Вы тут

У Мсціславе праходзіць сярэдневечны Рыцарскі фэст


Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» — гэта міні-падарожжа на некалькі стагоддзяў назад. Яно да непазнавальнасці мяняе старажытны Мсціслаў, літаральна за ноч ператвараючы яго вуліцы ў гандлёвыя рады, інтэрактыўныя зоны, гульнявыя пляцоўкі, кавярні пад адкрытым небам. Але самыя цікавыя падзеі адбываюцца менавіта на Замкавай гары. Адтуль больш чым дзевяць стагоддзяў таму пачалася слаўная гісторыя горада. Дзякуючы археолагам сёння там можна ўбачыць не толькі рыцарскія баі, а і кавалачак аўтэнтычнай даўніны — праз раскоп XІІ стагоддзя. Мсціслаўская Замкавая гара — гісторыка-археалагічны помнік, музей пад адкрытым небам.


Рыцарскае свята традыцыйна пачалося на плошчы Пятра Мсціслаўца і адтуль пацякло людской плынню па фестывальных вуліцах на Замкавую гару. Акрамя дэлегацый з раёнаў Магілёўскай вобласці, якія прыехалі на рыцарскае свята, прыбылі госці з расійскіх Смаленска і Чалябінскай вобласці. У складзе смаленскай дэлегацыі прыехалі прадстаўнікі рэдакцыі гісторыка-літаратурнага выдання «Странник» і майстры пасёлка Гнёздава.

Цэнтрам сярэднявечнай культуры Мсціслаў стаў сёлета ў 15-ты раз. Прывітальны адрас ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі ўдзельнікам і гасцям зачытаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун. Кіраўнік вобласці адзначыў, што праект, які стартаваў у 2007 годзе, хутка стаў візітоўкай раёна і яркай культурнай падзеяй нашай краіны. Адкрыў свята і запрасіў паглыбіцца ў гісторыю мсціслаўскай даўніны старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка.

Старажытны горад вядомы сваімі непаўторнымі помнікамі архітэктуры — старадаўнімі культавымі будынкамі. Нашы продкі мелі гарачую веру і яна ратавала іх у паядынках. Свае блаславенне на правядзенне свята далі благачынны Мсціслаўскай акругі, настаяцель кафедральнага сабора Аляксандра Неўскага айцец Вячаслаў і ксёндз каталіцкага прыхода Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі Павел. У гонар адкрыцця рыцарскіх турніраў па старадаўняй традыцыі быў перасечаны канат. Гэта зрабіў камандор «Ордэна Паўночнага Храма».

Тактычныя бугурты, турніры, манеўры, паказальныя выступленні коннікаў і шмат іншага — гэта тое, дзеля чаго сюды едуць прыхільнікі рыцарскай эпохі. На гэты раз, акрамя традыцыйнай праграмы мерапрыемстваў, наведвальнікі ўбачылі рэканструяваныя эпізоды ранняга Сярэднявечча. Маляўнічымі і захапляльнымі былі паказальныя выступленні коннікаў клуба гістарычнай рэканструкцыі «Залатая шпора», тэатралізаваны штурм замка, трукавае шоу гістарычнага клуба «Шатландская пяхота», канцэрт фолк-гуртоў «Стокс», «Хмельны вір», «Адамант», KaS, вогненнае шоу. Рыцары скаралі дам сваёй мужнасцю і вытрымкай. Нягледзячы на спякоту, дэманстравалі цуды вынослівасці і адвагі.

Вядома, што старажытны Мсціслаў жыў не толькі рыцарскімі паходамі і паядынкамі. Каб больш дакладна праілюстраваць тую эпоху, арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы Мсціслаўскага раёна звярнуліся да каранёў сваіх прафесій і сталі старонкамі жывой гісторыі. Мсціслаўскі ўчастак паштовай сувязі побач са сваёй палаткай арганізаваў невялічкую гістарычную экспазіцыю з паштовымі фотакарткамі, сумкай паштальёна, копіямі газет XІX стагоддзя і сургучніцай. Начальнік Мсціслаўскага ўчастка паштовай сувязі Галіна Заянчкоўская прызналася, што ў іх калектыве працуюць выключна прафесіяналы, стаж работы якіх вымяраецца дзясяткамі гадоў. Дарэчы, начальніца сама 30 гадоў працуе на пошце.

«Звязда» скарысталася магчымасцю нагадаць пра сябе на фэсце і ўручыць падарунак ганароваму падпісчыку. Ім стала інструктар па падпісцы Ларыса Анатолеўна Целяпнёва, якая і атрымала ад выдання брэндавую футболку. Прызналася, што ўлюбілася ў газету з першага дня работы. А працуе ўжо даўно. Радасна было даведацца: у другім паўгоддзі «Звязда» не страціла на Мсцілаўшчыне ніводнага падпісчыка.

На фэсце штодзённае выданне на роднай мове знайшло сабе новых сяброў. Аляксандр, які працуе ў мясцовай ПМК-94, — адзін з іх. Ён яшчэ і выдатны рыбак. Проста на фестывальнай вуліцы запякаў 16-кілаграмовага карпа. Вылавіў яго на адным з мсціслаўскіх азёраў. І гэты быў у яго яшчэ не самы вялікі.

А раённыя энергетыкі скарысталіся магчымасцю запрасіць гасцей фэсту ў віртуальную рэальнасць, каб пагутарыць на тэму бяспекі.

Юлія і Аляксей з Гомеля зачароўвалі пешаходаў старадаўнімі мелодыямі.

— Прыязджаем кожны год. Свята ўсё лепшае і лепшае, — прызналіся яны.

Прыгажуня ў сукенцы рыцарскіх часоў Анастасія з маленькай Сцешай прадстаўлялі мінскі клуб «Русіч». «Мы ўсёй сям’ёй удзельнічаем у клубе, разам са старэйшай дачкой і Сцешай, — удакладніла яна. — Сёлета ўвесь час падарожнічаем. А пачыналі летась». Анастасія прызналася, што хобі ўзнікла з любові да гісторыі, якой яна захаплялася і ў школе, і ў інстытуце. Па адукацыі яна юрыст.

На Замкавай гары рыцарскія паядынкі чаргаваліся з сярэднявечнымі канцэртамі. Гледачы былі ў захапленні ад відовішчных выступленняў вершнікаў конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора». Не менш захапляльнымі былі прафесійныя баі тры на тры і адзін на адзін.

— Я калісьці заснаваў самы першы ў Беларусі ваенна-гістарычны клуб «Ордэн Сэрца Дракона», — расказвае Дзмітрый Нясцюк, які штогод прыязджае з Расіі. — І ўжо шмат гадоў вяду рыцарскія турніры на Замкавай гары. Ацэньваю фэст на дзесяць балаў з дзесяці. Сёлета вельмі спякотна. Баі ў такіх умовах — гэта пераднепрытомны стан, але рабяты стараюцца біцца, за што ім трэба апладзіраваць кожную хвіліну. 

Спякотнае надвор’е на фэсце — звычайная з’ява, і мы спецыяльна рыхтуемся, каб вытрымаць і каб усё было прыгожа.

Рыцары добра валодаюць не толькі мячамі, але і лукамі. Так супала, што ў той час як у Магілёве спартсмены-лучнікі мераліся сіламі на стадыёне «Спартак» ў рамках ІІ Гульняў краін СНД, у Мсціславе сваё майстэрства дэманстравалі аматары.

— Некаторыя з нашых лучнікаў уваходзяць у склад нацзборных, — удакладніў каардынатар рыцарскіх клубаў Аляксандр Рак. — Калі ў іх ёсць вольны час, яны да нас далучаюцца.

У праграму сёлетняга Мсціслаўскага фэсту быў уключаны і вялікі блок гістарычнага баявога фехтавання. Хоць, як кажуць арганізатары, праграма ўстаялася, кожны раз мяняецца толькі тэматыка. Сёлета акцэнт рабіўся на конныя шоу.

У пераможцах «Рыцарскага фэсту — 23» — клубы «Веруш» і «Люцэрн»: яны выйгралі больш за ўсё намінацый. Барысаўскі клуб «Баявая спадчына» таксама атрымаў не адзін прыз, ёсць перамогі на рахунку зборнага клуба з Брэста і Баранавіч «Заходняя унія».

— Прызы ў асноўным даваліся за бугурты, бітвы троек і турнір «Гістарычны сярэднявечны бой», — рэзюмаваў Аляксандр Рак. — Найлепшым рыцарам фэсту стаў Яўген Аніскевіч, які адзначыўся ў гістарычным рыцарскім баі «Гарцукі». 

У якасці ўзнагарод рыцары атрымалі сякеры, алебарды, коп’і.

Дарэчы, прасачыць гісторыю рыцарскіх часоў можна будзе ўжо ў гэтыя выхадныя на «Нясвіжскай фартэцыі». Сярэднявеччу там прысвечаны невялікі блок.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Валерыя МАСКАЛЁВА.

Мсціслаў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.