Вы тут

Гатычныя руіны, вясковыя могілкі і сельская парафія. Цікавосткі вёскі Пагост


Гэта было нечаканае адкрыццё... Дарога на Салігорск, тэрыконы ля шашы, якія надаюць пейзажу зусім фантастычны, экзатычны выгляд... Прыязджаем у вёсачку, пра якую я раней нічога не чула — і раптам бачым велічныя гатычныя руіны... Далібог, замак!

Аж не, не замак, а млын, і не сярэднявечча — пачатак XX стагоддзя, хаця атмасфера самая тая ... І назва вёскі гатычная: Пагост. У ёй і вясковыя могілкі, і сельская парафія з царквою...

Такіх вёсак тут дзве: Пагост-1 і Пагост-2, па розныя берагі ракі Случ на Салігоршчыне.


Партызанскі млын

А млын стаяў на востраве.

Месцічы ўспамінаюць, як да яго падплывалі на чоўнах, або дабіраліся па лёдзе...

Цяпер можна пад’ехаць і на машыне. Даху даўно няма, але — магутныя сцены з чырвонай цэглы, стылізаваныя калоны, вастраверхія вокны... Месцічы так і кажуць — Чырвоны млын. Гаспадары відавочна хацелі надаць збудаванню модныя ў эпоху ар-нуво гатычныя рысы... Адразу ўспамінаецца п’еса Уладзіміра Караткевіча «Млын на Сініх Вірах». Вось камандзір Каляда выбірае месца для партызанскага млына: «Бачыце, кут між рэкамі. Тут дарога ў Звініцкія пушчы... Да калектывізацыі ў самых нетрах там была вёска Пагост, на гэтым калішнім шляху, а ля яе яшчэ карчма і млын на два паставы. Дарога канчалася вёрст за пяць да Пагоста, і далей цягнуўся звычайны зімнік. У калектывізацыю вёску перанеслі ў Дравічанскі сельсавет, а на млын неяк забыліся. Тыдні тры таму я там пабываў. Глуш страшэнная. На поўдзень — восемдзесят восем вёрст да чыгункі, на поўнач — дваццаць да станцыі Чорны Бор, на ўсход дваццаць пяць да ракі (там, на беразе, ёсць вёскі), на захад — каля трыццаці вёрст да вёсак Дудзічы, Ведрычы, Пляскі і да ўрочышча Разбіты Рог, дзе ёсць лясніцтва».

Вядома, назвы ў асноўным выдуманыя — але ля пагосцкага млына сапраўды ёсць і рэкі, і лясы... І чыгунка побач — са Слуцка да Салігорска... Чорнага Бора няма — ёсць Зялёны Бор. Вядома, казаць, што Караткевіч апісаў у п’есе менавіта гэты млын, — прыцягваць за вушы. Але хто ведае, магчыма, пісьменнік і пабываў тут калісь, а пабываўшы, не мог не ўразіцца гатычным будынкам... Праўда, апісвае Караткевіч млын драўляны, а каменным робіць свіран пры ім. Але і драўляны млын тут калісь стаяў... А мясціны дасюль жывапісныя, як кажа другі герой п’есы, Дзюбка: «Рэкі, лясы бясконцыя, дзе-нідзе курганы, лілеі ў затоках. Паветра, як у першы дзень стварэння. Што пасля яго тая гарэлка? Хваробы сабе купіў на свае грошы. Увосень, у апошнія дні палявання на качак, здарыцца прымаразак,— трава, як драбнюткай соллю пасыпаная, хрумстае пад нагамі, ружовая ад зары. І недзе ў паветры спявае нешта, спявае, далёкае такое. І цішыня, слухаць яе можна, як сімфонію. Вільгаццю ад вады тхне. Бугай вадзяны недзе „Буукае“...»

Дарэчы, і пра курганы невыпадкова — ёсць у вёсцы Пагост-2 курганны могільнік XI–XIII стагоддзя, унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Ад Алелькавічаў да Вітгенштэйнаў

Дый самі абодва Пагосты няпростыя... Не трэба быць Спінозай, каб здагадацца, што калісьці былі яны адным цэлым, і зваліся мястэчкам Пагост. Мястэчка ўпершыню ўзгадваецца ў ХV ст. як уладанне князёў Алелькавічаў. І было яно ў пасагу святой благавернай Сафіі Слуцкай, апошняй з роду Алелькавічаў. За той пасаг, у якім акрамя Пагоста было шмат спакуснага, ледзь не ўсчалася вайна, пакуль княжна не дамаглася замірэння паміж сваім апекуном Хадкевічам і бацькам жаніха Радзівілам і не выйшла замуж за маладога Януша Радзівіла.

Памерла Сафія Алелькавіч рана, не пакінуўшы мужу спадчыннікаў. Так што ўсе яе ўладанні дасталіся Радзівілам.

Дарэчы, якраз ля Пагосту адбылася крывавая сутычка паміж войскамі Радзівілаў і сялянскімі паўстанцамі Случчыны, якія з’ядналіся з войскамі Багдана Хмяльніцкага. Тады загінула дзве тысячы паўстанцаў, у памяць бойкі пастаўлены крыж. А ў пачатку ХІХ ст. са шлюбам Стэфаніі Караліны Радзівіл, спадчынніцы нясвіжскай галіны роду Радзівілаў, якая таксама памерла маладой і бяздзетнай, уладанні на Случчыне перайшлі да мужа Стэфаніі, Людвіка Вітгенштэйна.

Паравы млын у 1902-м годзе тут пабудаваў нямецкі памешчык фон Гальмерсін, чыя сядзіба была побач. Патрэба мелася — непадалёк, вышэй па рацэ Случ, зусім заняпаў драўляны вадзяны млын. Будаўніцтва ішло шэсць гадоў, спачатку было тут два паверхі, але пасля пажару ў 1908-м, калі згарэлі ўсе драўляныя канструкцыі, Гальмерсін дабудаваў яшчэ два паверхі з цэглы.

Абходзім руіны... Іх яшчэ можна аднавіць — сцены цэлыя. У траве валяюцца жорны. Млын жа дзейнічаў ажно да 1960-х — афіцыйна яго зачынілі ў 1968-м. Апошні час ён працаваў на дызельным рухавіку, для якога зрабілі адмысловую прыбудову. Да млына вялі два масты — драўляны і падвясны. Па той бок, кажуць, была сядзіба з вялікім паркам, ад якой ужо нічога не засталося, толькі ліпы ды лісцвенніцы нагадваюць па мінулае. А калі рабілі Салігорскае вадасховішча, усё тут затапіла, вада падышла ўшчыльную, да млына стала цяжка пад’язджаць... Мясцовая жыхарка ўспамінала, што чэргі на памол былі такія, што людзі чакалі па некалькі дзён. Муку малолі трох гатункаў, і нават манную крупу. Дарэчы, на верхніх паверхах былі пакоі для работнікаў млына.

Таямніца чырвонай цэглы

У гатычных сценах — выбоіны ад снарадаў. Тут абараняліся ад нямецкіх захопнікаў чырвонаармейцы... Ну і з партызанамі мелася прамая сувязь. У час Вялікай Айчыннай вайны тут працягвалася праца, і млынары Чырвонага млына дапамагалі лясным мсціўцам... Што зноў робіць адсылку да «Млына на Сініх Вірах» Караткевіча.

На чырвоных цаглінах выразна бачыцца штамп, можна разабраць слова «Сліва». Гэта не прозвішча ўладальніка цагельні, як я напачатку падумала. Непадалёк, у вёсцы Вялікая Сліва, меўся цагляны завод, вось адтуль і матэрыял. Зрэшты, здаецца, з падобнай жа чырвонай цэглы пабудаваны ў той час на Случчыне не адзін храм.

І з той жа чырвонай цэглы ўзведзены спіртзавод, які знаходзіцца побач. Будаваў яго той жа фон Гальмерсін. Пра час сведчаць выкладзеныя цэглай на франтоне лічбы: 1901. Некаторыя вокны забітыя дошкамі, у частцы захаваліся шкляныя пліткі. Тыповая занядбанка: асыпаная тынкоўка, аблезлая фарба, правады старой праводкі тырчаць, як вусікі мёртвай гіганцкай жамяры. Да нас тут таксама пабывалі цікаўнікі, пра што сведчаць надпісы, некаторыя наўпрост звяртаюцца да прыхадня (пераказваю ў цэнзурнай форме): «Ну і навошта ты зайшоў?», «Ну і чаго лупішся?», «Сыдзі, мразота!».

З мясцовымі негасціннымі прывідамі лепш не спрачацца, мы паслухмяна сыходзім. Дарэчы, мясцовыя руіны прывабліваюць і аматараў стрытболу — калі мы прыехалі, якраз дзве каманды цалкам прафесійна рыхтаваліся да спаборніцтваў.

Героі-танкісты

Але вёска памятае не толькі спартыўную бяскрыўдную перастрэлку. На развілцы дарог, на беленым пастаменце стаіць танк Т-34 з нумарам 100 на вежы. Надпіс сведчыць: «Экипажу танка Т-34 Героя Советского Союза Н.А. Зиновьева, совершившему героический подвиг при захвате переправы через р. Случь 30 июня 1944 г.». Праўда, даследчыкі ўстанавілі, што па дакументах адважны экіпаж ваяваў на танку M4-A2, так што той, на пастаменце, трэба ўспрымаць сімвалічна.

Захаваліся ўспаміны былога танкіста Анатоля Малароднава пра тыя падзеі: «Усяго некалькі метраў аддзялялі нас ад ракі Случ і моцнага моста праз яе. На супрацьлеглым яго канцы ўзвышаўся нямецкі дзот. Гітлераўцы вялі агонь з хат, дота ў Пагосце, з траншэі, размешчанай за ракой. З жытняга поля, побач з гарматамі, падбітымі нашым танкам, біла нямецкая гаўбіца. Паветра дрыжэла ад выбухаў снарадаў. Кулі ўпіваліся ў прыдарожны пясок, клявалі роўнядзь ракі. Мы ляжалі ўсе ўчатырох — я, лейтэнант Зіноўеў, сяржант Самарац і малодшы сяржант Фамічоў — радком у глыбокай канаве каля шасэ.

Зіноўеў вырашыў: пераправу захапіць і ўтрымліваць яе да прыходу нашых войск.

— Гэта наш абавязак, — сказаў ён.

Мы мелі на ўзбраенні толькі пісталеты і дзесяць гранат, якія я выхапіў з палаючага танка. Трэба было фарсіраваць раку. Першым у ваду кінуўся М. Зіноўеў. За ім паплылі астатнія».

Танкістам давялося трываць гарматны абстрэл, закідваць гранатамі варожы дзот, размініраваць мост... Зіноўеў тады загінуў, і быў пахаваны ў вёсцы Пагост-1. Яго імем была названая вуліца ў Пагосце і школа.

Памяць пра генацыд

Школа, хоць цяпер яна ў сучасным будынку, мае даўнія традыцыі, пра што можна пачытаць на яе сайце. «Памятная книжка Виленского учебного округа на 1874 год» сведчыць: «Погостское народное училище открыто в 1863 году. Помещается в общественном доме. На содержание училища отпускается 200 рублей в год из государственного казначейства. Наставница училища, девица Схория Кузминична Смирнова, воспитывалась в Минском частном женском училище (православного вероисповедания). Содержание жалованья 150 руб. и квартира в народе. Законоучитель православного исповедания, священник Владимир Петрович, окончил курс в Минской духовной семинарии.»

У 1924 годзе школа стала сямігадовай, у ёй было ад 300 да 400 вучняў і працавала 10 настаўнікаў. Вядома, усе гістарычныя падзеі адбіліся і на лёсе школы. Некалькі настаўнікаў былі рэпрэсаваныя ў 1930-х. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў на фронце дырэктар Пагосцкай школы Аляксей Гаварушка. Настаўнік фізкультуры Іосіф Кірбуцень быў расстраляны фашыстамі за сувязь з партызанамі. Настаўнік хіміі Васіль Мельнік загінуў у першыя дні вайны ў партызанскім атрадзе, яго жонку, настаўніцу рускай мовы Любоў Ляўковіч растралялі ва ўрочышчы «Бобр». Загінуў настаўнік фізікі і матэматыкі Давід Фрыдберг...

Дарэчы, была ў Пагосце і яўрэйская школа. Увогуле жыло шмат яўрэяў. У час вайны тут стварылі гета. Страшна чытаць успаміны пра падзеі таго часу... Як у пачатку жніўня 1941 года фашысцкія акупанты сабралі ўсіх мужчын Пагоста, выбралі каля сотні яўрэяў, завезлі ў лес і ўсіх расстралялі. Праз тры тыдні, 25 жніўня, зноў сабралі ацалелых жыхароў на плошчу... Частку мужчын-яўрэяў прымусілі капаць расстрэльныя яміны на ўскрайку Пагоста. Потым калону яўрэяў пагналі ад сінагогі туды. Аўтаматы, брэх аўчарак... Хто спрабаваў збегчы — забівалі адразу. Людзі крычалі, плакалі... Іх расстрэльвалі з кулямётаў. Потым паліцаі, ужо ў цемры, засыпалі ямы. Нараніцу хадзілі з вінтоўкамі над свежымі магіламі і стралялі туды, дзе бачылі варушэнне. Толькі некалькім чалавекам удалося выратавацца. Дакладную лічбу загінулых устанавіць цяжка — ад паўтысячы да васьмісот...

На месцы масавых забойстваў у Пагосце былі ўстаноўленыя два абеліскі, у 2016-м годзе іх замянілі на новыя помнікі.

Мы ад’язджалі з вёскі з гатычнай назвай Пагост у накірунку Слуцку. Чырвоны млын перамолваў на нябачных жорнах гады і стагоддзі. Ці набудзе ён калісь іншы дах, замест беларускага неба?

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.