Вы тут

Тэма «Беларускае кіно і творчасць Васіля Быкава» — невычарпальная


Тэма «Беларускае кіно і творчасць Васіля Быкава», здаецца, невычарпальная. Кожны, хто прычыніўся да роздумаў над ёй, выкладае і адстойвае свой пункт гледжання. Гэта каштоўна. Але яшчэ болей цэнна сачыць за няспынным аналізам сувязі кіно і літаратуры — экранізацыямі па творах Быкава. Увазе чытача «ЛіМа» — працяг разважанняў Антаніны Карпілавай, загадчыцы аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Кадр з фільма «Знак бяды».


Антаніна Карпілава: Кіно не магло абысці ўвагай літаратуру з такім узроўнем драматызму і глыбіні


Другая хваля:  глыбінная шматслойнасць

— Другі ўсплёск цікавасці да прозы Быкава ў беларускіх кінематаграфістаў адбыўся ў другой палове 1980-х. Гэтую старонку адкрывае «Знак бяды» Міхаіла Пташука. Жанр фільма вызначыць цяжка: тут трагедыя, нехта лічыць, што гэта меладрама, а ў нечым можна яго назваць прыпавесцю. Шматслаёвы фільм, які, на мой погляд, не змог адлюстраваць усю глыбіню прозы. Бо ў аповесці шматслойнае апавяданне, звязанае з быццём, а не проста з падзеямі жыцця Сцепаніды і Пятра, якія перасяліліся на хутар. А чаму на хутар? Бо іх у свой час раскулачылі. Мінімальная колькасць персанажаў, ёсць два галоўныя героі — сямейная пара. Калі Сцепаніда ўспамінае сваё даваеннае мінулае, яно ўспрымаецца як трагедыя сяла і яе сям’і 1930-х гадоў. Гэтая трагедыя перагукаецца з яе сучаснасцю: энергія супраціву працягваецца менавіта ў гэтай жанчыне. Сцепаніда супраціўляецца любой форме гвалту, у тым ліку і нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзін з першых актаў яе супраціву — калі яна доіць карову і вылівае малако на зямлю, каб не дасталося акупантам. Кульмінацыя — калі яна знаходзіць бомбу і хоча падарваць мост. Актрыса Ніна Русланава экспрэсіўна іграе гэтую сцэну, якая пераварочвае душы і сэрцы: яна коціць бомбу, прыгаворваючы, што збіраецца з ёй зрабіць. Але не атрымалася, таму што ўзнікае трэцяя сіла — гэта вельмі важна для Быкава, які разглядае грамадства ва ўсёй яго складанасці. Тут не проста «нашы» і «чужыя». Тут узнікаюць яшчэ паліцаі. І таксама невыпадкова. Яны выраслі з дзяцей рэпрэсаваных, пакрыўджаных на савецкую ўладу. Менавіта яны Сцепаніду прыгаворваюць, па сутнасці, да смерці. Зачыніўшыся ў сваёй хаце, яна здзяйсняе самаспаленне, каб не падвяргацца гвалту, ужо вычарпаўшы свае сілы. Гэта лінія на ўзроўні антычных трагедый — «Медэі» або «Электры». Але да фільма было вельмі неадназначнае стаўленне — не толькі з-за экранізацыі, але і з-за літаратурнай асновы.

Я б сказала, што гэта самая неадназначная стужка беларускай экраніяны паводле Быкава. Нацыянальны характар тут у поўнай меры перадае Пётр, увасоблены Генадзем Гарбукам. Ён цярплівы, але ўзнімае свой голас і супраціўляецца, калі ўласная жонка разбівае яго скрыпачку. Скрыпка — сімвал прыгажосці і гармоніі быцця. І калі Пётр узнімае голас, то гэта значыць, што ён ужо дайшоў да краю. Яны абодва гінуць. Але вогнішча самаспалення выклікае шмат пытанняў, таму што беларусы ўсё ж хрысціяне гістарычна і па сутнасці сваёй, самагубствы ў прынцыпе былі недапушчальныя. Вядома, гэтая сюжэтная лінія ў аповесці больш матываваная. Але Міхаіл Пташук — таксама асаблівы свет, ён унікальны рэжысёр у беларускім кінаасяроддзі. Гэта абсалютная эмацыйнасць, экспрэсія, пераадоленне ўсякіх штампаў дзеля таго, каб прабіцца да свядомасці масавага гледача. Што часам абарочвалася, магчыма, нават перабольшанай эмацыйнасцю. Але яна выклікала жывы водгук. А тут рэжысёр стараўся падкрэсліць трагедыю беларускага народа, які ў агні вайны страціў шмат сваіх людзей.

У 1989 годзе выйшаў фільм «Круглянскі мост», які лічыцца вельмі ўдалай экранізацыяй Быкава. Карціна вяртае да праблемы выбару, якая тут гучыць яшчэ больш востра, чым у папярэдніх фільмах, што больш адпавядае быкаўскаму разуменню і адчуванню экзістэнцыйных сітуацый. Таму што тут ідзе гаворка не проста пра смерць — пра смерць дзіцяці. Тэма вострая, звязаная не столькі з вобразамі ворагаў-фашыстаў, якія прынеслі вайну на чужую зямлю, колькі з тэмай партызан і паліцаяў (гэта «трэці пласт» людзей, якія ўдзельнічалі ў вайне). Рэжысёр засяродзіўся якраз на больш камернай унутранай драме, звязанай з супрацьстаяннем у межах аднаго народа. Гэта падабенства грамадзянскай вайны, дзе ёсць падзел не проста на сваіх і чужых, таму што з’яўляюцца свае, якія становяцца чужымі. Партызаны павінны ўзарваць мост, яны вырашаюць выкарыстаць для гэтага сына паліцая. І калі адзін партызан разумее, што дзіця не можа адказваць за выбар бацькі, то іншы вырашае ўзарваць мост, нягледзячы ні на што. Расійскі рэжысёр Аляксандр Мароз прасякнуўся дылемай, якая хвалявала Быкава, і паставіў гэтае пытанне вельмі жорстка — на ўзроўні лёсу дзіцяці. Вядома, тут ёсць некаторыя перабольшанні. Упершыню ўведзены малітвы, іконы, і нават рыхтуючыся да аперацыі, партызан кажа: «Госпадзі, памілуй...». Гэта нечакана і незвычайна для Быкава, але для таго часу, калі карціна выходзіла на экраны, было вельмі актуальна, таму што ў грамадства вярталася традыцыя веры.

У Быкава асаблівае стаўленне і да жаночых вобразаў. Асобна стаіць фільм «Фруза». Насамрэч Быкаў шматмерны: не толькі экзістэнцыйны выбар — яго заўжды цікавілі пытанні і самога існавання чалавека. Што ёсць чалавек? Навошта ён прыходзіць у свет? Што ёсць жанчына, якая дае жыццё? У гэтай парадыгме вылучаецца фільм «Фруза». Я вельмі яго люблю, гатова пераглядаць шмат разоў. Рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў зняў тэлевізійны фільм, але вельмі незвычайны ў кантэксце творчасці пісьменніка: тут гучыць тэма жанчыны і мацярынства. Яна ідзе, вядома, ад яго ўспамінаў аб маці, якая была вельмі мяккім, нават жаласлівым чалавекам. Відавочна, дзякуючы маці ў ім былі закладзены і праявіліся спачуванне і эмпатыя. Яны ёсць і ў некаторых жаночых вобразах Быкава: такая Джулія ў «Альпійскай баладзе», Сцепаніда ў «Знаку бяды», хоць яна крыху іншая, але самы цёплы і сардэчны жаночы вобраз мы бачым у тэлефільме «Фруза». Выдатная карціна з камернымі цёплымі інтанацыямі. Актрыса Таццяна Куліш цудоўна сыграла галоўную гераіню, якая працуе ў нейкай установе. А ёй нібыта апаніруе прыбіральшчыца, якая 10 дзяцей выгадавала, — строгая жанчына, максімаліст у сваіх выказваннях, яе іграе Галіна Макарава. Мы бачым пасляваеннае жыццё, і быццам няма ніякай вострай праблемы, як звычайна ў Быкава, каб паставіць герояў у жорсткую сітуацыю выбару. А ўсё ж такі выбар ёсць: быць гераіні з жанатым шафёрам ці не?.. Бо ўсе, хто яе клікаў замуж, загінулі на франтах. Пасляваенная рэальнасць адлюстравана вельмі тонка: сяло, куды прыязджае Фруза да дзядулі разам з дзіцем, — даволі суровае, але сардэчнасць у людзях засталася. Нечаканы раман гераіні заканчваецца нараджэннем дзіцяці — гэта выдатны фінал, нягледзячы на тое, што хутчэй тут пастаўлена шматкроп’е: складаны быў пасляваенны лёс у жанчыны з дзіцем і без мужа. Ніхто мараль не адмяняў, а жыць усё роўна трэба было, і дзяцей хацелася. Ідэя працягу жыцця — для мяне гэта нечаканая мадуляцыя ў творчасці Быкава. Але яна ўзнікла невыпадкова, калі разумець, як ён ставіўся да маці.

Да другой хвалі адносіцца фільм «Пайсці і не вярнуцца». Я лічу, што гэта інтэрпрэтацыя «Альпійскай балады», але ў іншым кантэксце. Тут таксама два чалавекі, у цэнтры — іх каханне. Антон і Зося (яе іграе знакамітая Юлія Высоцкая) сыходзяць з партызанскага атрада на разведку. Антон ратуе дзяўчыну, якая ўпала ў ледзяную ваду, яны ідуць сагрэцца ў разбураны дом. Любоўная сцэна вельмі арганічна паказана рэжысёрам Мікалаем Князевым. Але далей пачынаюцца быкаўскія метамарфозы: выпрабаванне на маральнасць, таму што героі выпадкова чуюць, як міма праходзяць паліцаі і гавораць, што Сталінград узяты. Антон, які да гэтага вагаўся, вырашае пайсці з атрада, а гэта значыць — стаць здраднікам. І пачынаецца дылема чалавека, які апынуўся на ростанях. Князеў паспрабаваў нават сысці ў любоўную гісторыю, але ад Быкава нікуды не ўцячэш... Зося не гатова здрадзіць, хлопец яе шантажуе. Да гэтага часу памятаю вельмі яркі фінал: на заснежаным полі яны разыходзяцца, і ён страляе ёй у спіну. Яна падае, але падымае галаву і бачыць здалёк, як ён сыходзіць... А калі ён вяртаецца, яе ўжо няма. Тут мы адыходзім у прыпавесць, у нейкую метафарычную плоскасць, што ўласцівая прозе Быкава. Не ўсім рэжысёрам удаецца гэта. Фільм заканчваецца знакам пытання: дзе яна? Як быццам узнеслася да неба. Але справа нават не ў гэтым, а ў тым, што чалавек застаецца сам-насам са сваім сумленнем. Фільм неадназначны, у перабудовачныя гады ён паставіў складаныя пытанні: куды ісці? На якія ідэі абапірацца чалавеку? На аснове чаго будаваць жыццё далей?

Вядома, у 90-я гады ХХ стагоддзя адной з кульмінацый другой хвалі стала карціна вельмі неадназначная ў плане экранізацыі прозы Быкава. Кажуць, што ён прызнаваў «Узыходжанне» Ларысы Шэпіцькі. І цяпер, пераглядаючы гэтую карціну, сапраўды бачыш нейкую міфалагічную, нават біблейскую жорсткасць у вызначэнні персанажаў. Наш час, магчыма, мае патрэбу ў разважаннях. Але для таго часу — а гэта канец 1970-х — фільм Ларысы Шэпіцькі быў эталонам стылю. Дык вось, у фільме «На чорных лядах» 1995 года рэжысёр Валерый Панамароў таксама імкнуўся паставіць пытанні жорстка і стварыў нейкі абагульнены вобраз гісторыі. У аснову карціны леглі два апавяданні, якія Васіль Уладзіміравіч напісаў у 1990-я гады. Было адчуванне, што тут дамінуе плакатная стылістыка — чорна-белая. Гэта, безумоўна, спроба стварэння прыпавесці на аснове гістарычнага матэрыялу. Восем чалавек пасля няўдалага паўстання вырашаюць скончыць жыццё самагубствам. Гэта ўжо выклікае вялікае пытанне, бо беларусы, як мы адзначалі, былі выхаваны на трывалых хрысціянскіх традыцыях. Што прымірае з гэтым фільмам і з апавяданнямі Быкава? Тое, што камандзір бласлаўляе на жыццё самага малодшага з удзельнікаў групы, практычна падлетка. Юны хлопец, які не акрэп духоўна, хавае паплечнікаў і са слязамі вяртаецца да сваіх. На мой погляд, гэта вельмі жорстка, але не пераканаўча, таму што сітуацыя даведзена да тупіка.

Трэцяя хваля:  сімвалічная шматзначнасць

— Безумоўна, трэба сказаць пра фільм «У тумане» — гэта трэцяя хваля цікавасці да прозы Быкава ў кіно, ужо ў ХХІ стагоддзі. Цікавасць застаецца, нягледзячы на тое што рэжысёры цяпер баяцца экранізацый такога складанага матэрыялу. Але фільм «У тумане» быў адзначаны на многіх прэстыжных кінафестывалях. У галоўнай ролі абходчыка Сушчэні здымаўся малады акцёр Уладзімір Свірскі, які дзякуючы гэтай працы атрымаў наймагутнейшы штуршок для прафесійнай дзейнасці. Тут ён вельмі тонка паказаў свайго героя, які аказваецца ў немагчымай сітуацыі — тут ёсць працяг асноўнай быкаўскай ідэі. Партызаны аб’яўляюць Сушчэню здраднікам, з-за якога, лічыцца, загінулі іншыя людзі. Фашысты яго адпусцілі, але партызаны прыходзяць да яго ў дом і гатовыя здзейсніць смяротны прысуд. Мы назіраем за блуканнямі трох чалавек у лесе, у тумане. У выніку Сушчэня цягне аднаго партызана на сваім гарбе і прыходзіць да фіналу — а ён шматзначны...

Калі знясілены Сушчэня з позіркам зацкаванага чалавека сядзіць паміж двух партызан, то ён нагадвае Хрыста на Галгофе. На мой погляд, гэта карціна вельмі хрысціянская па сутнасці. Яшчэ і гук стварае пэўны фон. Мне вельмі падабаецца, што фільм ідзе без музыкі. Шумавая партытура проста раскошная: адна яе частка антрапагенная (чалавечая гаворка, дыханне, уздыхі, усхліпы), а яшчэ адна частка — прыродныя гукі. Тэхнагеннасць і цывілізацыя (цягнік, зброя) змяняюцца прыродным асяроддзем, куды героі паступова сыходзяць. Потым знікае і чалавечая прырода ў гуках, і застаецца толькі рып асіны. Асацыяцыі вельмі магутныя. І фільм сур’ёзны, патрабуе суперажыванняў і разважанняў. Што яшчэ раз звяртае нас да больш глыбокага прачытання творчасці Быкава: ён заўсёды актуальны, і не толькі таму, што людзі не змаглі выкараніць вайну як з’яву. Яшчэ і таму, што ён бачыў, цудоўна разумеў сутнасць розных людзей у крайнія моманты жыцця і паказваў вобраз чалавекалюбства, на якім трымаецца наш свет. Таму я лічу, што трэцяя хваля цікавасці да Быкава ў кіно апелюе да фільма «Узыходжанне» Ларысы Шэпіцькі.

Ці будзе чарговая хваля? Магу сказаць, што ў моладзі ёсць цікавасць. У 2017 годзе з’явілася кароткаметражная ігравая стужка «Бацька», знятая маладым рэжысёрам Ігарам Васільевым, якая працягнула традыцыі найлепшых фільмаў паводле прозы Быкава. У ёй паказана беларускае сяло, куды прыходзяць фашысты. Бацька бярэ на сябе грэх гібелі людзей замест сына — такім чынам ён ратуе сваіх дзяцей ад ганьбы. Падаецца, што ў гэтай карціне нібыта нічога новага няма, але гэта цікавасць да тых падзей, памяць аб якіх жыве ў Беларусі, у тым ліку дзякуючы літаратуры.

Гутарыла Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.