Вы тут

«Не перашкаджайце дзецям прыходзіць да Мяне...» Як расказаць малому пра Бога?


Кожны з бацькоў спадзяецца, што сын або дачка вырасце гарманічнай асобай, развітой інтэлектуальна, духоўна, фізічна. Заўважым, што духоўнае развіццё дзіцяці не менш важнае, чым інтэлектуальнае і фізічнае, бо без унутранай апоры ў сучасным свеце чалавек уразлівы. Як пазнаёміць дзіця з хрысціянскім светапоглядам? Як расказаць яму пра Бога і ў якім узросце можна пачынаць чытаць Біблію? Прыслухаемся да парад святара — настаяцеля храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, айца Аляксандра Пальчэўскага.


Дакрануцца да душы

— Агульнавядомая цытата з Евангелля: «Не перашкаджайце дзецям прыходзіць да Мяне, бо іх ёсць Царства Нябеснае». У якім узросце варта ўпершыню пагаварыць з дзіцем пра Бога? Калі можна пачынаць рэлігійнае выхаванне?

— Я не вызначаў бы нейкі канкрэтны ўзрост малога, калі прыходзіць час далучаць яго да веры. Да духоўнага ўздзеяння дзіця ўспрымальнае з нараджэння. Мы пачынаем далучаць яго да духоўнасці праз малітву: трымаем на руках, звяртаючыся да Бога, і словы малітвы дакранаюцца да душы малога. Таму і існуе практыка хрышчэння дзіцяці задоўга да яго свядомага ўзросту.

— Але ж прынята лічыць, што доўгі час пасля з'яўлення на свет дзіця мае патрэбу толькі ў знешнім доглядзе, і гадоў да двух-трох яго розум яшчэ не здольны да засваення духоўных ісцін...

— Вядома ж, гэта памылка. Ва ўзаемадзеянні на духоўным узроўні малы мае патрэбу з самага пачатку жыцця. Душа дзіцяці чыстая і больш успрымальная да праяў духоўнага свету, чым душа дарослага. І, перакананы, не варта пераносіць пачатак яго духоўнага развіцця на нейкі нявызначаны тэрмін. Маліцеся з дзіцем на руках, бярыце малога з сабой у храм літаральна з першых месяцаў яго жыцця — гэта і стане для яго першым далучэннем да Бога.

— Падрастаючы, дзіця пачынае задаваць пытанні, у тым ліку і аб веры. Як расказаць малому пра Бога? Пачаць расказваць біблейскія гісторыі як казку або адразу ставіць перад ім глыбокія і сур'ёзныя пытанні, якія ўзнімае Святое Пісанне?

— Як толькі дзіця гатовае ўспрымаць інфармацыю, трэба паступова, пачынаючы з найбольш простых ісцін, адкрываць для яго Святое Пісанне. У сучасных бацькоў шмат магчымасцяў далучыць дзіця да хрысціянства. Але прасцей за ўсё зрабіць тое праз добрыя, мудрыя кнігі. І найперш гэта, вядома, Біблія, якая дае прамыя адказы на складаныя пытанні. Мае самыя яркія ўражанні дзяцінства звязаныя з чытаннем дзіцячай Бібліі. Гэтыя вобразы, неверагодна глыбокія і ў той жа час вельмі простыя і зразумелыя, з ранняга ўзросту запалі мне ў душу. Цяпер вельмі шмат дзіцячай праваслаўнай літаратуры. Выдаецца дзіцячая Біблія, невялікія па аб'ёме кніжкі з асобнымі біблейскімі сюжэтамі ў выкладанні для дзяцей, дзіцячыя малітвасловы — з іх дапамогай дзіця можа навучыцца маліцца. Але тут важна памятаць: калі бацькі жадаюць гадаваць дзіця ў праваслаўі, ім самім важна пачаць будаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з запаведзямі і менавіта да гэтага прыкласці максімум намаганняў.

«Выхаванне пачніце з сябе»

— Калі дзіця расце ў хрысціянскай сям'і, вера натуральным чынам уваходзіць у яго свядомасць. Але вельмі часта бацькі бываюць у храме толькі на вялікія царкоўныя святы, пры гэтым усё ж лічаць сябе праваслаўнымі і хочуць, каб сын або дачка таксама ўспрынялі веру. Што вы ім параіце?

— Адна з цяжкасцяў у дачыненні да духоўнага выхавання дзіцяці якраз і заключаецца ў тым, што праваслаўнае выхаванне павінна быць звязанае са штодзённым жыццём і светапоглядам бацькоў. Вера не зводзіцца толькі да наведвання храма, да традыцый і абрадаў. Гэта лад жыцця, мысленне чалавека. Хрысціянства — тое, з чым хрысціянін прачынаецца раніцай, праводзіць увесь дзень і кладзецца спаць. Немагчыма быць хрысціянінам толькі па царкоўных святах. Вера — гэта тое, як чалавек бачыць сябе, Бога і навакольных людзей кожны дзень і кожную гадзіну. Праваслаўе павінна прысутнічаць у штодзённым, бытавым жыцці сям'і, тады не будзе «падзелу», калі з аднаго боку мы спрабуем дзіця нечаму навучыць, з другога — дэманструем яму глыбокую супярэчнасць паміж тым, чаму вучым, і тым, як рэальна паступаем і што гаворым.

— То-бок толькі словамі выхаваць немагчыма?

— Цалкам дакладна. Чалавека фарміруе асяроддзе, дзе ён расце. Таму асабісты прыклад значна важнейшы за словы: гэта і ёсць выхаванне — той уплыў, які мы можам аказаць на дзіця. Ці маем права мы чагосьці патрабаваць ад дзіцяці, калі самі гэтага не выконваем? Асабісты прыклад дае магчымасць заваяваць той самы бацькоўскі аўтарытэт, аб адсутнасці якога сёння кажуць і педагогі, і псіхолагі. Рабіце так, як хацелі б, каб паступала ваша дзіця, — тады натуральным чынам у сям'і сфарміруецца асяроддзе, каштоўнасці якога ўбяруць дзеці.

— Якія памылкі звычайна дапускаюць бацькі, расказваючы дзіцяці пра Бога? Як гэтых памылак пазбегнуць? Напрыклад, як зрабіць так, каб малы не ўспрымаў Бога занадта спрошчана — як чараўніка, які робіць падарункі (такі перакос у свядомасці сучасных дзяцей адбываецца даволі часта)? З іншага боку, грозная найвышэйшая сіла, якая карае за свавольствы, — гэта ж таксама няправільная трактоўка Бога ў дзіцячай свядомасці...

— Я б параіў бацькам пачаць з таго, што Бог — гэта Айцец, бо ў малітве мы звяртаемся да Яго «Ойча наш». Важна растлумачыць дзіцяці, што Бог — Айцец Нябесны, які любіць нас. Не той, хто карае або асуджае, не суддзя. Гэта любячы Айцец, які клапоціцца аб кожным. Вось асноўная канцэпцыя, якую трэба ўкласці ў душу юнага чалавека. І самая, на мой погляд, сур'ёзная бацькоўская памылка — пагражаць дзіцяці гневам Божым. Гэта недапушчальна. Разам з дзіцем бацькі павінны імкнуцца да Бога. Нярэдка, на жаль, усё адбываецца зусім не так. Ведаю сям'ю, дзе маці і тата адпраўляюць дзяцей у храм, а самі не прыходзяць. Бачу, што дзеці прыйшлі ў царкву і «адстойваюць» службу — круцяцца на лаўцы і чакаюць яе заканчэння. Бацькі ж лічаць, што ў царкве без іх удзелу з іх дзяцей выгадуюць добрых людзей. Але гэта так не працуе. Праз такія бацькоўскія памылкі дзеці бачаць разыходжанне ў сям'і паміж словамі і справамі і перастаюць імкнуцца рабіць крокі насустрач Богу. Менавіта ў духоўным выхаванні неверагодна важнае пытанне ўнутранай адпаведнасці. Калі бацькі завышаюць планку для свайго дзіцяці, але самі не імкнуцца дацягнуцца да яе, выніку не будзе.

«Не замест, а разам...»

— Ці магчыма перакласці духоўнае выхаванне дзіцяці, скажам так, «на прафесіяналаў» — можа быць, дастаткова проста запісаць сына або дачку ў нядзельную школу?

— Як я ўжо казаў, гэта вялікая праблема, калі бацькі лічаць, што замест іх іхніх дзяцей зможа выхаваць Царква. Не замест, а разам — гэта вельмі важны аспект. Нядзельная школа, праваслаўныя класы агульнаадукацыйнай школы — усё гэта вельмі карысна і каштоўна, і Царква праводзіць вялікую работу ў дадзеным кірунку. Арганізоўваюцца паездкі і экскурсіі, дзіцячыя гурткі і нават спартыўныя секцыі пры прыходах. Дзеці і падлеткі могуць сустрэць аднагодкаў, зносіны з якімі будуць уплываць на іх станоўча. Яны атрымліваюць магчымасць сфарміраваць сваё бяспечнае, добразычлівае кола зносін, але пачынацца духоўнае выхаванне павінна ўсё ж такі з сям'і. І адна з самых распаўсюджаных бацькоўскіх памылак, якія я назіраў, — падмена глыбокага рэлігійнага пачуцця вонкавымі формамі: рытуаламі і абрадамі. Усе вонкавыя рэлігійныя формы духоўнага жыцця павінны быць выяўленнем і вынікам унутраных перажыванняў, вашай веры. Мы, бацькі, павінны пачынаць з пытанняў да саміх сабе: як я стаўлюся да Бога, да сябе, да іншых людзей? Таму што можна бездакорна прытрымлівацца ўсіх царкоўных традыцый і рытуалаў, але ўнутрана заставацца халодным і адчужаным. Дзіця тое абавязкова адчуе. Каб вернікі маглі правільна разумець сэнс таго, што адбываецца ў царкве, святары і праводзяць перад таінствамі і абрадамі гутаркі. І выхоўваючы дзіця ў праваслаўі, пачынаць трэба найперш з выхавання сябе саміх. Дадам, што яшчэ адна глыбокая памылка — весці з дзецьмі гаворку пра Бога толькі ў сувязі з рэдкімі вялікімі царкоўнымі святамі, такімі, як Вялікдзень або Каляды. Для гутарак аб веры з дзіцем не патрэбныя спецыяльныя нагоды. Сваю веру бацькі павінны адлюстроўваць праз учынкі, справы, штодзённае жыццё: паказваць прыклад хрысціянскага стаўлення адно да аднаго ў сям'і, з іншымі людзьмі. Але, вядома, святы — таксама выдатная магчымасць яшчэ раз закрануць такую тэму.

— Мы ўжо казалі пра гэта ў нашай рубрыцы, але давайце яшчэ раз вернемся да распаўсюджанай пазіцыі сучасных бацькоў: «Вырасце — сам вырашыць, як і ў каго яму верыць». Чым такая пазіцыя можа быць небяспечная?

— Можа здарыцца так, што калі дзіця вырасце, яму не будзе на што абаперціся. Пагадзіцеся, вельмі важна, каб ужо да падлеткавага ўзросту ў юнага чалавека было дакладнае разуменне таго, што такое дабро і зло, што такое грэх і якую шкоду ён можа нанесці і самому чалавеку, і навакольным. Таму разам з фізічным і інтэлектуальным удасканаленнем вельмі важна закладваць у сваё дзіця і духоўныя асновы. З самага ранняга дзяцінства, на мой погляд, неабходна перадаць сыну або дачцэ жывое адчуванне Бога, той непаўторны досвед, які чалавек перажывае, датыкаючыся да храма, богаслужэнняў, таінстваў. Я ўжо казаў, што розум дзіцяці больш успрымальны і адкрыты ўсяму, што прыходзіць звонку, і таму бацькам так важна паспрабаваць укласці ў душу малога як мага больш светлага і добрага. У кожнага з нас свой шлях пазнання Бога, але калі сёння я магу зрабіць максімум для будучыні свайго дзіцяці, навошта адкладаць гэта на нявызначаны тэрмін? Духоўнае выхаванне дапаможа фарміраванню ў дзіцяці ўнутранага стрыжня, які па меры сталення не дасць яму прымаць няправільныя рашэнні і зберажэ ад памылак. Ужо сёння ваша дзіця можа далучыцца да Бога, правільна фарміравацца духоўна. І гэта, несумненна, дапаможа яму ў дарослым жыцці.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.