінастудыі тэндэнцыя на амаладжэнне «Беларусьфільма» сёння ў прыярытэце. Бо толькі такі шлях дазволіць ствараць новае беларускае кіно. І тут адкрытыя для супрацоўніцтва з новымі творцамі: ад сцэнарыстаў да прадзюсараў.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.