Вы тут

Прадслава Полацкая — першая сапраўдная ўладарка ў гісторыі Полацкага княства?


Асобныя гісторыкі гэтую княгіню называюць Прадславай-1. Для таго, каб не блытаць яе з іншымі, у каго было падобнае імя. Найперш са старэйшай дачкой славутай Рагнеды і князя Уладзіміра Святаславіча. Калі кіравацца падобным падыходам, то яна, умоўна кажучы, з’яўляецца Рагнедай-2. А яшчэ ж, як вядома, да таго як пастрыгчыся ў манахіні, Прадславай звалася і Ефрасіння Полацкая — дачка Георгія, малодшага сына Усяслава Брачыславіча.

Аднак пэўнасці ў тым, што некалі правіла ў горадзе на Палаце Прадслава-1, няма. Тым больш, што магла ўвогуле быць першай уладаркай у гісторыі Полацкага княства. Блытаніна ўзнікла з-за аднаго сведчання ў «Аповесці мінулых гадоў». Паводле яго, нейкая Прадслава прысутнічала на падпісанні ў 945 годзе рускімі князямі дагавору з Візантыяй. Але чаму яна магла быць менавіта з Полацка? Ды зыходзячы з падзей, што адбываліся ў Старажытнай Русі.


Прадслава Полацкая. Малюнак з сайта belhistori.com

Царград — не кожнаму рад

Сярод правіцеляў яе, як вядома, быў і князь Алег. Той самы, які пазней увойдзе ў гісторыю як Вешчы. Але такое стаўленне да сябе яму спачатку трэба было заслужыць. У 907 годзе ён сабраў велізарнае войска з розных славянскіх плямёнаў, з якім рушыў у паход на Візантыю.

Візантыя тады была магутнай дзяржавай. Уладары яе, многае маючы, марылі аб падпарадкаванні сабе ўсё новых і новых зямель. Далёка не ўсе правіцелі маглі даць ім належны адпор. Галоўная прычына ў тым, што дзейнічалі яны адасоблена. Алег жа, прыняўшы гэта пад увагу, знайшоў надзейных саюзнікаў. Што і прывяло яго да перамогі над візантыйцамі. У доказ гэтага ён прыбіў на браме іх сталіцы, горада Царграда, як сказана ў летапісе, свой шчыт, «показующе победу».

Дамоў вярнуўся з незлічонымі багаццямі. Аднак нядоўга радаваўся перамозе. У 912 годзе яго не стала. Княжыць пачаў Ігар, першы князь з будучай дынастыі Рурыкавічаў. Тады ён яшчэ не меў такога ваеннага майстэрства, як яго папярэднік, але перамога Алега не давала яму спакою. Праўда, разумеў, што ісці заваёўваць візантыйцаў яшчэ рана.

Толькі ў 941 годзе асмеліўся ажыццявіць задуманае. Увесь гэты час старанна рыхтаваўся да паходу. Сабраў вялікае войска, колькасць якога налічвала 10 тысяч чалавек. Пасадзіўшы яго на дзясяткі ладзей, па Дняпры ўзяў кірунак у бок Понта Аксінскага. Назва гэтая з’явілася ад двух грэчаскіх слоў. Pontos перакладаецца як мора. Аксінскае — значыць негасціннае. Потым яго пачалі называць Понтам Эўксінскім — Гасцінным морам. У ІХ стагоддзі называлі яшчэ і Рускім морам.

У час паходу Ігара яно яшчэ адпавядала назве «негасціннае». Чым больш набліжаліся да яго, тым часцей сустракаліся з недружалюбнымі плямёнамі. Аднак на іх стараліся не звяртаць асаблівай увагі. Па магчымасці не спыняліся для высвятлення адносін. Не да іх было, калі жылі толькі чаканай перамогай. Праявілі актыўнасць, толькі дасягнуўшы паўднёва-заходняга ўзбярэжжа.

Асаблівага супраціўлення не адчувалі. Наваколле было спустошана. Пазней гэтакі ж лёс напаткаў і бераг праліва Басфор, які тады называўся Баспор Фракійскі. У Ігара з’яўлялася ўсё больш упэўненасці, што яму пашанцуе гэтаксама, як некалі Алегу. У хвіліны аптымізму мроіў, як прыбівае свой шчыт на браме пакоранага Царграда.

«Грэчаскі агонь»  запал не астудзіў

Толькі фартуну — багіню лёсу, шчасця, удачы — у старажытнарымскай міфалогіі невыпадкова паказвалі жанчынай з «рогам дастатку» і з павязкай на вачах. Загадзя не скажаш, як паставіцца да цябе, які сюрпрыз паднясе. Рана радаваўся і князь Ігар.

Візантыйцы былі дасведчанымі воямі. Перад тым як уступіць у бой, дэталёва ўлічвалі ўсе абставіны. Адмовіліся ад бою на моры, а навязалі яго на сушы. Меркавалі, што праціўнік у такіх умовах не здолее належным чынам разгарнуцца. Разлічвалі і на нечаканасць прынятых рашэнняў.

Спадзяванні не падвялі. Ігар са сваім войскам ратаваўся ўцёкамі. Але і на ладдзях не знайшлі спакою. Візантыйцы дасталі іх пры дапамозе так званага «грэчаскага агню». Выкарысталі такую гаручую сумесь, якую не магла загасіць вада. Некалькі суднаў патанула.

Дамоў у верасні 941 года вярнуліся не ў лепшым настроі. Па сутнасці, уцякалі, як тыя палахліўцы. Найбольш уразіла прымяненне візантыйцамі «грэчаскага агню». Летапісец так сказаў пра гэта: «Будто молнию небесную имеют у себя греки и, пуская её, пожгли нас; оттого и не одолели их». Але Ігар падаць духам не збіраўся. Даў сабе слова ажыццявіць новы паход у Візантыю.

Стаў гуртаваць сваіх ранейшых саюзнікаў. Заклікаў рыхтавацца да паходу і сваіх васалаў. А каб знайсці новых паплечнікаў, паслаў ганцоў у навакольныя землі. Ведаў, што там жывуць плямёны, гатовыя разам ісці на агульнага ворага. Успомніў і пра палачан — яны ж на візантыйцаў хадзілі яшчэ разам з князем Алегам. Не забыліся аб сумеснай барацьбе на чале з ім у Полацку. Запэўнілі Ігаравых пасланцаў, што, калі аб’явіць чарговы паход, абавязкова адгукнуцца. Гэтакія запэўненні прынеслі і князевы ганцы, якія пабывалі ў іншых землях.

Новы паход князя Ігара на Візантыю адбыўся ў 944 годзе. «Аповесць мінулых гадоў» сведчыць: «Игорь совокупи вои многи, варяги и русь, и поляны, и словены, и кривич, и тиверцы, и печенеги поя, и тали у их поима, и поиде на греки в лодьях и на конях, хотя мстити себе».

Стрымалі сваё слова і ваяры з Полацка. Не таму, што мусілі выконваць васальскія абавязкі. Наадварот, яны былі свабоднымі ад Кіева, дзе княжыў Ігар. Ахвотна адгукнуліся на покліч, бо ўбачылі ў яго асобе надзейнага саюзніка.

Даведаўшыся, якая вялікая сіла ў праціўніка, візантыйскі імператар Канстанцін Багранародны адмовіўся ад баявых дзеянняў. Ён прапанаваў спрэчныя пытанні абмеркаваць за сталом перагавораў. Яны прайшлі паспяхова. Выгады для сябе атрымалі і палачане. Паводле дамовы, Полацку належала атрымліваць кожны год ад Царграда вялікую даніну. Гэты мірны дагавор з Візантыяй падпісалі не толькі сам князь Ігар і ягоныя князі-саюзнікі, а і людзі з бліжэйшага княжацкага акружэння.

Пазнаёміліся ў чужых краях

Дзіўна, аднак, што на гэтай мірнай дамове адсутнічае подпіс полацкага князя. А без яго подпісу дагавор не мог лічыцца правамоцным. Уладар Полацка ў час паходу належаў да бліжэйшых паплечнікаў Ігара. Што такі подпіс неабходны, князь Ігар не мог не разумець. Чаму ж, у такім разе, подпісу няма?

Верагодней за ўсё, полацкі князь пайшоў з жыцця ў час гэтага паходу. І хутчэй за ўсё не загінуў, а памёр. Інакш, калі б пры гэтым адбылася нейкая значная сутычка, летапісец абавязкова занатаваў бы яе. Назваў бы і імёны тых, хто загінуў у ёй.

Калі ж полацкага князя на момант падпісання мірнай дамовы не было сярод жывых, подпіс павінна была паставіць яго жонка. Ёсць жа ў дагаворы подпіс жонкі Ігара, кіеўскай княгіні Вольгі. Ды і апроч яе імя ў дамове прысутнічаюць яшчэ два жаночыя імені. Гэта Свандра — жонка князя Глеба, сваяка Ігара, і нейкая невядомая княгіня Прадслава.

Згаданая Прадслава, бадай, і ёсць полацкая княгіня, якую часам успрымаюць як Прадславу-1. Хутчэй за ўсё яна страціла мужа незадоўга да падпісання ў Царгра-
дзе мірнага дагавора. Летапісец жа па нейкай прычыне проста забыўся ўказаць яе паходжанне.

Пасля вяртання з Візантыі яна стала правіць у Полацку афіцыйна. Паколькі яшчэ пры жывым мужы карысталася вялікім аўтарытэтам, палачане і прапанавалі ёй прастол. Паўплывала на гэтае рашэнне, бадай, і тое, што яна не пакідала па-за сваёй увагай і палітычныя справы ў княстве. Таму, калі гаворка зайшла аб пераемніку, усе выказаліся на яе карысць. Гэта пры тым, што, несумненна, знайшлося нямала іншых прэтэндэнтаў. Аднак усе яны прайгралі ў параўнанні з ёю.

Адбылося гэта ў тым жа 944 годзе. Княгіня Прадслава працягвала падтрымліваць сувязі з жонкай кіеўскага князя Ігара, з якой і пазнаёмілася ў Царградзе. Праз год, калі драўляне ў час збору падаткаў забілі князя Ігара, пераемнікам стаў яго сын-малалетка Святаслаў. Па некаторых звестках, яму споўнілася ўсяго тры гады. Рэгентам пры ім стала княгіня Вольга.

З Прадславай яны зноў сустрэліся ўлетку 947 года, калі Вольга ажыццявіла паход на Пскоў. Яна паспяхова перамагла яцвягаў і печанегаў. Задаволеная поспехам, вярталася дамоў. Чарговае месца для начлегу выбрала, пераправіўшыся са сваімі воінамі праз раку Заходняя Дзвіна. Яно кінулася ў вочы тым, што тут можна было бяспечна начаваць. Раніцой уражанняў пабольшала. Акінуўшы позіркам мясцовасць, засталася яшчэ і вельмі задаволеная пабачаным. Маляўнічыя краявіды так вабілі да сябе, што ніколі не хацелася разлучацца з імі. Падумалася: а што, калі на гэтым месцы закласці замак? На здзіўленне нечакана з’явілася і магчымая назва яго. Паблізу працякала рака Віцьба, то чаму яму не стаць Відбескам!

Не даць крыві праліцца

Адно выклікала сумненне. Навакольныя землі належалі Полацкаму княству. Каб заняцца ўзвядзеннем замка, патрэбен дазвол княгіні Прадславы. Самавольства можа дорага каштаваць. Чаго добрага, не абыдзецца і без ваеннага сутыкнення. Яно Вользе было не патрэбна. Не сумнявалася, што такой думкі прытрымліваецца і Прадслава. Ды і разумела полацкая княгіня, што перамагчы войска, куды большае, чым у яе, наўрад ці ўдасца. Але больш на яе рашэнне даць згоду паўплывала іншае. Навошта марна праліваць кроў, калі ўсё можна вырашыць палюбоўна.

Каля ракі Віцьба Вольга пабудавала нават не адзін замак, а два. У Верхнім замку ўзвялі мураваную царкву Святога Міхала, у Ніжнім — царкву Звеставання. Так быў пакладзены пачатак цяперашняму гораду Віцебску. Новае паселішча Вользе настолькі спадабалася, што пражыла ў ім два гады.

Прыязныя адносіны паміж кіеўскай і полацкай княгінямі, відаць, працягваліся і пасля. Яны ў нечым былі ўжо як дзве сястры. Такая «роднасць» вымагала кантактаў. Хоць канкрэтных звестак, як кантактавалі яны, не захавалася. Аднак, уважліва прыгледзеўшыся да падзей, што адбываліся тады, можна не сумнявацца, што Вольга прыязджала ў Полацк, а Прадслава — да яе ў Віцебск.

А вось тое, што дакументальна пацверджана. У 957 годзе княгіня Вольга наведала Царград. Там яна прыняла хрысціянства і атрымала новае імя — Алена. Па вяртанні дамоў занялася прапагандай хрысціянскіх ідэй. Сваім княствам не абмежавалася. З гэтай мэтай прыязджала і ў Полацк. Агітавала і Прадславу пераходзіць у новую веру. Аднак полацкая княгіня не паддалася на ўгаворы. Па-ранейшаму прытрымлівалася той, прыхільнікамі якой з’яўляліся блізкія ёй людзі, заставалася язычніцай.

Вольга асабліва не перажывала. Спадзявалася, што гэта не апошняя іх сустрэча. Збіралася пры наступных сустрэчах пераканаць Прадславу ў неабходнасці прыняць хрысціянства. Ды больш яны так і не сустрэліся. Прадслава памерла. Калі дакладна, невядома.

Падказку можна знайсці ў Маскоўскім летапісным зводзе канца ХV стагоддзя. Гэты літаратурны помнік сцвярджае, што ўсё адбылося «ў дні Святаслава Ігаравіча».

Князь жа Святаслаў, як вядома, адышоў у вечнасць у 972 годзе. Значыць, Прадслава памерла да 972 года. Пераемнікам яе на прастоле ў горадзе на Палаце стаў Рагвалод. Як вядома, гэта першы полацкі князь, які афіцыйна згадваецца ў летапісах. Атрымліваецца, што Прадслава-1 у беларускай даўніне як бы княгіня-міраж. Несумненна, і так можна да яе паставіцца. Толькі не трэба забываць важную выснову. У гісторыі, безумоўна, найперш значна тое, што было ў сапраўднасці. Толькі і тое, што магло быць, мае вялікую прыцягальную сілу. Лёс згаданай Прадславы — з такога шэрагу.

Язэп ЛІТВІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.