Вы тут

Сарафан даўно ператварыўся ў моднае адзенне стыльнай гараджанкі. Ствараем стыльны вобраз


Сарафан прыйшоў да нас з глыбіні стагоддзяў. Сучасныя дызайнеры ўдыхнулі новае жыццё ў гэтае старажытнае жаночае адзенне, якое ўпэўнена пацясніла ў нашым гардэробе сукенкі і спадніцы.


Са сціплага і мінімалістычнага, у якім прабабулі хадзілі і на жніво, і на «маёўкі», сарафан ператварыўся ў моднае адзенне стыльнай гараджанкі. А ўжо разнастайнасць расфарбовак, варыянтаў крою і тыпаў тканіны проста зашкальвае. У гэтым сезоне дызайнеры не шкадавалі дэкаратыўных дапаўненняў у выглядзе заклёпак, пацерак, карункавых і скураных уставак. Так што ўлетку 2023 года жанчына любога ўзросту і асаблівасцяў фігуры можа падабраць сабе практычна ідэальны варыянт.

Прыемная навіна палягае ў тым, што са спякотнага лета сарафан плаўна пераходзіць у восеньскі сезон, застаючыся на піку моды. Расказваем, якія актуальныя мадэлі можна насіць цяпер ці прыкупіць на восень.

Шматслойнасць як вобраз

Трэнд на складанне камплектаў не абышоў бокам сарафан, і не дзіўна: ён нібыта існуе для таго, каб ствараць розныя вобразы ў «саюзе» з іншымі рэчамі. У гэтым сукенка адназначна сарафану прайграе. Напрыклад, пад кароткі сарафан, які вы насілі летам, можаце надзець вузкія штаны ці джынсы і футболку — выдатнае рашэнне для цёплых дзён верасня.

Ажурная пяшчота

Сарафан з лёгкай натуральнай тканіны з дэкаратыўнымі ўстаўкамі ў выглядзе макрамэ або звязанымі кручком — бясспрэчны трэнд цёплага сезону 2023 года. Аднак не спяшайцеся з уздыхам прыбіраць яго ў шафу. Вы можаце насіць сарафан белага ці цялеснага колеру ў цёплыя дні верасня са светлым пінжаком ці павязаўшы на шыю доўгі празрысты шалік. Такі вобраз глядзіцца вытанчана і па-жаноцку. Як, зрэшты, і цалкам вязаныя мадэлі з ажурнымі фрагментамі. Арыгінальныя, мілыя і ўтульныя сарафаны з трыкатажу абавязкова спатрэбяцца восенню.

Адчуйце сябе Папялушкай

Вельмі рамантычна выглядае пышны прыталены плісіраваны сарафан: у ім любая жанчына адчуе сябе Папялушкай, якая едзе на баль. Юныя дзяўчаты могуць дазволіць сабе мадэль вышэй за калена. Калі вам «за», выбірайце доўгі варыянт. Складкі, якія струменяцца па сцёгнах, зробяць вас загадкавай і жаноцкай і завуалююць недахопы фігуры. 

Эфект асіметрыі

Сарафан з асіметрычным кроем актуальны, як ніколі. Варыянтаў — вялікае мноства. Выбірайце тое, да чаго ляжыць душа. У сарафане з касцюмнай тканіны, у клетку ці палоску, а таксама ў аднатоннай, вы лёгка ўпішацеся ў офісны дрэс-код. Такая рэч дапаможа пачувацца камфортна на працы. Калі вам выпала шчасце правесці апошнія дні лета ў статусе адпускніцы — аддайце перавагу сарафану з яркім кветкавым, анімалістычным або абстрактным прынтам. Ва ўсіх выпадках асіметрычны ніз дадасць вырабу моднай элегантнасці.

Дэнім назаўжды

Куды ж без джынсавага сарафана? Ён не старэе ніколі, мяняюцца толькі модныя акцэнты. Цяжка пераацаніць перавагі такога адзення. Гэта камфорт, прастата і ўніверсальнасць для любога выхаду ў свет. Разнастайнасць мадэляў сапраўды бязмежная: строгая класіка, асіметрычны крой, з гуллівым разрэзам, «балахоны» ў стылі аверсайз і прыталеныя мадэлі. Ёсць кароткія і доўгія варыянты. У такім сарафане вы заўсёды будзеце выглядаць сучасна.

Лэдзі ў скуры, ваш выхад!

Разыначка восеньскага сезона 2023 — сарафан з чорнай і каляровай скуры. Дызайнеры модных дамоў у сваіх новых калекцыях не скупіліся на камбінаванне скуры з трыкатажам і нават карункамі. Экстравагантныя дзяўчаты, якім хочацца стварыць вобраз «матацыклетнай феі», могуць абраць чорны скураны сарафан з маланкамі, рамянямі і заклёпкамі. Калі вы не імкнецеся да эпатажу, больш спакойны варыянт скуранога сарафана з класічным кроем дапаможа вам стварыць вобраз ўпэўненай у сабе жанчыны. І доўга заставацца на піку моды, бо новыя калекцыі закладваюць трэнды і на наступны год.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.