Вы тут

Эфір Беларускага радыё — для прыхільнікаў спорту


Магчымасць паслухаць прамыя трансляцыі і ўключэнні, рэпартажы, інтэрв'ю са спартсменамі, даведацца ўражанні ўдзельнікаў і гледачоў ІІ Гульняў краін СНД будзе ў аўдыторыі радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі з 4 да 14 жніўня.


Фота: pixabay.com

Аператыўную інфармацыю аб асноўных падзеях ІІ Гульняў краін СНД можна шукаць у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Так, 5 жніўня слухайце прамую трансляцыю ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Гульняў, а на працягу адзінаццаці дзён спартыўных спаборніцтваў у інфармацыйных выпусках запланаваны аператыўныя ўключэнні і рэпартажы са спартыўных пляцовак.

У праекце «Раніца з Беларускім радыё» штодзень па буднях будзе выходзіць рубрыка «Спартыўная Садружнасць» з дайджэстам асноўных падзей гульнявога дня. Таксама павялічыцца колькасць выхадаў у эфір спецыяльнага праекта «Беларусь спартыўная».

Міжнароднае радыё «Беларусь» зробіць акцэнт на ўражаннях замежных удзельнікаў і гасцей Гульняў — пра спартыўны форум і пра Беларусь у цэлым. Падрыхтоўка і ход спаборніцтваў будуць асвятляцца на ўсіх дзевяці мовах вяшчання радыёстанцыі. Акрамя таго, на сайце радыё «Беларусь» створаны спецыяльны раздзел пад рубрыкай «Моцны характар — яркая гульня!», дзе можна знайсці актуальную інфармацыю, якая датычыцца Гульняў.

Праверыць свае веды па спартыўнай тэматыцы і атрымаць падарунак з лагатыпам любімай радыёстанцыі змогуць слухачы «Радыус-FM» у рамках дзённага і вячэрняга шоу. Да 14 жніўня ў эфір таксама будзе выходзіць цыкл перадач «Загартаваныя спортам», аўтары якога распавядуць пра развіццё беларускага спорту і дасягненні нашых атлетаў на ІІ Гульнях краін СНД. Праграму можна штодзённа знайсці ў эфіры і ў падкастах на сайце радыёстанцыі.

А вось спецыялізаваны канал «Культура» запрапануе ўвазе слухачоў знаёмства з культурнай праграмай Гульняў, запланаванай у розных гарадах Беларусі. Вядучыя і карэспандэнты раскажуць пра канцэртныя праграмы, конкурсы, экскурсіі, культурныя лакацыі, арганізаваныя для гледачоў спартыўных спаборніцтваў. Таксама ў тэматычных перадачах і інфармацыйных выпусках гаворка будзе весціся і пра турыстычную разнастайнасць Беларусі, што дасць яшчэ больш яркіх эмоцый і ўражанняў замежным гасцям.

Далучылася да асвятлення маштабнага спартыўнага форуму і радыёстанцыя «Сталіца». Тут акурат запусцілі напярэдадні Гульняў новы праект «Алімпіяда Садружнасці». У ім можна пачуць аператыўныя навіны з пляцовак спаборніцтваў і прамыя ўключэнні са спартыўных аб'ектаў. Сваімі ўражаннямі аб ходзе мерапрыемстваў падзеляцца і госці беларускай сталіцы. Акрамя таго, у рамках штотыднёвай перадачы «Спартыўны экспрэс» аматары спорту могуць знаёміцца з беларускімі і замежнымі атлетамі, іх дасягненнямі ў відах спорту, якія прадстаўлены на ІІ Гульнях краін СНД.

А ў ранішнім шоу «Ранак робім разам» і ў праектах «Ну і дзянёк», «Навігатар» слухачы змогуць удзельнічаць у віктарынах спартыўнай тэматыкі і атрымаць у падарунак сувенір з лагатыпам радыёстанцыі. У сваю чаргу, падпісчыкі афіцыйных акаўнтаў радыё «Сталіца» ў сацыяльных сетках маюць магчымасць атрымаць асалоду ад самых яркіх момантаў спартыўнага форуму і ўбачыць эмоцыі балельшчыкаў.

Улічваючы што спаборніцтвы ІІ Гульняў краін СНД пройдуць як у Мінску, так і ў абласцях Беларусі, да асвятлення спартыўнага форуму актыўна падключацца і рэгіянальныя радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі «Радыё Брэст», «Радыё Віцебск», «Радыё Гомель», «Гомель+», «Горад FM», «Радыё Гродна» і «Радыё Магілёў». Выбірайце сваю крыніцу інфармацыі і будзьце ў курсе ўсіх падзей спартыўнага свята.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.