Вы тут

Алена Дышлевіч прадстаўлена да ўзнагароджання Ордэнам маці


Алена Дышлевіч з аграгарадка Гайна Лагойскага раёна прадстаўлена да ўзнагароджання Ордэнам маці. Алена і яе муж Уладзімір выхоўваюць пяцярых дзяцей. Усе хлопчыкі.


— Хацелася б усім даць вышэйшую адукацыю, — кажа жанчына.

Часткова яе мара збываецца. Старэйшы Віталь, якому споўнілася 23 гады, працуе інжынерам і вучыцца завочна ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Міхаілу 22 гады. Ён абраў для сябе высакародную і пачэсную прафесію пажарнага і паралельна набывае вышэйшую адукацыю. Прыкладам для хлопца стаў бацька, які працуе ў Лагойскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Валерый перайшоў у сёмы клас, Васіль — у другі. Самаму маленькаму Колю споўнілася паўтара года.

— Я вельмі хацела дзяўчынку. Але, як бачыце, на свет з'явіліся адны хлопцы, — усміхаецца гаспадыня.

— А не паспрабуеце нарадзіць дачушку? — цікаўлюся ў Алены Васілеўны.

— Ды позна ўжо. Мне 42 гады, мужу 50, — гучыць у адказ. — І так хапае клопатаў. Гэта ж не дзяўчынкі, якіх можна прытуліць, пагутарыць па шчырасці, вызнаць сакрэты. Хлопцы лічаць сябе сапраўднымі мужчынамі, не хочуць дзяліцца сваім патаемным, таму даводзіцца толькі здагадвацца, пра што яны думаюць.

Маці радуе, што старэйшыя сыны выраслі працавітымі. У сям'і вялікая гаспадарка: парсюкі, трусы, каровы, куры, гусі. Акрамя таго, вырошчваюць ячмень, пшаніцу, бульбу. Хутка пачнецца другі ўкос кармоў. Ім — асаблівая ўвага, жывёла павінна якасна харчавацца, каб даваць добры прыплод і надоі. Шмат клопатаў дадаюць вялікі агарод, цяпліцы, сад. Сям'я набыла тры трактары і неабходнае навясное абсталяванне.

Уладзімір, бацька сямейства, перадае працавітасць і любоў да тэхнікі дзецям.

Вялікую дапамогу бацькам аказваюць і малодшыя сыны. Васіль наглядае за Колем, збірае траву для трусоў, пасе куранят. Валерый корміць парсюкоў, прывязвае кароў на пашы.

Старэйшыя хлопцы часта наведваюць бацькоўскі дом. Яны гаспадарлівыя, адказныя. Віталь любіць тэхніку, сам рамантуе. Гэтае захапленне яму перадалося ад таты, які неаднаразова ўдзельнічаў у жніве, мае ўзнагароды за выдатную працу.

— У мяне надзейны тыл, без якога немагчыма было б весці хатнія і бытавыя справы, — прызнаецца Алена Васілеўна. — Толькі даенне кароў займае каля дзвюх гадзін. А тым часам нельга кінуць малога без нагляду. На выручку прыходзяць сыны, супакойваюць, гушкаюць, калі ён плача.

Бацькоўская хата, якую рэканструюе шматдзетная сям’я.

Гаспадыні даводзіцца круціцца з раніцы да вечара, каб усё паспець. Акрамя таго, яна вырабляе сыры, якія карыстаюцца попытам не толькі ў Гайне, але і ў навакольных вёсках, Лагойску.

Алена Дышлевіч нарадзілася і жыла ў Мінску. Але летнія канікулы праводзіла ў вёсцы ў дзядулі. Дзяўчынцы падабалася карміць жывёлу, назіраць за ёй. І жанчына не шкадуе, што пераехала ў сельскую мясцовасць. Менавіта ў Гайне яна сустрэла сваё каханне. З сяброўкамі пайшлі ў мясцовы клуб, куды прыехаў цырк. Там і пазнаёмілася з будучым мужам. На той час ёй было 17 гадоў. Вяселле зладзілі пасля паўналецця.

І вось ужо больш за 20 гадоў сужэнцы жывуць у згодзе, ганарацца сваімі дзецьмі, для якіх бацькі з'яўляюцца дастойным прыкладам для пераймання.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Аляксандра КЛІМАЎЦА

Загаловак у газеце: І нарадзілі, і пашану заслужылі

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.