Вы тут

Андрэй Іванец падвёў вынікі прыёму дакументаў у ВНУ на бюджэт


Самы вялікі конкурс на бюджэт зафіксаваны ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на спецыяльнасць «Стаматалогія» і на спецыяльнасць «Дызайн» у БДУ — па 12 чалавек на месца. Пра гэта журналістам паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец, падводзячы папярэднія вынікі прыёму дакументаў ад абітурыентаў на бюджэт у ВНУ краіны, перадае БелТА.


Фота: БелТА.

«Учора скончыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму атрымання адукацыі ў нашы ВНУ. Летась на нарадзе кіраўніка дзяржавы ставіўся шэраг сур’ёзных задач перад сістэмай адукацыі, абмяркоўваліся падыходы да выпускной і ўступнай кампаніі бягучага года. Першая задача — не страціць адораных і прыцягнуць матываваных хлопцаў. Была таксама задача падтрымаць рэгіёны, таму што адукацыя — гэта падрыхтоўка кадраў пад патрэбы эканомікі. Сёння сістэма адукацыі павінна рыхтаваць спецыяліста, які павінен прыйсці на працоўнае месца і мець не толькі веды, але ўжо навыкі і кампетэнцыі для таго, каб працаваць на канкрэтным прадпрыемстве. Бо моцныя рэгіёны — гэта моцная краіна. Папярэдні аналіз падачы дакументаў (хацеў бы нагадаць, што залічэнне ў ВНУ пройдзе да 4 жніўня) паказвае, што гэтыя задачы выкананы ў поўным аб’ёме», — распавёў Андрэй Іванец.

Міністр адукацыі праінфармаваў, што ў беларускія ВНУ падалі дакументы практычна 2 тыс.адораных і таленавітых абітурыентаў, якія маюць права паступаць без экзаменаў або па-за конкурсам. «Сёння мы чакаем і нашых медалістаў, і пераможцаў усіх узроўняў алімпіяд. Шмат у чым гэтая задача выканана досыць паспяхова», — дадаў ён.

Па словах кіраўніка адукацыйнага ведамства, у гэтым годзе добра спрацавалі рэгіянальныя ВНУ. «Найбольш высокія конкурсы былі менавіта ў рэгіянальных ВНУ. Сярод лідараў — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава — 2,4 чалавека на месца, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы — 2,2 чалавека на месца, Гомельскі, Брэсцкі ўніверсітэты, у якіх конкурсы таксама набліжаюцца да паказчыка 2 чалавекі на месца. Гэта добрая тэндэнцыя. Мы бачым, што гэта вынік мэтанакіраванай працы, якая праводзілася як у рамках універсітэцкіх алімпіяд, якія прайшлі ва ўсіх рэгіянальных ВНУ, так і кірмашоў вакансій, якія былі праведзены ва ўсіх рэгіёнах краіны сумесна з заказчыкамі кадраў і ўстановамі вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Таму на сённяшні момант мы бачым, што з парадку 20 тыс. месцаў, якія былі выдзелены для дзённай бюджэтнай формы навучання, каля 6 тыс. месцаў занята абітурыентамі, якія альбо прыйшлі вучыцца на мэтавую форму падрыхтоўкі — гэта матываваныя дзеці, альбо з’яўляюцца адоранымі — гэта пераможцы разнастайных алімпіяд, конкурсаў, медалісты. Гэта вельмі высокі працэнт», — канстатаваў Андрэй Іванец.

Сярод найбольш запатрабаваных традыцыйна значацца спецыяльнасці ўстаноў медыцынскай адукацыі, дзе сярэдні конкурс склаў каля 2,5 чалавека на месца. «Самы высокі конкурс сёлета быў у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на спецыяльнасць „Стаматалогія“ і на „Дызайн“ у БДУ — 12 чалавек на месца. Мы бачым велізарныя конкурсы, велізарную зацікаўленасць добра падрыхтаваных выпускнікоў у паступленні ў ВНУ. Акрамя таго, мы сур’ёзна рухаемся наперад па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Сёлета на 25% павялічылася колькасць выпускнікоў педагагічных класаў, якія звязваюць сваё жыццё з выбарам педагагічнай прафесіі. У вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны — у БДПУ ім. М. Танка — прыйшло крыху менш за 300 выпускнікоў педагагічных класаў і каля 100 медалістаў, г.зн. фактычна тая задача, якая ставілася перад педуніверсітэтам, — каб кожны другі студэнт бюджэтнай формы навучання дадзенага ўніверсітэта быў альбо медалістам, альбо выпускніком педкласа, у гэтым годзе выканана», — падкрэсліў міністр.

Па конкурсах і прахадных балах лідарам з’яўляецца факультэт міжнародных адносін БДУ, дзе папярэдні прахадны бал склаў 398. У Гродзенскім універсітэце ім. Я.Купалы на «Правазнаўства» прахадны бал склаў каля 370. Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе, але маюць высокія балы, змогуць альбо быць залічанымі на платную форму навучання, альбо прыйсці на дадатковы набор на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Такіх месцаў сёлета, паводле прагнозу Міністэрства адукацыі, будзе каля 1% ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў.

«Яшчэ адна сур’ёзная навацыя сёлета была ў нас, калі замест чатырох сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання хлопцы прыходзілі з двума сертыфікатамі цэнтралізаванага экзамену і адным сертыфікатам ЦТ. Як адзначаюць прыёмныя камісіі і рэктарскі корпус, так званая летаніна паміж універсітэтамі была практычна выключаная сёлета. Хлопцы досыць мэтанакіравана, спакойна выбіралі той кірунак, на які яны прыходзяць. У шэрагу ўніверсітэтаў у нас быў арганізаваны адзіны сумесны конкурс на два факультэты, на некалькі спецыяльнасцяў, г. зн. былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб маладыя людзі маглі па справядлівай, выразнай, зразумелай сістэме паступіць ва ўніверсітэт», — сказаў на заканчэнне Андрэй Іванец.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.