Больш як 53 тысячы маладых спецыялістаў прыйдзе ў жніўні ў арганізацыі і на прадпрыемствы краіны на сваё першае працоўнае месца. Сярод тых, хто быў размеркаваны, каля 16,7 тысячы выпускнікоў ВНУ, 18 тысяч спецыялістаў і рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і 18,8 тысячы рабочых або служачых з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.
Большасць «навабранцаў» прыступае да работы па размеркаванні 1 жніўня, а 15 жніўня ў навучальныя ўстановы прыйдуць і маладыя педагогі.
Як ставіцца да размеркавання — як да абавязку або як да сацыяльнай гарантыі — кожны сам вырашае для сябе. Але ў яго ёсць відавочныя плюсы. Размеркаванне не проста гарантуе выпускніку, які яшчэ не мае практычнага досведу, першае працоўнае месца. Малады спецыяліст у дадзеным выпадку падстрахаваны з усіх бакоў. Па-першае, наймальнік абавязаны даць яму работу па той спецыяльнасці і той кваліфікацыі, якая ўказана ў яго дыпломе і занатавана ў накіраванні. Але самая галоўная прывілея — абарона ад звальнення на працягу работы па размеркаванні. Наймальнік не мае права ўстанаўліваць маладым спецыялістам выпрабавальны тэрмін і не можа звольніць маладога спецыяліста на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займаемай пасадзе ці выконваемай рабоце з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
У месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора наймальнік павінен выплаціць маладому спецыялісту грашовую дапамогу, так званыя пад’ёмныя ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай студэнту ў апошнім перад выпускам семестры. Калі ён яе не атрымліваў, выплата разлічваецца, зыходзячы з памераў сацыяльнай стыпендыі, якая была актуальная на дату выпуску. Маладому спецыялісту, накіраванаму для работы ў якасці педработніка, грашовая дапамога выплачваецца за 45 каляндарных дзён.
Работнік, які размеркаваўся не па месцы пастаяннага пражывання, атрымае яшчэ і аднаразовую дапамогу ў памеры аклада. Месца жыхарства работніка пацвярджаецца адзнакай аб рэгістрацыі ў пашпарце.
Таксама ўстанаўліваюцца стымулюючыя выплаты выпускнікам, якія прыбылі на работу ў бюджэтныя арганізацыі, падпарадкаваныя міністэрствам адукацыі і культуры, у памеры ад 20 да 45 працэнтаў ад аклада, Міністэрству спорту і турызму — ад 10 да 50 працэнтаў. У сістэме Міністэрства аховы здароўя такія выплаты складаюць ад 20 да 50 працэнтаў ад аклада, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — 10 працэнтаў.
У раёнах радыеактыўнага забруджвання ў асобных сферах (адукацыя, ахова здароўя, сельская гаспадарка, культура) ажыццяўляецца аднаразовая выплата ў памеры 200 базавых велічынь (7400 рублёў) пры заключэнні першага кантракта тэрмінам на пяць гадоў, а таксама выплачваецца аднаразовая дапамога ад 555 рублёў да 2775 рублёў.
Таксама па Указе Прэзідэнта № 353 за два першыя гады абавязковай адпрацоўкі спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй атрымліваюць даплату ў памеры 0,46 базавай стаўкі, а ў наступныя тры гады — 0,69 базавай стаўкі.
Новаспечаным спецыялістам трэба мець на ўвазе, што многія моманты аказання дапамогі маладым кадрам прадугледжаныя ў калектыўных дагаворах. Напрыклад, калі малады спецыяліст жыве ў іншым населеным пункце, ён можа скарыстацца кампенсацыяй праезду да месца свайго размеркавання. Калі застаецца працаваць па заканчэнні абавязковага тэрміну, яму выплачваецца дадатковая матэрыяльная дапамога.
Яшчэ адзін важны момант. Работнік лічыцца маладым спецыялістам на працягу ўсяго перыяду работы па размеркаванні: спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — два гады, з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй — год. Калі спецыяліст паступіў у магістратуру на платнай аснове, ён не губляе свой статус і павінен адпрацаваць пасля вучобы належныя гады або пакрыць затрачаныя на яго навучанне дзяржаўныя сродкі. Пры гэтым магістрант-бюджэтнік зноў павінен быць размеркаваны. Тыя, хто навучаўся на ІІ ступені вышэйшай адукацыі, адпрацоўваюць год, а тыя, хто паступіў на другую ступень у год заканчэння першай ступені, — два гады. Калі выпускнік прыходзіць на работу па мэтавым накіраванні, то тэрміны адпрацоўкі могуць быць рознымі: пасля ўніверсітэта — не менш за пяць гадоў, пасля каледжа — не менш за тры.
А вось абавязак забяспечваць маладога спецыяліста жыллём нідзе на заканадаўчым узроўні не прапісаны. Адзіная гарантыя ў дадзенай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, прымацца на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце, у тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.
Рашэнне маладога спецыяліста застацца і далей працаваць па месцы размеркавання пасля двухгадовага тэрміну залежыць выключна ад зацікаўленасці наймальніка і ад створаных для жыцця і прафесійнага росту маладога спецыяліста ўмоў. Натуральна, на месцах усе разумеюць, што без жылля замацаваць кадры, асабліва ў сельскай мясцовасці, немагчыма, таму размяшчаюць у інтэрнатах, даюць службовае жыллё, дапамагаюць будаваць сваё. Наймальнік у індывідуальным парадку разглядае пытанне аб вызначэнні памеру выплат на арэнду жылля, аб парадку і ўмовах кампенсацыі арэнды.
Выпускнікам устаноў адукацыі трэба мець на ўвазе, што адмовіцца ад размеркавання і атрымаць свабодны дыплом можна толькі ў выключных выпадках. Уважлівай прычынай лічыцца паступленне на больш высокі ўзровень адукацыі, напрыклад у магістратуру або для выпускніка каледжа — на ўзровень вышэйшай адукацыі першай ступені. Таксама гэта служба ў войску, пытанні, звязаныя з непрацаздольнасцю і здароўем.
Калі малады спецыяліст не прыбыў да месца размеркавання ў тэрмін, наймальнік павінен на працягу 15 дзён паведаміць аб гэтым ва ўстанову адукацыі. Не з’явіцца можна толькі з уважлівай прычыны і пры наяўнасці дакумента, які яе пацвярджае, напрыклад бальнічнага ліста. У такім выпадку трэба пісьмова праінфармаваць пра гэта ўстанову адукацыі і наймальніка.
Надзея НІКАЛАЕВА
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.