Вы тут

Каб вырасціць талковага сына, трэба і самому быць «галавастым»


У нас з жонкай трое дзяцей. Дзве дзяўчынкі, якім за 20, і малодшы хлопец, якому 15. Дачок я любіў і люблю, але ж... У свой час мы разам збіралі ягады ў лесе, я вучыў іх месці падлогу і мыць посуд. На сваім прыкладзе паказваў дзяўчатам, што ў сям'і ўсе роўныя, таму, акрамя правоў, усе маюць абавязкі. Аднак з часам дзявочыя сакрэты, свае мары яны сталі хутчэй раскрываць маме. Сітуацыя кардынальна змянілася, калі ў нашай сям'і з'явіўся маленькі чалавечак мужчынскага полу.


Спорт як механізм развіцця духу

Мяркуючы па дзіцячых фотаздымках, я быў самы маленькі ў класе. Самы худзенькі і самы слабенькі. Таму мой бацька аддаў мяне ў першым класе ў спартыўную секцыю па дзюдо. Да дзясятага класа я падрос, але ўсё роўна заставаўся самым маленькім, затое далёка не самым слабым. Школа дзюдо зрабіла з мяне сапраўднага байца. Дагэтуль захаваўся бронзавы медаль за трэцяе месца ў рэспубліцы.

Гэты медаль я паказаў свайму сыну... На жаль, яго ў спартыўную секцыю я так і не аддаў (былі істотныя праблемы са здароўем). Але ў нас з ім выпрацавалася звычка рабіць невялікую прабежку (каля двух кіламетраў) у суботу і ў нядзелю. А яшчэ каля дома ёсць цудоўная спартыўная пляцоўка, дзе шмат разнастайных трэнажораў і нават сілавых комплексаў. Зімой спартыўнай пляцоўкай становіцца тэрыторыя нашай кватэры. Невялікі набор гантэляў і эластычнай гумы, шведская сценка і ўсё. Не, не ўсё — яшчэ ровары. У нас іх дома цэлых два. Больш у кватэру не змяшчаецца.

Але якія б ні былі спартыўныя «прыбамбасы», самымі папулярнымі ў сям'і сталі мацаванне на сценцы прэса і выцісканне ад падлогі. Раней з цяжкасцю выціскаўся 15 разоў, а цяпер лёгка 25—30 разоў. За пяць гадоў выдатна змяніўся!

Мой падрослы хлопчык раней выконваў спартыўныя практыкаванні нібыта з-пад палкі. Цяпер ён адчуў, што сапраўды становіцца мацнейшы ды шырэйшы ў плячах, таму ўсё часцей самастойна займаецца фізічнай падрыхтоўкай.

Пятнаццацігадоваму юнаку прыемна адчуваць сябе дастаткова моцным чалавекам. Па прадметах у класе ў яго выключна 9 і 10, але назваць яго «батанам» наўрад ці хтосьці адважыцца. «Тата, твой спартыўны медаль быў не толькі тваёй узнагародай, але і маім маяком, дзякуючы якому я ўжо не хлюпік», — кажа сын.

Мы самі з вусамі!

Я ўжо 27 гадоў як журналіст «Звязды». А раней скончыў тэхнічную ВНУ, працаваў інжынерам на радыёзаводзе. Займаўся зборкай тэлевізараў, быў прадпрымальнікам. Чаго толькі не рабіў у ліхія 90-я. Але ўменне майстраваць нешта рукамі ў пясок не сышло.

Доўгі час мы з жонкай жылі на здымных кватэрах, дзе ўвесь час усё ламалася. Тады «мужчыны на гадзіну» яшчэ не існавала, так што ўсё даводзілася рабіць самастойна.

Калі мой малодшанькі стаў больш упэўнена хадзіць і ўсё браць у рукі — настаў час растлумачыць яму, што ў хаце ёсць малаткі і абцугі, і гэта выключна мужчынскія інструменты.

Але першымі прыладамі, з якімі сын старанна працаваў, былі нажніцы, клей, папера і фарбы. Тады мы разам збудавалі (склеілі і размалявалі) макет аўтобуса. Колькі намаганняў было прыкладзена, колькі спроб!.. Але гэта было вартае таго, бо аўтобус, зроблены ўласнымі рукамі, стаў найлепшай цацкай на пяць гадоў. Ды і цяпер ён яго не выкідвае.

Камусьці здаецца, што замена замкоў, водаправодных кранаў, падвешванне люстраў, укручванне лямпачак — задача архіскладаная, яе павінны выконваць спецыялісты. Аказваецца, не заўсёды. Нават калі вас ніколі і ніхто не вучыў тое рабіць, усё роўна можна і варта навучыцца. Інтэрнэт вам у дапамогу. Там усё падрабязна напісана, але... Без татавай падказкі і падтрымкі ў маленькага чалавека нешта наўрад ці атрымаецца.

Напрыклад, мой сын толькі паўгода таму навучыўся самастойна выкручваць і ўкручваць лямпачкі. Да гэтага існаваў нейкі жывёльны страх перад электрычнасцю. Цяпер ён дакладна ведае, што токам не стукне, калі механізм выключаны. У таты ёсць вальтметр (прыбор для вымярэння напружання і сілы току), якім і малады чалавек пачынае карыстацца. Ёсць дрыль, якая робіць дзіркі ў розных паверхнях. Ёсць пыласос. Пра гэтага «звера» гаворка асобная.

Як гэта працуе?

У нашай сям'і мама падлогай не займаецца. Ёй хапае кухні.

Спачатку вільготнай прыборкай у хаце я займаўся з дзяўчынкамі, а калі хлопчык падрос, абавязак дапамагаць бацьку перайшоў да яго. Але тут паўстала праблема: аказваецца, пыласос гудзе, і страшна так гудзе. Ад чаго ён такі страшны?

Знаёмства сына з гэтай «гучнай пачварай» пачалося з таго, што я падрабязна растлумачыў яму, як пыласос працуе. Нават схему намаляваў (для нагляднасці), на пытанні адказваў. Нягледзячы на тое, «супрацоўніцтва» з пыласосам давалася з цяжкасцю.

Затое цяпер ён з ім на «адной хвалі», таму што ведае, як павялічыць (паменшыць) гучнасць. Што ад гэтага залежыць сіла ўцягвання паветра (змяняецца магутнасць агрэгата). Што калі хочаш пыласосіць доўга, але ціха, пераключаеш на мінімальную магутнасць. А калі хочаш хутка прыбраць — будзь ласкавы, трывай непрыемныя гукі. І яшчэ. Мы разам з сынам хадзілі і выбіралі механізм для вільготнай прыборкі памяшканняў. Спыніліся на адносна простай для нас, «прасунутых», разумнай швабры з распыляльнікам вады.

Гульня ў «банкіраў» і не толькі

Цяпер мой сын — сучасны малады чалавек, які разумее ўсе тэхнічныя і тэхналагічныя нюансы нашай кватэры. Ведае, дзе, за што і як мы павінны плаціць, і ўяўляе, як усім гэтым можна кіраваць. А ўсё пачыналася досыць даўно.

Тады банк прапанаваў аформіць бясплатную картку на дзяцей, якім менш за 14 гадоў. Такая картка прывязвалася да маёй і да майго разліковага рахунку. Потым я мог накіроўваць кішэнныя грошы са свайго «пластыку» на картку сына. У нас была такая гульня, калі ён са сваім «кашальком» у выглядзе карткі накіроўваўся ў краму па бохан хлеба і пакет малака. Колькі гонару было ў такім паходзе! Потым гульні сталі больш складанымі.

Я як сучасны гарадскі чалавек аплачваю кватэру (камунальныя паслугі), газ, ваду, электрычнасць, інтэрнэт і іншае праз інтэрнэт-банкінг на сваім тэлефоне. Але такі тэлефон (калі не лепшы) ёсць і ў майго сына.

Засталося толькі прывязаць яго картку да сістэмы банкінгу, атрымаць картку кодаў і аплачваць пастаянныя паслугі (у тым ліку школьнае харчаванне) з тэлефона сына. Я толькі накіроўваю крыху больш грошай на яго картку (гэта робіцца бясплатна ў сістэме АРІП), і ён можа аплачваць кватэру цалкам самастойна. Што і робіць.

Між іншым, у гэтых дзеяннях я бачу адразу некалькі станоўчых момантаў. Па-першае, сын ведае, што ён «у справах», што выконвае важную функцыю, без якой не абысціся. Па-другое, ён ведае, колькі каштуе кожная паслуга. Я нават падштурхоўваю сына аналізаваць зыходныя лічбы. Чаму ў гэтым месяцы мы больш плацім за ваду? Ці не таму, што сярэдняя дачка гадзінамі (і гэта не жарт) плёскаецца ў ванне? Чаму ў мінулым месяцы рахунак за электрычнасць у нас удвая большы, чым сярэдні? І гэтыя пытанні задае мой сын. Пытанні, на якія ён хоча чуць адказы. А мне прыемна адчуваць, як з дапамогай смартфона сталее хлопец. Развіваецца, а не дэградуе.

Мама, бабуля, дзяўчына...

Мне здаецца, што толькі ад нас, татаў, залежыць стаўленне сына да процілеглага полу. Сын глядзіць на бацьку і ўсмоктвае ўсё, як губка.

Мая маці для дзяцей — бабуля. Яна ўжо досыць пажылы чалавек — 85 з маленькім «хвосцікам». Калі не звяртаць увагу на зморшчынкі на яе твары, яна вельмі светлы чалавек і... малады. Я лічу яе такой, таму што яна мая мама. Яна ведае амаль усе прыказкі свету, урыўкі вершаў многіх аўтараў. Яна распавядае пра сваё юнацтва — як вучылася ў ВНУ ў Маскве, як хадзіла сустракаць Гагарына на Красную плошчу. Гэта не проста жыццё асобнага чалавека, гэта цэлая гісторыя сям'і.

Мае дзеці бачаць, як я стаўлюся да сваіх бацькоў, як пяшчотна гляджу на сваю маму. Нягледзячы на ўласныя клопаты, абавязкова прыязджаю на малую радзіму на выхадныя і ў адпачынак.

І яшчэ. Я ніколі не дазволіў сабе грубага слова або павышанага тону ў дачыненні да сваёй жонкі. Я не маю на гэта права, бо яна — маці маіх дзяцей. Я тлумачу свайму сыну, што трэба гэтак жа ставіцца да іншых жанчын і дзяўчат, якія некалі стануць бабулямі і матулямі...

Спадзяюся, што сын у нас вырасце добрым чалавекам. Ужо амаль вырас. Ён браў і будзе браць прыклад з мяне, як у свой час я браў прыклад са свайго бацькі. А ён заўсёды любіў сваю Святлану...


Нялішнія парады

  • Вылучайце станоўчыя якасці будучых джэнтльменаў, напрыклад: уважлівасць, добразычлівасць і смеласць.
  • Заўсёды кажыце юнаму чалавеку, што верыце ў яго, што ў яго ўсё атрымаецца, хваліце яго не толькі за бліскучыя вынікі, але і за намаганні, нават калі яны пакуль не ўвянчаліся поспехам.
  • Далучайце хлопчыка да вашых каштоўнасцяў, дазваляйце яму інтэрпрэтаваць іх па-свойму. Ён — будучы мужчына і будзе рэагаваць на эмацыянальныя сітуацыі не так, як гэта робіце вы (гэта для мам).
  • Калі ваша дзіця актыўнае, устанавіце ў яго пакоі перакладзіну для падцягвання. Фізічныя практыкаванні вельмі карысныя і важныя для ўсіх дзяцей, а для хлопчыкаў яны яшчэ і неабходныя, каб «выпусціць пару», даць выхад празмернай энергіі.
  • Хлопчыкам неабходныя зносіны з мужчынамі, але абавязкова — з бацькам. Падтрымлівайце актыўную мадэль паводзін вашага дзіцяці, бо менавіта актыўнасць з'яўляецца вельмі важнай яго рысай.

Рэкамендацыі спецыялістаў

Дазваляйце рабіць памылкі

Часам бацькі ў імкненні да ідэалу, жадаючы падаслаць пярыну ўсюды, дзе толькі можна, не даюць свайму сыну магчымасці прымаць самастойныя рашэнні і зводзяць практычна да нуля магчымасць здзейсніць памылку. Гэта пагібельна для фарміравання здаровай асобы, паколькі памылкі — неад'емная частка вопыту. У выніку з-за такіх падыходаў вырастаюць падлеткі, за якіх усё вырашаюць бацькі, і ім нават няма чаго хацець. Калі дзіця пазнае свет, так ці інакш яно будзе памыляцца. Падумайце, перш чым сварыцца з-за запэцканых штаноў ці пабітай машынкі. Давайце хлопцу магчымасць праяўляць ініцыятыву і напрацоўваць свой вопыт.

Дайце адносную свабоду

Адмоўцеся ад «ручнога кіравання» і дробязнага кантролю. Не імкніцеся пранікаць ва ўсе сферы жыцця сына і кантраляваць кожны яго крок. Пакідайце яму магчымасць самому арганізаваць хоць бы малую частку свайго жыцця. Вызначыцеся, за што ў сваім жыцці ён нясе адказнасць. Што ёсць на яго тэрыторыі, што адносіцца толькі да яго і не ўплывае на вас. Дэлегуйце гэта, не ўмешвайцеся. Нават у самага маленькага чалавека можна знайсці такую прастору, дзе ён сам здольны наладзіць працэсы.

Ацэньвайце ўчынкі, а не асобу

Большасць бацькоў блытае ацэнку ўчынкаў і ацэнку асобы. Гэта вельмі ўскладняе выхаванне дзіцяці любога полу, але асабліва хлопчыкаў. Важна разумець, што ацэнка асобы — вораг дзеяння. Такімі ацэнкамі, як «шалапут», «гультай», «двоечнік» ці нават «геній» і «чэмпіён», бацькі могуць загубіць унутраны маторчык стваральнай дзейнасці. У дзіцяці фарміруецца перакананне, што ён такі і гэта назаўжды.

Заахвочвайце дзеянні і выніковасць

Адзначаючы вынікі, пазбягайце залежнасці дозы вашай любові ад колькасці дасягненняў або памылак. Любіце яго заўсёды, не пазбаўляйце яго душэўнай блізкасці толькі таму, што ён «хадзіў на галаве» за школьнай агароджай. Гэта якраз той выпадак, калі катлеты і мухі — паасобку.

Будзьце сумленныя

Не хавайце ад сына свае памылкі. Тады ён з дзяцінства засвоіць, што памылкі — частка сталення. Яны вучаць адказнасці за наступствы ўласных дзеянняў. Заўсёды можна заставацца добрым чалавекам, нават калі памыліўся. Усё можна выправіць.

Самае галоўнае і самае складанае — зразумець, што вы ўплываеце на сына не толькі выхаваўчымі прамовамі, але і сваімі ўчынкамі. Калі дарослыя людзі самі не навучыліся несці адказнасць за наступствы сваіх дзеянняў, дараваць сабе памылкі і здабываць з іх урокі, любіць і выхоўваць сябе, то вельмі складана будзе выхаваць гэта ў сыне.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».