Вы тут

Наступствы непагадзі ў панядзелак


З прычыны багатага выпадзення ападкаў і праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 20 м/с у панядзелак стыхія нарабіла шмат бед у многіх рэгіёнах краіны. Падавалася, што ў небе ўтварылася дзірка: настолькі шчыльнай сцяной і амаль без перапынку ў многіх месцах ішоў лівень. Карціну дапаўнялі парывы ветру, грукаты грому і амаль цемра за акном. Нябесная канцылярыя ў гэты дзень разышлася не на жарт...


Фота прэс-службы «Мінскэнэрга»

Лясным гектарам — суцэльныя высечкі

У Глыбоцкім раёне дрэва ўпала на жылы дом. Пашкоджаны адзін будынак. Пацярпелых не было. 

Але далей — болей... У Мінскай вобласці ад стыхіі ў выніку пацярпела больш за 40 гектараў лесу. Паводле папярэдніх звестак, найбольшыя страты непагадзь нанесла Бараўлянскаму спецлясгасу Мінскага раёна. Там трэба будзе правесці 25 гектараў суцэльных высечак. Сярод найбольш пацярпелых — Бараўляны, Астрашыцкі Гарадок і Калодзішчы. Ёсць таксама пашкоджанні ў Смалявіцкім, Лагойскім, Вілейскім лясгасах — у кожным прыкладна па пяць гектараў. Акрамя таго, шмат паваленых адзінкавых дрэў.

Яшчэ да канца не абследавалі лесфонд, такая работа будзе праводзіцца паралельна. На Міншчыне разлічваюць завяршыць суцэльныя санітарныя высечкі на працягу месяца. Паралельна ў планавым парадку будуць прыбіраць пашкоджаныя адзінкавыя дрэвы.

Згарэў хлеў, пашкоджаны аўтамабілі

У Магілёўскай вобласці з-за непагадзі без электрычнасці былі 177 населеных пунктаў. Падчас непагадзі вецер узмацніўся, што стала прычынай пашкоджання даху на 27 аб’ектах, у тым ліку 17 малочнатаварных фермах і шасці грамадскіх будынках.

Былі адключаны 449 трансфарматарных падстанцый (17 малочнатаварных фермаў, адна кацельня). На 6.00 8 жніўня адключанымі заставаліся 126 населеных пунктаў і 268 трансфарматарных падстанцый (сем малочнатаварных фермаў). Супрацоўнікі МНС выязджалі на прыборку дрэў, якія ўпалі, 71 раз, усяго прыбрана 105 дрэў. Імі пашкоджаны дзесяць легкавых аўтамабіляў у Бабруйску, Магілёве і Шклове. Пацярпелых не было.

У аграгарадку Боханы Хоцімскага раёна каля 17.00 маланка трапіла ў хлеў, які загарэўся пасля здарэння. У выніку агонь поўнасцю знішчыў будынак.

Загінуў чалавек, у іншых былі траўмы

На жаль, непагадзь прынесла і трагічны выпадак. Паблізу вёскі Сосенка Вілейскага раёна дрэва ўпала на мужчыну, які ад атрыманых траўмаў памёр. Калі пачаўся ўраган, жонка са старэйшым дзіцем схавалася ў машыне, а ён з 11-гадовым сынам вырашыў перачакаць непагадзь у палатцы.

Закрыты пералом, рэзаную рану галёнкі і ўдары цела атрымалі трое пацярпелых ва Ушацкім і Лёзненскім раёнах з-за непагадзі. Так, ва Ушацкім раёне траўмы атрымала дзяўчынка 9 гадоў, яе аператыўна даставілі ў мясцовую бальніцу, там аказалі дапамогу. Яе стан медыкі ацэньваюць як здавальняючы. Таксама ва Ушацкім раёне ў выніку падзення дрэва пацярпела жанчына. Трэці выпадак зафіксаваны ў Лёзне, дзе мужчына атрымаў множныя ўдары цела сарваным моцным ветрам шыферам. 

Цягнікі рухаліся з адхіленнем ад графіку

Праходжанне навальнічнага фронту з парывамі ветру і моцнымі ліўнямі прывяло да шматлікіх падзенняў дрэў на чыгуначныя пуці і лініі электразабеспячэння на ўсіх аддзяленнях Беларускай чыгункі.

Паводле інфармацыі прэс-цэнтра магістралі, агульная працягласць участкаў, на якіх былі адзначаны збоі ў электразабеспячэнні і рабоце сродкаў сігналізацыі і сувязі, склала 335 кіламетраў, 225 бытавых спажыўцоў былі адключаныя ад электразабеспячэння.

З-за непагадзі 51 пасажырскі цягнік (з улікам тых, якія паступалі са спазненнем з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі) рухаўся з адхіленнем ад устаноўленага графіка руху. Затрымка склала ад шасці хвілін да 1 гадзіны 46 хвілін.

На ліквідацыю пашкоджанняў інфраструктуры было задзейнічана больш за 500 работнікаў і 75 адзінак тэхнікі БЧ. Для электразабеспячэння 41 чыгуначнай станцыі прымяняліся дызель-генератарныя агрэгаты. У мэтах забеспячэння бяспекі на чыгуначных пераездах, якія засталіся без электразабеспячэння, была выстаўлена ахова.

Пацярпелых і пашкоджанняў рухомага саставу не зафіксавана.

Цяпер на ўчастках Магілёў — Крычаў, Віцебск — Езярышча, Орша — Віцебск і Полацк — Круляўшчызна працягваюцца работы па аднаўленні электразабеспячэння, у сувязі з чым на гэтых участках магчымыя нязначныя адхіленні асобных цягнікоў ад графіка руху. Прымаліся аператыўныя меры па аднаўленні электразабеспячэння бытавых спажыўцоў.

Ліквідацыя вялася кругласутачна

У Беларусі за мінулыя суткі пасля непагадзі электразабеспячэнне было адноўлена ў 1829 населеных пунктах. Наступствы стыхіі ліквідавала каля 1,2 тысячы чалавек, было задзейнічана 365 адзінак тэхнікі. Паводле даных на раніцу 8 жніўня, аднаўленчыя работы працягваліся ў 655 населеных пунктах. Аварыйныя брыгады задзейнічаныя кругласутачна для ліквідацыі наступстваў непагадзі.

Няпростыя суткі выдаліся для мінскіх энергетыкаў. Па стане на 9.00 8 жніўня заставаліся адключанымі дзве высакавольтныя лініі электраперадачы 35кВ і 24 лініі 10кВ, выяўлены пашкоджанні 52 апор. Найбольш пацярпелымі раёнамі з прычыны непагадзі з’яўляюцца Мядзельскі, Мінскі, Бярэзінскі і Вілейскі. 

Найбольш напружаная сітуацыя склалася ў Віцебскай вобласці, дзе навальнічны фронт стаў прычынай масавага падзення дрэў на лініі электраперадачы, іх абрыву. Работы па аднаўленні электразабеспячэння ў рэгіёне наступным пасля непагдзі днём працягвалі больш як у 400 населеных пунктах. На дапамогу віцебскім энергетыкам былі накіраваны брыгады з Гродзенскай і Магілёўскай абласцей.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».