Вы тут

Якія вышыні давялося пакараць абітурыентам 2023 года?


Гэтымі днямі ў беларускіх ВНУ завяршаецца залічэнне на бюджэтную форму навучання. Як і чакалася, прахадныя балы сёлета істотна ўзраслі (бо колькасць вынікаў, блізкіх да ста, па ўсіх дысцыплінах на цэнтралізаваным экзамене і ЦТ аказалася незвычайна высокай), а на самых прэстыжных спецыяльнасцях яны наблізіліся да свайго максімуму.


Гістарычны максімум у БДУ

Для Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта высокія прахадныя балы — не навіна, а, хутчэй, норма, але і тут былі пабітыя леташнія рэкорды. Так, каб паступіць на спецыяльнасць «Міжнароднае права», трэба было набраць не менш як 398 балаў з 400 магчымых (у 2022 годзе — 374), «Міжнародныя адносіны» — 394 (летась — 377), «Сусветная эканоміка» — 385 (у 2022 годзе — 364); «Менеджмент» (на эканамічным факультэце) — 388 (у 2022 годзе — 360), «Усходазнаўства» — 393, «Прыкладная інфарматыка» — 386 (у 2022 годзе — 372).

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паспяхова выканаў набор на дзённую бюджэтную форму навучання. Агульны конкурс склаў 1,7 чалавека на месца. Без уступных іспытаў у БДУ будуць залічаны 325 абітурыентаў, што складае 15% ад кантрольных лічбаў прыёму. Сярод тых, хто падаў дакументы, 79 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд. Такі высокі працэнт, як растлумачыў рэктар БДУ Андрэй Кароль, абумоўлены новымі правіламі прыёму, арыентаванымі на матываваную моладзь. Сярод абітурыентаў БДУ вырас працэнт тых, хто скончыў сярэднюю школу з медалём або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай. Іх колькасць склала 910 чалавек. Гэта 25% ад агульнай колькасці тых, хто падаў дакументы. Акрамя таго, 1530 чалавек, або 42% ад агульнай колькасці тых, хто падаў дакументы, скончылі ліцэі і гімназіі.

Па словах рэктара, яго вельмі радуе ўзровень падрыхтаванасці абітурыентаў: «Сёлета мы дасягнулі гістарычнага максімуму. У нас 80% абітурыентаў, якія ўдзельнічаюць у агульным конкурсе, маюць сумарны бал вышэйшы за 300. Гэтая лічба на 13 працэнтных пунктаў перавышае леташні паказчык. Яшчэ адным фактам, які пацвярджае якасную і адказную падрыхтоўку абітурыентаў, з’яўляецца істотнае павелічэнне колькасці маладых людзей са стабальнымі вынікамі па ЦЭ і ЦТ. Сёлета ў БДУ пададзена 579 стабальных сертыфікатаў: самая вялікая колькасць па рускай мове (128) і матэматыцы (109).

Таксама Андрэй Кароль расказаў, на якія спецыяльнасці, дзе праводзяцца ўнутраныя выпрабаванні, склаўся найбольш высокі конкурс. На «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» — 14,8 чалавека на месца, «Дызайн касцюма і тэкстылю» — 5,2 чалавека на месца, «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» — 8,2 чалавека на месца. Прымаючы дакументы, прыёмная камісія сутыкнулася з тым, што прыйшлося адшукваць дадатковыя рэсурсы для правядзення творчага іспыту для ўсіх ахвотных абітурыентаў і выдзяляць аўдыторыі для іх работы (частка іспыту — класічны малюнак), пашыраць прадметную камісію.

На завочнай бюджэтнай форме навучання конкурс у БДУ таксама аказаўся высокі — 1,7 чалавека на месца (на 150 месцаў было пададзена 260 заяў). На скарочаны тэрмін навучання конкурс — 2,2 чалавека на месца.

Праграмісты і архітэктары

У БДУІР конкурс адбыўся па ўсіх 15 спецыяльнасцях. Рэктар Вадзім БОГУШ адзначае цікавасць да кірункаў, звязаных з мікраэлектронікай, штучным інтэлектам. Прыёмнай камісіяй рэкамендаваны да залічэння 1065 абітурыентаў на шэсць грамадзянскіх факультэтаў і 105 — на ваенны, на бюджэт завочнай формы — 35.

Самымі папулярнымі спецыяльнасцямі сталі «Праграмная інжынерыя» (прахадны бал — 394), «Электронная эканоміка» (393). Недалёка ад іх размясціліся «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (391) і «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» (389). На ўсе астатнія спецыяльнасці праходны бал перавысіў 310.

А на спецыяльнасць «Электронныя сістэмы і тэхналогіі», якая трапіла ў пералік найбольш запатрабаваных эканомікай, зусім не было конкурсу — на яе рэкамендавалі да залічэння пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і медалістаў, што стала ўнікальным выпадкам у гісторыі ўступнай кампаніі ў БДУІР.

Трэба заўважыць, што ў БДУІР конкурс праводзіцца па групе факультэтаў і групе спецыяльнасцяў. Абітурыенты маюць магчымасць пры падачы заявы ў прыёмную камісію выбіраць і расстаўляць свае прыярытэты. Калі абітурыент не праходзіць па балах на першую ўпадабаную спецыяльнасць, згаданую ў прыярытэтах, то ўдзельнічае ў конкурсе на другую, трэцюю і гэтак далей да таго часу, пакуль ён або не будзе залічаны, або не скончацца спецыяльнасці, указаныя ім у заяве. Гэта значна спрашчае запаўненне бюджэтных месцаў у тым ліку і па менш запатрабаваных моладдзю спецыяльнасцях. А для абітурыентаў менш шанцаў застацца «за бортам».

У БНТУ топ-3 спецыяльнасцяў з самым вялікім конкурсам узначаліў «Маркетынг», дзе конкурс склаў 22 чалавекі на месца (прахадны бал — 379). Далей ідзе «Бізнес-адміністраванне» — 7,7 чалавека на месца (прахадны бал — 371). Прываблівае абітурыентаў і «Архітэктурны дызайн» — адна з самых творчых і крэатыўных у сферы праектавання і будаўніцтва спецыяльнасць. Конкурс пры падачы дакументаў па прафілізацыі «Урбаністыка і дызайн архітэктурнага асяроддзя» складае 4,1 чалавека на месца. Тут залічэнне пакуль не адбылося, бо абітурыенты здаюць творчы экзамен.

Падводзячы прамежкавыя вынікі прыёмнай кампаніі, рэктар БНТУ Сяргей Харытончык адзначыў: «Для нас асабліва важны выбар БНТУ выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, пераможцамі алімпіяд і медалістамі. Новай практыкай для нас сталі сумоўі з выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Такі фармат залічэння, як сумоўе, вельмі эфектыўны, бо дапамагае ўбачыць, наколькі будучы студэнт заматываваны паступіць і ў далейшым атрымліваць адукацыю па той ці іншай спецыяльнасці. Сёлета лічбы выглядаюць такім чынам: ад медалістаў у прыёмную камісію паступіла 306 заяў, тры пададзеныя выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, яшчэ тры — пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд. Таксама хочацца дадаць, што сёлета павялічылася колькасць абітурыентаў са стабальнымі сертыфікатамі — такіх у нас 56».

Сярэдні конкурс па БДПУ склаў больш за тры чалавекі на месца. 

Самы высокі конкурс — на спецыяльнасці «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» (6 чалавек на месца), «Псіхалогія» (5,8) і «Фізічная культура» (4,2).

На рэгіянальным узроўні

Што датычыцца медыцынскіх універсітэтаў, якія абітурыенты ніколі не абыходзяць сваёй увагай, то і тут былі зафіксаваныя фантастычныя прахадныя балы. Гэта тлумачыцца яшчэ і тым, што асноўная колькасць бюджэтных месцаў у ВНУ Міністэрства аховы здароўя запоўнілася яшчэ ў чэрвені ў рамках мэтавага набору, што сур’ёзна павысіла канкурэнцыю. Так, для прыкладу, у Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце ахвотным стаць стаматолагамі трэба было мець у сваім багажы не менш як 392 балы.

Увогуле, па словах міністра адукацыі Андрэя Іванца, рэгіянальныя ВНУ сёлета спрацавалі добра. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава сярэдні конкурс — 2,4 чалавека на месца, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы — 2,2 чалавека на месца. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны і Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна конкурсы набліжаюцца да паказчыка два чалавекі на месца.

Такая папулярнасць рэгіянальных ВНУ, на думку міністра, звязаная з правядзеннем універсітэцкіх алімпіяд (яны былі ўведзены ў 2022/2023 навучальным годзе), якія прайшлі ва ўсіх рэгіянальных ВНУ, і кірмашоў вакансій для мэтавага набору. Нагадаем, што сёлета для тых, хто прэтэндаваў на мэтавыя месцы, была створана асаблівая траекторыя паступлення: яны здавалі толькі адзін іспыт па профільным прадмеце ў вуснай форме прыёмнай камісіі, створанай у ВНУ, а тэрміны прыёмнай кампаніі былі выдзелены для іх у асобны этап.

Так, у лік студэнтаў першага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы залічаны 163 абітурыенты — мэтавікі і пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды. Скарысталіся новаўвядзеннем прыёмнай кампаніі бягучага года — магчымасцю паступіць па выніках універсітэцкай алімпіяды — 35 маладых людзей. Гэта прызёры алімпіяды, якім для паступлення ў ВНУ не трэба было здаваць ЦЭ і ЦТ. У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце студэнтамі першага курса сталі 16 абітурыентаў, якія перамаглі ва ўнутрыўніверсітэцкай алімпіядзе.

МДПУ імя І. П. Шамякіна залічыў на першы курс 48 мэтавікоў і 19 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды.

У лік студэнтаў ГДУ імя Францыска Скарыны ў чэрвені залічаны 129 абітурыентаў: 110 мэтавікоў і 19 пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд.

Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, у бягучым годзе ў ВНУ праз універсітэцкія алімпіяды паступілі 369 абітурыентаў. На думку кіраўнікоў вышэйшых навучальных устаноў, правядзенне такіх інтэлектуальных спаборніцтваў дапамагае зменшыць адток у сталіцу найбольш падрыхтаваных і матываваных хлопцаў і дзяўчат, якія ў выпадку паступлення ў сталічныя ВНУ дадому часцей за ўсё ўжо не вяртаюцца.

Па мэтавым наборы статыстыка наступная: на мэтавыя месцы былі залічаны 3395 чалавек. Каб прыём на мэтавае месца адбыўся, ВНУ мусілі правесці конкурсны адбор, гэта значыць, што колькасць пададзеных заяў ад абітурыентаў павінна была перавышаць колькасць выдзеленых месцаў. З гэтай прычыны некаторыя мэтавыя месцы засталіся вакантнымі і былі перададзены на агульны конкурс. План мэтавага набору па ўсіх ВНУ быў выкананы на 74 працэнты.

Каб не застацца «за бортам»

Залічэнне на бюджэтныя месцы ў большасці ВНУ павінна завяршыцца да 4 жніўня. Але ўжо сёння некаторыя ВНУ праінфармавалі пра месцы, што засталіся вакантнымі. Сярод іх БДПУ (фізіка-матэматычны профіль), Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Мазырскі педуніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

Дадатковы набор у ВНУ — адзін з этапаў тэхналогіі прыёму на бюджэт. Ён існуе для таго, каб усе месцы, што засталіся вакантнымі пасля асноўнага набору (а гэта нармальная з’ява ў адносінах да спецыяльнасцяў, якія ў меншай ступені запатрабаваныя абітурыентамі, але моцна запатрабаваныя эканомікай), былі запоўненыя. Бо часта, кіруючыся амбіцыямі, абітурыент робіць свой выбар на карысць нейкай больш прэстыжнай, на погляд моладзі, спецыяльнасці. Потым высвятляецца, што яму не хапае балаў, але ён да апошняга трымаецца за тую спецыяльнасць, спадзяецца, што ў кагосьці не вытрымаюць нервы і ён забярэ дакументы, а гэтага не адбываецца. І абітурыент застаецца «за бортам». А дадатковы набор дазваляе абраць з ліку спецыяльнасцяў, дзе засталіся незапоўненыя месцы, блізкія абітурыенту, і паступіць на бюджэтную форму навучання. Летась былі выпадкі, калі падчас дадатковага набору на асобныя спецыяльнасці конкурс, прахадны бал і якасны склад абітурыентаў былі нават вышэйшыя, чым падчас асноўнага набору. Таму ў абітурыентаў, якім не пашанцавала, яшчэ ёсць шанц стаць студэнтамі бюджэтнай формы навучання. Прыёмныя камісіі чакаюць ахвотных да 6 жніўня. Або маладыя людзі могуць падаць дакументы на платную форму навучання. Зрабіць гэта трэба не пазней 9 жніўня.


Рэкорды прыёмнай кампаніі

Абсалютны вынік на ЦТ у бягучым годзе паказалі 599 абітурыентаў у 619 выпадках па 14 прадметах, прычым у дваццаці абітурыентаў ёсць адразу два стабальныя сертыфікаты. Для параўнання: у 2022 годзе было 337 чалавек, якія паказалі стабальныя вынікі ў 361 выпадку.

На цэнтралізаваных экзаменах таксама было зафіксавана шмат максімальных вынікаў. У 29 абітурыентаў па выніках здачы двух ЦЭ і аднаго ЦТ агульная сума балаў — 300, а ў 242 абітурыентаў — два стабальныя сертыфікаты.

Спецыялісты Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў плануюць разгледзець магчымасць вяртання ў тэсты заданняў пятага ўзроўню складанасці, якія дазваляюць ранжыраваць самых падрыхтаваных абітурыентаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.