Вы тут

Якія праекты дапамагаюць захоўваюць гістарычную памяць?


Каб захаваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, у нашай краіне актыўна рэалізоўваюцца патрыятычныя праекты, накіраваныя на ўвекавечанне подзвігу яе ўдзельнікаў. Як вядзецца пошукавая дзейнасць і як дагэтуль на тэрыторыі нашай краіны знаходзяць астанкі загінулых падчас тых падзей? Які рэгіён можна назваць флагманам у рабоце па алічбаванні помнікаў часоў ВАВ? Як захоўваецца памяць аб партызанскім руху? Пра гэта расказалі эксперты.


Самая жаданая знаходка — медальён

Пошукавую дзейнасць на тэрыторыі нашай краіны вядзе спецыялізаваная вайсковая часць Міністэрства абароны — 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Як паведаміў начальнік упраўлення Узброеных Сіл па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Сяргей Корнеў, за час свайго існавання (з 1995-га да цяперашняга часу) вайскоўцы батальёна знайшлі і перапахавалі астанкі больш за 45 тысяч загінулых, з іх вайскоўцаў Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі — каля 27 тысяч, ахвяр вайны — больш за 12 тысяч, ахвяр супраціўлення — больш за 130, ваеннаслужачых часоў Першай сусветнай вайны — больш за 4 тысячы, салдат вайны 1812 года — больш за 40. Таксама былі знойдзены ўзнагароды, медальёны, стралковая зброя, выбухованебяспечныя прадметы, патроны і іншыя спадарожныя знаходкі.

Устаноўлены звесткі аб чатырох тысячах загінулых у гады Вялікай Айчыннай (больш за дзве тысячы) і падчас Першай сусветнай вайны (больш за 1,5 тысячы). Напрыклад, летась воіны-пошукавікі адпрацавалі 105 аб'ектаў, на якіх знайшлі астанкі больш за 2 300 ваеннаслужачых, устанавілі 122 імені загінулых. Такая работа працягваецца і сёлета, але ў большым аб'ёме — адпрацоўваюцца 136 аб'ектаў.

Вядуцца ваенным ведамствам пошукі і ў межах крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады ВАВ, расследаваннем якой займаецца Генеральная пракуратура. У 2021 годзе асабовым складам 52-га батальёна было адпрацавана 12 пошукавых аб'ектаў у пяці абласцях, знойдзены астанкі больш за 2,5 тысячы загінулых. У 2022 годзе адпрацавана ўжо 26 пошукавых аб'ектаў у шасці абласцях і Мінску, знойдзены астанкі больш за 700 загінулых, вызначаны межы 717 пахаванняў ахвяр генацыду, устаноўлены звесткі аб чатырох загінулых. Сёлета работа працягваецца.

— У асноўным гэта неўлічаныя пахаванні, пра якія раней было невядома і звесткі пра якія былі ўстаноўлены падчас расследавання гэтай крымінальнай справы, — адзначыў Сяргей Корнеў.

Актыўна ў сваёй рабоце ўпраўленне па ўвекавечанні памяці і пошукавы батальён супрацоўнічаюць з грамадскімі арганізацыямі як Беларусі, так і Расіі. Сёлета з удзелам беларускіх грамадскіх аб'яднанняў запланавана правядзенне 14 пошукавых работ, на сёння адпрацавана дзевяць аб'ектаў. І яны таксама даюць свой плён. Напрыклад, падчас раскопак, праведзеных у Быхаўскім раёне, у чэрвені было знойдзена 27 медальёнаў. Для пошукавікаў гэта адна з самых жаданых знаходак, бо яна дазваляе ўстанавіць даныя аб чалавеку, якому ён належаў.

— На жаль, устанавіць інфармацыю пра ваеннаслужачых удалося толькі па дзесяці медальёнах, але і гэта дастойны вынік, — кажа Сяргей Корнеў. — У некаторых выпадках удалося выявіць іх блізкіх і паведаміць ім пра лёс продкаў.

Яшчэ адной жаданай знаходкай для пошукавікаў з'яўляюцца дзяржаўныя узнагароды. Яны маюць рэгістрацыйны нумар, па якім таксама можна ўстанавіць прыналежнасць канкрэтнаму ўладальніку. Дарэчы, цяпер сумесна з клубам «Айчына» з Рэспублікі Татарстан (Расія) праводзяцца пошукавыя работы ў Зэльвенскім раёне. Апрача іншых знаходак быў адшуканы і Ордэн Чырвонай Зоркі. Цяпер вайскоўцы імкнуцца ўстанавіць, каму ён належаў, каб знайсці блізкіх і паведаміць пра лёс іх продка.

Сёлетні пошукавы перыяд працягваецца, традыцыйна ён доўжыцца да лістапада. Затым час для архіўна-даследчай работы і фарміравання планаў пошукавых палявых работ на наступны год.

— Ужо на сёння па выніках архіўна-даследчых работ, праведзеных у рэгіёнах, мясцовыя органы ўлады, грамадскія арганізацыі, грамадзяне падалі 113 заявак на наступны год. Усё яны прыняты ў распрацоўку, вывучаюца архіўныя дакументы, карты, аэрафотаздымкі, і мы будзем фарміраваць пошукавы план, — паведаміў прадстаўнік Узброеных Сіл.

Налета Беларусь адзначыць 80-годдзе вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў, а ў 2025-м — 80-годдзе Вялікай Перамогі. Ваеннае ведамства падрыхтавала праект Указа Прэзідэнта аб зацвярджэнні складу рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і святкаванні гэтых знамянальных дат. Вызначаны праект плана мерапрыемстваў. Апрача іншага, разглядаецца пытанне ўручэння некаторым населеным пунктам вымпела «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Адпаведны праект указа ўжо накіраваны ва ўрад.

Флагман — Брэсцкая вобласць

Сумесна з Брэсцкай вобласцю ідзе работа па стварэнні Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Падрыхтаваны дакументы аб прысваенні гэтаму аб'екту статусу маладзёжнай будоўлі. Сумесна з Брэсцкім аблвыканкамам арганізаваны дабрачынны рахунак для акумулявання сродкаў ад грамадскасці і спонсараў, якія будуць накіраваны на стварэнне гэтага цэнтра. На яго будаўніцтва пойдуць і 50 % сродкаў, выручаных сёлета на рэспубліканскім суботніку.

Увогуле Брэсцкую вобласць можна лічыць флагманам па рабоце ў захаванні і увекавечанні памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады ВАВ. Адзін з акутальных напрамкаў — алічбаванне помнікаў і ўстанаўленне побач з імі таблічак з QR-кодамі, па якіх можна знайсці сапраўдную абноўленую інфармацыю. Як расказаў першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Юрый Сегянюк, на сёння алічбавана каля 200 помнікаў, памятныя таблічкі «Лічбавая зорка» ўстаноўлены на сотні помнікаў у рэгіёне.

Першым такім памятным месцам была, безумоўна, Брэсцкая крэпасць. А сёння сярод адметных мясцін ёсць і такія незвычайныя, як музей выратаваных помнікаў з тэрыторыі заходніх краін, які стварыў прыватны бізнес у пасёлку Мухавец Брэсцкага раёна. Літаральна нядаўна алічбаваны магілы дзесяці Герояў Савецкага Саюза, пахаваных побач з Брэсцкай крэпасцю на Гарнізонных могілках. Акрамя таго, распрацаваны адмысловы маршрут для наведвальнікаў, які дапамагае знайсці магілы і ўшанаваць памяць герояў.

Энцыклапедыя партызанскага руху

Сярод маштабных праектаў у інтэрнэт-прасторы і партал «Партызаны Беларусі», які без перабольшання можна назваць своеасаблівай энцыклапедыяй партызанскага руху. Партал штодзень напаўняецца інфармацыяй, а дакументы аб партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі яшчэ доўга будуць папаўняць архівы, расказаў загадчык аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі, кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок.

Як адзначыў гісторык, аб'ём архіўных дакументаў па гісторыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ўнікальны для ўсёй Усходняй Еўропы. У гады ВАВ кіруючымі органамі партызанскага руху, штабамі партызанскага руху — Беларускім і Цэнтральным — практычна з першых дзён стварэння вялася работа па захаванні дакументаў у партызанскіх атрадах і брыгадах. З пачатку 1943 года ў партызанскія атрады і брыгады ішлі шыфраграмы-ўказанні аб захаванні дакументаў па баявой дзейнасці партызанаў.

Пры гэтым адзначалася, што тое неабходна «для захавання гістарычнай памяці».

— Гэта значыць, ужо ў гады вайны кіраўнікі партызанскага руху ўсведамлялі і разумелі ўсю важнасць захавання дакументальнай спадчыны для далейшага яе вывучэння, асэнсавання і мемарыялізацыі гэтых падзей, — адзначыў Святаслаў Кулінок.

Акрамя таго, штабамі партызанскага руху была выбудавана дакладная сістэма дакументаабароту і справаводства. Гэта фактычна ўніфікаваная сістэма, якая дазволіла сфарміраваць разнастайны відавы і інфармацыйны комплекс партызанскіх дакументаў. У выніку ўнутранага справаводства партызанскіх фарміраванняў, дакументаабароту паміж атрадамі і цэнтральнымі кіруючымі органамі партызанскага руху захаваўся значны комплекс такіх дакументаў. Сёння ён адкрыты для даследчыкаў. Тыя дакументы і сталі перадумовай для стварэння ўнікальнага партала.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.