Вы тут

Якія класічныя кінастужкі пакажуць на #Cinemascopeshhh 2023


Засталося не так шмат лета — хутка пачнецца чарговы тэатральны сезон, адкрыюцца новыя выстаўкі, адбудуцца традыцыйныя фестывалі. А пакуль ахвотных радуюць праекты з шэдэўрамі кіно, ініцыяваныя ў Мінску. Так, працягваецца «Жывая музыка кіно» Заслужанага калектыву Беларусі Дзяржаўнага камернага аркестра — у кінатэатры «Цэнтральны» ў суправаджэнні ансамбля салістаў пройдуць паказы нямых кінакамедый Бастэра Кітана «Каледж» (16 жніўня) і «Шэрлак Малодшы» (30 жніўня). Музыку для кінстужак напісаў даўні сябар аркестра — амерыканскі піяніст, дырыжор і кампазітар Стывен Прутсман. Тым часам #Cinemascopeshhh 2023, а гэта кінапаказы ў дворыку Музея-майстэрні Заіра Азгура, прапаноўвае бясшумнае кіно пад адкрытым небам. Дапамагаюць у такой справе бесправадныя навушнікі.


Сёлетні #Cinemascopeshhh пачаўся 25 ліпеня з камедыі «Вакацыі спадара Юло» (1953) Жака Таці (сапраўднае імя Якаў Георгіевіч Тацішчаў), французскага сцэнарыста, акцёра і рэжысёра. Пазней гледачы паглядзелі мюзікл «Тыя, хто спявае пад дажджом» (1952, США) Стэнлі Донена і Джына Келі. 1 жніўня адбыўся паказ французскай меладрамы «Сябар маёй сяброўкі» (1987) Эрыка Ромера, а 4 жніўня — драмы «Унутры Льюіна Дэвіса» (2012) знакамітых амерыканцаў Ітана і Джоэла Коэнаў. На гэтым тыдні паспелі паказаць «Кэры» (1976), амеры-канскі фільм жахаў Браяна дэ Пальмы.

Што цікавага чакае гледачоў? 11 жніўня — «У джазе толькі дзяўчаты». Фільм 1959 года застаецца папулярны дагэтуль. Меладрама, камедыя, крымінал — стужка амерыканца Білі Уайлдэра вельмі палюбілася гледачам па ўсім свеце. Здавалася б, няхітры сюжэт: чыкагскія музыкі Джо і Джэры выпадкова становяцца сведкамі бандыцкай перастрэлкі і ў тэрміновым парадку бягуць на цягніку ў Фларыду, прыкінуўшыся жанчынамі. Цяпер яны — Джозэфіна і Дафна, новенькія інструменталісткі жаночага джаз-бэнда. Да часу іх маскіроўка спрацоўвае. Але неўзабаве з’яўляецца поўная любасці салістка... Яе сыграла знакамітая прыгажуня Мэрылін Манро. У тым ліку дзякуючы ёй фільм здабыў такую папулярнасць.

15 жніўня для аматараў кіно падрыхтавалі прагляд фільма «На апошнім дыханні» (1963). Рэжысёр — Жан-Люк Гадар, французскі геній, якога не стала летась, 13 верасня. Кінарэжысёр, кінакрытык, акцёр, сцэнарыст, мантажор і кінапрадзюсар, ён стаяў каля вытокаў французскай новай хвалі ў кінематографе, паўплываў на рэвалюцыю ў сусветным кінамастацтве. Драма «На апошнім дыханні» распавядае пра ма- ладога і саманадзейнага Мішэля Пуакара, які зарабляе на жыццё крадзяжамі дарагіх машын. Пра наступствы ён не разважае. Але аднойчы, па дарозе ў Парыж, герой забівае паліцэйскага без асаблівай прычыны. Сёння для многіх сюжэт стужкі, героі, кампазіцыя і асабліва рух камеры робяць яе дзівакаватай, няскладнай, цяжкай для ўспрымання. Прыкладна такой яна падавалася масаваму гледачу і ў перыяд прэм’еры. Але падыходы, блізкія Гадару, новаўвядзенні, якія аўтар прыўнёс і ў гэты фільм, паўплывалі на самое развіццё мастацтва.

22 жніўня адбудзецца паказ амерыканскага фантастычнага фільма «Чужы» (1979) Рыдлі Скота. Для многіх гледачоў фільм застаецца невядомы з-за тэматыкі і жахаў на экране. Зноў жа — далёкая будучыня, касмічны карабель, нязнаныя планеты, разгубленыя астранаўты, прадметы, якія па выглядзе нагадваюць гіганцкія коканы, — зачын адпужвае вялікую колькасць гледачоў, але, як падказваюць кінакрытыкі на працягу дзесяцігоддзяў, тыя баяцца дарэмна.

29 жніўня арганізатары прапануюць трылер «Ззянне» Стэнлі Кубрыка. Амерыканскі фільм 1980 года зняты па матывах аднайменнага рамана Стывена Кінга, які рэзка негатыўна выказваецца аб гэтай версіі «Ззяння», бо рэжысёр не проста перарабіў увесь сэнс рамана, але яшчэ і адпрэчыў сцэнар самога аўтара (той напісаў адаптацыю ў суаўтарстве з іншым пісьменнікам — Даян Джон- сан). Стэнлі Кубрык амаль цалкам выключыў з апавядання ўсю містыку — яго цікавіла не ўварванне зданяў у рэалістычны побыт амерыканцаў з сярэдняга класа, а вар’яцтва, у якое герой паволь- на апускаецца, апынуўшыся ў пустаце і цішыні гатэля. Захапляе?

Дарэчы, усе фільмы праекта #Cinemascopeshhh 2023 дэманструюцца на мове арыгінала з рускімі субтытрамі. Паказы праходзяць пад адкрытым небам, таму рэкамендуецца браць з сабой цёплае адзенне ці пледы. Вядома, што ў выпадку неспрыяльнага надвор’я сеансы пераносяцца ў Скульптурную залу музея.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.